вясё́ласць

назоўнік, агульны, неадушаўлёны, неасабовы, жаночы род, 3 скланенне

адз.
Н. вясё́ласць
Р. вясё́ласці
Д. вясё́ласці
В. вясё́ласць
Т. вясё́ласцю
М. вясё́ласці

Крыніцы: piskunou2012.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

Вясёласць ’весялосць’ (КТС), вясёлысьць ’тс’ (Бяльк.), укр. веселість, рус. весёлость ’тс’, польск. wesołość ’вясёлы настрой, пацеха, радасць, добры гумар’; ’вясёлы спосаб правядзення часу’, н.-луж. wjasolosć, в.-луж. wjesołosć ’весялосць, радасць’, чэш. veselost ’весялосць, забава, пацеха’, паўдн.-усх. ’вяселле’, славац. veselosť ’весялосць, забава’, славен. vesẹ̑lost, серб.-харв. ве̏селост, макед., балг. веселост. Прасл. veselostь, утворанае з суф. ‑ostь ад прым. veselъ > вясёлы (гл.). Бел. літаратурная форма мае націск на канчатку.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

весялі́ць, -лю́, вясе́ліш, вясе́ліць; незак., каго-што.

Выклікаць вясёласць, радасць.

В. дзяцей.

Песня вяселіць душу.

|| зак. развесялі́ць, -лю́, развясе́ліш, развясе́ліць; развясе́лены.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

акцябра́ты, ‑ат; адз. акцябронак, ‑нка, м.

Школьнікі малодшых класаў (звычайна 1–3), якія рыхтуюцца стаць піянерамі. Ягоны [Леніна] смех, Яго вясёласць Гарыць на тварах акцябрат, Жыве ў рабоце камсамола, У песнях маладых дзяўчат. Глебка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лаго́днасць, ‑і, ж.

Уласцівасць лагоднага; дабрадушнасць, ласкавасць. [Лабановіч] упадабаў пастуха за бестурботнасць, вясёласць і лагоднасць. Колас. Падняўся і Раман Дзянісавіч. Знікла з яго твару нядаўняя лагоднасць, ён стаў пануры і заклапочаны. Хадкевіч. Чалавек ён [настаўнік] добры, заўсёды з усмешкай і ў голасе прыязная лагоднасць. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

жы́васць, ‑і, ж.

1. Паўната жыццёвых сіл; жвавасць, ажыўленасць. Вясёласць і жывасць, з якімі Зося выязджала зранку ў поле, змяніліся шэрымі, заўсёднымі вобразамі. Гартны. // Імклівасць, вёрткасць, рухавасць. Жывасць рухаў.

2. Яркасць, выразнасць, вобразнасць. У асобных мясцінах мова помніка губляе сваю жывасць і непасрэднасць. Шакун. Нягледзячы на адсутнасць сюжэтнай напружанасці, апавяданні Змітрака Бядулі не пазбаўлены жывасці. Каваленка.

3. Вастрыня, сіла, яснасць. Аўтар падкрэслівае ў .. [Несцяровіча] назіральнасць і жывасць розуму. Барсток.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

су́хасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць і стан сухога (у 1, 2, 5–12 знач.). Сухасць паветра. Сухасць скуры. □ Нашых літаратараў часамі слушна папракаюць у лексічнай беднасць, у сухасці мовы. Скрыган. Пачуццёвая сухасць з’явілася тут не ад беднасці таленту. Каваленка.

2. Адсутнасць або недахоп вільгаці дзе‑н. Язэп напіўся прыгаршчамі вады; горкая сухасць у роце знікла. Асіпенка. Вылі ў паветры цеплыня, сухасць, кедравы водар з лясоў на тым баку (далёкіх, далёкіх!). Караткевіч.

