пераўтварэнне скрытага фатагр. відарыса, што ўзнік у святлоадчувальным матэрыяле пры фатаграфаванні, у бачны. Найб. пашырана хім. П.ф. з выкарыстаннем спец. рэчываў (праявіцеляў) для пераўтварэння (аднаўлення) галагенідаў серабра да метал. серабра, неабходнага для ўтварэння бачнага відарыса.
Пры праяўленні колерафатаграфічных матэрыялаў атрыманне відарыса з фарбавальнікаў адбываецца адначасова з аднаўленнем метал. серабра, якое выдаляецца пры наступнай апрацоўцы. Праявіцелі для хім. П.ф. маюць праяўляльныя рэчывы (напр., метол, гліцын), захавальныя рэчывы (найб. пашыраны сульфіт натрыю), якія прадухіляюць акісленне праявіцелю кіслародам паветра, і паскаральныя рэчывы (напр., карбанат ці гідраксід натрыю), якія актывізуюць праявіцель. У праявіцель таксама дадаюць процівуаліруючыя рэчывы (брамід калію) і інш. кампаненты. Для выдалення рэшткаў галагенідаў серабра, не адноўленых пры П.ф., выкарыстоўваюць замацаванне фатаграфічнае. Акрамя хімічнага распрацавана фіз. П.ф., дзе метал. серабро відарыса аднаўляецца з раствору сярэбранай солі. Для П.ф. выкарыстоўваюць кюветы, спец. бачкі, праявачныя машыны і інш. Праяўленне бессярэбраных фотаматэрыялаў грунтуецца на інш. прынцыпах, напр., на выкарыстанні электрычна зараджаных парашкоў (гл.Электрафатаграфія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРОЦІВАГА́З,
прыстасаванне для індывідуальнай аховы органаў дыхання і твару чалавека ад уздзеяння атрутных, радыеактыўных рэчываў, бактэрыяльных сродкаў і інш. Сухі фільтравальны П. распрацаваны рас. хімікам М.Дз.Зялінскім (1915). П. бываюць фільтравальныя і ізалявальныя. Фільтравальны ачышчае заражанае паветра праз аэразольны фільтр і шыхту процівагазавай каробкі. Выкарыстоўваецца, калі ў паветры дастаткова кіслароду. Маса каля 2 кг. Ізаляваныя П. бываюць на хімічна звязаным кіслародзе і са сціснутым кіслародам (паветрам). Выкарыстоўваюцца, калі ў паветры ёсць дамешкі, якія не здольны затрымліваць фільтравальны П., калі не хапае кіслароду, а таксама пад вадой. Маса 4—16 кг. У некат. галінах прам-сці і сельскай гаспадарцы карыстаюцца П. і рэспіратарамі. Спец. П. існуюць для жывёлы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫБЫ́ТАК,
перавышэнне даходаў ад продажу тавараў (паслуг) над затратамі на іх вытв-сць і продаж; адзін з найб. важных паказчыкаў фін. вынікаў гасп. дзейнасці прадпрыемстваў і прадпрымальнікаў. Вылічаецца як розніца паміж выручкай ад рэалізацыі прадукту гасп. дзейнасці і сумай выдаткаў фактараў вытв-сці на гэту дзейнасць у грашовым выражэнні. Адрозніваюць П.: поўны, ці агульны, які называецца валавым (балансавым); чысты, што застаецца пасля выплаты падаткаў і адлічэнняў; бухгалтарскі, які разлічваецца па бухгалтарскіх дакументах без уліку дакументальна не зафіксаваных выдаткаў самога прадпрымальніка, у т. л. ўпушчанай выгады; эканамічны, які ўлічвае часовыя, альтэрнатыўныя выдаткі. Звычайна эканам. П. меншы за бухгалтарскі на велічыню некампенсаваных уласных выдаткаў прадпрымальніка, не ўлічаных у сабекошт, у якія часам уключаюць упушчаныя магчымасці. Апрача таго, магчымы выдаткі, якія не пазначаны ў балансе. Чысты П. паступае ў распараджэнне прадпрыемства і выкарыстоўваецца для фарміравання фін. рэзерву, фондаў накаплення і спажывання, дывідэнднага і інш., а таксама можа быць перададзены ва ўласнасць членаў прац. калектыву, калі гэта прадугледжана статутам прадпрыемства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫВІЛЕ́І (лац. privilegium ад privus асаблівы + lex закон),
заканадаўчыя акты ў ВКЛ, Рэчы Паспалітай і інш.феад. дзяржавах, якімі вял. князі ці каралі давалі або пацвярджалі асаблівыя правы пануючага класа, саслоўя, пэўных сац. або этнічна-рэліг. груп, асоб. У гісторыка-прававой л-ры вылучаюць П. льготныя, даравальныя і ахоўныя. У ВКЛ былі таксамаагульназемскія прывілеі (пашыраліся на ўсіх феадалаў), абласныя прывілеі, гарадскія, валасныя (на насельніцтва асобных тэрыторый). Першы агульназемскі П. — Прывілей 1387. Важнае канстытуцыйнае значэнне мелі Прывілей 1447, Прывілей 1492. Самыя стараж. абласныя П. — Полацкі і Віцебскі (прыкладна 1392—99, гл.Полацкія прывілеі, Віцебскія прывілеі). З ростам і ўмацаваннем гарадоў пачалі выдавацца П. асобным гарадам (гл.Магдэбургскае права). Вядомы П. канфесіям, яўрэям, татарам. Да выдання Статутаў ВКЛ 1529, 1566 і 1588 — асн. крыніца пісанага права на тэр. Беларусі, многія П. мелі юрыд. значэнне на працягу некалькіх стагоддзяў. Пра найб. значныя П. гл. асобныя артыкулы.
