падоўжны профіль рэчышча, выпрацаваны ракой пры працяглым тэктанічным спакоі, нязменным клімаце, стабільным становішчы базіса эрозіі і дапушчэнні, што рэкі толькі перамяшчаюць матэрыял, які паступае са схілаў, без эрозіі і акумуляцыі. Мае выгляд плаўнай увагнутай крывой: больш стромкай у верхнім цячэнні і спадзістай у ніжнім. У прыродзе падоўжны профіль рэчышча не ўяўляе сабой ідэальна плаўную крывую, ён зведвае бесперапынную перабудову ў выніку ваганняў клімату, змянення базіса эрозіі, тэктанічных рухаў і інш. Паняцце «П.р.р.» ўмоўнае, мае тэарэт. значэнне як гранічная форма профілю, да выпрацоўкі якой імкнецца рака. З рэк Беларусі бліжэй да раўнавагі падоўжны профіль рэчышчаў Прыпяці, Дняпра, верхняга цячэння Нёмана, Бярэзіны і большасці іх прытокаў. Падоўжныя профілі рэк Бел. Паазер’я не выпрацаваныя, на асобных участках захоўваюць выгляд ламанай лініі.
Да арт.Профіль раўнавагі ракі: 1 — нявыпрацаваныя профілі рэк Беларускага Паазер’я; 2 — выпрацаваныя профілі рэк Перадпалесся і Беларускага Палесся, блізкія да профілю раўнавагі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯНКРА́Т (Міхась) (Міхаіл Міхайлавіч; н. 28.8.1918, в. Карпілаўка Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў Смілавіцкі паляводчы тэхнікум (1939). Працаваў у рэдакцыях рэсп. газет, у 1959—79 у час. «Вожык». Друкуецца з 1937. Першы зб. вершаў «Салаўіны бераг» (1956). Аўтар сатыр. і гумарыст. зб-каў «Палын і кветкі» (1958), «Не з таго канца» (1959), «Аўтарытэт на колах» (1968), «Любоў у квадраце» (1969) і інш., кніг нарысаў «Простыя людзі» (1957), «Шчасце маё» (1962). Аповесць «Буян» (1975) напісана з любоўю да людзей і прыроды. Аповесць «Ведрыцкія напевы» (1965) пра партыз. барацьбу супраць ням. фашыстаў. Праблемы сям’і, выхавання, узаемаадносін бацькоў і дзяцей у аповесці «Не астудзі сваё сэрца» (1989). Выдаў кніжкі для дзяцей «Два Ваські» (1974), «Двое ў лодцы» (1983).
Тв.:
Чэрвень: Гіст.-экан. нарыс. Мн., 1977;
Прынцыповы пасаг. Мн., 1978;
Спатканні і ростані. Мн., 1978;
Не астудзі сваё сэрца: Аповесць, апавяданні. Мн., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗДЗЯЛО́ЎСКАЯ (Ядвіга Іосіфаўна) (1.3.1902, г. Бяла-Падляска, Польшча — 26.8.1992),
бел. жывапісец. Засл. дз. культуры Польшчы (1982). Скончыла Варшаўскую маст. школу (1939). У 1959—77 выкладала ў студыі выяўл. мастацтва ў г. Маладзечна Мінскай вобл. Творчасці ўласцівы гарманічнасць каларыту, дакладнасць маст. вобраза, лірычнасць. Аўтар сюжэтна-тэматычных карцін «Немцы адступаюць» (1946), «У рабства» (1947), «Дом-музей П.І.Чайкоўскага ў Кліне» (1951), «Раніца» (1956), «Адам Міцкевіч і Марыля Верашчака ў Туганавічах» (1965); партрэтаў «Дзяўчынка ў ружовым» (1956), «Маладая балерына» (1960), «Цыганка з дзіцем» (1968), «Мастак Б.Шахназараў» (1981); пейзажаў «Масток» (1956), «Від на аул Кубачы» (1963), «Нясвіж. Вясна ў парку» (1975), «Вясна ў лесе» (1982); нацюрмортаў «Кветкі і фрукты», «Вясновы нацюрморт» (абодва 1963), «Чаромха» (1966), «Белая акацыя», «Нацюрморт з вінаградам», «Мальвы» (усе 1976), «Нацюрморт з рабінаю» (1980), «Вязынка», «Рэквіем», «Родныя кветкі» (усе 1982), «Сказ беларускага лесу» (1984) і інш. Працавала таксама ў графіцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«РЭГЕ́СТЫ КРЫНІ́Ц ПА ГІСТО́РЫІ ЛІТВЫ́»
(«Regesta źródłowe do dziejów Litwy od czasów najdawniejszych aż do unji z Polską», «Regesta Lithuaniae ab origine usque ad Magni Ducatus cum Regno Poloniae unionem»),
зборнік рэгестаў (паведамленняў, цытат з твораў) па гісторыі Літвы, Жамойці і некат. зах.-балцкіх плямён з найдаўнейшых часоў да пачатку панавання ў ВКЛвял.кн. Гедзіміна. Складзены на лац. мове. Выдадзены Г.Пашкевічам (т. 1, Варшава, 1930). Змяшчае паведамленні з прац антычных аўтараў, сярэдневяковых гісторыкаў, ням. і польск. аналаў, рус. летапісаў. Размешчаны ў храналагічным парадку, 1-е з іх — паведамленне Тацыта пра эстаў (98 г.н.э.), апошняе — паведамленне з хронікі Г.Вартберга пра г. Кукенойс (1315). Рэгесты перадаюць кароткі змест паведамлення, некаторыя цалкам яго цытуюць. Змешчаны 853 рэгесты і ў дадатку 6. Матэрыялы зборніка асвятляюць стараж. гісторыю балцкіх народаў, працэс утварэння ВКЛ, уключэння ў яго склад бел. зямель, ваенныя і мірныя ўзаемадачыненні ВКЛ з суседнімі дзяржавамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЙХСТА́Г (ням. Reichstag),
1) у «Свяшчэннай Рымскай імперыі» з 12 ст. — орган саслоўнага прадстаўніцтва пры герм. імператару, наз. таксама імперскім сеймам.
