вёска ў Драгічынскім раёне Брэсцкай вобласці. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 20 км на ПнУ ад Драгічына, 130 км ад Брэста, 27 км ад чыг. ст. Драгічын. 1442 ж., 497 двароў (1995). Сярэдняя школа. Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.
Вядома з сярэдзіны 16 ст. як мястэчка Пінскага пав. Пад Бездзежам войскі барскіх канфедэратаў на чале з Міхалам Казімірам Агінскім 6.9.1771 разбілі атрад рас. войскаў палкоўніка Альбічава. З 1795 у складзе Рас. імперыі, у Кобрынскім пав. Слонімскай, потым Літоўскай, Гродзенскай губ. У 1915 акупіравана герм. войскамі. З 1921 цэнтр гміны Драгічынскага пав. Палескага ваяв. Польшчы, 1248 ж. (1921). З 1939 у складзе БССР, з 1940 у Драгічынскім раёне Брэсцкай вобласці. У чэрв. 1941 — ліп. 1944 акупіравана ням.-фаш. захопнікамі. Помнікі: драўлянага дойлідства 18 ст. — Бездзежская Троіцкая царква, мураваны касцёл у стылі класіцызму (пабудаваны да 1820), мемар. калона ў гонар Канстытуцыі 3 мая 1791 (канец 18 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ГІДРАГЕАЛАГІ́ЧНЫ МАСІ́Ў,
у цэнтральнай і зах. частках Беларусі. Прымеркаваны да Беларускай антэклізы. Мяжуе на ПнЗз Прыбалтыйскім, на Уз Аршанскім, на Пдз Прыпяцкім, на Зз Брэсцкім гідрагеалагічнымі басейнамі. Ваданосныя гарызонты ў пародах крышт. фундамента і асадкавых адкладах платформавага чахла. Магутнасць зоны актыўнага водаабмену 350—400 м. Яна адпавядае прыўзнятай частцы масіву. Воды прэсныя, гідракарбанатныя кальцыевыя, напорныя, за выключэннем верхніх гарызонтаў грунтавых водаў (часам самавыліваюцца). Мінералізацыя 0,1—0,6 г/л. Да схілаў масіву прымеркавана зона запаволенага водаабмену, дзе воды саланаватыя, сульфатна-хларыдныя натрыевыя і хларыдныя натрыевыя, мінералізацыя ад 1,5—2,9 г/л да 28,4 г/л, нярэдка са значнай колькасцю брому і фтору. Дэбіт свідравін ад 0,02—0,1 л/с да 16—20 л/с. Прэсныя воды выкарыстоўваюцца для гасп. і пітнога водазабеспячэння, мінеральныя — для лячэбна-прафілактычных мэтаў у санаторыях («Нарач», «Аксакаўшчына», «Крыніца» і інш.) і для разліву (з-ды ў Мінску, Маладзечне і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІМЕТАЛІ́ЗМ,
грашовая сістэма, пры якой за двума металамі — золатам і серабром — заканадаўча замацавана роля ўсеагульнага грашовага эквіваленту. Манеты з гэтых металаў выконвалі ўсе функцыі грошай і нараўне ўдзельнічалі ў абарачэнні. Існавалі 2 разнавіднасці біметалізму: сістэма паралельнай валюты (вартасныя суадносіны паміж золатам і серабром устанаўліваліся стыхійна ў адпаведнасці з іх рыначнай вартасцю) і сістэма адной валюты (вызначаўся парытэт паміж серабром і золатам).
