Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)
АКА́ФІСТ (грэч. akathistos ад а... + kathizō саджуся),
хрысціянскае хвалебнае царк. песнапенне. Выконваецца абавязкова стоячы. Кожны Акафіст складаецца з 25 асобных песнапенняў. Найб. вядомыя і стараж.Акафісты: Божай Маці (7 ст.) і Ісусу Найсаладзейшаму (9 ст.), свяціцелю Мікалаю Цудатворцу (14 ст.). Створаны таксама акафісты святым, абразам, царк. святам. Кніга, дзе сабраны ўсе акафісты, наз. акафіснік. Першы на Беларусі акафіснік выдадзены Ф.Скарынай у 1525. Шматтомны акафіснік з 1991 друкуецца ў Маскве (ім карыстаюцца і праваслаўныя на Беларусі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАШЧА́НКА (Максім Ярмалініч) (1650-я г., Магілёў — 1708),
бел. друкар і гравёр па медзі. Адзін з заснавальнікаў Магілёўскай школы гравюры. Вучыўся ў Віленскай езуіцкай акадэміі, дзе атрымаў ступень бакалаўра філасофіі і вольных мастацтваў (1672), званне магістра навук (1673). Друкарскую дзейнасць пачаў у Слуцку, дзе ў 1678 зрабіў ілюстрацыі да кн. «Манархія Турэцкая, апісаная Рыко» (19 падпісных медзярытаў Вашчанкі — копіі гравюр франц. мастакоў С.Леклерка і Н.Кашэна для парыжскага выдання 1670 кнігі П.Рыко). З 1680-х г. працаваў у Магілёўскай брацкай друкарні, якой кіраваў з 1690-х г. да 1708. Выканаў каля 30 медзярытаў для кн. «Акафісты і каноны» (1693; друкаваліся таксама ў кн. «Акафісты і каноны», 1726, і «Акафісты», 1728). Адзін з першых у бел. кірылічным кнігадрукаванні выкарыстаў тэхніку разцовага медзярыту. Многія гравюры Вашчанкі створаны пад уплывам зах.-еўрап. традыцый, вылучаюцца ўмелай кампаноўкай шматфігурных сцэн, багаццем святлоценявой мадэліроўкі. Яго сын В.М.Вашчанка вядомы як майстар выдатных дрэварытаў.
А.М.Пікулік.
М.Я.Вашчанка. Ілюстрацыя да кнігі «Манархія Турэцкая, апісаная Рыко». Медзярыт 1678.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ака́фіст, ‑а, М ‑сце, м.
У хрысціянскай набажэнскай літаратуры — асобны від малітоўна-хвалебных песень у гонар Хрыста, багародзіцы і святых. Чытаць акафіст. □ Айцец Варлам хвіліны чхнуць не мае, — Малебны, служыць дзень у дзень, Заказы на акафісты прымае.Корбан.
[Грэч. akathistos — літаральна такі, у час якога не сядзяць.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
МАГІЛЁЎСКАЯ БРА́ЦКАЯ ДРУКА́РНЯ.
Дзейнічала ў 1616—1773 (з перапынкамі) у Магілёве. У 1616 выдадзены «Служэбнік» (2-е выд. 1617), у 1619 — «Евангелле вучыцельнае» Кірылы Транквіліёна Стаўравецкага. Пасля гэтага на нейкі час друкарня спыніла дзейнасць. 19.3.1633 кароль Уладзіслаў IV даў Магілёўскаму правасл. брацтву прывілей на права адкрыцця друкарні і выданне вучэбных і інш. кніг на «рускай» (старабел. і царк.-слав.), грэчаскай, лац. і польск. мовах. У 1636—38 гэта права брацтва, верагодна, перадала Спірыдону Собалю, які ў 1636 выдаў «Буквар языка славенска». У 1676 брацтва атрымала ад караля Яна III Сабескага прывілей на адкрыццё друкарні пры Богаяўленскім манастыры і выданне кніг на «рускай» і польск. мовах. У 1680 друкарню ўзначаліў Максім Вашчанка, які ў 1698 атрымаў на яе прывілей без дазволу брацтва і стаў выдаваць кнігі ад свайго імя. У 1701 брацтва дамаглося пацвярджэння свайго ранейшага прывілея на друкарню. У розны час у друкарні працавалі друкары і гравёры: Васіль Вашчанка (сын Максіма), Фёдар Ангілейка, Афанасій П. (Пігарэвіч ?), М.Антушкевіч. У канцы 17—18 ст. ў друкарні выдаваліся царк., навуч., палемічныя кнігі: «Псалтыр» (1693), «Акафісты і каноны» (1693), «Малітваслоў» (1695), «Дыоптра» (1698), «Перла мнагацэннае» (1699), «Неба новае» (1699), «Трыфалагіён» (1754), «Часаслоў» (1762) і інш. У апошнія гады дзейнасці друкарня перавыдавала раней надрукаваныя кнігі.