2) У Герм. імперыі — устаноўчы сход, потым ніжняя палата Паўн.-Герм. саюза (1867—71); у 1871—1918 — выбарны орган, які ўдзельнічаў у прыняцці законаў, бюджэту і кантролі за выканаўчай уладай (вышэйшым прадстаўнічым органам лічыўся бундэсрат).
3) У Веймарскай рэспубліцы (1919—33) — ніжняя палата парламента, якая выбіралася насельніцтвам паводле сістэмы прапарцыянальнага прадстаўніцтва.
4) У фаш. Германіі (з 1933) Р. захоўваўся толькі фармальна. 27.2.1933 адбыўся справакаваны нацыстамі падпал будынка Р. (гл.Лейпцыгскі працэс 1933). У Вял.Айч. вайну 29.4—2.5.1945, сав. войскі 1-га Бел. фронту (Маршал Сав. Саюза Г.К.Жукаў) у ходзе Берлінскай аперацыі 1945 авалодалі будынкам Р. (размешчаны ў парку Тыргартэн у Берліне), на яго даху быў узняты Сцяг Перамогі.
5) У сучаснай ФРГ месца знаходжання федэральнага парламента.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САКАЛО́ЎСКІ (Уладзімір Эдуардавіч) (н. 13.9.1930, Мінск),
бел. архітэктар. Засл.арх. Беларусі (1979). Канд. архітэктуры (1966). Скончыў БПІ (1958). З 1958 працаваў у ін-це «Белдзяржпраект», з 1965 гал. архітэктар, з 1972 дырэктар БелНДІдзіпрасельбуда. З 1965 адначасова выкладаў у БПА. У 1992—2000 гал. эксперт Галоўэкспертызы Мін-ва архітэктуры і буд-ва Беларусі. Асн. работы: праект дэталёвай планіроўкі і забудовы г. Салігорск, праекты дэталёвай планіроўкі зон адпачынку на Заслаўскім вадасховішчы і воз. Нарач (усе 1959—60), дом адпачынку на воз. Нарач (1959—61), будынак БелНДІдзіпрасельбуда і лабараторны корпус з-да імя Вавілава (1969) у Мінску, праект і забудова в. Малеч у Бярозаўскім р-не (1969—81, усе ў сааўт.).
Тв.:
Архитектура Советской Белоруссии. М., 1973 (у сааўт.);
Проектирование и строительство промышленных комплексов. Мн., 1975 (разам з І.Г.Малковым);
Архитектура нового белорусского села. Мн., 1979 (разам з Р.М.Алімавым);
Архитектура Советской Белоруссии. М., 1986 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САКА́ЛЬСКІ (Пётр Пятровіч) (26.9.1832, г. Харкаў, Украіна — 11.4.1887),
украінскі кампазітар, публіцыст, фалькларыст, муз.-грамадскі дзеяч. Скончыў Харкаўскі ун-т (1852). У 1859 аднавіў дзейнасць адэскага Філарманічнага т-ва, удзельнічаў у стварэнні Т-ва аматараў музыкі (1864, у далейшым Адэскае муз.т-ва) і муз. школы пры ім (1866). Яго оперы — адны з першых прафес. узораў укр. опернага мастацтва. Сярод муз. твораў: оперы «Мазепа» (1859), «Майская ноч» (1863), «Асада Дубна» (1878); кантата «Баль Пятра Вялікага» (1859); балада «Слухай» (1864); фп. (каля 40) і віяланчэльныя п’есы, рамансы (больш за 40), хары, песні і інш. У муз.-крытычных артыкулах адстойваў ідэі народнасці муз. мастацтва. Аўтар працы «Руская народная музыка, велікаруская і маларуская...» (1888). Збіраў і апрацоўваў нар. песні, у т. л.бел., шэраг з іх апублікаваны ў яго зб. «Маларасійскія і беларускія песні» (выд. 1903).
