ГЕАРГІ́ЕЎ (Кіман) (11.8.1882, г. Пазарджык, Балгарыя — 28.9.1969),

дзярж. і паліт. дзеяч Балгарыі. Двойчы Герой Сац. Працы НРБ (1962, 1967). Скончыў ваен. школу ў Сафіі. Чл. паліт. партый і арг-цый: «Народная змова» (1921—23), «Дэмакратычная змова» (1923—31), «Звяно» (1931—34). У 1926—28 міністр транспарту, поштаў і тэлеграфа. Пасля ўзначаленага ім дзярж. перавароту (1934) стаў прэм’ер-міністрам (да 1935). У 1944—46 кіраўнік першага ўрада Айчыннага фронту Балгарыі. У 1944—49 старшыня паліт. партыі Нар. саюз «Звяно». Пазней займаў шэраг кіруючых парт. і дзярж. пасад, у т. л. нам. старшыні (1946—50, 1959—62), нам. старшыні Нац. савета Айч. фронту (1962).

т. 5, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАРГІ́ЕЎ (Уладзімір) (3.2.1908, с. Габарэ, Балгарыя — 14.7.1986),

балгарскі мовазнавец, спецыяліст у галіне індаеўрап. і параўнальна-гіст. мовазнаўства. Чл. Балг. АН (1952). Скончыў Сафійскі ун-т (1930). З 1948 праф., у 1951—56 рэктар Сафійскага ун-та, з 1972 дырэктар цэнтра мовы і літаратуры Балг. АН. Аўтар даследаванняў пра стараж. індаеўрап. мовы «Індаеўрапейскія гутураліі» (1932), «Прагрэчаскае мовазнаўства» (т. 1—2, 1941—45), «Праблемы мінойскай мовы» (1953), «Слоўнік крыта-мікенскіх надпісаў» (1955), «Даследаванні па параўнальна-гістарычным мовазнаўстве. Роднасныя адносіны індаеўрапейскіх моў» (1958), «Фракійцы і іх мова» (1977). Праблемам слав. мовазнаўства прысвечаны працы «Пытанні балгарскай этымалогіі» (1958), «Балгарская этымалогія і анамастыка» (1960), «Вакальная сістэма ў развіцці славянскіх моў» (1964), «Асноўныя праблемы славянскай дыяхроннай марфалогіі» (1969), «Праблемы балгарскай мовы» (1985). Прэмія імя Дзімітрова 1951, 1969.

А.​А.​Кожынава.

т. 5, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Геаргіеў У. 3/407; 8/106

