АКСІДАРЭДУКТА́ЗЫ,

клас ферментаў, якія каталізуюць акісляльнааднаўленчыя рэакцыі. Трапляюцца ва ўсіх жывых клетках і адыгрываюць значную ролю ў забеспячэнні іх энергіяй. У залежнасці ад характару акісляльнай групы аксідарэдуктазы падзяляюць на падкласы, якія дзейнічаюць на спіртавую, альдэгідную або кетонную, этыльную і інш. групы. Акцэптарамі электронаў і пратонаў з’яўляюцца НАД, НАФД, цытахромы, хіноны і інш. злучэнні. Вядома больш за 200 аксідарэдуктазаў, найбольш значныя: дэгідрагеназы (пераносяць вадарод і электроны пры дыханні і фотасінтэзе), аксідазы, пераксідазы, гідраксідазы, аксігеназы.

т. 1, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)