БАДО́ ((Baudot) Жан Марыс Эміль) (11.9.1845, Маньё, Францыя — 23.3.1903),

французскі вынаходнік у галіне тэлеграфіі. Стварыў першую практычна прыдатную да эксплуатацыі сістэму шматразовага тэлеграфавання перадачай раўнамерных кодавых пасылак эл. току (1874—76). Першыя Бадо апараты пачалі дзейнічаць у 1877 на тэлеграфнай лініі Парыж—Бардо. Імем Бадо названа (1927) адзінка скорасці тэлеграфавання — бод.

т. 2, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

бадо́

[фр. J. Baudot = прозвішча фр. вынаходцы (1845—1903)]

літарадрукавальны тэлеграфны апарат, які дазваляе перадаваць па адным провадзе некалькі тэлеграм адначасова ў абодвух напрамках.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

БАДО́ АПАРА́Т,

літарадрукавальны шматразовы тэлеграфны апарат. Мае клавіятуру, пры дапамозе якой перадача тэлеграм праводзіцца ў вызначаным рытме, што задаецца тактавымі сігналамі. Вынайдзены Ж.Бадо (1876). Выкарыстоўваўся да замены ў 1960-я г. тэлетайпамі.

т. 2, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІТАРАДРУКАВА́ЛЬНЫ АПАРА́Т,

тэлеграфны апарат, што друкуе на паперы літарамі і лічбамі тэкст тэлеграмы, якая ім прымаецца. Вядомы Л.а. пульсацыйнай сістэмы Якобі, сінхронныя аднакратныя Юза, шматкратныя Бадо, стартстопныя. З 1960-х г. выкарыстоўваюцца выключна стартстопныя апараты (тэлетайпы).

т. 9, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КОД ТЭЛЕГРА́ФНЫ,

прынятая ў тэлеграфіі сістэма ўмоўных абазначэнняў, дзе кожнай літары (лічбе ці інш.) адпавядае пэўная камбінацыя элементарных пасылак эл. току. Адрозніваюць К.т. раўнамерны (лік пасылак у кожнай камбінацыі аднолькавы) і нераўнамерны (лік пасылак неаднолькавы).

Нераўнамерны К.т. (код Морзе) — сістэма з кароткачасовых (кропка) і працяглых (працяжнік, роўны па працягласці 3 кропкам) пасылак, раздзеленых інтэрваламі. У тэлегр. апаратах найб. пашыраны раўнамерны 5-элементны К.т., напр., код Бадо, Міжнар. код №2, які акрамя сімвалаў мае службовыя камбінацыі для пераводу апарата на рус., лац. ці лічбавы рэгістр.

М.​П.​Савік.

т. 8, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)