МАСКЕ́ВІЧ Багуслаў Казімір (1625, в. Сэрвач Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. — 1683),
бел. грамадскі дзеяч, пісьменнік-мемуарыст. Сын С.І.Маскевіча. Адукацыю атрымаў у Навагрудку. у 1646—48 у войску І.Вішнявецкага, з якім у 1647 пабываў у Запарожскай Сечы. У 1650 пакінуў вайск. службу. Быў ашмянскім маршалкам. Аўтар двух «Дыярыушаў» на польск. мове. У адным (ахоплівае 1643—49) замалёўкі ўкр. стэпаў, ваен. дзеянняў Вішнявецкага, М.Патоцкага, М.Каліноўскага, Я.Радзівіла супраць Б.Хмяльніцкага на Украіне і Беларусі. Падзеі пададзены з феад.-шляхецкіх пазіцый, хоць аўтар і не заўсёды прыхільна ставіцца да магнатаў. У другім апісана трыумфальнае шэсце рус. ваяводы І.Хаванскага па Беларусі ў пач. 1660 і разгром яго войск 28.6.1660 аб’яднанымі сіламі літ. гетмана П.Сапегі, польск. ваяводы С.Чарнецкага і інш. каля в. Палонка Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.
Літ.:
Pamiętniki Samuela i Bogusława Kazimierza Maskewiczów. Wrocław. 1961.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКО́ЎСКІ ТЭА́ТР ЭСТРА́ДЫ.
Засн. ў 1954 па ініцыятыве рас. артыстаў эстрады. У розны час т-р узначальвалі М.Смірноў-Сакольскі, А.Коннікаў, І.Шароеў, з 1983 — Б.Бруноў, з 1997 — Г.Хазанаў. Да 1961 пастаяннай трупы не меў, спектаклі ладзіліся Усерасійскім гастрольным канцэртным аб’яднаннем і Масэстрадай. Выступалі акцёры Ленінградскага т-ра мініяцюр пад кіраўніцтвам А.Райкіна, аркестры Л.Уцёсава, А.Лундстрэма, Э.Рознера, акцёры Ю.Цімашэнка і Я.Бярэзін, працаваў Т-р двух акцёраў — М.Міронавай і А.Менакера. На сцэне М.т.э. ставяцца спектаклі У.Вінакура, М.Задорнава, Я.Петрасяна, Хазанава і інш., у рэпертуары т-ра пастаноўкі размоўнага жанру, вакал, інструментальная музыка, фальклор, пантаміма, цыклы «Упершыню ў тэатры эстрады», «Нязгасныя зоркі эстрады», «Эстрадны серпанцін» і інш. Ладзяцца пастаноўкі для дзяцей, муз. канцэрты, творчыя вечары-сустрэчы з дзеячамі культуры, бенефісы майстроў эстрады і інш. У складзе тэатра аркестр (з 1957).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЧУ́ЛІШЧЫ,
гарадскі пасёлак у Мінскім р-не (з 1997), чыг. прыпынак на лініі Мінск—Асіповічы. За 15 км на ПдУ ад Мінска. 7742 ж. (1999).
Вядомы з 1590 як шляхецкая маёмасць у складзе маёнтка Гатава. У 1600 вёска Мочул, належала І.С.Корсаку, з 1791 уласнасць каталіцкай царквы, у 1800, 1815 — Мінскага жаночага бернардзінскага кляштара, з 1858 казённая ўласнасць. У 1897 вёска Сеніцкай вол., 359 ж., 55 двароў, хлебазапасны магазін, школа пісьменнасці (з 1890), царква. У 1917 нар. вучылішча. У 1941—538 ж., 87 двароў, у 1997—8207 ж., 208 гаспадарак.
