Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)
«Боінг» (фірма, ЗША) 3/41
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
«БО́ІНГ»,
агульная назва самалётаў авіяц. карпарацыі ЗША «Боінг». Сярод іх шырокафюзеляжны пасажырскі самалёт B-747 (выпускаецца з 1983). Мае 4 турбарэактыўныя двухконтурныя рухавікі з цягай па 244 кН кожны. Перавозіць да 660 пасажыраў. Крэйсерская скорасць да 940 км/гадз, узлётная маса каля 380 т, далёкасць палёту без дазапраўкі да 13,5 тыс.км. B-747 «Джумба Джэт» — на 386 пасажыраў, узлётная маса каля 400 т, далёкасць палёту каля 13 тыс.км. Самалёты «Боінг» вызначаюцца надзейнасцю і эканамічнасцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БО́ІНГ»
(The Boeing Company),
адна з вядучых авіяракетных кампаній ЗША. Засн. У.Э.Боінгам у 1916 у штаце Дэлавэр як «Боінг эрплейн компані», з 1961 сучасная назва. Штаб-кватэра ў г. Сіэтл (штат Вашынгтон). Асн. пастаўшчык на сусв. рынак рэактыўных трансп. самалётаў пераважна серыі «Боінг», верталётаў, бамбардзіроўшчыкаў, самалётаў-запраўшчыкаў. Выпускаў цяжкія бамбардзіроўшчыкі B-17 («Лятаючая крэпасць», з 1935) і іх мадыфікацыю B-29 («Суперкрэпасць», з 1942). З самалёта гэтага тыпу ў 1945 скінута атамная бомба на Хірасіму. Стварае беспілотныя і верт. ўзлёту самалёты, гідрасамалёты, авіяц. і наземныя сістэмы апавяшчэння і кантролю, электронныя сістэмы і інш. 1-е месца ў свеце па вытв-сці пасажырскіх самалётаў (першы звышгукавы B-707, 1959), найб. B-747 (выпускаецца з 1983). Вядучая кампанія ў распрацоўцы міжкантынент. балістычных ракет «Мінітмен» і ракетаносьбіта «Сатурн». Галаўная фірма па вытв-сці самалётаў, абсталяваных сістэмай АВАКС. Удзельнічае ў стварэнні крылатых, супрацьлодачных і супрацьспадарожнікавых ракет і ў касм. праграме «Шатл». Будуе аб’екты энергетыкі і аховы прыроды, распрацоўвае абсталяванне для абагачэння урану.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
бо́інг
(англ. boeing)
шматмесны пасажырскі або транспартны самалёт амерыканскай самалётабудаўнічай кампаніі «Боінг».
Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)
УІ́ЧЫТА (Wichita),
горад у цэнтр.ч. ЗША, на р. Арканзас, у штаце Канзас. Засн. ў 1864, горад з 1871. 330 тыс.ж. (2000). Чыг. вузел. Гандл.-фін. цэнтр с.-г. раёна. Аптовы гандаль жывёлай і збожжам. Адзін з найб. цэнтраў авіяц. прам-сці краіны (заводы карпарацыі «Боінг»). Радыёэлектронная, прыладабуд., эл.-тэхн.прам-сць, вытв-сцьпрамысл. абсталявання. Буйны цэнтр нафтаперапрацоўкі, хім., харч. прам-сці. Буйныя элеватары. 2 ун-ты. Каля У. здабыча нафты і газу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЭРО́БУС,
шырокафюзеляжны самалёт для перавозкі вял. колькасці пасажыраў на далёкія адлегласці. Адрозніваецца высокім узроўнем камфорту, а таксама магчымасцю спрошчаных аперацый з багажом (напр., пасажыр можа здаваць багаж або ўзяць яго з сабой і паставіць у спец. адведзеным месцы). Выкарыстанне аэробусаў павялічвае аб’ём пасаж. перавозак (напр., Іл-86 да 350 пасажыраў) пры змяншэнні колькасці рэйсаў і павышэнні бяспекі паветр. руху. Найб. вядомыя на міжнар. лініях аэробусы вытв-сці ЗША, зах.-герм. фірмаў («Боінг», А-310 і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЭ́ТЛ (Seattle),
горад на ПнЗ ЗША, штат Вашынгтон. Засн. ў 1851. 537 тыс.ж., з г. Такома і агульнымі прыгарадамі каля 2,5 млн.ж. (1998). Вузел чыгунак і аўтадарог, марскі порт. Міжнар. аэрапорт. Найбуйн. прамысл., гандлёва-фін., навук. і культ. цэнтр паўн.ч. Ціхаакіянскага ўзбярэжжа і ўсяго ПнЗ ЗША. Праз С. ідуць гал. сувязі з Аляскай і краінамі Д. Усходу. Адзін з найбуйнейшых цэнтраў авіяц. і ракетна-касм. прам-сці ЗША (праўленне, н.-д. лабараторыі і з-ды фірмы «Боінг»). Галіны прам-сці: суднабудаванне, радыёэлектронная, прыладабуд., аўтамаб., вытв-сць нафтавага абсталявання, дарожна-буд. машын, чыг. вагонаў, чорная металургія, нафтаперапр., дрэваапр., папяровая, паліграфічная. База рыбалоўства. 7 ун-таў. Тэатры, маст. музеі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦІТО́Ў Уладзімір Георгіевіч (н. 1.1.1947, г. Срэценск Чыцінскай вобл., Расія),