3. перан. Сухое, халоднае абыходжанне з кім‑н., выраз намеранай стрыманасці. З Ігнасёвымі словамі сухасць сплыла з .. твару [дзяўчыны] і гуллівая вясёласць заіграла на шчоках. Мурашка. Нядаўнюю сухасць і дзелавітасць у камандзіра ўзвода нібы ветрам здзьмула. Курто.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ахво́та (БРС, Бяльк., Гарэц., Мал., Касп., Сержп., КЭС, лаг., Яруш.), ахвочы ’шчыры, хто робіць з ахвотай’ (БРС, Касп., Гарэц., Бяльк., КЭС, лаг., Яруш.), ахвоціцца ’мець ахвоту’ (КЭС, лаг.), охвоча ’без прымусу’ (КЭС, лаг.), ахвотна (БРС, Касп., Гарэц., Бяльк., КЭС, лаг.), охвотно ’весела, прыемна’ (КСТ), ахвотнік ’дабраволец’ (БРС, КЭС, лаг.), ст.-бел. ѡхвотно (XV ст.), ѡ̈хвочий, ѡ̈хвочь (XVI ст., Карскі, 1, 339), укр. охвота ’жаданне, задавальненне’, охвітно ’прыемна, з задавальненнем’, рус. охвота ’жаданне’, ’паляванне’ (выключна паўночна-заходняе), ст.-рус. охвота, охвочии, охвотьнъ ’вясёлы, жвавы’. Нельга разглядаць асобна ад ахота, з якім ахвота мае паралельнае ўжыванне на большай частцы беларускага моўнага арэалу; паводле Брукнера, KZ, 45, 25, назоўнік ад *ochvy: параўн. палаб. våxvě ’здаровы, вясёлы’ (з oxvъ‑jь), в.-луж. wochwy ’тс’, палаб. våxötněoxvotьnъjь), «na tüjǫ våxötǫ» «за тваё здароўе» (тост) < *oxvotǫ гл. Шыдлоўска–Цэглёва, SOc, 27 (1968), 266; гл. таксама Махэк₂, 411, які ўслед за Брукнерам збліжае з ст.-чэш. ochviti sě ’разгуляцца, распаліцца, аддацца чаму-небудзь’, тады ахота < ахвота з выпадзеннем в, параўн. Бернекер, 398, адносна фанетычных умоў гэтай з’явы гл. Ільінскі, AfslPh, 29, 168 і наст.; Атрэмбскі (Życie wyrazów, 320) тлумачыць выпадзенне w у польск. ochwota і развіццё значэння ад ’жвавасць, вясёласць’ да ’жаданне’ ўплывам chocieć насуперак Брукнеру, які адмаўляе такую сувязь; інакш Якабсон, Word, 2, 615: рус. охвота < охота ў выніку характэрнай дыялектнай з’явы пераходу охо > охво, паралельнай да ого (оɣо) > ово; згодна Карскаму 1, 339, ахвота з ахота ў выніку народнаэтымалагічнага збліжэння з хватаць. Паводле Шутца, WSl, 8, 346, рус. охвота і охота ўзыходзяць да кораня *xu̯‑o‑t (адлюстроўвае нармальную ступень чаргавання асноў, што ўзнікла на базе ступені з рэдукцыяй, першапачаткова *xō̆ut‑: *xūt‑: *xut‑ > чэш. huť ’радасць’, прасл. xytiti, серб.-харв. htjěti < *xъteti), які супрацьпастаўляецца кораню *xu̯‑ō‑t з падаўжэннем галоснага, параўн. прасл. xvatъ, рус. хвати́ть ’схапіць’, гл. таксама Куркіна, Этимология, 1971, 77. Параўн. расхваціцца ’зрабіць з ахвотай’ (Юрч. Фраз. 2).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

слу́жба, ‑ы, ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. служыць (у 1, 2, 4–6 знач.). Служба ў арміі. Служба машыны.

2. Работа, заняткі і абавязкі служачага, а таксама месца такой работы і знаходжанне на ёй. Асабліва вялікую пашану адчуў да.. [Захарыя] Іліко, калі даведаўся, што гэты чалавек умее кіраваць параходам, што гэта ягоная слуокба. Самуйлёнак. Трошкі пазней Леўка ўладзіўся ў Верамеевічах на нейкую казённую службу і ездзіў каравачнікам па вёсках. Сабаленка. І на службе і прыйшоўшы са службы Рыгор не расставаўся з кніжкаю. Гартны.

