ГА́НГА,
у старажытнаіндыйскай міфалогіі нябесная рака, якая спусцілася на зямлю, увасабленне інд. р. Ганг. Калі Ганга падала з неба, яе прыняў на сваю галаву Шыва (каб не разбурала цяжарам зямлю), а з яго галавы рака сцякала ўніз ужо сямю патокамі. Шануецца індусамі як свяшчэнная, яе воды быццам бы ачышчаюць ад грахоў, збаўляюць ад хвароб. Гал. цэнтры паломніцтва — Хардвар, Алахабад, Варанасі, Сагар і інш.
т. 5, с. 21
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Га́нг
назоўнік, уласны, неадушаўлёны, неасабовы, мужчынскі род, 1 скланенне
|
адз. |
| Н. |
Га́нг |
| Р. |
Га́нга |
| Д. |
Га́нгу |
| В. |
Га́нг |
| Т. |
Га́нгам |
| М. |
Га́нгу |
Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2023, актуальны правапіс)
Ганг р. Ганг, род. Га́нга м.
Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)
ГО́МАТЫ,
Гумты, рака ў Індыі, левы прыток Ганга. Даўж. 800 км, пл. бас. каля 28 тыс. км². Увесь басейн ракі — у межах Інда-Гангскай раўніны. Летнія паводкі, бываюць навадненні. Выкарыстоўваецца на арашэнне. На Гоіатах — г. Лакхнаў.
т. 5, с. 331
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНГ,
Ганга, рака ў Азіі, у Індыі і Бангладэш. Даўж. 2700 км, пл. бас. 1120 тыс. км². Пачынаецца ад зліцця 2 вытокаў (Бхагіратхі і Алакнанда) з ледавікоў у Гімалаях на выш. 4500 м. Прарэзаўшы горы Сівалік (ніжэй горада Хардвар), выходзіць на Інда-Гангскую раўніну, якую перасякае ў паўд.-ўсх. напрамку. Упадае ў Бенгальскі заліў, утвараючы разам з Брахмапутрай велізарную дэльту (пл. больш за 80 тыс. км²). Асн. прытокі: Джамна, Сон, Дамодар (справа), Гоматы, Гхагхра, Гандак, Косі (злева). У вярхоўях Ганга цячэ сярод гор па цесных каньёнападобных далінах, мае вял. падзенне рэчышча, утварае шэраг вадаспадаў. У сярэднім і ніжнім цячэнні — павольная і мнагаводная рака. Дэльта Ганга мае густую і складаную сетку рэк, каналаў і азёр, укрыта ўрадлівымі глебамі, шчыльна заселена; нізоўі яе затоплены, заняты джунглямі. Рэжым мусонны, летнія паводкі з пад’ёмамі ўзроўню вады да 15 м; частыя і моцныя навадненні. Сярэдні расход вады 13 тыс. м³/с, каля вусця разам з Брахмапутрай 38 тыс. м³/с. Гадавы сцёк 1200 км³ (3-е месца пасля Амазонкі і Конга). Вада мутная; цвёрды сцёк больш за 200 млн. т наносаў за год. У ніжнім цячэнні ўплыў марскіх прыліваў. Суднаходная на 1450 км (ад г. Хардвар да вусця). Выкарыстоўваецца на арашэнне. На Гангу буйныя гарады — Алахабад, Варанасі, Патна, у дэльце — марскі порт Калькута (Індыя). Ганг — свяшчэнная рака індусаў, па берагах — месцы рэліг. паломніцтваў (гл. Ганга).
т. 5, с. 21
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́НДАК,
рака ў Непале і Індыі, правы прыток Ганга. Даўж. 650 км, пл. бас. 44,3 тыс. км². Пачынаецца ў Гімалаях, цячэ пераважна па Інда-Гангскай раўніне. Сярэдні расход вады каля 800 м³/с. Летам частыя навадненні. Выкарыстоўваецца на арашэнне. Суднаходная ў ніжнім цячэнні. У вусці — г. Хаджыпур (Індыя).
