АЛЬПІНІ́ЗМ,

від спорту, узыходжанне на цяжкадаступныя горныя вяршыні ў спартыўных ці інш. мэтах.

Афіц. гісторыя альпінізму пачынаецца з 1786 (узыходжанне швейцарцаў Ж.​Бальмы і М.​Пакара на Манблан у Альпах). З 2-й пал. 19 ст. ўзнікаюць альпінісцкія клубы ў Англіі, Аўстрыі, Італіі, Швейцарыі, Расіі і інш. Да канца 19 ст. ў Альпах былі адолены многія вяршыні, пракладзены складаныя маршруты. Па меры вывучэння і даследавання інш. горных сістэм, удасканалення сродкаў зносін пашыралася геаграфія альпінізму, які актыўна развіваецца з 1950-х г. пасля пакарэння найвышэйшых вяршыняў свету (гл. табл.).

Альпінізм патрабуе добрай фізічнай і спец. падрыхтоўкі, спец. адзення, абутку, харчавання для жыццезабеспячэння ва ўмовах высакагор’я і адпаведнага рыштунку (вяроўкі, ледарубы, скальныя і лёдавыя кручкі, карабіны і інш.) для страхоўкі спартсменаў. Пры ўзыходжанні на вяршыні вышынёй больш за 8 000 м часта выкарыстоўваюць кіслародныя апараты. У альпінізме прынята класіфікацыя маршрутаў паводле іх складанасці (усяго 6 катэгорый). Альпінісцкую падрыхтоўку атрымліваюць у спец. альплагерах ці школах. Узыходжанні робяць, як правіла, у складзе групы, з інструктарам або гідам-правадніком (на пач. этапе) ці самастойна. У горных раёнах дзейнічае спец. горнавыратавальная служба. Нац. федэрацыі і альпінісцкія саюзы розных краін аб’яднаны (з 1932) у Міжнар. саюз альпінісцкіх асацыяцый (УІАА). Праводзяцца альпініяды.

На Беларусі альпінізм развіваецца з 1950-х г. Дзейнічае (з 1955) федэрацыя альпінізму і скалалажання. З 1973 праводзіцца першынство краіны па альпінізму. Бел. альпіністы — удзельнікі і прызёры чэмпіянатаў СССР і СНД па альпінізму. Імі зроблены ўзыходжанні на вышэйшыя (больш за 8000 м) вяршыні свету ў Гімалаях: Э.​Ліпень (Джамалунгма, 1990, 1993, Шыша-Пангма, 1992, разам з І.​Велянковай), В.​Кульбачэнка (Канчэнджанга, 1994). Восенню 1994 адбылася першая бел. экспедыцыя (з удзелам рас. і балг. альпіністаў) у Гімалаі.

Літ.:

Хубер Г. Альпинизм сегодня: Пер. с нем. М., 1980.

Г.​К.​Кісялёў.

Першаўзыходжанні на вышэйшыя вяршыні свету
Вяршыня, яе вышыня (м), назва горнай сістэмы Альпіністы Год узыходжання
Анапурна, 8078 (Гімалаі) М.​Эрцог, Л.​Лашэнель (Францыя) 1950
Джамалунгма (Эверэст), 8848 (Гімалаі) Э.​Хілары, Тэнцынг Наргэй (Вялікабрытанія) 1953
Нангапарбат, 8125 (Гімалаі) Г.​Буль (Аўстрыя) 1953
Чагары (К-2), 8611 (Каракарум) Л.​Лачадэлі, А.​Кампаньёні (Італія) 1954
Чо-Аю, 8153 (Гімалаі) Г.​Ціхі, С.​Іохлер (Аўстрыя) Пасанг Дава Лама 1954
Макалу, 8481 (Гімалаі) Ж.​Франко са спадарожнікамі (8 чал., Францыя) 1955
Канчэнджанга, 8597 (Гімалаі) М.​Бенд, Н.​Хардзі, Д.​Браўн, Т.​Стрэчэр (Вялікабрытанія) 1955
Манаслу, 8156 (Гімалаі) Т.​Дманісі, К.​Като, М.​Сігета (Японія), Гіяльцэн Нурбу 1956
Лхацзе, 8545 (Гімалаі) Э.​Рэйс, Ф.​Лусінгер (Швейцарыя) 1956
Гашэрбрум, 8035 (Каракарум) Ф.​Моравец, Г.​Віленпарт, С.​Ларх (Аўстрыя) 1956
Броўд-пік, 8047 (Каракарум) М.​Шмук, К.​Дзімбергер, Г.​Буль, К.​Вінтэршталер (Аўстрыя) 1957
Хідэн-пік, 8068 (Каракарум) П.​Шоенінг, А.​Каўфман (ЗША) 1958
Дхаўлагіры, 8172 (Гімалаі) А.​Шэльберт, К.​Дзімбергер і інш. (8 чал., Швейцарыя) 1960
Шыша-Пангма (Гасаінтан), 8013 (Гімалаі) Шу Чын, Ван Фучжоу і інш. (10 чал., Кітай) 1964
Да арт. Альпінізм. Удзельнікі беларускай экспедыцыі у Гімалаі. 1994.

т. 1, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)