3. Выкананне воінскіх абавязкаў, пасада ваеннага, а таксама знаходжанне ў радах арміі, флоту. Кожны салдат лічыць свой род войск самым важным, а службу ў ім — самай цяжкай. Хомчанка. Развітаўся з салёнаю Службай марской, Месцам вахты працоўнай Стаў ціхі пакой. Жычка.

4. Галіна ваенных заняткаў, абавязкаў, а таксама сістэма ўстаноў у структуры арміі, якія іх абслугоўваюць. Служба сувязі. Медыцынская служба арміі. □ Камбрыгу было дваццаць пяць год. Кавалерыст, лейтэнант кадравай службы. Брыль.

5. Галіна вытворчасці, а таксама ўстанова, арганізацыя, якія займаюцца якім‑н. спецыяльным участкам работы. Служба надвор’я. Служба часу. □ Машыністаў, дзяжурных, саставіцеляў — усіх, найбольш звязаных са службай руху, эвакуіравалі, яшчэ калі не быў узарваны мост па Дняпры. Навуменка.

6. Правядзенне набажэнства. У царкве ідзе.. служба, а на вуліцы — незвычайная вясёласць, рогат, гукі і рытм новай песні. Каваль.

7. толькі мн. (слу́жбы, ‑аў). Уст. Падсобныя памяшканні, розныя пабудовы для гаспадарчых патрэб. Розныя гаспадарчыя службы — кухня, склады, кладоўкі, — усё гэта ўваходзіла ў бальнічную сядзібу. Лынькоў.

8. Уст. Абслуговы персанал; слугі. А палац у агнях, служба ўся ў кунтушах. Лужанін. Па сканчэнні «гутаркі» хатняя служба ўжо саджала пана .. ў брычку і побач паклала абкручаны ў палатніну кумпяк. Пестрак.

9. Уст. і разм. Зварот да ваеннаслужачага (звычайна салдата). [Драч:] А сам хто?.. Бародка можа і рабочага, а вусікі быццам а[ф]іцэравы... [Дашынскі:] Блытаеш ты нешта, служба. Губарэвіч.

•••

Інтэнданцкія служба — сістэма ўстаноў і прадпрыемстваў, якія ведаюць харчовым, рэчавым і грашовым забеспячэннем узброеных сіл.

Дружба дружбай, а служба службай гл. дружба.

Не ў службу, а ў дружбу; не па службе, а па дружбе — просьба зрабіць што‑н. для каго‑н. па дружбе, а не па службоваму абавязку.

Паставіць што на службу чаму гл. паставіць.

Саслужыць службу каму-чаму гл. саслужыць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ісці́, іду, ідзеш, ідзе; ідзём, ідзяце, ідуць; пр. ішоў, ішла, ішло; заг. ідзі; незак.

1. Перамяшчацца, перасоўвацца ў прасторы:

а) Рухацца, ступаючы нагамі, робячы крокі (пра чалавека і жывёлу); крочыць. Аўсамі ішоў чалавек, выбіраючыся з лагчыны на ўзгорак да гасцінца. Чорны. Ляснымі дарогамі скрыта к чыгунцы ідуць партызаны. Колас. Насцярожана задзіралі галовы ласі, ідучы да вадапою. Кірэйчык. // (з акалічнаснымі словамі, якія паказваюць характар падобнага руху). Ужываецца ў значэнні: бегчы, імчацца, несціся і пад. Алені ішлі лёгкім трушком. Шамякін. Па дарозе ад Нёмана рыссю ідзе сувязны. Брыль;

б) Ехаць, плысці, ляцець (пра сродкі перамяшчэння). Машыны, танкі, артылерыя ішлі бесперапыннай плынню і ўсё ў адным напрамку — на захад. Шамякін. Ідуць калгасныя падводы, Дабро вязуць грузавікі. Колас. / З акалічнаснымі словамі, якія ўказваюць на характар, спосаб руху. Ісці на вёслах. Ісці на ўсіх парусах. // Адыходзіць, адпраўляцца ў пэўны момант, час. Экспрэс ідзе а дзесятай гадзіне вечара. // Ехаць, плысці, ляцець на якім‑н. са сродкаў перамяшчэння. На атамным ледаколе «Ленін» ішла экспедыцыя ў акіян.