Біметалізм узнік у сярэднявеччы і быў найб. пашыраны ў Зах. Еўропе ў 16—19 ст., калі з развіццём капіталізму павялічваўся попыт на золата і серабро. Сістэма двайной валюты існавала ў ЗША з канца 18 ст. да 1873, у Францыі — зпач. 19 ст. Ва ўмовах біметалізму папяровыя грошы свабодна абменьваліся на золата і серабро, таму валютны запас краін складаўся з 2 гэтых металаў. Аднак біметалізм не адпавядаў патрэбам развітой таварнай гаспадаркі і супярэчыў самой прыродзе грошай як адзінага тавару, прызначанага выконваць ролю ўсеагульнага эквіваленту. Таму быў ажыццёўлены пераход ад залатога монаметалізму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕНЬ (? — каля 1316),
вялікі князь ВКЛ (каля 1295—1316). Звесткі пра паходжанне супярэчлівыя. Паводле адных крыніц, ён родам з Жамойціі, другія называюць яго сынам Трайдзеня, трэція выводзяць яго з роду смаленскіх князёў. Бел. гісторыкі 19 ст. М.В.Без-Карніловіч і А.Кіркор лічылі яго сынам полацкага князя Гердзеня. На думку храніста 14 ст. П.Дусбурга, Віцень — сын Лютувера, які атаясамліваецца зБудзівідам. Бацька або брат Гедзіміна. Змагаўся за адзінства дзяржавы, ваяваў супраць палякаў у 1291, 1293, 1296, 1306, 1307. Вёў барацьбу з крыжакамі Тэўтонскага і Лівонскага ордэнаў. У 1298 заключыў саюз з Рыгай, што дало магчымасць адбіць крыжацкі наступ на Жамойцію. Як і Трайдзень, сяліў прусаў, якія ўцяклі ад ням. заваёўнікаў, на Гарадзеншчыне. У 1294 задушыў паўстанне жамойцкіх феадалаў, што схіляліся да саюзу з крыжакамі. Паводле позняга Васкрасенскага летапісу, уключыў у ВКЛБерасцейскую зямлю (1315). Загінуў ад удару перуна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫПРАМЯНЕ́ННЕ І ПРЫЁМ РАДЫЁХВА́ЛЬ,
працэс пераўтварэння энергіі крыніцы ваганняў электрычнага току (або зараду) у энергію бягучых электрамагнітных хваль і далейшага пераўтварэння энергіі гэтых хваль у энергію пераменнага электрычнага току. Ажыццяўляецца з дапамогай перадавальных і прыёмных антэн.
Для эфектыўнага выпрамянення (або прыёму) радыёхваль неабходны незамкнуты (адкрыты) эл. ланцуг, у якога адлегласць паміж участкамі з проціфазнымі ваганнямі току (зараду) параўнальная з палавінай даўжыні эл.-магн. хвалі (для патрэб тэле- і радыёвяшчання выкарыстоўваюцца эл.-магн. хвалі з даўжынёй да 2 км і частатой больш за 150 кГц) або такіх участкаў няма. У самым простым выпадку ланцуг складаецца з 2 аднолькавых адрэзкаў прамалінейнага проваду (сіметрычны вібратар; гл. таксама Герца вібратар), злучаных двухправоднай лініяй сувязі з крыніцай ваганняў. У кожны момант часу зарады адрэзкаў роўныя па модулі і процілеглыя па знаку (эл.дыполь), што вызначае канфігурацыю створанага эл. поля. Токі ў адрэзках супадаюць па напрамку, і таму сілавыя лініі створанага магн. поля — акружнасці. Прыём радыёхваль — працэс, адваротны працэсу выпрамянення. Гл. таксама Дыпольнае выпрамяненне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́МА ((Gama) Васка да) (1469, г. Сініш, Партугалія — 24.12.1524),
партугальскі мараплавец, які ўпершыню праклаў марскі шлях з Еўропы ў Індыю. Адмірал (1502). Граф Відыгейра (1519). На чале экспедыцыі з 4 караблёў (выйшла з Лісабона ў ліп. 1497) абагнуў зПд Афрыку і з дапамогай араб. лоцмана Ахмеда ібн Маджыда ў маі 1498 дасягнуў інд. порта Калікут. Са 168 маракоў у Партугалію жывымі вярнуліся 55 (вер. 1499). У час экспедыцыі 1502—03 на чале армады (20 караблёў з дэсантам пяхоты і артылерыі) разбурыў Калікут, стварыў крэпасць у порце Кочын, заснаваў шэраг апорных баз-факторый на Малабарскім беразе, усх. узбярэжжы Афрыкі і інш. У 1524 прызначаны віцэ-каралём Індыі і здзейсніў туды апошняе плаванне. Памёр у крэпасці Кочын. Экспедыцыі Гамы садзейнічалі каланізацыі Індыі партугальцамі і ўстанаўленню іх кантролю заміжнар. гандлем у Індыйскім акіяне.
Літ.:
Магидович И.П., Магидович В.И. Очерки по истории географических открытий. 3 изд. М., 1983. Т. 2. С. 39—44, 84—85.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДЗІ́ЛАВА,
вёска ў Маладзечанскім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. Раз’езд на чыг. лініі Маладзечна—Ліда. За 23 км на ПдЗ ад г. Маладзечна, 96 км ад Мінска, 7 км ад чыг. ст. Палачаны. 403 ж., 140 двароў (1996).