савецкі касманаўт. Герой Сав. Саюза (1988). Лётчык-касманаўт СССР (1983). Палк. авіяцыі (1983). Скончыў Чарнігаўскае вышэйшае ваен.авіяц. вучылішча лётчыкаў (1970), Ваенна-паветр. акадэмію імя Гагарына (1987). У 1976—98 у Цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў імя Гагарына. З 1998 кіраўнік рас. прадстаўніцтва амер. кампаніі «Боінг» у Маскве. Здзейсніў 4 палёты ў складзе экіпажаў касм. караблёў (КК): 20—22.4.1983 — на КК «Саюз Т-8», 21.12.1987—21.12.1988 — на КК «Саюз ТМ-4» і арбітальнай станцыі (АС) «Мір» (як камандзір; пасадка на КК «Саюз ТМ-6»), 3—11.2.1995 — на КК «Дыскаверы», 26.9—7.10.1997 — на КК «Атлантыс» і АС «Мір». У космасе правёў 387 сут, у т. л. ў адкрытым космасе 18,8 гадз (4 выхады). 2 медалі НАСА «За касмічны палёт».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМАЛЁТ, аэраплан,
найбольш пашыраны цяжэйшы за паветра лятальны апарат для палётаў у атмасферы; асн. сродак авіяцыі. Адрозніваюць С.: грамадзянскія (пасажырскія, грузавыя і спец. прызначэння — санітарныя, сельскагаспадарчыя, для тушэння лясных пажараў, аэрафотаздымкі і інш.), ваенныя (бамбардзіроўшчыкі, знішчальнікі, штурмавікі, разведчыкі, ваенна-транспартныя і інш.), вучэбныя; поршневыя, турбавінтавыя, турбарэактыўныя і ракетныя; сухапутнага базіравання, карабельныя, гідрасамалёты, «амфібіі»; самалёты вертыкальнага ўзлёту, скарочанага і звычайнага ўзлёту і пасадкі; манапланы і біпланы; дагукавыя, звышгукавыя і гіпергукавыя. Найб. вядомыя С.: аэробусы («Боінг» і «Канкорд»), трансп. (грузавыя) «Антэй», «Руслан» і «Мрыя» (Ан-225, для перавозкі грузаў масай да 250 т, далёкасць палёту да 14,7 тыс.км).
Асн. часткі С.: планер (крыло, фюзеляж, апярэнне, шасі), сілавая ўстаноўка (складаецца з авіяцыйных рухавікоў, уваходных і выхадных устройстваў, сістэм кіравання, паліўнай і інш.), а таксама (для ваенных) узбраенне (пушачнае, ракетнае, бамбардзіровачнае). Сілавая ўстаноўка стварае цягу, а крыло пры наяўнасці паступальнай скорасці — пад’ёмную сілу. Для кіравання С. выкарыстоўваюць штурвальныя калонкі, ручкі кіравання, разнастайныя навігацыйныя прылады (у т. л.авіягарызонты, аўтапілоты, аўташтурманы, вышынямеры). У навігацыі паветранай і ў самім працэсе ваджэння С. (самалётаваджэнні) выкарыстоўваюцца сучасныя навігацыйныя комплексы, якія аб’ядноўваюць з дапамогай ЭВМ прылады і сістэмы С. з наземнымі навігацыйнымі сістэмамі. У ваен. С. выкарыстоўваецца прыцэльна-навігацыйная сістэма (складаецца з прыцэльнай, навігацыйнай, індыкатарнай і дальнамернай падсістэм). Для ўзлёту, пасадкі і абслугоўвання С. будуюць аэрадромы (звычайна ў складзе аэрапорта). Вытв-сцю С., авіяц. рухавікоў, абсталявання, бартавых сістэм і інш. займаецца авіяцыйная прамысловасць. Для палётаў на малой вышыні з выкарыстаннем экрануючага эфекту паверхні існуюць экранапланы, для заняткаў самалётным спортам — спец. спартыўныя С.
Канцэпцыю С. з раздзеленымі функцыямі нясучай паверхні (крыла) і рухальніка (вінта) прапанаваў у 1799 англ. вучоны і вынаходнік Дж.Кейлі. Патэнт на С. з парасілавой устаноўкай атрымаў у 1881 А.Ф.Мажайскі, паставілі на С. рухавік унутр. згарання і ажыццявілі на ім першыя палёты ў 1903 браты Райт (гісторыю развіцця самалётабудавання гл. ў арт.Авіяцыя). Да канца 20 ст. створаны С. з макс. скорасцю больш за 3000 км/гадз, найб. вышынёй палёту больш за 30 км, далёкасцю палёту больш за 10 тыс.км, грузападымальнасцю да 250 т, пасажыраўмяшчальнасцю да 550 чал.
Літ.:
История техники. М., 1962;
Шульженко М.Н. Конструкция самолетов. 3 изд. М., 1971;
Яковлев А.С. Советские самолеты. 4 изд. М., 1982;
Андреев И. Боевые самолеты. М., 1981;
Пономарев А.Н. Авиация настоящего и будущего. М., 1984;
Житомирский Г.И. Конструкция самолетов. М., 1991.
С.М.Кузьменка, У.М.Сацута.
Самалёт: а — «Тып XI» Л.Блерыо, які зрабіў першы пералёт з Барака (Францыя) у англійскі Дуўр (1 — рухавік, 2 — цыліндры паветранага ахаладжэння, 3 — паліўны бак, 4 — бак для павелічэння пад’ёмнай сілы); б — «Боінг-747» (1 — кабіна экіпажа, 2, 4 — перадкрылкі, 3 — турбавентылятарныя рухавікі, 5 — закрылкі, 6 — пасажырскія месцы на 330—490 чал., 7 — стабілізатар са зменным вуглом устаноўкі, 8 — гідраўлічнае шасі, 9 — патрубак для запраўкі палівам).