в) Быць у дарозе, будучы адасланым куды‑н. (пра пісьмы, пасылкі, кантэйнеры і інш.). Кантэйнер ідзе чыгункай. □ Нарэшце пісьмо прыйшло: як выявілася, нейкія сто кіламетраў яно ішло пяць дзён. Шамякін. // Дамаўляцца, прыбываць адкуль‑н. куды‑н. Чай ідзе з Каўказа. □ Ходзіць вецер, Ловіць прыпах нафты, Што да нас з Татарыі ідзе. Калачынскі; г) Перамяшчацца масай, патокам, чарадой. Застаўся вецер ззаду дзесь, як хмара, следам пыл ідзе. Дубоўка. — Крыгі ідуць па Дзвіне — проста жах. Брыль. // Рухацца чарадой, касяком (пра рыбу і пад.). На бераг рыба ўся ідзе, аж возера шуміць-гудзе. Дубоўка.

2. у што, на што або з інф. Накіроўвацца, адпраўляцца куды‑н. з якой‑н. мэтай. Ісці гуляць. Ісці ў госці. Ісці на выбары. Ісці ў ягады. □ [Сегень] варушыўся кожную раніцу пад вокнамі хат і заказваў — каму што рабіць, каму куды ісці. Чорны. // на каго, супроць каго. Выступаць у паход, нападаць. Калі нарадзіўся волат, не знаў ён ні хвілі спакою: Варожых дзяржаў чатырнаццаць ішлі на яго вайною. Куляшоў. // перан. Разм. Выступаць праціўнікам, пярэчыць. — Завошта нам было б забіваць адзін аднаго, завошта ісці брату на брата? Самуйлёнак.

3. перан. Прыступаць да якой‑н. службы, дзейнасці; уступаць куды‑н., рабіцца кім‑н. Ісці ў партызаны. Ісці ў армію. Ісці ў інстытут. □ Да таварышаў, якія ідуць у літаратуру, К. Чорны звяртаўся з горкаўскім папярэджаннем: работа літаратараў надзвычай цяжкая. Кудраўцаў. Стары настаўнік Ягор Ягоравіч, адпрацаваўшы ў школе год з пяцьдзесят, атрымаў персанальную пенсію і ішоў на адпачынак. Корбан.

4. перан. Рухацца, развівацца ў якім‑н. напрамку. Ісці да камунізма. □ Гады праходзілі. Краіна Ішла наўсцяж да перамог. Глебка. Так і прайшоў свой шлях Васіль Іванавіч ад камсамольца да сакратара абкома партыі. Ішоў са ступенькі на ступеньку. Лынькоў. // у што. Развівацца, расці пэўным чынам (пра расліны). Бульба ідзе ў націну. // Дзейнічаць, паводзіць сябе тым або іншым чынам. Ісці разам з калектывам. □ Працавала [Тамара] па 7 гадзін. Але крок у крок ішла з тымі, хто працаваў поўную змену. «Работніца і сялянка». // Разм. Мець якія‑н. вынікі, паказчыкі ў чым‑н. Вучань добра ідзе па ўсіх прадметах. □ Дзяўчына была энтузіястка, яна і ў вучобе ішла на сярэбраны медаль. Шамякін. // за кім-чым. Трымацца каго‑н.; наследаваць каму‑н., далучацца да чыіх‑н. думак, поглядаў. Мы мацнеем і расцём, бо за партыяй ідзём. Прыказка.

