ШЧА́РА,

рака ў Брэсцкай і Гродзенскай абл., левы прыток р. Нёман. Даўж. 325 км. Пл. вадазбору 6990 км². Пачынаецца на Навагрудскім узвышшы з воз. Калдычэўскае ў Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл., упадае ў Нёман за 2 км на ПдУ ад в. Дашкаўцы Мастоўскага р-на Гродзенскай вобл. Асн. прытокі: Ліпнянка, Мышанка, Лахазва, Уса, Пад’яварка (справа), Ведзьма, Грыўда, Луконіца, Сіпа (злева). Вадазбор у межах Прыпяцкага Палесся, Баранавіцкай раўніны, паўд.-зах. схілаў Навагрудскага ўзв. і Верхнянёманскай нізіны. Паводле будовы даліны, рэчышча і ўмоў працякання Ш. падзяляецца на 2 участкі. Ад вытоку да ўпадзення р. Грыўда даліна трапецападобная (шыр. 1,5 км), са стромкімі схіламі выш. 15—20 м, пойма нізкая, забалочаная і куп’істая, перарэзана асушальнымі каналамі. Шыр. разліву ад 200—300 м да 2—3 км. Ад вусця Агінскага канала пойма парэзана сеткай каналаў, па якіх (і па Агінскім канале) у веснавое разводдзе адбываецца пераліў вады са Шчары ў воз. Выганашчанскае. Рэчышча звілістае, акрамя каналізаваных участкаў у вытоку і перад упадзеннем р. Грыўда; яго шыр. 15—30 м, месцамі да 60 м. Берагі нізкія, пераважна тарфяністыя. На ўчастку ад упадзення р. Грыўда да вусця даліна трапецападобная, шыр. 3—5 км. Схілы стромкія, выш. 10—20 м, месцамі 35—40 м, у ніжнім цячэнні спадзістыя. Пойма забалочаная, яе шыр. ў пачатку ўчастка 1,5—2 км, у сярэдняй частцы 500—800 м, у ніжняй 50—300 м. Рэчышча звілістае. Веснавое разводдзе пачынаецца ў пачатку сак. і доўжыцца ў сярэднім 65—80 сут; ускладняецца нераўнамернасцю снегараставання і выпадзеннем дажджоў. Сярэдняе перавышэнне найвыш. ўзроўню над летне-асенняй межанню 1,8 м. Замярзае ў канцы снеж. (найб. таўшчыня лёду 40—65 см), крыгалом у сярэдзіне сакавіка. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 37,7 м³/с. Суднаходная ад в. Быцень (за 155 км ад вусця) у паўнаводны перыяд. На рацэ Даманаўскае вадасховішча (у сутоках з р. Грыўда) і Чамялынскае вадасховішча, г. Слонім. Рака выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац. сістэмы. У маляўнічай мясціне ўздоўж ракі на Пд ад г. Ляхавічы зона адпачынку Шчара.

Рака Шчара ніжэй Слоніма.

т. 17, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)