Літ.:
Карышева Т.И. Петр Сокальский: Жизнь и творчество. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛАДКО́Ў (Цімафей Ерафеевіч) (21.2.1915, в. Шчэжар Магілёўскага р-на — 23.11.1995),
бел. гісторык. Д-ргіст.н. (1965), праф. (1966). Скончыў Смаленскі пед.ін-т (1950). З 1946 на парт. рабоце ў Смаленскай вобл. З 1952 у Ін-це гісторыі партыі пры ЦККПБ, у БДУ. З 1964 заг. кафедры і адначасова (1965—71) прарэктар Мінскага радыётэхн. ін-та. Даследаваў гісторыю рэв. руху на Беларусі напярэдадні і ў перыяд 1-й сусв. вайны, Лют. рэвалюцыі 1917. Адзін з аўтараў «Нарысаў гісторыі Камуністычнай партыі Беларусі» (ч. 1, 2-е выд. 1968).
Тв.:
Бальшавікі Беларусі ў перыяд першай сусветнай вайны і другой рускай рэвалюцыі (1914 — сакавік 1917 гг.). Мн., 1957;
Борьба трудящихся Белоруссии против царизма (1907—1917 гг). Мн., 1967;
Большевистская газета «Правда» в Белоруссии (1912—1917 гг.). 2 изд. Мн., 1972;
Полувековой опыт СССР и современный мир. Мн., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛАМА́ТАЎ (Ілья Ільіч) (27.7.1907, в. Малая Бярсеніха Уржумскага р-на Кіраўскай вобл., Расія — 3.1.1989),
бел. вучоны ў галіне хім. машынабудавання. Чл.-кар.АН Беларусі (1969), д-ртэхн.н. (1962), праф. (1971). Скончыў Маскоўскі ін-тхім. машынабудавання (1934). З 1946 ва Усесаюзным НДІхім. машынабудавання (нам. дырэктара, у 1959—65 дырэктар). У 1967—77 у Ін-це ядз. энергетыкі АН Беларусі (нам. дырэктара). Навук. працы па радыяцыйна-хім. машынабудаванні, радыяцыйнай хіміі. Прапанаваў канструкцыі вакуумнага абсталявання для атамнай прам-сці, выкарыстанне ультрагуку і вібрацыйнай тэхнікі для інтэнсіфікацыі працэсаў растварэння і экстракцыі. Дзярж. прэмія СССР 1949.
Тв.:
Использование изотопов и излучений в народном хозяйстве Белорусской ССР // Весці АНБССР. Сер. фіз.-энергетыч. навук. 1971. № 2;
Образование карбонильных соединений при радиолизе этиленгликоля в метаноле // Там жа. 1977. № I.
Літ.:
И.И.Саламатов // Весці АНБССР. Сер. фіз.-энергетыч. навук. 1977. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМАЛЁТНЫ СПОРТ,
спаборніцтвы на самалётах; адзін з тэхнічных відаў спорту. Уключае спаборніцтвы на самалётах розных катэгорый з поршневымі, турбавінтавымі і рэактыўнымі рухавікамі на ўстанаўленне рэкордаў скорасці, вышыні, далёкасці, працягласці, хуткаўздымнасці і грузападымальнасці; спаборніцтвы на 1-месных спарт. і 2-месных вучэбных самалётах з поршневымі і рэактыўнымі рухавікамі па выкананні фігур вышэйшага пілатажу (у т. л. паветраная акрабатыка) у палётах прамым, абернутым, па крузе; у самалётаваджэнні па маршруце, удзень і ўначы.
Узнік у пач. 20 ст.Міжнар.авіяц. федэрацыя засн. ў 1905 (Парыж), Усерасійскі аэраклуб — у 1908 (Пецярбург). Чэмпіянаты свету па вышэйшым пілатажы праводзяцца з 1960 раз у 2 гады. Найб. развіты С.с. у Вялікабрытаніі, Германіі, ЗША, Расіі, Францыі, Швейцарыі і інш.
На Беларусі спаборніцтвы па С.с. праводзяцца штогод з 1949. Зборная каманда — сярэбраны прызёр 19-га асабіста-каманднага чэмпіянату СССР (1972). Сярод бел. спартсменаў найб. вызначыліся В.Аўсянкін, Т.Перасекіна, Я.Фралоў, В.Яікава і інш.