БАЛЬЗА́К

(Balzac) Анарэ дэ (20.5.1799, г. Тур, Францыя — 18.8.1850),

французскі пісьменнік, пачынальнік рэалізму 19 ст. Вучыўся ў Вандомскім каледжы; у 1819 скончыў парыжскую Школу права, адначасова праслухаў курс л-ры ў Сарбоне. Першы твор — класіцыстычная трагедыя ў вершах «Кромвель» (1820). Поспех і прызнанне прыйшлі з выхадам гіст. рамана «Шуаны» (1829). Прыярытэтам эстэт. сістэмы пісьменніка стаў матэрыяльны свет і будзённае жыццё. Гэта выходзіла па-за межы рамантызму, які панаваў у л-ры да 1830-х г. Аднак традыцыі рамант. мастацтва заўсёды прысутнічалі ў творчасці Бальзака, выяўляліся пры адлюстраванні ўсёпаглынальнай страсці герояў. Назіральнасць і празорлівасць пісьменніка дазволілі зразумець гал. тэндэнцыю эпохі — эканам. пераразмеркаванне багацця, уласнасці і выхад на авансцэну новых уладароў жыцця — фінансістаў, спекулянтаў, ліхвяроў, дзялкоў, якія вырашалі лёс грамадства, стваралі жывую гісторыю. Так нарадзіліся вобразы Габсэка, Грандэ, Гарыо, Нусінгена. Адчуванне свету ў яго цэласнасці і ўнутранай узаемазвязанасці прывяло Бальзака ў 1834 да задумы стварыць «грандыёзны раман пра грамадства», людзей і падзеі 19 ст., якая рэалізавана ў вялізным цыкле раманаў і навел (каля 100) пад назвай «Чалавечая камедыя» пра Францыю перыяду Рэстаўрацыі і Ліпеньскай манархіі. Вылучаюцца 3 яго часткі (эцюды). «Эцюды звычаяў» падзяляліся на сцэны прыватнага («Габсэк», 1830; «Трыццацігадовая жанчына», 1831—34, канчатковая рэд. 1842; «Бацька Гарыо», 1834—35, і інш.), правінцыяльнага («Яўгенія Грандэ», 1833; «Музей старажытнасцяў», 1836—38; «Страчаныя ілюзіі», 1837—43, і інш.), парыжскага («Бляск і ўбоства куртызанак», 1838—47; «Кузіна Бэта», 1846; «Кузэн Понс», 1847, і інш.), ваеннага («Шуаны» і інш.), паліт. («Цёмная справа», 1841, і інш.) і вясковага («Вясковы лекар», 1833, і інш.) жыцця. «Філасофскія эцюды» склалі «Шчыгрынавая скура» (1830—31), «Элексір даўгалецця» (1830), «Пошукі абсалюту» (1834) і інш. У «аналітычныя эцюды» ўвайшлі «Фізіялогія шлюбу» (1829), «Дробныя нягоды сямейнага жыцця» (1845—46) і інш. Творы аб’ядноўваліся агульнымі героямі, якія ўяўлялі сабой розныя тыпы: узроставыя, прафесійныя, сацыяльныя, маральныя, псіхалагічныя і гэтак далей. Бальзак абараняў манархію, каталіцызм і адначасова захапляўся бурж. прагрэсам. Аднак ніхто лепш за яго не паказаў заганы грамадства, у якім грошы і асабісты інтарэс вынішчаюць усё лепшае, натуральнае з чалавечых адносін і здольныя ператварыць чалавека ў монстра. Творчая манера Бальзака вызначаецца апісальнасцю, стыль — дэталёвасцю, жывапіснасцю. Яму належаць таксама збор навел «Свавольныя апавяданні» (1832—37), п’есы («Мачаха», 1848, і інш.), крытычныя артыкулы («Эцюд пра Бейля», прадмова да «Чалавечай камедыі» і інш.). На бел. сцэне ставіліся спектаклі па п’есах Бальзака «Мачаха», «Драпежніца», раманах «Яўгенія Грандэ», «Баламутка» («Жыццё халасцяка»).

Тв.:

Бел. пер. — Габсэк. Мн., 1993;

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—24. М., 1960.

Літ.:

Реизов Б.Г. Бальзак: Сб. статей. Л., 1960;

Бальзак в воспоминаниях современников. М., 1986;

Моруа А. Прометей, или Жизнь Бальзака: Пер. с фр. М., 1988.

С.Д.Малюковіч.

т. 2, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БОЙ-ЖАЛЕ́НСКІ

(Boy Żeleński; сапр. Жаленскі) Тадэвуш (21.12.1874, Варшава — 3/4.7.1941),

польскі пісьменнік, тэатр. і літ. крытык, перакладчык. Вывучаў медыцыну ў Ягелонскім ун-це (1892—1900). Праф. Львоўскага ун-та (1939—41). Адзін з заснавальнікаў у Кракаве кабарэ элітарнага тыпу «Зялёны шарык» (1905). Аўтар сатыр. куплетаў (зб. «Слоўцы», 1913), сац.-псіхал. фельетонаў, выдадзеных у 10 т. (зб-кі «Выдумкі, выдумкі...», 1932, «Трохі міфалогіі», 1935, і інш.), біягр. аповесці «Марысенька Сабеская» (1937), кн. ўспамінаў «Ці ведаеш гэты край?..» (1931), манаграфій «Мальер» (1924), «Бальзак» (1934) і інш. Зб-кі «Флірт з Мельпаменай» (т. 1—10, 1920—32) — летапіс творчага жыцця т-раў Варшавы і Кракава. Гісторыі развіцця польск. л-ры прысвечаны кн. «Жывыя людзі» (1929), «Бранзавальшчыкі» (1930), «Урокі Фрэдра» (1934), паэт. анталогія «Маладая Польшча» (1939). Пераклады франц. класікаў склалі «Бібліятэку Боя» (каля 100 т.). Расстраляны фашыстамі ў Львове.

Тв.:

Pisma. Т. 1—28. Warszawa. 1956—75;

Listy. Warszawa, 1972;

Reflektorem w mrok. Warszawa, 1978.

М.М.Хмяльніцкі.

т. 3, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)