У пісьмовых крыніцах упершыню ўпамінаецца ў 1443 як прыватнаўласніцкі маёнтак з касцёлам. У канцы 16 ст. ў Ашмянскім пав.ВКЛ. Належаў А.Фурсу, Астравухам, Гансеўскім, Коцелам, Свентаржыцкім, Ахматовічам. З 1793 у Рас. імперыі, у Вілейскім пав. У 1866 пабудавана Феадосьеўская царква, працавала школа. Побач з вёскай выяўлены гарадзішча штрыхаванай керамікі культуры і курганы 9—10 ст., раскопкі якіх у 1854 праводзіў А.Кіркор. У 1906—07 Гарадзілава наведваў Я.Купала. З 1921 у складзе Польшчы, з 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Маладзечанскага р-на. У 1970 — 225 ж., 51 двор.
Цэх па вырабе мясных прадуктаў. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Феадосьеўская царква.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛАСКО́ (Восіп Восіпавіч) (Хлашко Юзаф; 1856, маёнтак Пераселянцы Полацкага пав. — 14.7.1934),
дзеяч народніцкага і польск. грамадска-паліт. руху, журналіст. Стрыечны брат І.А.Гласко. З 1876 вучыўся ў мед.-хірург. акадэміі ў Пецярбургу. У 1878 і 1879 за ўдзел у студэнцкіх выступленнях і паездкі да рэвалюцыянераў быў арыштаваны. Удзельнічаў у стварэнні польск. сацыяліст. гміны ў Пецярбургу, прадстаўнік яе ў «Народнай волі». Паступова адышоў ад народніцтва ў бок нац. сацыялізму. У 1881 арыштаваны і высланы на 5 гадоў у г. Енісейск. У 1888—93 у Варшаве, супрацоўнік штотыднёвіка «Glós» («Голас»), Далучыўся да нац. дэмакратаў (эндэкаў). У 1894 асуджаны па справе «Лігі Нарадовай» (арг-цыі эндэкаў), высланы на 5 гадоў у Валагодскую губ.З 1897 у Смаленску, Пераселянцах, Львове. З 1906 у Вільні рэдагаваў час.«Дзённік Віленьскі». З 1915 у Пецярбургу разам з лідэрамі эндэцыі выдаваў штотыднёвік «Sprawa polska» («Польская справа»), пазней у Маскве заснаваў штотыднёвік «Gazeta polska» («Польская газета»). З 1918 у Варшаве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ЖА,
вёска ў Гродзенскім р-не, на правым беразе р. Нёман, на аўтадарозе Гродна — г. Друскінінкай (Літва). Цэнтр сельсавета і калгаса. За 17 км на Пн ад Гродна. 1954 ж., 304 двары (1996).
Вядома з 15 ст. як велікакняжацкі двор Ожа (Гожа) у Трокскім ваяв.ВКЛ. З 1598 уладанне Е.Міцуты. З 1671 мястэчка, цэнтр староства. З 1795 у Рас. імперыі, цэнтр воласці Гродзенскага пав. У 1885 — 135 ж., 17 двароў, валасное праўленне, мураваны касцёл. У 1921—39 у Польшчы, з 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Гродзенскага р-на. У 1970 — 506 ж., 139 двароў.
Лясніцтва, малыя прадпрыемствы «Мяжа» і дрэваапрацоўчае. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік архітэктуры — касцёл (19 — пач. 20 ст.). Каля вёскі стаянка эпохі мезаліту (10 — 7-е тыс. да н.э.), селішча (11—14 ст.). Каля вёскі біялагічны заказнік Гожаўскі, радовішча пяску Гожа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ЗАЎ, Грозава,
вёска ў Капыльскім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 18 км на У ад Капыля, 102 км ад Мінска, 26 км ад чыг. ст. Цімкавічы. 481 ж., 197 двароў (1997).
Вядома з 1-й пал. 16 ст., вёска Навагрудскага пав.ВКЛ, уласнасць Алелькавічаў, потым Валодкавічаў [заклалі пры двары 2 царквы, мужчынскі манастыр (існаваў да 1810)], Радзівілаў, Незабытоўскіх. У 18 ст. мястэчка. З 1793 у Рас. імперыі ў Слуцкім пав. У 19 — пач. 20 ст. цэнтр воласці, належала Межаеўскім, Вітгенштэйнам, Гогенлоэ. У 1886 — 156 ж., 19 двароў, 3 школы, 3 царквы, 3 заезныя дамы, 11 крам; у пач. 20 ст. — 1032 ж., 177 двароў. У 1924—31 цэнтр Грэскага раёна, з 1931 у Капыльскім, з 1935 у Грэскім р-нах, з 1938 вёска. З 1956 у Капыльскім р-не. У 1971 — 587 ж., 189 двароў.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — сядзібны дом (2-я пал. 18 ст.).