Літ.:
Жудро Ф. История Могилевского Богоявленского братства. Могилев. 1890;
Пічэта У.І. Друк на Беларусі ў XVI і XVII стст. // Чатырохсотлецце беларускага друку. Мн., 1926.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКАЯ ШКО́ЛА ГРАВЮ́РЫ,
мастацкая школа ў бел. графіцы канца 17—18 ст. Склалася ў Магілёве, працягвала традыцыі Віленскай шкалы гравюры і Куцеінскай школы гравюры. Развіццё школы звязана з дзейнасцю друкароў і гравёраў Магілёўскага богаяўленскага брацтва (гл.Магілёўская брацкая друкарня), гал. ролю ў яе фарміраванні адыгралі Ф.Ангілейка, М.Вашчанка, В.Вашчанка; сярод майстроў Афанасій П. (Пігарэвіч), Сямён, М.Антушкевіч, Я.Стральбіцкі, М.Чарняўскі. Развівалася пераважна кніжная гравюра (дрэварыт і медзярыт), стылістычна блізкая да тагачасных бел. абразоў і паліхромнай драўлянай пластыкі. Вядома больш за 40 выданняў Магілёўскага брацтва, якія мелі тытульныя лісты, былі ўпрыгожаны фігуратыўнымі ілюстрацыямі, застаўкамі, канцоўкамі, ініцыяламі. Упершыню пасля выданняў Ф.Скарыны фігуратыўная старонкавая ілюстрацыя адыгрывала гал. ролю ў маст. аздабленні кніг, у адным выданні спалучаліся дрэварыты і медзярыты. Некаторыя ілюстрацыі мелі подпісы мастакоў. Творы выкананы ў стылі т.зв. магілёўскага барока (спалучэнне мясц.маст. традыцый з рысамі зах.-еўрап. барока і візант. мастацтва). У аснове маст. прынцыпаў М.ш.г. — натурныя назіранні, шырокае выкарыстанне традыцый нар. мастацтва, што выявілася ў нар. характары тыпажу, адлюстраванні адзення, прадметаў побыту, арх. дэталей і інш. Характэрнымі рысамі школы з’яўляюцца лаканічная лінеарная, пластычна выразная гравіроўка, прастата і ўраўнаважанасць кампазіцыйнай будовы, перавага фігур над арх. фонам. Найб. выразныя яны ў іл. да кніг «Манархія Турэцкая, апісаная Рыко» (1678, надрукавана ў Слуцку), «Акафісты і каноны» (1693), «Дыоптра» (1698), «Перла мнагацэннае» і «Неба Новае» (1699), «Ирмолой сиречь Осмогласник» Іаана Дамаскіна (1700), «Кнігі жыцій святых» (1702), «Часослов сиречь Последование службы» (1703), «Асмагласнік» (1730). Асаблівай дэкаратыўнасцю вызначаўся тытульны ліст: абапал традыц. брамы на фоне пышнага расл. арнаменту змяшчалі медальёны, картушы з выявамі анёлаў, святых, сцэн на рэліг. сюжэты. Картушы і медальёны з сюжэтнымі выявамі характэрны таксама застаўкам і канцоўкам. Своеасаблівым спалучэннем расл. арнаментаў з выявамі чалавечых фігур, часам з сюжэтнымі сцэнамі на тэмы жыцця святых вызначаюцца ініцыялы («Евангелле вучыцельнае», 1697). Яркая з’ява бел. кніжнай гравюры 17 ст. — медзярыты М.Вашчанкі да «Манархіі Турэцкай», цалкам свецкі цыкл, выкананы з жыццёвай пераканаўчасцю, што надае творам жанравы характар. Змяшчэнне на тытульным лісце «Кнігі жыцій святых» віду Магілёва з выявамі будынкаў грамадз. прызначэння — адзін з першых прыкладаў свецкага гар. пейзажа ў кірылічнай кнізе.
