Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДЫЯ́НА (Indiana),
штат на Пн ЗША, паміж воз. Мічыган і р. Агайо. Пл. 93,4 тыс.км². Нас. 5840 тыс.чал. (1996). Адм. ц. — г.Індыянапаліс, найб. гарады: Форт-Уэйн, Гэры, Эвансвіл, Саўг-Бенд, Хаманд. Рэльеф раўнінны, на Пд узгоркі выш. да 383 м. Клімат умерана вільготны. Сярэдняя т-растудз. каля -4 °C, ліп. каля 25 °C. За год выпадае ад 890 мм (на Пд) да 1120 мм (на Пн) ападкаў.
Індустр.-агр. штат. Вядучая галіна гаспадаркі — апрацоўчая прам-сць. Развіты чорная металургія, вытв-сцьтрансп. абсталявання, аўтамаб. і авіяц. рухавікоў, разнастайных прамысл., электронных і эл.-тэхн. вырабаў, цэменту, нафтапрадуктаў, хімікатаў, харч. прадуктаў, у т. л. дзіцячага харчавання. Здабыча нафты і каменнага вугалю. У сельскай гаспадарцы пераважае раслінаводства (62% даходаў). Штат размешчаны ў кукурузным поясе, с.-г. ўгоддзі займаюць больш за 75% тэрыторыі. Вырошчваюць кукурузу, сою, пшаніцу, сеяныя травы, агародніну, тытунь. Цяплічныя гаспадаркі.
Садоўніцтва. Мясная жывёлагадоўля. Пагалоўе (млн. галоў, 1996): буйн. раг. жывёлы — 1,15, свіней — 3,75, курэй — 26,2, індыкоў — 14. Густая сетка аўтадарог і чыгунак. Суднаходства па воз. Мічыган і р. Агайо.
Тэр. І. здаўна насялялі індзейцы. У 1670-я г. адкрыта еўрапейцамі (першым лічыцца француз Р. Ла Саль). З канца 17 — пач. 18 ст. каланізавана французамі (ч. Новай Францыі). Паводле Парыжскага мірнага дагавора 1763 пад уладай Вялікабрытаніі. Пасля вайны за незалежнасць у Паўн. Амерыцы 1775—83 адышла да ЗША і стала часткай іх паўн.-зах. тэрыторый (1787). З 1809 прыблізна ў сучасных межах У ходзе засялення еўрапейцамі мясц. індзейцы, якія супраціўляліся каланізацыі (апошняе буйное паўстанне адбылося ў час англа-амер. вайны 1812—14), знішчаны або выцеснены са сваіх зямель. З 1816 штат ЗША.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬПІНІ́ЗМ,
від спорту, узыходжанне на цяжкадаступныя горныя вяршыні ў спартыўных ці інш. мэтах.
Афіц. гісторыя альпінізму пачынаецца з 1786 (узыходжанне швейцарцаў Ж.Бальмы і М.Пакара на Манблан у Альпах). З 2-й пал. 19 ст. ўзнікаюць альпінісцкія клубы ў Англіі, Аўстрыі, Італіі, Швейцарыі, Расіі і інш. Да канца 19 ст. ў Альпах былі адолены многія вяршыні, пракладзены складаныя маршруты. Па меры вывучэння і даследавання інш. горных сістэм, удасканалення сродкаў зносін пашыралася геаграфія альпінізму, які актыўна развіваецца з 1950-х г. пасля пакарэння найвышэйшых вяршыняў свету (гл.табл.).
Альпінізм патрабуе добрай фізічнай і спец. падрыхтоўкі, спец. адзення, абутку, харчавання для жыццезабеспячэння ва ўмовах высакагор’я і адпаведнага рыштунку (вяроўкі, ледарубы, скальныя і лёдавыя кручкі, карабіны і інш.) для страхоўкі спартсменаў. Пры ўзыходжанні на вяршыні вышынёй больш за 8 000 м часта выкарыстоўваюць кіслародныя апараты. У альпінізме прынята класіфікацыя маршрутаў паводле іх складанасці (усяго 6 катэгорый). Альпінісцкую падрыхтоўку атрымліваюць у спец. альплагерах ці школах. Узыходжанні робяць, як правіла, у складзе групы, з інструктарам або гідам-правадніком (на пач. этапе) ці самастойна. У горных раёнах дзейнічае спец. горнавыратавальная служба. Нац. федэрацыі і альпінісцкія саюзы розных краін аб’яднаны (з 1932) у Міжнар. саюз альпінісцкіх асацыяцый (УІАА). Праводзяцца альпініяды.
На Беларусі альпінізм развіваецца з 1950-х г. Дзейнічае (з 1955) федэрацыя альпінізму і скалалажання. З 1973 праводзіцца першынство краіны па альпінізму. Бел. альпіністы — удзельнікі і прызёры чэмпіянатаў СССР і СНД па альпінізму. Імі зроблены ўзыходжанні на вышэйшыя (больш за 8000 м) вяршыні свету ў Гімалаях: Э.Ліпень (Джамалунгма, 1990, 1993, Шыша-Пангма, 1992, разам з І.Велянковай), В.Кульбачэнка (Канчэнджанга, 1994). Восенню 1994 адбылася першая бел. экспедыцыя (з удзелам рас. і балг. альпіністаў) у Гімалаі.