ПРО́ЗА (ад лац. prosa),
1) мастацкая і немастацкая (навук., дзелавая, публіцыстычная, мемуарная, філас., рэліг.-прапаведніцкая) невершаваная творчасць.
2) Тып мастацтва слова, што суадносіцца з паэзіяй, ад якой адрозніваецца спосабам арг-цыі моўнага матэрыялу, спецыфікай рытму, ступенню перавагі рацыянальна-аналіт. адносін над эмацыянальна-псіхалагічнымі.
3) Эпас як род л-ры побач з лірыкай і драмай (сутнасць эпасу праяўляецца менавіта ў П., лірыкі — у паэзіі, драмы — у драматургіі). Тэрмінам «П.» абазначаецца таксама сукупнасць празаічных твораў якой-н. нац. л-ры (бел. П), пэўнага гіст. перыяду (П. пач. 19 ст., П. 1920-х г. і г.д.), асобнага пісьменніка (П. Л.Талстога, Я.Коласа, І.Шамякіна і інш.). У цэнтры ўвагі П. асоба ў яе сувязях з асяроддзем (прыродай, соцыумам); прадметам і суб’ектам П. з’яўляецца характар і разнастайнасць сувязей, якія фарміруюць асобу. П. цікавіць не проста эмацыянальна-мысліцельны стан (як паэзію), а стан, які ўзнік у сувязі з пэўнымі абставінамі і выводзіцца з іх. Калі паэзія спецыялізуецца на абсалютызацыі станаў душы, спыняе імгненне, то ў П. імгненні разгортваюцца ў падзеі і выстройваюцца ў канцэптуальны парадак. Фармальныя адрозненні П. і паэзіі не толькі ў графічным афармленні: гэта розныя віды славесна-маст. творчасці, хаця музычнасць, метафарычнасць, эмацыянальнасць і суб’ектывізм у значнай ступені ўласцівы і П. Як і паэзія, П. валодае рытмам, аднак рытм П. прынцыпова інш. прыроды і з’яўляецца найменш вывучанай праблемай. паэтыкі П. Стылявымі дамінантамі П. з’яўляюцца сюжэт, сітуацыя, прадметная і псіхал. дэталь, мова, у т. л. суб’ектная арг-цыя мовы. Функцыяй П. з’яўляецца маст. аналіз. Слова ў П. выступае сродкам адлюстравання і ўзнаўлення рэальных аб’ектаў, дзеянняў, перажыванняў герояў, мае канкрэтызаваны сэнс, пластычную дакладнасць і даволі выразную праяву амбівалентнасці.
Да 19 ст. П. называлі ўсе немаст. славесныя творы, а паэзіяй — усю маст. л-ру (да новага часу вершаваная форма адыгрывала пануючую ролю ў мастацтве ў цэлым, а П. развівалася на перыферыі маст. творчасці). Крыніцай П. з’яўляецца сярэдневяковы рыцарскі раман. Уласна П. ў сучасным разуменні пачала складвацца ў эпоху Адраджэння (італьян. навела, творы Ф.Рабле, М.Сервантэса). Станаўленне зах.-еўрап. П. прыпадае на эпоху Асветніцтва (раманы Д.Дэфо, А.Ф.Прэво, Г.Філдынга, С.Рычардсана, Ж.Ж.Русо), яе росквіт звязаны з узнікненнем маст. сістэмы рэалізму ў 19 ст. (Стэндаль, А.Бальзак, Г.Флабер, Ч.Дзікенс, У.Тэкерэй). У канцы 19 — пач. 20 ст. побач з рэаліст. П. (Дж.Голсуарсі, Г.Ман, Т.Ман і інш.) з’яўляецца мадэрнісцкая П. (Э.Заля, М.Пруст, О.Уайльд, Дж.Джойс і інш.). Зах.-еўрап. П. развіваецца ў 2 асн. кірунках: рэаліст. (Э.Хемінгуэй, Р.Ралан, Г.Бёль, У.Фолкнер, Г.Грын і інш.) і мадэрнісцкім (Ф.Кафка, А.Камю, Ж.П.Сартр і інш.), які паўплываў на фарміраванне постмадэрнісцкай П. (Джойс, У.Эка, Т.Стопард і інш.). Сусветна вядомая рус. класічная П. (А.Пушкін, М.Лермантаў, М.Гогаль, І.Ганчароў, Ф.Дастаеўскі, Л.Талстой, І.Тургенеў, А.Чэхаў). Рус. П. 20 ст. таксама развівалася ў рэчышчы рэалізму (М.Горкі, М.Зошчанка, А.Купрын, А.Салжаніцын, А.Талстой, М.Шолахаў, В.Шукшын, В.Бялоў, Ю.Бондараў, В.Праскурын і інш.) і мадэрнізму (Дз.Меражкоўскі, Б.Пільняк і інш.). Творам некат. аўтараў уласцівы рысы абедзвюх маст. сістэм (раманы М.Булгакава). У 2-й пал. 20 ст. фарміруецца рус. постмадэрнісцкая П. (У.Набокаў, А.Бітаў, Венядзікт Ерафееў, В.Пялевін, С.Сакалоў, У.Сарокін і інш.).