Літ.:
Шматаў В.Ф. Беларуская кніжная гравюра XVI—XVIII стст. Мн., 1984;
Пікулік А.М. Барочныя тэндэнцыі ў мастацтве магілёўскіх старадрукаў // Барока ў беларускай культуры і мастацтве. Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІ́БЛІЯ (грэч. biblia літар. кнігі),
зборнік твораў стараж. пісьменства, св. пісанне іудзейскай (Стары запавет) і хрысц. (Стары і Новы запаветы) рэлігій. Першая анталогія выбраных кніг (кн. пра станаўленне Сусвету і чалавечага грамадства, хронікі, кодэксы, паэт. медытацыі, маральна-філас. трактаты, прароцтвы, прытчы, афарызмы, апіяграфіі, малітвы, гімны і інш.), аб’яднаных у адным пераплёце паводле храналагічнага і тэматычнага прынцыпаў, зместу і сімвалічнага сэнсу. Складалася на працягу 1-га тыс. да н.э. — 2 ст.н.э. на тэр. Палесціны (стараж. Ізраільска-Іудзейскае царства) і ў месцах яўрэйскай дыяспары на арамейскай, стараж.-яўрэйскай і стараж.-грэч. мовах. Поўная Біблія складаецца з 2 частак — Старога запавету (50 кніг, з іх 39 кананічных, якія выкарыстоўваюцца ў літургічнай службе, і 11 некананічных, прызнаных хрысц. царквой карыснымі для духоўнага выхавання) і Новага запавету [27 кніг; 4 Евангеллі (паводле Матфея, Марка, Лукі, Іаана), зборнік з 22 твораў пад агульнай назвай Апостал, Апакаліпсіс (Адкрыццё Іаана Багаслова)]. Паводле багаслоўскага тлумачэння, слова «запавет» азначае наказ Бога «выбранаму народу» (стараж. яўрэям), а праз яго — усяму чалавецтву. Іудзейская Біблія складаецца з 39 кананічных кніг: Закон, або Пяцікніжжа, прыпісваецца Майсею, Прарокі (кн. Ісаі, Ераміі, Езекііль, Данілы і 12 «малых прарокаў», кн. Ісуса Навіна, Суддзяў, 4 кнігі Царстваў), Пісанні (кн. Руф, 1-я і 2-я Параліпаменом, Ездры, Неяміі, Эсфір, Іова, Псалтыр, Прытчы Саламона, Эклезіяст, Песня песням, Плач Ераміі). Старазапаветная частка хрысц. (праваслаўнай і каталіцкай) Бібліі ў дадатак да кананічных уключае таксама некананічныя кнігі: 1—3-ю Ездры, Тавіта, Юдзіф, Прамудрасць Саламона, Прамудрасць Ісуса Сірахава, прарока Баруха, 1—3-ю кн. Макавеяў. Кананічныя кн. Старога запавету напісаны стараж.-яўр. і часткова арамейскай мовамі, некананічныя — стараж.-грэч. мовай. На т.зв. александрыйскай гаворцы стараж.-грэч. мовы напісаны Новы запавет, за выключэннем Евангелля паводле Матфея, напісанага на сірыйска-халдзейскай гаворцы стараж.-яўр. мовы. У Бібілію не ўвайшлі апокрыфы. Першы збор старазапаветнай часткі Бібіліі стварылі ў 2 ст. да н.э. ў Александрыі на стараж.-грэч. мове 70 перакладчыкаў (Септуагінта — семдзесят — стаў асн. крыніцай пазнейшых выданняў біблейскіх кніг). У 386—406 багаслоў Еранім зрабіў лац. пераклад Бібліі-Вульгату (агульнадаступная), якая легла ў аснову каталіцкай рэдакцыі Бібліі. У Бібліі адлюстраваны драм. шлях развіцця чалавечай духоўнасці. Яна пачынаецца з кн. Быццё (сімвалічная выява ўзнікнення Сусвету, рассялення народаў, станаўленне грамадства і дзяржавы), а заканчваецца Апакаліпсісам — сімвалічным малюнкам «канца свету». У аснове біблейскай філасофіі гісторыі тэадыцэя (апраўданне жыцця і яго крыніцы — Бога перад тварам сусветна-гіст. зла); правідэнцыялізм (гіст. падзеі, з’яўляючыся выяўленнем людской волі, на касм. узроўні прадвызначаныя Богам), месіянства (вера ў прыход Збавіцеля, у яго царства на Зямлі, упэўненасць у тым, што пакліканыя Богам народы і людзі аб’ектыўна выконваюць боскае прадвызначэнне), эсхаталагізм (перакананне ў тым, што гіст. працэс меў свой пачатак і будзе мець сваё завяршэнне). Большасць кніг Старога запавету ёсць гісторыя стараж. ізраільска-іудзейскай тэакратычнай дзяржавы (часткова інш. рэгіёнаў Блізкага Усходу), стараж.-яўр. культуры і старазапаветнай царквы. Новы запавет — гэта аповесць пра зямное жыццё і вучэнне Ісуса Хрыста, яго апосталаў, пра станаўленне хрысц. царквы і прароцтва пра богачалавецтва пасля канца гісторыі.
