ДАВО́ЙНА (Станіслаў) (?—1573),
дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Служыў пры кіеўскім ваяводзе А.Неміровічу, удзельнічаў у войнах з татарамі і Маскоўскай дзяржавай. З 1528 каморнік каралевы Боны, з 1530 каралеўскі дваранін, з 1542 полацкі ваявода. Клапаціўся аб ваен. умацаванні горада, гасп. развіцці Полаччыны. У 1553 узначальваў пасольства ВКЛ у Маскву, якое падоўжыла на 2 гады перамір’е паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай. Калі ў час Лівонскай вайны 1558—83 у студз. 1563 60-тысячнае маскоўскае войска на чале з Іванам IV Грозным аблажыла Полацк, Давойна кіраваў двухтыднёвай абаронай горада, урэшце мусіў здаць яго. Да ліп. 1567 знаходзіўся ў палоне. Пасля вяртання ў ВКЛ удзельнічаў у рабоце Люблінскага сейма 1569.
Г.М.Сагановіч.
т. 5, с. 565
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКА АБАРО́НА 1563.
Адбылася ў час Лівонскай вайны 1558—83 супраць рас. войска. 31.1.1563 Полацк быў абложаны больш як 60-тысячнай арміяй цара Івана IV Грознага. Горад абараняў гарнізон (у т. л. некалькі польскіх і нанятых ням. рот), полацкая шляхта, гараджане на чале з ваяводам С.Давойнам. 5 лют. Іван IV зрабіў спробу захапіць умацаваны Вял. пасад, але быў выбіты з яго. 8 лют. ўмацаванні пасада былі разбураны артабстрэлам. Давойна адвёў свае сілы ў Верхні замак, а Вял. пасад загадаў падпаліць. 9 лют. рас. войскі захапілі пасад і пачалі артабстрэл замка з усіх бакоў. Абложаныя рабілі вылазкі, але яны не прынеслі рашучага поспеху. 15 лют. Давойна згадзіўся здаць замак і прыбыў у стаўку цара. Але і пасля гэтага некат. абаронцы працягвалі супраціўленне, ім было дазволена з маёмасцю і зброяй без перашкод пакінуць Полацк. Горад быў разрабаваны, шмат гараджан і шляхты выведзена ў палон. Захоп Полацка — буйнейшая перамога Маскоўскай дзяржавы ў вайне, якая значна пагаршала паліт. становішча ВКЛ, выклікала шырокі міжнар. рэзананс і прыспешыла заключэнне Люблінскай уніі 1569 паміж ВКЛ і Польшчай.
В.С.Пазднякоў.
т. 12, с. 454
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛАГУ́БЫ, Давойна-Салагубы,
шляхецкі род герба «Праўдзіц» у ВКЛ Родапачынальнік Андрэй жыў у 2-й.пал. 15 ст. З 17 ст. ўжывалі прыдомак Давойна, з 18 ст. карысталіся графскім тытулам. Найб. вядомыя:
Юрый Андрэевіч (?—1514), намеснік смаленскі ў 1503—07. Я н Міхал (? —5.5.1748), сын Гераніма, чашнік жамойцкі ў 1713, падкаморы гастынскі ў 1722—24, лоўчы ВКЛ у 1724—31, вял. падскарбі ВКЛ у 1731—46, ваявода брэсцкі з 1746; брыгадзір войска ВКЛ (1724), маршалак Трыбунала ВКЛ у 1729 і 1747, староста рэчыцкі, езярышчанскі, стралецкі і санніцкі. Валодаў Горы-Горкамі, Чарэяй, Туравам. Юзаф Антоній (26.7.1709—81), сын Яна Міхала, кашталян жамойцкі ў 1742—48 і віцебскі ў 1748—52, ваявода віцебскі з 1752; палкоўнік, староста эйшышкскі і санніцкі. Ён і брат тытулаваліся графамі на Ільі, Івянцы, Тураве і Горы-Горках. Антоній (? — вер. 1759), сын Яна Міхала, палкоўнік, генерал артылерыі ВКЛ з 1746; староста езярышчанскі. Ян (? — 1812), сын Антонія, маёр артылерыі, з 1774 генерал-ад’ютант караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. З’ехаў у Расію, палкоўнік рас. арміі, камандзір Славянскага гусарскага палка з 1777, Бел. гусарскага палка з 1779, ген.-маёр (1785); у 1794—98 шлісельбургскі павятовы прадвадзіцель дваранства. Яго нашчадкі (у т. л. ўнук — рус. пісьменнік У.А.Салагуб) атрымалі ў Расіі 11.3.1861 пацвярджэнне традыцыйна ўжыванага графскага тытула.
У.М.Вяроўкін-Шэлюта.
т. 14, с. 97
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)