У бел. л-ры пераход да маст. П. пачаў складвацца ў выніку ўзмацнення эстэт. пачатку ў традыц. гіст.-дакумент. аповедзе (бел.-ўкр. хранограф «Вялікая хроніка»), Тая культ.-гіст. сітуацыя, што існавала на Беларусі, дазволіла ўзнікнуць уласна маст. П. толькі ў канцы 19 ст. (апавяданні Ф.Багушэвіча). Станаўленне бел. П. ў розных яе жанравых мадыфікацыях адносіцца да пач. 20 ст.; псіхал. апавяданне (М.Гарэцкі), быт. апавяданне (Цётка, Ядвігін Ш., К.Каганец, Я.Лёсік, і інш.), маст. алегорыя, прытча і мініяцюра (Я.Колас, М.Багдановіч, З.Бядуля), раман (Ядвігін Ш.). Бурнае развіццё малых жанраў П. адбылося ў 1920-я г. (А.Вольны, П.Галавач, М.Зарэцкі, В.Каваль, К.Крапіва, М.Лынькоў, Я.Маўр, Б.Мікуліч, К.Чорны і інш.). На гэты ж перыяд прыпадае станаўленне буйнога жанру — рамана (Я.Колас, Ц.Гартны, З.Бядуля, Гарэцкі, Зарэцкі, К.Чорны) і аповесці (Я.Колас, Гарэцкі, Л.Калюга, Мікуліч і інш). Вынікам паскоранага развіцця было паглыбленне псіхал. аналізу ў л-ры, засваенне ёю не толькі рэаліст. стылю, але і мадэрнісцкага (Багдановіч, З.Бядуля, В.Ластоўскі і інш.). Аднак у нац. бел. л-ры гэтага часу панавала паэзія. На творы бел. празаікаў паўплывалі падзеі Вял. Айч. вайны (зб-кі апавяданняў Лынькова, К.Чорнага), і тэма вайны на доўгі час стала галоўнай (творы Я.Брыля, І.Грамовіча, А.Кулакоўскага, У.Краўчанкі, М.Лупсякова, І.Мележа, Шамякіна і інш.), хоць у творах таго перыяду пераважаў спрошчаны паказ сац. і псіхал. канфліктаў, гераічная праблематыка адцясніла на другі план трагічную. Высокім маст. узроўнем вызначаюцца трылогія Я.Коласа «На ростанях» (1954), пенталогія Шамякіна «Трывожнае шчасце» (1957—65). У 1950—60-я г. выйшлі першыя кнігі П. А.Адамовіча, В.Адамчыка, В.Быкава, В.Карамазава, У.Караткевіча, І.Навуменкі, І.Пташнікава, Б.Сачанкі, М.Стральцова, І.Чыгрынава і інш. У 1960—70-я г. ў бел. П. прыйшлі С.Алексіевіч, В.Гігевіч, Г.Далідовіч, А.Жук, В.Казько, А.Кудравец і інш. Вял. грамадскі рэзананс выклікалі гіст. раманы Караткевіча, Мележа, аповесці Быкава. У 1980-я г. першыя кнігі П. выдалі А.Асташонак, А.Кажадуб, Х.Лялько, А.Наварыч, У.Рубанаў, К.Тарасаў, А.Федарэнка, У.Ягоўдзік і інш. Сярод сучасных празаікаў Т.Бондар, Брыль, Быкаў, Гігевіч, М.Гіль, Далідовіч, Жук, В.Іпатава, І.Капыловіч, А.Кудравец, Г.Марчук, Навуменка, Пташнікаў, Э.Скобелеў, М.Чаргінец, Чыгрынаў, Шамякін і інш. Існуюць прамежкавыя формы паміж П. і паэзіяй, якія, аднак, больш імкнуцца да апошняй: па змястоўных прыкметах вылучаюць верш ў П., ці версэт («Думкі ў дарозе» Я.Коласа, версэты А.Разанава), па фармальных — свабодны верш, ці верлібр («Мой хлеб надзённы» М.Танка) і рытмічную П. («Пэўна, любіце вы, пане...» Багдановіча). Гл. таксама Апавяданне, Аповесць, Раман, Літаратуразнаўства, Беларусь (раздзел Літаратура).
Літ.:
Шкловский В.Б. Художественная проза. М., 1961;
Дзюбайла П.К., Жураўлёў В.П., Луфераў М.П. Праблемы сучаснай беларускай прозы. Мн., 1967;
Каваленка В.А., Мушынскі М.І., Яскевіч А.С. Шляхі развіцця беларускай савецкай прозы. Мн., 1972;
Хромчанка К.Р. Беларуская мастацкая проза (канец XIX — пачатак XX ст.). Мн., 1979;
Грамадчанка Т.К. Перад праўдай высокай і вечнай: Бел. проза сёння. Мн., 1991;
Локун В.І. Маральна-філасофскія пошукі беларускай ваеннай і гістарычнай прозы, 1950—1960-я гг. Мн., 1995;
Бельскі А.І. Сучасная беларуская літаратура: Станаўленне і развіццё творчых індывідуальнасцяў (80—90-я гг.). Мн., 1997;
Макарэвіч А.М. Праблема жанравых мадыфікацый у беларускай прозе XIX — пачатку XX ст. Магілёў, 1999.
А.М.Андрэеў, С.Ю.Лебедзеў.
т. 13, с. 38