У 4—13 ст. узніклі шматлікія рэгіянальныя пераклады Бібіліі. У 9 ст.слав. асветнікі браты Кірыла і Мяфодзій пераклалі Біблію на стараслав. мову. Гэты пераклад лёг у аснову рукапісных біблейскіх кніг, што бытавалі на ўсх.-слав. землях, у т. л. на Беларусі. Першы рукапісны звод Бібіліі на царк.-слав. мове ўкладзены ў Ноўгарадзе (1499) па ініцыятыве архіепіскапа Генадзія («Генадзіеўская біблія»). Першую друкаваную Біблію ў слав. свеце выдалі чэхі (1488). На Беларусі спісы біблейскіх кніг з’явіліся пасля хрышчэння Русі (988). Некаторыя з іх, верагодна, рыхтаваліся Рагнедай Рагвалодаўнай, Ефрасінняй Полацкай. Свае скрыпторыі (цэнтры па перапісцы кніг) мелі бел. гарады, манастыры, епіскапскія кафедры. Пра біблейска-выдавецкую традыцыю сярэдневяковай Беларусі сведчаць высокамаст. ілюстраваныя помнікі рукапісных евангелляў і псалтыроў. Першым зборам царкоўнаслав. рукапісных кніг Бібліі на Беларусі стаў багата аздоблены «Дзесятаглаў», створаны ў 1502—07 у Вільні і Супраслі асветнікам Мацеем Дзесятым. Разам з «Пяцікніжжам», перапісаным дзякам Фёдарам у 1514, «Дзесятаглаў» склаў поўны збор Бібліі. У 1517—19 Ф.Скарына выдаў 23 ілюстраваныя кнігі першай бел. Бібліі пад агульнай назвай «Библия руска, выложена доктором Франциском Скориною из славнаго града Полоцка, Богу ко чти и людем посполитым к доброму научению». Каля 1522 Скарына надрукаваў у Вільні «Малую падарожную кніжку», у якой аб’яднаны Псалтыр, Часасловец (малітвы), урачыстыя гімны (каноны і акафісты, некаторыя з іх — паэт. творы Скарыны). У 1525 ён жа выдаў «Апостал». Напісаныя Скарынам 50 прадмоў і 62 пасляслоўі да сваіх кніг — першыя на Беларусі каментарыі да Бібліі, у якіх тлумачыцца паходжанне кожнай кнігі, іх аўтарства, асаблівасці зместу, вобразаў і сімвалаў, іх значэнне для рэліг., маральнага і грамадскага выхавання. Свецкае выданне Бібліі Скарынам паўплывала на развіццё кніжна-выдавецкай біблейскай традыцыі на Беларусі (гл.Брэсцкая біблія). Прадаўжальнікам кнігавыдавецкай справы Скарыны быў В.Цяпінскі. Каля 1580 ён пераклаў на старабел. мову і выдаў «Евангелле» (паводле Матфея, Марка і частку Евангелля паводле Лукі). Вопыт Скарыны выкарысталі І.Фёдараў і П.Мсціславец, якія выдалі ў Маскве «Апостал» (1564). У 1566 яны пераехалі на Беларусь, на сродкі Р.Хадкевіча выдалі «Евангелле вучыцельнае» (Заблудаў, 1568—69); Фёдараў выдаў таксама «Псалтыр з Часаслоўцам» (1569). Мсціславец выехаў у Вільню і ў друкарні Мамонічаў выдаў «Евангелле напрастольнае», «Псалтыр» і «Часоўнік» (1575—76). Фёдараў у канцы 1572 — пач. 1573 пераехаў у Львоў, выдаў там «Апостал» (1574), пазней у друкарні К.Астрожскага ў Астрогу — «Псалтыр» і «Новы запавет» (1580), а таксама поўную слав. друкаваную кірылічным шрыфтам «Астрожскую біблію» (1581). У канцы 16—17 ст. Вільня і мяст. Еўе (каля Вільні) заставаліся асяродкамі выдання біблейскіх кніг на царк.