валтарні́ст, -а, М -сце, мн. -ы, -аў, м.

Музыкант, які іграе на валторне.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

валтарні́ст

назоўнік, агульны, адушаўлёны, асабовы, мужчынскі род, 1 скланенне

адз. мн.
Н. валтарні́ст валтарні́сты
Р. валтарні́ста валтарні́стаў
Д. валтарні́сту валтарні́стам
В. валтарні́ста валтарні́стаў
Т. валтарні́стам валтарні́стамі
М. валтарні́сце валтарні́стах

Крыніцы: krapivabr2012, nazounik2008, piskunou2012, sbm2012, tsblm1996, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

валтарні́ст м. валторни́ст

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

валтарні́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Музыкант, які іграе на валторне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

валторни́ст валтарні́ст, -та м.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

АЛЕКСАНДРО́ВІЧ Ануфрый, музыкант-валтарніст, капельмайстар і педагог пач. 19 ст. У 1804—09 працаваў у Нясвіжы ў прыдворнай капэле Радзівілаў, быў яе апошнім капельмайстрам, навучаў музыцы прыгонных.

т. 1, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЮШКЕ́ВІЧ Часлаў Іосіфавіч (н. 25.7.1942, в. Поня Вілейскага р-на Мінскай вобл.),

бел. валтарніст, педагог. Засл. арт. Беларусі (1992). Скончыў Бел. кансерваторыю (1975). У 1969—94 артыст Дзярж. сімф. акад. аркестра Беларусі. З 1991 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі. Ігру Ю. вылучае яркае, насычанае, мяккае гучанне інструмента, віртуознасць. Першы выканаўца твораў бел. кампазітараў: Г.​Вагнера, Я.​Глебава, А.​Мдывані, Дз.​Смольскага. У рэпертуары таксама творы рас. і зах.-еўрап. класікі.

М.​Г.​Марозава.

т. 18, кн. 1, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАРАШКЕ́ВІЧ Уладзімір Іванавіч (н. 5.7.1948, Мінск),

бел. валтарніст. Засл. арт. Беларусі (1994). Скончыў Дзярж. муз.-пед. ін-т імя Гнесіных (1973). З 1970 выкладчык муз. школ Масквы і Мінска, з 1993 Бел. акадэміі музыкі. Адначасова з 1973 у складзе сімф. аркестра Творчага аб’яднання «Нац. акад. Вял. т-р оперы і балета Рэспублікі Беларусь», канцэртмайстар групы валторн. Выканаўца сольных партый на прэм’ерах спектакляў («Рагнеда» А.​Мдывані, «Тыль Уленшпігель» і «Майстар і Маргарыта» Я.​Глебава, «Сівая легенда» Дз.​Смольскага, «Новая зямля» Ю.​Семянякі і інш.). Выступае таксама ў складзе розных сімф. аркестраў.

А.​Л.​Карацееў.

т. 15, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛУ́ЦКАЯ КАПЭ́ЛА РАДЗІВІ́ЛА,

прыдворны аркестр князя Г.​Ф.​Радзівіла. Існавала ў 1746—60 у г. Слуцк Мінскай вобл. Іграла на балях, маскарадах, сямейных святах, паляваннях, з 1751 суправаджала паказы Слуцкага тэатра Радзівіла. Складалася пераважна з замежных музыкантаў. Капельмайстры А.​Ваплер, Ф.​Вітман, Т.​Гартвіг; выканаўцы Т.​Путс (басіст), Ю.​Кагут (лютніст), Наверт і Гогенбрукнер (арфісты), Ф.​Шперлінг і Ліст (трубачы), Горак (валтарніст), Паўтснер (арганіст), Гартвіг, Я.​Мартэнс і інш. Капэла выступала ў рэзідэнцыях Радзівіла ў Слуцку і Белай (Бяла-Падляска, Польшча) і па-за іх межамі. Сучаснікі адзначалі высокі прафес. ўзровень капэлы. Пасля смерці Радзівіла капельмайстры і некат. музыканты пераведзены ў Нясвіж, дзе працавалі ў Нясвіжскай музычнай школе і Нясвіжскай капэле Радзівілаў.

Літ.:

Дадиомова О.В. Музыкальная культура городов Беларуси в XVIII в. Мн., 1992. С. 29;

гл. таксама да арт. Слуцкая музычная школа.

В.​У.​Дадзіёмава.

т. 15, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯСВІ́ЖСКАЯ КАПЭ́ЛА РАДЗІВІ́ЛАЎ,

прыдворны аркестр кн. Радзівілаў у г. Нясвіж Мінскай вобл. ў 1724—1809. Засн. кн. М.​К.​Радзівілам. Іграла ў час баляў, свят, ваен. парадаў, касцельных службаў, з 1746 і тэатр. паказаў. Выступала таксама ў загарадным палацы ў Альбе, суправаджала радзівілаўскія выезды ў вотчыны Белае, Мір, Жоўква, Алыка. Да 1746 мела камерны характар і складалася з замежных музыкантаў (італьянцаў, немцаў, чэхаў), пазней яе склад павялічыўся (пераважалі палякі, беларусы, літоўцы). У 1751 пры ёй адкрыта Нясвіжская музычная школа. У 1733—80 сярод найб. вядомых музыкантаў капэлы Мацей з Карэліч (скрыпка), Ф.​Яжомбек, Я.​Баэрт, Я.​Б.​Сухенгаўз (клавіцымбалы), Кёнітцэр (флейта), Я.​К.​Фішэр (габой), Нойверг (арфа), Ф.​Гофман (фагот), Вентцэль (валторна), Ю.​Кагут (лютня) і інш. Капельмайстры: скрыпачы Е.​А.​Бакановіч (з 1749), Ян Ценціловіч (з 1751), дырыжоры Ф.​Вітман (з 1756), Я.​Шоль (і клавесін, з 1761), Д.​Кёрнер (з 1770). У 1780 К.​С.​Радзівіл запрасіў вядомых музыкантаў Дж.​Альберціні (клавесін, капельмайстар у 1783—84), Дж.​Канстанціні (скрыпка), І.​Фляйшмана (віяланчэль), Я.​Дусіка (фп.), Я.Д.Голанда (клавесін, капельмайстар у 1782—1802), спевакоў В.​Нікаліні, А.​Калаўзека, А.​Данезі, спявачак К.​Вертэр, Герман. Апошні капельмайстар мясц. валтарніст А.​Александровіч (1804—08).

Літ.:

Гісторыя беларускага тэатра. Т. 1. Беларускі тэатр ад вытокаў да Кастрычніка 1917 г. Мн., 1983. С. 182—183, 189;

Музыкальный театр Белоруссии: Дооктябрьский период. Мн., 1990. С. 174—177.

т. 11, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)