Дзярж. прадпрыемства «Трансавіяэкспарт», з-д «Аэрамаш». Сярэдняя, пач., дзіцячая муз. школы, школа МУС, філіял Рэсп. цэнтра тэхн. творчасці навучэнцаў — маладзёжны авіяц.-спарт. цэнтр, б-ка, Дом афіцэраў, амбулаторыя, аддз. сувязі. Царква. Мемар. комплекс, прысвечаны 17 Героям Сав. Саюза, якія выхаваны ў мясц. авіячасці. Біял. заказнік мясц. значэння Мачулішчанскія хвоі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЯ́К,
збудаванне вежавага тыпу, прызначанае для вызначэння месцазнаходжання суднаў і забеспячэння бяспекі плавання. Будуюцца на высунутай у мора ч. берага, у вусцях рэк, на водмелях, скалах, часам устанаўліваюць на якарах (плывучыя М.). Акрамя агульных бываюць М. для ВМФ (у закрытых для плавання раёнах); гідраакустычныя М.-адказчыкі, якія ўстанаўліваюцца на перыяд баявых дзеянняў і інш.
Абсталёўваюцца святлоаптычнай сістэмай (далёкасць бачнасці святла больш за 10 міль — 18,5 км), акустычнымі і гідраакустычнымі ўстаноўкамі (для падачы сігналаў у тумане, вадзе), радыётэхн. прыстасаваннямі (гл.Радыёмаяк, Радыёлакацыйны маяк), выратавальнымі станцыямі. М. на паветр. лініях, якія забяспечваюць арыентаванне лятальных апаратаў, наз. аэрамаякамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКАШЭ́ВІЧЫ,
рабочы пасёлак у Лунінецкім р-не Брэсцкай вобл., на р. Валхва; чыг. станцыя на лініі Лунінец—Калінкавічы. За 54 км ад Лунінца, 282 км ад Брэста. 14,7 тыс.ж. (1998).
У 19 ст. вёска Ленінскай вол. Мазырскага пав. З часу пракладкі Палескіх чыгунак (1880-я г.) — мястэчка і буйная станцыя; пабудаваны Мікашэвіцкі лесапільна-фанерны завод. У 1921—39 у Польшчы, мястэчка Лунінецкага пав. Палескага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 рабочы пасёлак, цэнтр сельсавета ў Ленінскім раёне. У Вял.Айч. вайну з ліп. 1941 да 9.7.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі. З 1950 цэнтр Ленінскага р-на. З 1960 у Лунінецкім р-не.
Прадпрыемствы буд. матэрыялаў (Мікашэвіцкае прадпрыемства «Граніт», Мікашэвіцкі каменеапрацоўчы завод), харч. прам-сці. Рачны порт на Мікашэвіцкім канале. 3 сярэднія школы, гімназія, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, паліклініка, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛЬТЫЯ́Д (Miltiadēs; каля 550—489 да н.э.),
старажытнагрэчаскі дзярж. дзеяч, палкаводзец. Са знатнага афінскага роду Філаідаў. Бацька Кімана. Паміж 523—513 да н.э. сасланы тыранам Гіпіем на Херсанес Фракійскі, дзе атрымаў у спадчыну ўладу свайго брата Стэсагора і стаў тыранам. Удзельнік паходу супраць скіфаў (514—513 да н.э.). Падпарадкаваў Афінам Лемнас і інш. Кікладскія а-вы. Падтрымліваў грэч. гарады М. Азіі ў час іх паўстання супраць Персіі (500—494 да н.э.). Пасля задушэння паўстання гарадоў уцёк у Афіны, дзе прыцягваўся да суда як б. тыран, але быў апраўданы. У 490 да н.э. выбраны адным са стратэгаў і ўзначаліў грэч. войска ў час Марафонскай бітвы, у якой атрымаў перамогу. У 489 да н.э. ўдзельнічаў у экспедыцыі супраць астравоў, што адасобіліся ад Афін; за няўдалыя ваен. дзеянні на в-ве Парас прыгавораны да грашовага штрафу, які перавышаў яго маёмасць. Памёр у турме; паводле інш. звестак, памёр раней ад ран.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НА (ад франц. mine руднік, шахта, падкоп),
1) боепрыпас, які выкарыстоўваюць для ўзрыўных загарод на сушы і моры. Першапачаткова М. называлі падкоп пад крапасную сцяну; у фартыфікацыі — мінную галерэю (падземны штучны ход да ўмацавання праціўніка); пазней — зарад выбуховага рэчыва, закладзены на пэўнай глыбіні. У канцы 18 ст. створаны плаваючыя, якарныя, у 2-й пал. 19 ст. самарушныя марскія М. (гл.Тарпеда) і палявыя самавыбуховыя фугасы — прататыпы сучасных проціпяхотных М. Адрозніваюць М. інжынерныя і марскія. Да інж. М. адносяць: проціпяхотныя, процітанкавыя, процідэсантныя, процітранспартныя, аб’ектныя, спецыяльныя і інш. Марскія М. бываюць донныя, плаваючыя, якарныя і інш. 2) Боепрыпас для стральбы з мінамётаў і гладкаствольных безадкатных гармат. Такія М. падзяляюцца на асколачныя, асколачна-фугасныя і фугасныя; запальныя, асвятляльныя, вучэбна-трэніровачныя і інш.
