апо́весць

назоўнік, агульны, неадушаўлёны, неасабовы, жаночы род, 3 скланенне

адз. мн.
Н. апо́весць апо́весці
Р. апо́весці апо́весцей
апо́весцяў
Д. апо́весці апо́весцям
В. апо́весць апо́весці
Т. апо́весцю апо́весцямі
М. апо́весці апо́весцях

Крыніцы: krapivabr2012, nazounik2008, piskunou2012, sbm2012, tsblm1996, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2025, актуальны правапіс)

апо́весць, -і, мн. -і, -ей, ж.

1. Літаратурна-мастацкі твор; эпічны жанр, блізкі да апавядання і рамана.

2. Апавяданне пра якую-н. падзею ў яе паслядоўным развіцці.

Уважліва слухалі сумную а.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

апо́весць ж.

1. (жанр) по́весть;

2. повествова́ние ср., по́весть

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

апо́весць, ‑і, ж.

1. Мастацкі твор апавядальнага характару, які займае прамежкавае месца паміж раманам і апавяданнем. Аповесць К. Чорнага «Вясна». □ — Хачу напісаць аповесць, як на Палессі жылі дзве прыгожыя краскі-панны і што з гэтага выйшла, — смяялася Габрынька. Колас.

2. Апавяданне пра якую‑н. падзею ў яе паслядоўным развіцці. Моўчкі слухаў Ігнась журботную аповесць сына невядомых бацькоў. Мурашка. Стары тым часам цягнуў сваю аповесць. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Аповесць 1/390; 9/86; 11/466

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

апо́весць ж. літ. (größere) Erzählung f -, -n; Novelle [-´vɛlə] f -, -n

Беларуска-нямецкі слоўнік (М. Кур'янка, 2010, актуальны правапіс) 

АПО́ВЕСЦЬ,

празаічны (часам вершаваны) твор; жанр эпічнай л-ры (гл. Эпас), пераходны паміж апавяданнем і раманам. Ад апавядання адрозніваецца больш шырокім ахопам рэчаіснасці, больш складаным сюжэтам, шматгранным раскрыццём характараў. У цэнтры класічнай аповесці, як правіла, адна сюжэтная лінія, адзін герой. Сучасная аповесць ахопам і канцэнтрацыяй жыццёвага матэрыялу, па многіх фармальных рысах набліжаецца да рамана.

Як назва жанру л-ры бытуе з часоў Кіеўскай Русі. Тады аповесцю называлі самыя розныя па форме творы гіст., ваен. і рэліг. зместу (гл. Аповесць старажытнаруская), часта яна мела форму хронікі ці летапісу. З твораў стараж. бел. л-ры да жанру тагачаснай аповесці можна аднесці «Дыярыуш» А.Філіповіча (1646), Баркулабаўскі летапіс, перакладныя творы — «Аповесць пра Трышчана», «Аповесць пра Баву», «Трою», «Александрыю».

У сучасным разуменні аповесць пачала складвацца ў рус. л-ры ў 19 ст. Тыповая, «чыстая» форма аповесці — гэта пераважна твор біягр. характару, маст. хронікі: дылогія С.Аксакава, «Запіскі з Мёртвага дому» Ф.Дастаеўскага, «Стэп» А.Чэхава, трылогіі Л.Талстога, М.Горкага і інш.

Пачынальнікі сучаснай бел. аповесці (і рамана) — Ц.Гартны («Бацькава воля», 1-я ч. «Сокаў цаліны», 1916), М.Гарэцкі (драматызаваная аповесць «Антон», 1919; дакумент. аповесць «На імперыялістычнай вайне», 1926), Я.Колас («У палескай глушы», 1921—22). Пра сталасць жанру аповесці ў бел. л-ры сведчыць ахоп самых розных аспектаў жыцця, філас. асэнсаванне гісторыі і сучаснасці, пільная ўвага да чалавека, маст. вытлумачэнне яго псіхалогіі рэальнай складанасцю ўзаемаадносін характару і абставін, асобы і грамадства: «Апошняя сустрэча» Я.Брыля, «Агонь і снег», «Гандлярка і паэт» І.Шамякіна, «Тартак», «Найдорф» І.Пташнікава, «Сотнікаў», «Абеліск», «Знак бяды», «Сцюжа» В.Быкава, «Хатынская аповесць», «Карнікі» А.Адамовіча, «Суд у Слабадзе» В.Казько, «Зона маўчання» С.Грахоўскага, «Пад сузор’ем сярпа і молата» Б.Сачанкі, «Сны імператара» У.Арлова і інш.

Літ.:

Беларуская савецкая проза: Раман і аповесць, Мн., 1971.

П.К.Дзюбайла.

т. 1, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Апо́весць. Укр. оповість, польск. opowieść (powieść ужываецца ў знач. ’раман’). Замацавалася да Кастрычніцкай рэвалюцыі (Красней, Веснік БДУ, 1969, 1, 61) пад польскім уплывам.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Воінская аповесць 3/146; 8/381

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Перакладная аповесць 3/75, 146; 8/381—382

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)