5. ад каго-чаго, з чаго. Выдзяляцца, выходзіць, расплывацца. Ад зямлі ідуць густыя пахі ляснога рэдкатраўя, мокрага ад расы і сырасці ляжалага лісця. Пташнікаў. Калі Лукаш ужо набліжаўся да вёскі, з навадворскіх комінаў ішоў дым. Кавалёў. // Распаўсюджвацца (пра гукі, святло і пад.). Зязюля лічыла некаму гады, і аж пошчак ішоў па лесе ад яе кукавання. Даніленка. Неба на ўсходзе гарэла, ясната ішла ад ружовай разлегласці на ім. Чорны. // З’яўляцца, выходзіць, вынікаць. Паэзія [Янкі Купалы] ішла ад думак і жаданняў народа. Івашын. // Выдзяляцца, цячы. Кроў ідзе з раны. Пот ідзе. // Паступаць, падавацца. Газ ідзе. Ток ідзе. Пара ідзе па грубцы. □ Хлапчук, што хацеў быць дарослым, корпаўся ў млыне, дзе ішла якраз яго мука. Брыль. // Раcпаўсюджвацца (пра чуткі, весткі і пад.). Ідуць весткі з усіх канцоў. □ Пра абухаўцаў ішла слава яшчэ з 1901 года. «Работніца і сялянка». На Беларусі Па вёсках ідуць пагалоскі — з’явіўся Кастусь Каліноўскі. Броўка.

6. Набліжацца, з’яўляцца адкуль‑н. У акружаным блакадай лагеры ўсе радуюцца: «Нашы ідуць!..» Якімовіч. З вісклівым крыкам: «Ідзе! Ідзе!..» пранесліся пад акном Мікітка з Валодзькам, ускочылі ў хату і паведамілі, што ідзе машына. Ракітны. // перан. Насоўвацца, надыходзіць, прыбліжацца. Ноч ідзе З маланкамі, Дажджамі. Хведаровіч. З яркім сонцам, З пукам красак Май да нас ідзе. Бядуля.

7. Разм. Знаходзіць збыт, пакупніка. Тавар не ідзе. // Прадавацца па той або іншай цане. Ісці за бясцэнак.

8. перан. Рэгулярна налічацца, адпускацца (пра якія‑н. сродкі). Ідуць працэнты. Ідзе пенсія. Ідуць працадні. Зарплата ідзе. □ — Вам цяпер ідуць грошы кожны месяц, жывяце вы, дай божа на ўсякага добрага... Чорны. Слімак быў вельмі задаволены сваёй камандзіроўкай: ішлі добрыя сутачныя. Лынькоў.

9. Рассцілацца, пралягаць; мець пэўны кірунак, цягнуцца. Лагчына ішла далёка, аж пад лес. Сюды цяпер з поля пасля дажджу сцякала вада. Пташнікаў. І аднастайнай чарадой Ішлі стракатыя палоскі, Як невясёлых думак рой. Глебка. // Цягнуцца, праходзіць дзе‑н. Дарога ішла лесам. □ — Праз Калхіду ішоў вялікі гандлёвы шлях з Грэцыі і Рыма ў краіны Бліжняга Усхода і ў Індыю. Самуйлёнак. // Адыходзіць, адгаліноўвацца ад чаго‑н. У сыпкім пяску Ад калодзежных зрубаў Ідуць вадавода Смалістыя трубы. Лужанін. // Праходзіць, працягвацца ў якім‑н. напрамку. Вуліца ідзе ўгару. На горцы — Арынская царква, могілкі. Дамашэвіч. Паз ішоў крыва і быў мясцінамі то зусім мелкі, го занадта глыбокі. Дуброўскі. // Займаць тое або іншае месца ў адносінах да каго‑, чаго‑н. Я напішу, што ў класе Уперадзе іду, Што я ні ў якім разе Яго не падвяду. Гілевіч. За прасначкамі йшлі кампоты, Кісель з мядоваю сытою; Вячэру скончылі куццёю. Колас.

10. Дзейнічаць, працаваць (пра механізмы, машыны і пад.). Гадзіннік ідзе. □ Сцены карпусоў злёгку дрыжэлі, фабрыка ішла сваім поўным ходам. Лынькоў.

11. Капаць, цячы, ляцець (пра ападкі). Дождж ідзе. □ Узімку [на Вогненнай Зямлі] разам з дажджом часта ідзе і снег. Маўр.

12. Мінаць, працякаць, праходзіць у часе. Ішлі гады, дзеці іх раслі, жаніліся, выходзілі замуж — і хатка выцягвалася па вуліцы ў абодва бакі. Ракітны.

