БАНА́Т
(Banat),
гістарычная вобласць у Паўд.-Усх. Еўропе, паміж Трансільванскімі Альпамі на У, рэкамі Ціса на З, Мурэш на Пн, Дунай на Пд. На пач. нашай эры тэр. Баната ўваходзіла ў склад рым. правінцыі Дакія. З 1028 пад уладай Венг. каралеўства. Да 16 ст. заваяваны Асманскай імперыяй. Паводле Пажаравацкіх мірных дагавораў 1718 Банат перайшоў да Аўстрыі (пазней Аўстра-Венгрыі). Паводле Трыянонскага мірнага дагавора 1920 2/3 яго тэрыторыі адышлі да Румыніі, амаль ⅓ — да Югаславіі, землі вакол г. Сегед — да Венгрыі.
т. 2, с. 273
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Бана́тка гатунак пшаніцы’ (БРС). Рус. бана́тка, укр. бана́тка. Ад назвы румынскай вобласці Банат, дзе вырошчваюць гэты гатунак. Параўн. рум. grîu de Banát ’пшаніца банатка’. Да семантыкі параўн. і назву іншых гатункаў: арнау́тка. Параўн. назвы, якія прыводзіць Макавецкі, Sł. botan., 380–381, для пшаніцы ва ўкр. мове: арнаутка, кубанка, татарка, сандомірка, угорка, банатка, донка, полтавка і г. д.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
БАБЕ́Ш
(Babeş) Віктор (1854, прав. Банат, Румынія — 10.10.1926),
румынскі мікрабіёлаг і гістапатолаг. Праф. Будапешцкага (1877) і Бухарэсцкага ун-таў. Мед. адукацыю атрымаў у Будапешце і Вене, стажыраваўся ў Пастэраўскім ін-це ў Парыжы (1866). З 1886 кіраваў Ін-там бактэрыялогіі і паталогіі ў Бухарэсце. Навук. працы па вывучэнні патагенных мікраарганізмаў і інфекц. хвароб. Распрацаваў метад серапрафілактыкі шаленства (1887), прапанаваў антырабічную сываратку (1889). Адкрыў гранулы ў туберкулёзных бацылах і метахраматычныя зерні ў дыфтэрыйных палачках (зерні Бабеша—Эрнста, 1887—88), цельцы Бабеша—Негры (1893). Прапанаваў класіфікацыю туберкулёзных бактэрый, апісаў узбуджальніка курынай халеры. Вывучаў чуму, сіфіліс і інш. інфекцыйныя хваробы чалавека.
т. 2, с. 180
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАВІ́ЙСКАЯ ПУСТЫ́НЯ,
на ПнУ Афрыкі (частка Сахары), у Егіпце, паміж далінай р.Ніл і Чырвоным морам. На Пд (22° паўн. ш.) злучаецца з Нубійскай пустыняй. У рэльефе пераважаюць друзаватыя, пясчанікавыя і вапняковыя плато выш. да 500 м, якія паступова ўздымаюцца з З на У. Уздоўж Чырвонага м. цягнецца крышт. хр. Этбай (выш. да 2184 м, Шаіб-эль-Банат). Карысныя выкапні: нафта, волава, фасфарыты, буд. камень. Клімат трапічны пустынны, гарачы. Сярэдняя т-ра студз. 15 °C, ліп. 30 °C, ападкаў да 100 мм за год. Дажджы не выпадаюць многія гады. Характэрны сухія рэчышчы (вадзі). Падземны сцёк, які захоўваецца круглы год, падтрымлівае ў далінах разрэджаную ксерафітавую і злакава-хмызняковую расліннасць; трапляюцца асобныя дрэвы (акацыі, тамарыскі, фінікавая пальма і інш.). Жывёльны свет: шматлікія грызуны, антылопы, гіены, шакалы, паўзуны. Насельніцтва рэдкае. Качавая жывёлагадоўля (козы, авечкі, вярблюды). У аазісах — земляробства.
М.В.Лаўрыновіч.
т. 1, с. 448
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)