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Бры́ца ’расліна Echinochloa L.’ (Кіс.), ’пустазелле з чорнымі зярнятамі’ (палес.; Выг. дыс.), ’пырнік’ (Яўс.). Рус. бри́ца ’Panicum Crus Galli, курынае проса’, укр. бри́ця ’Setaria glauca’, балг. дыял. бри́ца ’від белай пшаніцы’. З слав. *bъrica (вытворнае ад *bъrъ ’проса’). Фасмер, 1, 215; падрабязна БЕР, 1, 79; Геаргіеў, Въпроси, 27.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ласось ’рыба Salmo salar L.’ (Жук., ТСБМ). Укр. ло́сось, рус. лосо́сь, польск. łosoś, н.-луж., в.-луж. łosos, чэш., славац. losos. Прасл. lososь мае не толькі паўн. і.-е. адпаведнікі (ст.-в.-ням. lahs, ст.-ісл. lax ’ласось’), але і ўсх.: ст.-прус. lasasso, літ. lãšis, lašašà, лат. lasis ’тс’. Параўн. таксама тах. B laks ’рыба’. Асец. lκsκgʼ ’ласось’ з’яўляецца спецыфічнай скіфска-еўрапейскай ізаглосай, якая не мае адпаведнікаў у індаіранскіх мовах. Да і.-е. *lak̑s ’плямісты, стракаты’, параўн. рус. ласа́ ’яркая пляма’, лат. làse ’пляма, крапіна’ (Бернекер, 1, 734; Фрэнкель, 341–342; Фасмер, 2, 522; Слаўскі, 5, 211–213; Геаргіеў, Introd., 294; Абаеў, 2, 32 з літаратурай).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жэ́рдка, жэрдзь ’ачышчаны ад галля ствол або галіна дрэва’. Рус. жердь, жердка ’тс’, укр. же́рдка ’гарызантальная галінка’, польск. żerdź, żerdka ’жэрдка’, в.-луж. žerdź ’жэрдка; штанга’, н.-луж. žerdka, žerź ’тс’, чэш. žerď, žerďka, славац. žrď, žŕdka, славен. žr̂d, žr̂dka, серб.-харв. дыял. жр̏т, балг. дыял. жерд, жърд, жъ́рда ’жэрдка’. Ст.-слав. жръдь ’кій, кап’ё’, ст.-рус. жердь (XI ст. у копіі XV ст.). Прасл. *žьrdь звязана чаргаваннем галоснага з *gordъ (гл. горад, азярод); параўн. ст.-в.-ням. gerta ’прут’. Фасмер, 2, 47; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 285–286; Аткупшчыкоў, Из истории, 121; Геаргіеў, Introduction to the History of the I. E. Languages, 1981, 44–45; БЕР, 1, 557; Скок, 602–604; Голуб-Копечны, 444; Покарны, 1, 444. І.‑е. корань *gherdh‑ ’ахватваць, гарадзіць’. Іначай Махэк₂, 726: *žьrd звязана з града, рус. гряда, грядка, што менш верагодна, паколькі не тлумачыць адсутнасці насавога. Гл. яшчэ жэрасць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бая́рын. Рус. боя́рин (ст.-рус. бояринъ), укр. боя́рин, ст.-слав. болꙗринъ (мн. болꙗре), балг. боля́рин, боля́р, серб.-харв. бо̀љарин, бо̀љар, славен. boljár. Слова, якое выступае толькі ў паўд. і ўсх. славян. Найбольш верагоднай з’яўляецца версія пра запазычанне з адной з старых цюркскіх моў. Параўн. пратабулг. тытулы, запісаныя грэчаскім пісьмом: βωυλε, βοιλα, βοηλα, βουληα і г. д. Першапачаткова (л)ꙗр(е) было канчаткам мн. ліку ў пратабулг. мове (параўн. цюрк. ‑lar). З ст.-слав. мовы слова папала да ўсх. славян. Геаргіеў, ИИБЕ, 1952 (2), 89; БЕР 1, 66. Шматлікія іншыя тлумачэнні і версіі (у тым ліку і фанетычныя) гл. у Фасмера, 1, 203–204. Вельмі няпэўным з’яўляецца вывядзенне (гл. Шанскі, 1, Б, 182) слова з слав. крыніцы (< bojь ’бітва’). Няпэўная таксама кельтская этымалогія Шахматава (AfslPh, 33, 86). Агляд версій гл. таксама ў Шанскага, 1, Б, 181–182. Форма бая́рынь (Шат.) пад уплывам бая́рыня (рус.), як ба́рынь (гл.) пад уплывам ба́рыня. У песнях і да т. п. сустракаюцца формы бая́рка ’пані’ (Нас.), ’шаферка’ (Касп.), бая́рʼе, боя́ре (Нас.), быя́ря (Бяльк.), бая́рыя ’панства’ (Сцяшк. МГ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вы́мя (БРС, Нас., Яруш., Шат., Касп., Бяльк., Грыг.), вымянё (Сцяшк.), вы́мэне (Бес.), вы́мне, вымянё (Шатал.), вы́мʼе (З нар. сл.), йи́ме, і́мʼе (Ліс.). Рус. вы́мя, дыял. вы́ме, укр. ви́мʼе, ст.-рус. вымя, род. скл. вымене, польск. wymię, в.-луж. wumjo, н.-луж. humje, чэш. výmě, славац. vemä, серб.-харв. ви̏ме, славен. víme; балг. ви́ме, макед. ви́ме. Роднаснае ст.-інд. ū́har, род. скл. ū́dhnas, лац. ūber, ‑eris ’шчодры; уродлівы; вымя’, грэч. οὖθαρ, род. скл. οὕθατος ’вымя’, ст.-в.-ням. ûtar ’вымя’, ст.-англ. úder (Траўтман, 334; Вальдэ, 810; Праабражэнскі, 1, 104; Мікала, BB, 22, 243). Іншая ступень чаргавання ў рус. у́деть, у́дить ’набухаць’ (Фасмер, там жа; Геаргіеў, 148), якія Якабсон (IJSLP, 1, 1959, 273) далей супастаўляе з уд (гл. вуды). Фасмер (1, 368 і наст.) прыводзіць таксама супастаўленне Фартунатава (у Когена, ИОРЯС, 17, 4, 402) з лац. sūmen, магчыма, з *sū‑ūdhmen ’свіное вымя’ і і.