13. Цягнуцца, працягвацца. За акном павольна ішла ноч, роіліся зоры, і ападалі некаторыя з іх. Самуйлёнак. Жыццё ішло, поўнае чароўнасці і прыгажосці. Кавалёў. // каму. Быць у якім‑н. узросце. — Уладзіку трынаццаты год ідзе... Чорны.

14. Мець месца, адбывацца, праходзіць. Ідзе ўрок. Суд ідзе. У кватэры ідзе рамонт. □ На станцыі ішла ўжо выгрузка танкаў. Мележ. // Выконвацца, паказвацца, ставіцца (пра п’есу, спектакль і пад.). Ідзе новы кінафільм. // Быць прынятым да друку. Артыкул ідзе ў наступны нумар часопіса. // (звычайна з акалічнаснымі словамі). Адбывацца, быць у пэўным стане; удавацца, атрымлівацца. Справы ідуць добра. □ Мікалай распытваў Веру, як жывецца, як ідзе вучоба. Дамашэвіч.

15. Весці пачатак, паходзіць ад чаго‑н. Традыцыі гэтага змагання ідуць і з даўніх часоў, і з свежых яшчэ ў нашай памяці.. войнаў 1914–1920 гадоў. Чорны. // Лагічна развіваць думку ад агульнага да прыватнага або ад фактаў да абагульненняў. Ісці ад фактаў.

16. на што. Быць гатовым або схільным да чаго‑н., згаджацца на што‑н. Ісці на кампраміс.

17. у што, на што, пад што. Прызначацца, выкарыстоўвацца, ужывацца для чаго‑н. Перац ідзе ў страву як прыправа. Салома ідзе на подсціл жывёле. Дом ідзе пад знос. □ Іграюць пілы пільшчыкаў — На дошкі йдзе бярвенне. Купала. // Выдаткоўвацца, расходавацца, траціцца. На дарогу ідзе многа часу. □ Частка лякарстваў ішла на аказанне дапамогі насельніцтву. «Звязда».

18. каму-чаму. Падыходзіць, адпавядаць, пасаваць. Вясёласць гэтая неяк не ішла .. [шарманшчыкам], асабліва.. барабаншчыку. Чорны. // Быць да твару. [Ядвіся] была ў прыгожай чырвонай кофтачцы, якая вельмі ішла да яе твару. Колас.

19. Разм. Надзявацца, узлазіць без цяжкасцей. Чаравік не ідзе на нагу. // у што. Свабодна ўваходзіць, ўлазіць. Нітка свабодна ідзе ў шаршатку. Цвік не ідзе ў сцяну.

20. (часта з адмоўем). Разм. Атрымлівацца, ладзіцца, спорыцца. Хацеў бы я пеці Аб сваёй бядзе, Дый мне сэрца ные, Песенька не йдзе. Купала. — Вось цвердзь! А-а-а... Даўней грыўню мог сагнуць пальцамі, а гэта не ідзе... Чорны.

21. за каго. Уступаць у шлюб, выходзіць замуж (пра жанчыну). Марылька ішла замуж за Няміру. Чорны.

22. чым, з чаго. Рабіць ход у гульні. Ісці канём. Ісці козырам. Ісці з туза.

23. (з прыназоўнікам «у»). У спалучэнні з назоўнікамі, якія абазначаюць дзеянне, ужываецца ў значэнні: падпадаць пад што‑н. (што выражана назоўнікам). Ісці ў рамонт. Ісці ў чыстку.

24. (з прыназоўнікамі «на», «у»). У спалучэнні з назоўнікамі азначае наступленне працэсу, стану, дзеяння, якое выражана назоўнікам. Ісці на змяншэнне (змяншацца). Ісці ў рост (расці, пачынаць расці). Ісці на лад (ладзіцца, наладжвацца). Ісці на спад. Ісці на пасадку. Ісці на ўступкі. Ісці ў наймы. □ Рыгорку няцяжка было ўгаварыць Данілу ісці ў сваты да Бары, даводзячы, што цяпер якраз самы зручны момант. Дуброўскі.