Літ.:
Юхо І. Крыніцы беларуска-літоўскага права. Мн., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫЁМНІКІ АПТЫ́ЧНАГА ВЫПРАМЯНЕ́ННЯ,
прылады, у якіх змены стану адчувальных элементаў пад уплывам аптычнага выпрамянення (святла) служаць для выяўлення і вымярэння гэтага выпрамянення. Пераўтвараюць энергію выпрамянення ў інш. віды энергіі (цеплавую, эл., мех. і інш.), больш зручныя для непасрэдных вымярэнняў.
Асн. параметры: парогавая адчувальнасць (найменшы паток выпрамянення, які можна зарэгістраваць на фоне ўласных шумаў), каэфіцыент пераўтварэння (звязвае зыходны паток з выхадным сігналам), спектральная характарыстыка (залежнасць адчувальнасці прылады ад даўжыні хвалі выпрамянення) і інш. Бываюць неселектыўныя (адчувальнасць слаба залежыць ад даўжыні хвалі ў шырокім дыяпазоне) і селектыўныя (спектральная характарыстыка мае адметныя максімумы ці мінімумы). Паводле механізму пераўтварэння адрозніваюць цеплавыя (паглынанне энергіі вядзе да павышэння т-ры адчувальнага элемента, у выніку чаго змяняюцца інш. яго параметры), фотаэлектрычныя (непасрэдна пераўтвараюць эл.-магн. энергію ў электрычную), фотахімічныя (гл.Святлоадчувальнасць фатаграфічная) і пандэраматорныя (гл.Пандэраматорнае дзеянне святла). П.а.в. выкарыстоўваюцца ў асн. вузлах аўтам. сістэм кіравання, радыё- і оптаэлектронных апаратаў, таксама ў спектраскапіі, квантавай электроніцы, астраноміі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭЦЭ́СІЯ (ад лац. praecessio рух наперад),
1) рух восі ўласнага вярчэння цвёрдага цела, пры якім яна апісвае кругавую канічную паверхню.
Складаецца з уласнага вярчэння цела з вуглавой скорасцю Ω вакол восі OZ (O — нерухомы пункт) і вярчэння вакол восі OZ1 з вуглавой скорасцю
(ψ — вугал П.; гл.Эйлеравы вуглы). Адначасова могуць адбывацца нутацыйныя ваганні цела, пры якіх мяняецца вугал нутацыі θ (гл.Нутацыя). Калі ў час руху велічыні θ, Ω, ω пастаянныя, то П. наз. рэгулярнай; пры гэтым вось ΟΖ апісвае вакол восі ΟΖ1 прамы кругавы конус.
2) П. ў астраноміі — павольны рух восі вярчэння Зямлі па кругавым конусе, вось якога перпендыкулярная да плоскасці зямной арбіты, з перыядам поўнага абароту ≈ 26 000 г. З’ява П. Зямлі адкрыта Гіпархам і растлумачана І.Ньютанам. Яна абумоўлівае павольнае зрушэнне пунктаў веснавога і асенняга раўнадзенстваў, перамяшчэнне полюсаў свету паміж зоркамі, змену экватарыяльных і экліптычных каардынат нябесных цел. Адначасова з П. адбываюцца нутацыйныя ваганні зямной восі. Гл.таксамаГіраскоп.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСАМАФІ́ЛЫ [ад грэч. psammos пясок + ...філ(ы)],
псамабіёнты, экалагічная група жывёл, прыстасаваных да жыцця пераважна ў сыпучых рухомых пясках. Да П. адносяць таксама арганізмы, якія жывуць у паверхневым слоі вільготнага пяску па берагах вадаёмаў вышэй узроўню вады (інфузорыі, калаўроткі, чэрві, лічынкі камароў, крабы і інш.). П. называюць экалагічную групу рыб, якія адкладваюць ікру на пясчанае дно, у вадаёмах трымаюцца месц з пясчаным грунтам.