С.У.Чарных.
Да арт.Міна: а — артылерыйская; б — марская; в — інжынерная; 1 — корпус; 2 — зарад; 3 — узрывальнік; 4 — стабілізатар; 5 — мінрэп (трос); 6 — націскная накрыўка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЕ РЭА́ЛЬНАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА.
Існавала ў 1880—1917. Засн. 1.7.1880 на ахвяраванні жыхароў горада. Утрымлівалася за кошт платы за навучанне і дапамогі з казны. Спачатку мела 2 класы, пазней пераўтворана ў 7-класнае. Пры 7-м класе было механіка-тэхн.аддз., якое 1.7.1891 рэарганізавана ў аддзяленне для падрыхтоўкі выхаванцаў да паступлення ў спецыялізаваныя ВНУРас. імперыі (пераважна ў тэхнал. ін-ты). 5-ы і 6-ы класы мелі асн. і камерцыйнае аддзяленні. Выкладаліся рус. мова і славеснасць, польск., ням. і франц. мовы, гісторыя, геаграфія, заканазнаўства, матэматыка, фізіка, касмаграфія, прыродазнаўства, маляванне, чарчэнне, чыстапісанне, музыка, спевы, гімнастыка. Пры вучылішчы існавалі б-ка, лабараторыя, фіз., мех., прыродазнаўча-гіст. і інш. кабінеты. У 1883 вучылася 67, у 1907—264, у 1911—268, у 1915—304 юнакі. Сярод выхаванцаў вучылішча нар. артыст СССР Б.В.Платонаў.
Літ.:
Памятная книжка Виленского учебного округа на 1915 г. Вильна, 1915.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІРО́НАЎ Валерый Паўлавіч (н. 7.4.1927, г. Гагарын Смаленскай вобл., Расія),
бел. артыст балета. Нар.арт. Беларусі (1966). Скончыў клас удасканалення Маскоўскага харэаграфічнага вучылішча (1947). У 1947—69 адзін з вядучых салістаў Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. У 1949—78 адначасова педагог Бел. харэаграфічнага вучылішча. Танцоўшчык пераважна лірычнага плана, з рамант. накіраванасцю. Яго мастацтва вызначалі пераканальнасць у раскрыцці ўнутр. свету персанажаў, чысціня і лёгкасць выканання, высокая тэхніка дуэтнага танца. У нац. балетах стварыў рэльефныя вобразы Васіля («Князь-возера» В.Залатарова), Алеся («Святло і цені» Г.Вагнера). Да значных творчых дасягненняў М. належаць таксама партыі Зігфрыда, Дэзірэ, Прынца («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня» і «Шчаўкунок» П.Чайкоўскага), Вацлава («Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева), Гармодыя («Спартак» А.Хачатурана), Базіля, Салора («Дон Кіхот», «Баядэрка» Л.Мінкуса), Елісея («Казка пра мёртвую царэўну» У.Дзешавова на тэмы А.Лядава).