-слав. мове. З 2-й чвэрці 17 ст. дзейнічалі новыя цэнтры выдання біблейскіх кніг — друкарні: Куцеінскага манастыра пад Оршай, С.Собаля ў Буйнічах пад Магілёвам, магілёўская М.Вашчанкі, брацкая Магілёва, Супрасльскага манастыра. У канцы 18 ст. віленскія друкарні перадрукавалі з маскоўскіх выданняў «Евангелле» (1790), «Евангелле вучыцельнае» (1794), «Псалтыр» 1795 (2-е выд. 1796). З канца 18 ст. да 1917 на Беларусі біблейскія кнігі не друкаваліся. Толькі уніяцкая царква выдала шэраг катэхізісаў, малітоўнікаў і падручнікаў, якія знаёмілі вернікаў са зместам Бібліі. Першыя практычныя крокі да перакладу Новага запавету на сучасную бел. мову зроблены ў Зах. Беларусі і Польшчы. Традыцыя перакладу і выдання Бібліі аднавілася ў Зах. Беларусі (пераклад і выданне на бел. мове Новага запавету прапаведнікам Л.Дзекуць-Малеем і А.Луцкевічам у 1920—30-я г.), за мяжой [выданне ксяндза П.Татарыновіча ў 1954 у Рыме, выданне бел. Бібліі ў перакладзе гісторыка і філолага Я.Станкевіча ў Нью-Йорку (1950—60-я г., 1970, 1973)], замежныя выданні біблейскіх кніг у перакладзе пастара Я.Пятроўскага (Гейневіл, 1984, 1987). У 1990—95 апублікаваны бел. пераклады біблейскіх кніг В.Сёмухі, А.Клышкі; выдавецтвам «Беларуская Энцыклапедыя» ажыццёўлена факсімільнае перавыданне «Бібліі» Скарыны (т. 1—3, 1990—91).
Біблія — адзін з самых багатых і складаных помнікаў сусв. культуры, многія старонкі якога насычаны глыбокай жыццёвай мудрасцю і вызначаюцца вял.маст. сілай. Асаблівасцямі Бібліі як помніка культуры з’яўляюцца сінкрэтызм (адзінства рэальнасці і міфа, гісторыі і тэалогіі, гіст. фактаў і цудаў, філасофіі і паэзіі, даследавання і прароцтва, навук. і аксіялагічнага падыходаў да ацэнкі ідэй, фактаў, ідэалаў) і сімвалізм (погляд на гіст. падзеі як на знакавае выяўленне духоўных сэнсаў). Біблія паўплывала на экзістэнцыялісцкую філасофію гісторыі. Біблейскія сюжэты, матывы, вобразы і сімвалы шырока выкарыстоўвае сусв.л-ра, выяўл., тэатр., муз. мастацтва і кіно. У бел. л-ры вобразныя і сімвалічныя сістэмы Бібліі выявіліся ў 12—18 ст. у творчасці Кірылы Тураўскага, Скарыны, М.Сарбеўскага, М.Сматрыцкага, І.Пацея, братоў Л. і С.Зізаніяў, А.Філіповіча і універсальная — у паэзіі і аратарскай прозе Сімяона Полацкага. Біблейскія матывы фалькларызаваліся ў нар. творчасці (чарадзейныя казкі, абрадавыя песні, легенды), у тэатр. і інш. мастацтве, бел. л-ры (творчасць Я.Купалы, З.Бядулі, У.Караткевіча, інш.бел. пісьменнікаў).
Біблія ці яе часткі перакладзены больш як на 1250 моў і дыялектаў практычна ўсіх краін свету. Існуе шырокая сетка т-ваў, аб’яднанняў, асацыяцый, агенцтваў па вывучэнні Бібліі, яе перакладзе, выданні, распаўсюджванні. Вывучэннем Бібліі займаюцца біблеістыка, герменеўтыка, тэалогія і інш. навукі.