ЦІТО́Ў Уладзімір Георгіевіч (н. 1.1.1947, г. Срэценск Чыцінскай вобл., Расія),

савецкі касманаўт. Герой Сав. Саюза (1988). Лётчык-касманаўт СССР (1983). Палк. авіяцыі (1983). Скончыў Чарнігаўскае вышэйшае ваен. авіяц. вучылішча лётчыкаў (1970), Ваенна-паветр. акадэмію імя Гагарына (1987). У 1976—98 у Цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў імя Гагарына. З 1998 кіраўнік рас. прадстаўніцтва амер. кампаніі «Боінг» у Маскве. Здзейсніў 4 палёты ў складзе экіпажаў касм. караблёў (КК): 20—22.4.1983 — на КК «Саюз Т-8», 21.12.1987—21.12.1988 — на КК «Саюз ТМ-4» і арбітальнай станцыі (АС) «Мір» (як камандзір; пасадка на КК «Саюз ТМ-6»), 3—11.2.1995 — на КК «Дыскаверы», 26.9—7.10.1997 — на КК «Атлантыс» і АС «Мір». У космасе правёў 387 сут, у т. л. ў адкрытым космасе 18,8 гадз (4 выхады). 2 медалі НАСА «За касмічны палёт».

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 17, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)