Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛЯ,
1) у псіхалогіі свядомая самарэгуляцыя суб’ектам сваёй дзейнасці і паводзін, якая забяспечвае пераадоленне цяжкасцей пры дасягненні мэты. Розныя вытлумачэнні волі ў філасофіі і псіхалогіі звязаны з процілегласцю канцэпцый дэтэрмінізму і індэтэрмінізму. Першы разглядае волю як абумоўленую звонку (фіз., псіхал., сац. прычынамі або божым прадвызначэннем), другі — як аўтаномную і незалежную сілу (гл. Свабода волі). У вучэннях валюнтарызму воля ўяўляецца як адвечная і першасная падстава сусветнага працэсу і чалавечай дзейнасці. У т.зв. «аўтагенетычных» тэорыях воля разглядаецца як нешта спецыфічнае, незалежнае, што не зводзіцца да якіх-н. працэсаў (В.Вунт, Н.Ах, І.Ліндворскі), а ў «гетэрагенетычных» тэорыях — як нешта другаснае, прадукт інш. псіхал. фактараў і з’яў (І.Ф.Гербарт, Г.Эбінгаўз, Э.Блейлер, прадстаўнікі асацыянізму).
2) У праве — адлюстраваная ў сістэме нормаў права воля класа, які эканамічна і палітычна пануе ў грамадстве. Тэрмін «воля» выкарыстоўваецца ў заканадаўстве і як сінонім волевыяўлення ўдзельнікаў праваадносін.
т. 4, с. 270
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСАЦЫЯНІ́ЗМ, асацыяцыянізм, асацыятыўная псіхалогія,
тэорыя ў псіхалогіі, паводле якой уся сукупнасць псіхічнага жыцця чалавека заснавана на асацыяцыях, гэта значыць сувязях паміж псіхічнымі ўтварэннямі — адчуваннямі, успрыманнямі, ідэямі.
На існаванне асацыяцый звярнуў увагу яшчэ Арыстоцель. Як тэарэт. сістэма асацыянізм сфарміраваўся гал. чынам у англ. эмпірычнай і сенсуалістычнай філасофіі 17—18 ст. (Т.Гобс, Дж.Лок, Д.Юм, Д.Гартлі, А.Бэн). У 2-й пал. 19 ст. тэорыя развіта ў выніку эмпірычных даследаванняў псіхолагаў (Г.Эбінгаўз, Т.Зіен, Г.Мюлер), сацыёлагаў (Г.Спенсер), педагогаў (І.Гербарт).
Асацыянізм — асноўная тэорыя ў класічнай псіхалогіі свядомасці. У новы час асацыянізм — псіхал. і гнасеалагічная тэорыя новага навук. прыродазнаўства, дзе чалавек і яго розум усведамляюцца як частка прыроды, якая праз розум і навуку авалодала законамі свету і самога розуму. На пач. 20 ст. ў крыху мадыфікаваным выглядзе асацыянізм пераняты прадстаўнікамі класічнага біхевіярызму. Даследаванні працэсаў мыслення з канца 19 ст. выявілі абмежаванасць асацыянізму, крытыкавалі яго і прадстаўнікі гештальтпсіхалогіі, якія сцвярджалі, што свядомасць і паводзіны чалавека падпарадкаваны законам структуры, а не асацыяцый.
Літ.:
Ивановский В.Н. Ассоцианизм психологический и гносеологический. Казань, 1909;
Рубинштейн С.Л. Бытие и сознание. М., 1957;
Ярошевский М.Г. История психологии. 3 изд. М., 1985.
Э.К.Дарашэвіч.
т. 2, с. 21
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)