БРЭМ

(Brehm) Альфрэд Эдмунд (2.2.1829, Рэнтэндорф, зямля Цюрынгія, Германія — 11.11.1884),

нямецкі заолаг, асветнік. Вучыўся ў Іенскім ун-це. Дырэктар Гамбургскага заапарка (1863—66), заснавальнік Берлінскага акварыума (1867). У час вандраванняў па Егіпце, Нубіі, Судане, Абісініі, Іспаніі, Нарвегіі, Зах. Сібіры сабраў грунтоўны матэрыял па біялогіі жывёл і абагульніў яго ў папулярным дапаможніку па заалогіі «Жыццё жывёл» (т. 1—6, 1863—69), дзе апісаў жыццё і характары жывёл.

т. 3, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

разро́знены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад разрозніць.

2. у знач. прым. Які не складае камплекта; у якім не хапае асобных частак. Разрозненая мэбля. □ Былі тут [на стэлажы], акрамя разрозненых (ад 17 да 25‑га) тамоў Леніна, выбраныя творы Фрунзе, Брэм — «Жыццё жывёл», «Жыццё птушак» і «Звяры лесу». Чыгрынаў. Чалавечак глядзеў на яго звысоку, нібы гэта ён, Алесь, гандляваў .. старымі календарамі і разрозненымі падшыўкамі «Северной пчелы». Караткевіч.

3. у знач. прым. Пазбаўлены сувязі, адзінства. — З усіх сіл стрымліваць сялянскія выступленні, калі яны будуць, — змрочна сказаў Кастусь. — Не час для крыві. Дый потым, якая з іх карысць, з разрозненых? Караткевіч. // Адзінкавы, асобны. Разрозненыя гукі. □ Ранішняя сінь застала ў бязмежным небе разрозненыя кучкі хмарак. Федасеенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Слука́ ‘слонка’ (Байк. і Некр., Пятк. 2, ПСл), ‘казадой’ (саліг., Нар. словатв.), слук ‘чырвоны лясны кулік, вальдшнэп, Scolopax rusticola L.’ (Меер Крыч.), слука́, слуква́, слухва́ ‘тс’ (усх.-палес., стол., Нікан.), случа ‘тс’ (Інстр. 2). Укр. слу́ква ‘тс’, рус. дыял. слу́ка́, польск. słonka, дыял. słęka, ст.-польск. ‘бакас’, н- луж. sluka, чэш. sluka, дыял. slúka, славац. sluka, серб.-харв. слу̏ка, шљу̏ка, славен. slọ́ka ‘тс’. Праслав. *slǫka. Роднасныя літ. slanká ‘кулік’, лат. slùoka ‘слонка’, ст.-прус. slanke ‘вялікі кулік’ (Траўтман, 268; Мюленбах-Эндзелін, 3, 944). Далей па розных матывах дапускаюць роднасць з літ. sliñkti ‘красціся, прабірацца’, slankà ‘той, хто ходзіць крадучыся’, лат. slìkt ‘красціся’, ст.-в.-ням. slingan ‘варушыцца, хістацца’ і г. д. (Зубаты, LF, 20, 406 і наст., Махэк₂, 558), таму што птушка мае “згорбленую, крадучуюся паходку” (Брэм) або амаль не рухаецца ў няволі на працягу дня (Махэк₂, там жа). Бязлай (Eseji, 117) збліжае з польск. ślęczeć ‘сядзець на кукішках’, чэш. дыял. osľaknuť ‘разгультаіцца’, славен. slekniti se ‘пакласціся’. Інакш Брукнер (500), які лічыць назву птушкі гукапераймальнай і параўноўвае з польск. ślęczeć ‘енчыць, павіскваць, скуліць’. Гл. яшчэ Фасмер, 3, 678; Сной₁, 581; ЕСУМ, 5, 310; Антропаў, Назв. птиц, 360.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Со́йка1 ‘лясная птушка Carrubis glandarius L.’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Касп., Сцяшк., ТС, Пятк. 2), со́я ‘тс’ (Нас., Меер Крыч., Маш., Пятк. 2). Укр., рус. со́я, со́йка, ярасл. со́йга, ст.-рус. соя, польск. soja, sójka, в.-луж. soja, чэш., славац. sojka, серб.-харв. со̑јка, славен. sȏjka ‘від галкі’, балг. со́йка, макед. сојка. Прасл. *soja, *sojьka. Лічыцца роднасным *sьjati (гл. сіяць) і (з чаргаваннем галосных) ц.-слав. присое ‘асветленае месца’; гл. Міклашыч, 313; Брукнер, 506; Фасмер, 3, 731; Булахоўскі, ИАН ОЛЯ, 7, 120; Шустар-Шэўц, 1331. Паводле іншай версіі, *soja роднаснае грэч. κισοα, ст.-в.-ням. hëhara, ст.-англ. hrāgra, корань якіх Махэк₂ (566) лічыць няясным; магчыма, гэта гукапераймальныя назвы. Фасмер і Булахоўскі (тамсама) мяркуюць, што птушка ў славянскіх мовах названая па яркім апярэнні, а не па крыку, які перадаецца як rätsch, rää, krää, kää (Брэм.). Гл. яшчэ Сной₁, 591; ЕСУМ, 5, 344; паводле Борыся (567–568), гэта аддзеяслоўны наз. ад прасл. *sьjati ‘сіяць’ < і.-е. *skəi̯‑/*skʼi‑ ‘мігцець; мяняцца’.

Со́йка2 ‘сайка, булка з салодкага цеста’ (Мат. Гом.), ‘прадаўгаватая галушка з талакнянага цеста або з тоўчанай бульбы’ (лудз., в.-дзв., Сл. ПЗБ; ЛА, 4). Ведаць, з са́йка (гл.); ‑о‑, магчыма, вынік гіперкарэктнасці. Назва галушкі паводле формы.

Со́йка3 ‘лядзяш, што звісае са страхі’ (віц., Нар. сл.). Няясна. Магчыма, тое ж, што і сойка1, г. зн. што-небудзь ззяючае, бліскучае.

Со́йка4 ‘след ад рога на скуры жывёліны’ (Сцяшк. Сл., ЛА, 1). Рус. сіб. со́йка ‘спіца для чысткі люлькі; малады рог аленя, лося яшчэ без лапат і сучкоў’ выпадковае супадзенне, таму што, паводле Анікіна (500), запазычаны з бурац.соёо(н) < hoëo ‘ікол, іклы’ ці манг. соё(н) ‘тс’. Няясна; магчыма, этымалагічна тое ж, што і сойка1 (гл.), г. зн. ‘тое, што выдзяляецца, блішчыць на скуры’.

Со́йка5 ‘песня валачобнікаў хлопцам у велікодныя дні’ (Скарбы). Відаць, ад слоў песні пра сойку (гл. сойка1), параўн. канапелька ‘песня дзяўчатам, якую спяваюць валачобнікі ў велікодныя дні’, спеваць кота ‘спяваць калыханку’ (ТС) і пад.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)