АКСІДА́ЗЫ,

ферменты класа аксідарэдуктазаў, што каталізуюць у жывых клетках акісляльна-аднаўленчыя рэакцыі, акцэптарам вадароду ў якіх з’яўляецца кісларод паветра. Пры гэтым утвараецца вада або перакіс вадароду (H2O2). Паводле структуры адрозніваюць аксідазы-металаферменты (напр., тыразіназа і аскарбінатаксідаза маюць медзь) і аксідазы-флавапратэіды (напр., глюкозааксідаза). Кафермент многіх аксідазаў — вытворныя вітаміну B2 — ФАД або ФМН. Аксідазы адыгрываюць значную ролю ў катабалізме (распадзе) і дэтаксікацыі розных злучэнняў (напр., монаамінаксідаза разбурае біягенныя аміны).

т. 1, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

аксіда́зы

(ад аксіды)

акісляльныя ферменты расліннага і жывёльнага паходжання, якія выконваюць важную ролю ў жыццёвых працэсах.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г., часткова)

аксіда́за

назоўнік, агульны, неадушаўлёны, неасабовы, жаночы род, 2 скланенне

адз. мн.
Н. аксіда́за аксіда́зы
Р. аксіда́зы аксіда́з
Д. аксіда́зе аксіда́зам
В. аксіда́зу аксіда́зы
Т. аксіда́зай
аксіда́заю
аксіда́замі
М. аксіда́зе аксіда́зах

Крыніцы: piskunou2012.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2023, актуальны правапіс)

ліпааксіда́за

(ад гр. lipos = тлушч + аксідазы)

тое, што і ліпааксігеназа.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г., часткова)

пераксіда́зы

(ад лац. per = панад + аксідазы)

ферменты, якія каталізуюць у жывых клетках акісленне розных арганічных злучэнняў, нітратаў і іадыдаў перакісам вадароду.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г., часткова)

АКСІДАРЭДУКТА́ЗЫ,

клас ферментаў, якія каталізуюць акісляльнааднаўленчыя рэакцыі. Трапляюцца ва ўсіх жывых клетках і адыгрываюць значную ролю ў забеспячэнні іх энергіяй. У залежнасці ад характару акісляльнай групы аксідарэдуктазы падзяляюць на падкласы, якія дзейнічаюць на спіртавую, альдэгідную або кетонную, этыльную і інш. групы. Акцэптарамі электронаў і пратонаў з’яўляюцца НАД, НАФД, цытахромы, хіноны і інш. злучэнні. Вядома больш за 200 аксідарэдуктазаў, найбольш значныя: дэгідрагеназы (пераносяць вадарод і электроны пры дыханні і фотасінтэзе), аксідазы, пераксідазы, гідраксідазы, аксігеназы.

т. 1, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯНЕАРГАНІ́ЧНАЯ ХІ́МІЯ,

неарганічная біяхімія, галіна біяхіміі, што вывучае комплексы іонаў металаў з бялкамі, нуклеінавымі к-тамі, ліпідамі і нізкамалекулярнымі прыроднымі злучэннямі; даследуе ролю іонаў металаў у выкананні біял. функцый прыродных металакомплексаў. Пераважна даследуюцца іоны Na​+, K​+, Ca​2+, Mg​2+, Mn​2+, Fe​2+, Fe​3+, Cu​2+, Co​2+, Mo​2 і Zn​2+, якія ёсць у малекулах біялагічна актыўных рэчываў, напр. сідэхромы, іанафоры (хелатавальныя агенты шчолачных металаў), ферыцін, трансферыны, цэрулаплазмін, гемэрытрын, гемацыянін, металаферменты, карбаксіпептыдаза A, карбаангідраза, медзьзмяшчальныя аксідазы, ферадаксіны, гемы, гемаглабін і міяглабін, цытахромы, перакеідазы і каталазы, хларафіл, карыноіды, комплексы нуклеазідаў, нуклеатыдаў і нуклеінавых к-т, вітаміну B6 і інш.

Склалася на мяжы біяхіміі і неарган. хіміі. Выкарыстоўвае метады хіміі каардынацыйных злучэнняў і квантавай хіміі. У б. СССР фундамент біянеарганічнай хіміі заклалі працы М.Я.Вольпіна, М.У.Валькенштэйна, А.Я.Шылава, К.Б.Яцымірскага і інш., далейшае развіццё атрымала ў працах па мадэляванні азотфіксавальных ферментных сістэм з выкарыстаннем комплексаў малібдэну (А.Я.Шылаў), іанафораў (Ю.А.Аўчыннікаў, В.Ц.Іваноў) і інш.

На Беларусі працы па біянеарганічнай хіміі праводзяцца пераважна ў Ін-це біяарган. хіміі АН. Вывучаны цытахромы P-450 і інш. гемазмяшчальныя ферментныя сістэмы (Дз.І.Мяцеліца, С.А.Усанаў, В.Л.Чашчын), змадэляваны акісляльна-аднаўляльныя ферменты (цытахромы P-450, пераксідазы, каталазы) з выкарыстаннем іонаў і комплексаў жалеза, медзі і малібдэну (Мяцеліца). Вынікі даследаванняў біянеарганічнай хіміі выкарыстоўваюцца для сінтэзу фармакалагічных прэпаратаў.

Літ.:

Хьюз М. Неорганическая химия биологических процессов: Пер. с англ. М., 1983;

Метелица Д.И. Моделирование окислительно-восстановительных ферментов. Мн., 1984.

Дз.І.Мяцеліца.

т. 3, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)