вінагра́д, -у, М -дзе, м.

Павойная паўднёвая кустовая расліна з салодкімі буйнымі ягадамі, а таксама ягады гэтай расліны, якія ідуць у ежу і на выраб віна.

|| прым. вінагра́дны, -ая, -ае.

В. сок.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Вінагра́д

назоўнік, уласны, неадушаўлёны, неасабовы, мужчынскі род, 1 скланенне

адз.
Н. Вінагра́д
Р. Вінагра́да
Д. Вінагра́ду
В. Вінагра́д
Т. Вінагра́дам
М. Вінагра́дзе

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2025, актуальны правапіс)

вінагра́д

назоўнік, агульны, неадушаўлёны, неасабовы, мужчынскі род, 1 скланенне

адз.
Н. вінагра́д
Р. вінагра́ду
Д. вінагра́ду
В. вінагра́д
Т. вінагра́дам
М. вінагра́дзе

Крыніцы: krapivabr2012, nazounik2008, piskunou2012, sbm2012, tsblm1996, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2025, актуальны правапіс)

вінагра́д, -ду м. виногра́д

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

вінагра́д, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Пладовая павойная расліна сямейства вінаградавых.

2. зб. Буйныя сакавітыя ягады гэтай расліны, якія растуць гронкамі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Вінаград 2/634; 3/91—92, 96; 5/613; 6/246; 8/472—473 (укл.)

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ВІНАГРА́Д

(Vitis),

род раслін сям. вінаградавых. Вядома каля 70 відаў, пашыраных у Еўразіі і Амерыцы; на Беларусі 5 відаў. Вінаград культурны, або еўрапейскі (Vitis vinifera), вырошчваюць ва ўсім свеце паміж 20—40° паўн. ш. і 35—45° паўд. ш., ад 20 да 3000 м над узр. мора. Найб. плошчы ў Іспаніі, Італіі, Францыі, Азербайджане, Малдове, Украіне, Расіі. Культурны вінаград узнік ад дзікага ў працэсе працяглай эвалюцыі, натуральнага і штучнага адбору, існуе больш за 20 тыс. сартоў. Вырошчваюць таксама паўн.-амер. віды: вінаград Ізабела (Vitis labrusca), вінаград скальны (Vitis rupestris) і інш., якія часта выкарыстоўваюць у якасці філаксераўстойлівага прышчэпа; вінаград амурскі (Vitis amurensis), вінаград лісіны (Vitis vulpina) і інш. — для азелянення.

Шматгадовыя дрэвавыя ліяны з доўгімі (3—5 м) тонкімі аднагадовымі парасткамі і магутнай каранёвай сістэмай. Кветкі двухполыя або функцыянальна жаночыя, дробныя, зялёныя, сабраныя ў мяцёлчатае суквецце. Апыленне перакрыжаванае і самаапыленне. Цепла- і святлолюбівая расліна, якая не выносіць пераўвільгатнення, расце на лёгкіх урадлівых глебах, адчувальная да позніх веснавых і ранніх асенніх замаразкаў. Ва ўмовах Беларусі цвіце ў чэрв.—ліпені, ягады паспяваюць у канцы жніўня — пач. верасня. Ягады багатыя цукрамі, арган, кіслотамі, вітамінамі групы B, C, D. Выкарыстоўваюцца свежыя і на перапрацоўку (разынкі, сокі, віно і інш.), у лек. мэтах (гл. Ампелатэрапія). Найб. пашыраныя ў Беларусі сарты — Касманаўт, Паўночны ранні, Краса Поўначы, Мічурынскі. Гл. таксама Вінаградарства.

т. 4, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

вінагра́д м.

1. (расліна) Winrebe f -, -n, Winstock m -es, -stöcke;

дзі́кі вінагра́д wlder Wein;

развядзе́нне вінагра́ду Winbau m -(e)s;

2. (плады) Winbeeren pl, Wintrauben pl;

збор вінагра́ду Winlese f -, -n

Беларуска-нямецкі слоўнік (М. Кур'янка, 2010, актуальны правапіс) 

Вінагра́д ’пладовая павойная расліна, Vitis vinifera L.’ (БРС, Кіс., Сцяшк. МГ), віныгра́д ’тс’ (Бяльк.); ’фруктовы сад’ (Нас.); ’садавіна’ (Нас.); ’садовыя расліны’ (Сцеп.), фалькл. вінаградзік ’вінаграднік’ (Кліх). Укр. виноградвінаград’; ’гронка вінаграду’; ’вінаграднік’; ’садавіна’, рус. смал. виноград ’садовы плод (любы)’; ’сад’; ’віно’, эпітэт жаніха, кастр. ’аздоба хамута ў выглядзе лістоў вінаграду з гронкамі’, ст.-рус. виноградъ ’вінаграднік, фруктовы сад’ (з XII ст.); ’ягада вінаграду’ (XVII ст.); ’вінаграднае віно’ (з XVIII ст.), польск. winogradвінаград, ягада вінаграду, віно’, ст.-польск. winograd ’вінаграднік’, чэш. vinohrad, славац. vinohrad, славен. vinógrad ’тс’, серб.-харв. вѝноград, ст.-слав. виноградъ. Прасл. vinogordъ. У бел. мове запазычана з ц.-слав. Звычайна лічаць слав. vinogordъ запазычаннем з гоц. weingards, ст.-в.-ням. wîngart(o), с.-в.-ням. wîngart(e), н.-в.-ням. Wingert ’вінаграднік’ (Уленбек, AfslPh, 15, 492; Лёвэ, KZ, 39, 317–333; Мух, AnzIF, 9, 197; Брукнер, AfslPh, 42, 141; Шанскі, 1, В, 101; Стэндэр-Петарсан, Slav.-germ., 365; Кіпарскі, Fremdes, 225; КЭСРЯ, 82). Скок (3, 595) мяркуе, што vinogordъ узнікла на слав. глебе і з’яўляецца складаным словам (параўноўвае ст.-слав. виноградъ і врътоградъ, ад vino > віно́ (гл.) і gordъ > гарод, горад) (гл.), якое азначала адроджанае месца.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Дзікі вінаград, гл. Дзявочы вінаград

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)