БАНА́Т

(Banat),

гістарычная вобласць у Паўд.-Усх. Еўропе, паміж Трансільванскімі Альпамі на У, рэкамі Ціса на З, Мурэш на Пн, Дунай на Пд. На пач. нашай эры тэр. Баната ўваходзіла ў склад рым. правінцыі Дакія. З 1028 пад уладай Венг. каралеўства. Да 16 ст. заваяваны Асманскай імперыяй. Паводле Пажаравацкіх мірных дагавораў 1718 Банат перайшоў да Аўстрыі (пазней Аўстра-Венгрыі). Паводле Трыянонскага мірнага дагавора 1920 2/3 яго тэрыторыі адышлі да Румыніі, амаль ⅓ — да Югаславіі, землі вакол г. Сегед — да Венгрыі.

т. 2, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБЕ́Ш

(Babeş) Віктор (1854, прав. Банат, Румынія — 10.10.1926),

румынскі мікрабіёлаг і гістапатолаг. Праф. Будапешцкага (1877) і Бухарэсцкага ун-таў. Мед. адукацыю атрымаў у Будапешце і Вене, стажыраваўся ў Пастэраўскім ін-це ў Парыжы (1866). З 1886 кіраваў Ін-там бактэрыялогіі і паталогіі ў Бухарэсце. Навук. працы па вывучэнні патагенных мікраарганізмаў і інфекц. хвароб. Распрацаваў метад серапрафілактыкі шаленства (1887), прапанаваў антырабічную сываратку (1889). Адкрыў гранулы ў туберкулёзных бацылах і метахраматычныя зерні ў дыфтэрыйных палачках (зерні Бабеша—Эрнста, 1887—88), цельцы Бабеша—Негры (1893). Прапанаваў класіфікацыю туберкулёзных бактэрый, апісаў узбуджальніка курынай халеры. Вывучаў чуму, сіфіліс і інш. інфекцыйныя хваробы чалавека.

т. 2, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРАВІ́ЙСКАЯ ПУСТЫ́НЯ,

на ПнУ Афрыкі (частка Сахары), у Егіпце, паміж далінай р.Ніл і Чырвоным морам. На Пд (22° паўн. ш.) злучаецца з Нубійскай пустыняй. У рэльефе пераважаюць друзаватыя, пясчанікавыя і вапняковыя плато выш. да 500 м, якія паступова ўздымаюцца з З на У. Уздоўж Чырвонага м. цягнецца крышт. хр. Этбай (выш. да 2184 м, Шаіб-эль-Банат). Карысныя выкапні: нафта, волава, фасфарыты, буд. камень. Клімат трапічны пустынны, гарачы. Сярэдняя т-ра студз. 15 °C, ліп. 30 °C, ападкаў да 100 мм за год. Дажджы не выпадаюць многія гады. Характэрны сухія рэчышчы (вадзі). Падземны сцёк, які захоўваецца круглы год, падтрымлівае ў далінах разрэджаную ксерафітавую і злакава-хмызняковую расліннасць; трапляюцца асобныя дрэвы (акацыі, тамарыскі, фінікавая пальма і інш.). Жывёльны свет: шматлікія грызуны, антылопы, гіены, шакалы, паўзуны. Насельніцтва рэдкае. Качавая жывёлагадоўля (козы, авечкі, вярблюды). У аазісах — земляробства.

М.В.Лаўрыновіч.

т. 1, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)