Гры́ўда
назоўнік, уласны, неадушаўлёны, неасабовы, жаночы род, 2 скланенне
|
адз. |
| Н. |
Гры́ўда |
| Р. |
Гры́ўды |
| Д. |
Гры́ўдзе |
| В. |
Гры́ўду |
| Т. |
Гры́ўдай Гры́ўдаю |
| М. |
Гры́ўдзе |
Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2023)
ГРЫ́ЎДА,
рака ў Слонімскім р-не Гродзенскай вобл. і Івацэвіцкім р-не Брэсцкай вобл., левы праток Шчары (бас. Нёмана). Даўж. 85 км. Пл. вадазбору 1330 км². Пачынаецца каля в. Варонічы Слонімскага р-на, цячэ па Слонімскім узв. Асн. прытокі: Була, Булянка, Руднянка, Бусяж (злева), Любішчанскі канал (справа).
Даліна выразная, шыр. ад 1 да 1,5 км, у вярхоўі не выражана. Пойма двухбаковая, у сярэднім цячэнні забалочаная, у асобных мясцінах перасечаная старыцамі і асушальнымі каналамі. Рэчышча ў вярхоўі і на асобных участках каналізаванае. Берагі стромкія, выш. 1—2 м. Сярэдні гадавы расход вады ў вусці 6,3 м³/с. Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое. На ўскраіне г. Івацэвічы зона адпачынку, ніжэй горада ўздоўж ракі насыпныя дамбы.
т. 5, с. 485
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРО́ВІЦКАЕ ВО́ЗЕРА,
у Беларусі, у Івацэвіцкім р-не Брэсцкай вобл., у бас. р. Грыўда, за 30 км на ПдУ ад г. Івацэвічы. У межах гідралагічнага заказніка Выганашчанскі. Пл. 9,47 км², даўж. 4,9 км, найб. шыр. 3,3 км, найб. глыб. 8 м, даўж. берагавой лініі 14,4 км. Пл. вадазбору 79,2 км².
Катлавіна рэшткавага тыпу, злёгку выцягнутая з Пн на Пд. Схілы катлавіны выш. да 2 м, затарфаваныя і забалочаныя. Берагі нізкія, тарфяністыя, параслі хмызняком. На ПдЗ, З і ПнЗ пясчаны вал выш. да 4 м. Дно плоскае, сапрапелістае, мелкаводдзе пясчана-глеістае. Моцна зарастае чаротам, трыснягом, рагозам і інш. Мінералізацыя вады да 160 г/л, празрыстасць да 1 м. Эўтрофнае, праточнае, упадаюць 2 канавы, выцякае канал Дзевяты (прыток Галоўнага канала, бас. Ясельды). Месца гнездавання і адпачынку ў час асенне-веснавых пералётаў вадаплаўных птушак. На паўн.-ўсх. беразе археал. Помнік — мезалітычная стаянка.
т. 2, с. 184
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРА́НАВІЦКАЯ РАЎНІ́НА,
фізіка-геаграфічны раён Заходне-Беларускай правінцыі, на Пн Брэсцкай і Пд Гродзенскай абласцей. Мяжуе са Слонімскім узв. на ПнЗ, Навагрудскім узв. і Капыльскай градой на Пн і ПнУ, Клецкай раўнінай на У, Прыпяцкім Палессем на Пд і Прыбугскай раўнінай на З. Працягнулася з З на У на 85 км, з Пн на Пд на 20—40 км. Сярэдняя выш. 180—190 м над узр. мора, найб. 218 (каля в. Канюхі Ляхавіцкага р-на). Пл. 2,2 тыс. км².
Знаходзіцца на стыку тэктанічных структур: Беларускай антэклізы, Падляска-Брэсцкай упадзіны і Палескай седлавіны. Магутнасць адкладаў антрапагену ад 30—40 на Пд да 140—160 м на Пн і ў ледавіковых лагчынах (Шчарская, Мышанская). Рэльеф згладжаны, сфарміраваны ледавіковымі водамі ў час дэградацыі сожскага ледавіковага покрыва. Пераважае спадзіста-хвалісты рэльеф, які месцамі пераходзіць у спадзіста-ўвалісты і буйна-ўзгоркавы (каля далін Шчары і Лахазвы) з перавышэннямі 30—40 м. Па схілах далін яры глыб. 3—4 м. На ПнУ азёрна-ледавіковая катлавіна з Калдычэўскім возерам у цэнтры, з якога бярэ пачатак р. Шчара. На памежжы з Палессем развіты дзюны, эолавыя грады і масівы выш. 3—5 м. На паверхні пашыраны водна-ледавіковыя пясчаныя, радзей супясчаныя і сугліністыя адклады асн. марэны. Карысныя выкапні: цагельна-чарапічныя гліны, баластавыя пяскі, торф, мел і мергель (апошнія ў ледавіковых адорвенях). Сярэднія т-ры студз. ад 0,2 °C да -14,1 °C, ліп. 14—20,8 °C, ападкаў 400—760 мм за год (Баранавічы). Гідрасетка належыць да бас. Нёмана. Найб. рака — Шчара з прытокамі Мышанка, Грыўда, Іса, Лахазва, азёры — Калдычэўскае, Дамашэўскае, Мышачак, на р. Лахазва вадасх. Гаць. Глебы дзярнова-падзолістыя на пясках і супесках, дзярнова-падзолістыя забалочаныя (глеяватыя) на марэнных суглінках, тарфяна-балотныя і алювіяльныя. Пад лесам 31% тэрыторыі — бары, субары з прымессю шыракалістых пародаў, на левабярэжжы Шчары — дубровы; развіты чорнаалешнікі, бярозавыя і асінавыя групоўкі. Есць нізінныя і пераходныя балоты, заліўныя лугі. Пад ворывам 44% тэрыторыі. У межах Баранавіцкай раўніны біял. заказнікі: Баранавіцкі, Слонімскі, Стронга; Барэцкая дуброва, Лам’еўскія пасадкі карэльскай бярозы і пасадкі лістоўніцы еўрапейскай у Моўчадскім лясніцтве — помнікі прыроды.
Г.П.Рудава.
т. 2, с. 293
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)