Асаблівасці П.: здольнасць хутка перамяшчацца (бег, скачкі, палёт) як прыстасаванне да здабычы корму, абароны ад ворагаў і інш.; здольнасць хутка паглыбляцца ў пясок (круглагалоўка, удаўчык пясчаны і інш.); наяўнасць прыстасаванняў для перамяшчэння па рыхлым грунце (рагавыя грабяні на пальцах у круглагалоўкі, аваласенне і рагавыя вырасты на пальцах у танкапальцага сусліка і грэбеняпальцага тушканчыка) або ў яго тоўшчы (членікавыя лапкі тараканаў пясчаных). Сухапутныя П. — ксерафілы з надзвычай эканомным водным абменам і невысокім узроўнем метабалізму. Многія П. зімой і летам упадаюць у спячку або назапашваюць кармы ці робяць сезонныя міграцыі; многія вядуць начны спосаб жыцця.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПТУШКО́ (Аляксандр Лукіч) (19.4.1900, г. Луганск, Украіна — 6.3.1973),
расійскі кінарэжысёр, мастак. Нар.арт.СССР (1969). Вучыўся ў Маскоўскім ін-це нар. гаспадаркі. У кіно з 1927, напачатку канструктар лялек і пастаноўшчык мультыплікацыйных фільмаў. Стварыў серыю «Прыгоды Брацішкіна» (1928—30), зняў першы гукавы аб’ёмна-мультыплікацыйны фільм «Уладар быту» (1932). Сярод інш. фільмаў: «Новы Гулівер» (1935), «Казка пра рыбака і рыбку» (1937), «Вясёлыя музыкі» (1938), «Залаты ключык» (1939; выкарыстаў ігравыя, аб’ёмна-мультыплікацыйныя і камбінаваныя здымкі). З 1940-х г. ставіў фільмы-экранізацыі, пераважна казкі: «Каменная кветка» (1946, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Канах), «Садко» (1953, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі), «Ілья Мурамец» (1956; першы шырокаэкранны фільм са стэрэафанічным гукам), «Сампо» (1959), «Казка пра згублены час» (1964), «Казка пра цара Салтана» (1967), «Руслан і Людміла» (1972). Паставіў таксама фільм «Пунсовыя ветразі» (1961). Часта быў аўтарам або сааўтарам сваіх фільмаў. Дзярж. прэмія СССР 1947.
Тв.:
Специальные способы киносъемки. М., 1930 (разам з Л.Сухарэбскім);
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГО́З, пухоўка (Typha),
род кветкавых раслін сям. рагозавых. Каля 15 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных паясах. На Беларусі 2 віды Р.: вузкалісты (T. angustifolia) і шыракалісты (T. latifolia), нар. назвы калавей, кіёўка. Утвараюць зараснікі па берагах вадаёмаў і ў балотах.
Шматгадовыя водныя ці балотныя травы з паўзучым карэнішчам. Тоўстыя неразгалінаваныя сцёблы выш. да 2 (3) м, цыбулінападобна патоўшчаныя пры аснове. Лісце вузка- ці шырокалінейнае, плоскае, суцэльнае. Кветкі дробныя, у шчыльных цыліндрычных суквеццях — катахах (уверсе — тычынкавыя, ніжэй — песцікавыя). Плод — дробны арэшак з лятучкай з доўгіх валаскоў. Сцёблы і лісце выкарыстоўваюцца як буд. матэрыял, для пляцення кошыкаў, цыновак. З багатых на крухмал карэнішчаў атрымліваюць муку, сурагат кавы, таксама гэта корм для андатры, нутрыі. бабра, маладыя парасткі паядаюцца карпам. Прыкветкавыя валаскі жан. «шышак» выкарыстоўваюць у вытв-сці цэлюлозы, кінаплёнкі, фетру (у сумесі з шэрсцю жывёл), у выратавальных паясах. Некат. Р. — пустазелле рысавых палёў. Найважнейшы кампанент плаўняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ДЛАЎ (Васіль Васілевіч) (Фрыдрых Вільгельм 5.1.1837, Берлін — 12.5.1918),
расійскі ўсходазнавец-цюрколаг, этнограф і археолаг, прадстаўнік казанскай лінгвістычнай школы. Акад. Пецярбургскай АН (1884). Скончыў Берлінскі ун-т (1858). З 1858 у Расіі. У 1885—90 дырэктар Азіяцкага музея, з 1894 Музея антрапалогіі і этнаграфіі АН. Адзін з ініцыятараў стварэння і старшыня Рус.к-та па вывучэнні Сярэдняй і Усх. Азіі (1903—18). У 1860—70 у экспедыцыях па Алтаі, Сібіры, Казахстане і Сярэдняй Азіі сабраў матэрыял па мовах, фальклоры, этнаграфіі і археалогіі цюркскіх народаў. У 1891 кіраваў Архонскай экспедыцыяй АН (Манголія), у 1898 арганізаваў Турфанскую экспедыцыю (Цэнтр. Азія). Дэшыфраваў (адначасова з В.Томсенам) мову архона-енісейскіх надпісаў. Адзін з заснавальнікаў параўнальна-гіст. вывучэння цюркскіх моў. Аўтар фундаментальнай працы «Спроба слоўніка цюркскіх гаворак» (т. 1—4, 1882—1909), а таксама «Параўнальная граматыка паўночных цюркскіх моў» (т. 1, 1882), «Старажытнацюркскія надпісы Манголіі» (1894—95), «Уступныя думкі да апісання марфалогіі цюркскіх моў» (1911) і інш.