25. (з прыназоўнікам «у»). У спалучэнні з назоўнікамі азначае: пачынаць рабіць што‑н., пускацца ў што‑н. Ісці ў скокі.

26. аб кім-чым, пра каго-што. Весціся (пра гаворку, гутарку і пад.). Ішла гаворка пра ўраджай. □ Залескі быў хворы, і Яўген Лубян часова замяшчаў яго. Аб ім ішла і гутарка. Шамякін. Язэп прысеў на табурэтку каля стала, слухаючы, аб чым ідзе размова. Дуброўскі.

27. за каго, што. Разм. Аказвацца прыгодным, сыходзіць за што‑н., з’яўляцца добрай заменай чаго‑н. Чорны хлеб ідзе за пірог.

28. Разм. Расходавацца хутка, лёгка. — Чырвонец вазьмі!.. У горадзе ідуць грошы, як вада праз пальцы. Мыслівец.

•••

Галава ідзе кругам гл. галава.

Далей (ісці) некуды гл. некуды.

З торбай ісці — пачаць жабраваць, прасіць міласціну.

Ідзіце здаровы — развітальны выраз.

Ісці міма рук — не даставацца каму‑н.

Ісці на дно — а) цярпець няўдачу, паражэнне; б) маральна апускацца, занепадаць.

Ісці на павадку ў каго — быць у залежнасці ад каго‑н., ставіць свае дзеянні, паводзіны ў залежнасць ад каго‑н.

Ісці на свой хлеб — пачаць жыць самастойна, зарабляць сабе на жыццё.

Ісці насустрач каму-чаму — садзейнічаць, дапамагаць каму‑н., спачувальна адносіцца да каго‑, чаго‑н.

Ісці на той свет — паміраць.

Ісці на ўсё — скарыстоўваць любыя сродкі для дасягнення мэты.

Ісці пад вянец — вянчацца, уступаючы ў шлюб.

Ісці пад суд — прыцягвацца да судовай адказнасці.

Ісці па лініі найменшага супраціўлення — выбіраць найбольш лёгкі спосаб дзеянняў, ухіляючыся ад цяжкасцей, пазбягаючы перашкод.

Ісці прамой дарогай — жыць сумленна, дзейнічаць без хітрыкаў і падману для дасягнення чаго‑н.

Ісці рукою — добра весціся, гадавацца, пладзіцца.

Ісці сваёй дарогай — дзейнічаць самастойна, не паддаючыся чужому ўплыву.

Ісці супраць цячэння — дзейнічаць наперакор існуючым традыцыям, поглядам і пад.

Ісці ўгору (угару) — а) атрымаць павышэнне па службе, займець павагу, аўтарытэт і пад.; б) паспяхова развівацца.

Ісці ў дзела — скарыстоўвацца, знаходзіць прымяненне.

Ісці ў заклад — спрачацца на грошы або што‑н. іншае.

Ісці ў касе — касіць.

Ісці ў нагу з кім-чым — дзейнічаць, працаваць, развівацца нароўні з кім‑н., у адпаведнасці з кім‑, чым‑н.

Ісці прочкі — сыходзіць з дому, не ўжыўшыся з жонкай або мужам.

Ісці ўразрэз з чым — рэзка разыходзіцца з чым‑н., супярэчыць чаму‑н.

Ісці ў ход — скарыстоўвацца, знаходзіць прымяненне.

Кусок у горла не ідзе гл. кусок.

Мароз па скуры (па спіне) ідзе гл. мароз.

Не ідзе з галавы — пра тое, што турбуе, хвалюе ўвесь час.

Не ідзе (не лезе) у галаву — а) няма жадання або магчымасці рабіць што‑н., думаць пра што‑н.; б) не засвойваецца, не запамінаецца што‑н.

Не ідзе ў руку — не ладзіцца, не шанцуе.

Не ісці далей — спыніцца на чым‑н., абмежавацца чым‑н.

(Ні) ў (якое) параўнанне не ідзе з кім-чым — нельга параўноўваць з кім‑, чым‑н.

Ходырам ісці — тое, што і ходырам хадзіць (гл. хадзіць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)