-е. праформу аднаўляе як *ūd(h)men. Аднак, як пераканаўча паказаў Хэмп (Этимология, 1970, 263 і наст.), трэба адмовіцца ад гэтага параўнання і форму *ūd(h)men лічыць балта-славянскай інавацыяй, як гэта меркавалі яшчэ Траўтман (там жа; з і.-е. *ūdh‑r, ūdh‑n‑), Фрыск (2, 442 і наст.) і Махэк₂ (704 і наст.). Параўн. літ. tešmuõ ’вымя’ ад tė̃šti ’набракаць (аб частцы цела або аб вымеш)’. Такім чынам, *ūd(h)men (< ṓudhr, ūdhnés), відавочна, ’набраканне’ (гл. Хэмп, там жа).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ба́цька, таксама ба́ця. Рус. ба́тя, ба́тько, ба́тька, укр. ба́тько, ба́тя; чэш. báťa ’брат, родзіч, сябар’, дыял. дзядзька’; балг. баща́, серб.-харв. bȁћa ’брат’. Прасл. batʼa, batę (гл. Бернекер, 46; але праформа batę няпэўная, гл. Полак, RS, 18, 28–29; Трубачоў, История терм., 21). Параўн. далей Голуб-Копечны, 66, 76; Махэк₁, 26; Трубачоў, там жа. Вельмі загадкавае слова. Большасць даследчыкаў лічыць, што прасл. batʼa (batę) з’яўляюцца гіпакарыстычнымі формамі ад прасл. brat(r)ъ ’брат’. Але з фанетычнага пункту погляду гэта тлумачэнне не вельмі надзейнае (надта складаная дысіміляцыя плаўных). Геаргіеў (ВЯ, 1952, № 6, 52–53) лічыў, што прасл. формы разам з грэч. (мінойск.) βάττος ’цар’ паходзяць ад і.-е. bhati̯a, якое не захавалася ў іншых мовах (ад гэтай этымалогіі адмовіліся ў БЕР, 1, 37). Полак (RS, 18, 29) думаў пра субстратнае слова. Лаўроўскі (Назв. родства, 13) лічыў (вельмі няпэўна!), што слав. слова адлюстроўвае і.-е. *pəter‑ ’бацька’. Таксама не пераконваюць спробы лічыць batʼa запазычаннем: з цюрк. моў (Міклашыч, 8), іранскай (Сабалеўскі, РФВ, 64, 149), венгерскай (Міклашыч, Fremdw., 5; супраць гэтага Мацэнаўэр, Cizí sl., 18–19). Гл. яшчэ Фасмер, 1, 135. Адносіны паміж слав. batʼa і венг. bátya ’старэйшы брат’ вельмі складаныя (параўн. Кёвешы, SSlav., 8, 409–419; Кніежа, SSlav., 8, 421–435; Кніежа, 794). Але хутчэй за ўсё венг. слова ўзнікла самастойна і паходзіць з дзіцячай мовы (гл. MESz, 1, 259–260, там і іншая літ-pa). Можна паставіць пытанне, ці не такога ж паходжання і слав. слова batʼa.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Віно́ ’віно, алкагольны напітак, пераважна вінаградны’; ’гарэлка’ (БРС, КТС), віно́ зеляно́, віно — прыпеў у песні (беласт., Ант.). Укр. вино ’віно’; ’вінаград’, рус. вино ’віно, гарэлка’, ст.-рус. вино ’вінаград’ (з XII ст.), вино (з XI ст.) ’гарэлка, спірт’, польск. wino ’віно’; ’вінаград’, н.-луж., в.-луж. wino ’віно’, чэш. víno ’віно’; ’вінаград, гронкі вінаграду’; ’агрэст’, славац. víno ’віно’; ’дзікі вінаград’, славен. víno ’віно’, серб.-харв. ви́но, макед. вино, балг. вино ’тс’. Прасл. vino. Фасмер (1, 316) лічыць, што гэта слова з’яўляецца старажытным культурным міжземнаморскім тэрмінам; параўн. грэч. (Ϝ)οἴνη ’лаза’, (Ϝ)οἶνος ’віно’, лац. vīnum, арм. ginī, алб. vēnë, гоц. wein, ст.-в.-ням. wîn, груз. ɣuino, араб. wayun, ст.-яўр. jajin, зах.-сям. wain, асір. īnu. Адсутнасць роднасных назваў віна ў індыйскіх і іранскіх мовах сведчыць пра тое, што віно паходзіць з Міжземнамор’я (Малая Азія — Каўказ). Шляхі пранікнення: ВальдэПокарны (1, 226), Стэндэр–Петарсан, Лёвэ (IF, 13, 5) мяркуюць, што віно паходзіць з гоц. мовы; Ірэчэк (AfslPh, 31, 443), Романскі (JIRSpr., 15, 132), Скок (ZfslPh, 2, 391–400) — з лац. крыніцы, Пагодзін (Anz IF, 13, 132) — з фракійскай мовы. Младэнаў (66), Вальдэ (839), Геаргіеў (Исследов., 265), БЕР (1, 149) зыходзяць пры тлумачэнні першакрыніцы з і.-е. моўных сродкаў — ад кораня *u̯ei > прасл. vi‑ti > віць, вѣтвь, лац. vitis. Міклашыч (392) лічыць слова паўночнаеўрапейскім. Бернекер (1, 25) лічыць слав. vino вельмі старым, не пазней VI ст. н. э. (В. У. Мартынаў, вусн. паведамл.) і роднасным да ст.-слав. винꙗга, серб.-харв. вѝњага, славен. vinjága ’вінаград’ (параўн. літ. vỹnuogė ’вінаград’). Махэк₂ (690) лічыць першакрыніцай слав. vino балканскую латынь і, магчыма, герм. мовы. Гл. яшчэ Покарны, 1121; Клюге, 389; Скіт, 717; Рудніцкі, 1, 391–392.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)