т. 5, с. 22
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕНГА́ЛІЯ,
гістарычная вобласць у Індыі, у бас. ніжняга цячэння Ганга і дэльты Ганга і Брахмапутры. У старажытнасці розныя часткі Бенгаліі вядомыя пад назвай Анга, Ванга, Гауда і інш. Агульная назва Бенгаліі з’явілася каля 10—12 ст. У 8 — пач. 13 ст. на тэр. Бенгаліі існавалі дзяржавы на чале з дынастыямі Палаў, пазней Сенаў. На пач. 13 ст. Бенгалія ўключана ў Дэлійскі султанат. У сярэдзіне 14 ст. стала незалежная. У 1575 заваявана Вялікімі Маголамі. На пач. 18 ст. на тэр. Бенгаліі ўзнікла самаст. дзяржава. У 1757 падпарадкавана англ. Ост-Індскай кампаніяй. У 1905 падзелена англ. ўладамі на адасобленыя тэр., у 1911 зноў аб’яднана. У 1947 у сувязі з падзелам Брыт. Індыі на самаст. дзяржавы Індыю і Пакістан Зах. Бенгалія адышла да Індыі, Усх. Бенгалія — да Пакістана. У 1971 на тэр. Усх. Бенгаліі створана дзяржава Бангладэш.
т. 3, с. 95
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГХА́ГХРА,
рака ў Індыі, Непале і Кітаі, левы прыток Ганга. Даўж. 950 км, пл. бас. 127,7 тьіс. км². Пачынаецца на Пд Тыбецкага нагор’я, перасякае Гімалаі (пад назвай Карналі), ніжняе цячэнне — на Інда-Гангскай раўніне. Жыўленне змешанае, снегава-ледавіковае і дажджавое. Сярэдні расход каля 1800 м³/с. Разводдзе вясенне-летняе; здараюцца катастрафічныя паводкі. Выкарыстоўваецца для арашэння. Суднаходная ў ніжнім цячэнні. На Гхагхры — г. Файзабад (Індыя).
т. 5, с. 553
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБУ́Р Захірэддзін Мухамед
(15.2.1483, г. Фергана, Узбекістан — 26.12.1530),
узбекскі і індыйскі правіцель, палкаводзец, заснавальнік дзяржавы Вялікіх Маголаў (1526) у Індыі. Нашчадак Цімура па мужчынскай і Чынгісхана па жаночай лініі. У 1494 атрымаў у спадчыну ад бацькі прастол Ферганы. У 1504 узбекі-качэўнікі выгналі яго з Сярэдняй Азіі. У тым жа годзе ён заваяваў Кабул і Кандагар. У 1526 пад Паніпатам разбіў армію дэлійскага правіцеля Ібрагіма Лодзі і захапіў Дэлі і Агру. У 1527—29 авалодаў далінай Інда. Уладанні Бабура ўключалі Усх. Афганістан, Пенджаб і даліну Ганга да граніц Бенгаліі. Захаваліся вершы Бабура на чагатайскай (цюркскай) мове і мове фарсі, а таксама аўтабіягр. нататкі «Бабурнамэ». у якіх апісаны звычаі народаў Сярэдняй Азіі, Афганістана і Індыі.
т. 2, с. 194
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІХА́Р,
штат на ПнУ Індыі. Пл. 173,9 тыс. км². 86,3 млн. чал. (1994), каля 2/3 — біхарцы. Адм. ц. — г. Патна. На Пн — частка Інда-Гангскай раўніны, на Пд — пласкагор’е Чхота-Нагпур (макс. выш. больш за 1000 м). Клімат трапічны мусонны з сухой зімой і вільготным летам. Ападкаў каля 1000 мм за год. На Пд штата — гал. раён Індыі па здабычы каменнага вугалю, жал. і меднай руды, слюды (буйнейшае ў свеце радовішча; гл. Біхарскі слюданосны раён), уранавай сыравіны, баксітаў. Развіты металургічная (Бакара, Ранчы, Джамшэдпур), маш.-буд., цэментная, папяровая, хім., нафтахім., харч. прам-сць. Пад пасевамі каля 50% пл., значная ч. зямель арашаецца. Гал. культура — рыс. Вырошчваюць таксама кукурузу, пшаніцу, ячмень, зернебабовыя, бульбу, на ПнУ — джут, на левабярэжжы Ганга — цукр. трыснёг. Гадуюць буйн. раг. жывёлу і буйвалаў. Транспарт чыгуначны і рачны.
т. 3, с. 163
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)