ЖЫЛЛЁ,

збудаванні для жыцця і арганізацыі побыту чалавека, аховы ад неспрыяльных уздзеянняў прыродных фактараў. Тыпы Ж. вызначаюцца ўзроўнем развіцця прадукц. сіл грамадства, буд. тэхнікі, характарам сац. адносін, геагр. асяроддзя і традыцый арганізацыі сямейнага ладу; разнавіднасці, маст. і кампазіцыйныя асаблівасці, абсталяванне і ўпрыгожанне інтэр’еру — эстэт. густам чалавека.

Найб. простыя тыпы Ж. вядомы з часоў каменнага веку (пячоры, зямлянкі, паўзямлянкі, буданы, пабудовы на палях і інш.). Краінам з цёплым кліматам характэрны тып Ж. з групоўкай замкнёных звонку памяшканняў вакол унутр. адкрытых дворыкаў (мегароны Стараж. Грэцыі, атрыумна-перыстыльныя дамы Стараж. Рыма); у краінах з умераным і халодным кліматам будавалі прамавугольныя ў плане дамы з асвятленнем праз вокны ў сценах. З паяўленнем гарадоў вылучыліся тыпы гар. і сельскіх пабудоў. У гарадах побач з індывід. 1—2-павярховымі дамамі будавалі шматпавярховыя на некалькі сем’яў (інсулы Стараж. Рыма). Для сярэдневякоўя характэрны замкі і палацы — Ж. феадалаў. Складваліся тыпы сялянскага Ж., якое захавала свае характэрныя рысы на многія стагоддзі; у гарадах сфарміраваўся тып дома, дзе спалучаліся жылыя, гандл. і складскія памяшканні, майстэрні рамеснікаў. У буд-ве такіх дамоў выкарыстоўвалі драўляныя канструкцыі (на аснове каркаса ці зруба), а таксама цагляныя, каменныя і мяшаныя (тэхніка «прускага муру»). Высокім маст. узроўнем вызначалася архітэктура рэнесансу (гл. Адраджэнне), барока, класіцызму. Рост гарадоў і гар. насельніцтва ў 19 ст. прывялі да разбурэння структуры старых феад. гарадоў і, як вынік, да змены традыц. тыпаў Ж. Гар. Ж. 20 ст. развіваецца ў рэчышчы асн. арх. стыляў (мадэрн, канструктывізм, функцыяналізм і інш.; гл. таксама Урбанізм і Дэзурбанізм).

На Беларусі з прымітыўных відаў Ж. (ямы, пячоры, буданы) развіліся яго найб. стараж. формы, што адносяцца да эпохі палеаліту. Пабудовы мелі канструкцыйную аснову з касцей маманта (паселішча Бердыж Чачэрскага р-на). Для неаліту і бронз. веку характэрны паглыбленыя ў зямлю жылыя збудаванні з шатровымі дахамі (каля воз. Ліцін Калінкавіцкага, в. Лучын Рагачоўскага р-наў). Вядомы таксама збудаванні на палях і памостах (в. Асавец Бешанковіцкага р-на). У жал. веку будавалі паўзямлянкі слупавой канструкцыі (в. Малышкі Вілейскага р-на), якія з 5—8 ст. паступова змяніліся невял. наземнымі дамамі слупавой і зрубнай канструкцый, разлічанымі на адну сям’ю (в. Гарадзішча Мядзельскага, в. Тайманава Быхаўскага р-наў). Такое аднакамернае Ж. забяспечвала патрэбы сям’і і стала асновай для развіцця ўсіх тыпаў жылых сельскіх і гар. дамоў на Беларусі. У сярэдневякоўі вядомы зрубныя 1-, 2-, 3-камерныя дамы, якія разам з гасп. будынкамі складалі сядзібу. Архітэктура Ж., яго планіроўка і маст. асаблівасці вызначаліся заможнасцю гаспадара і арх.-буд. традыцыямі асобных гіст.-этнагр. рэгіёнаў (Паазер’е, Падняпроўе, Панямонне і інш.). Гар. Ж. 9—13 ст. у асноўным складалася з невял. адназрубных пабудоў, якія ставілі вельмі шчыльна (Брэст, Віцебск, Мінск, Полацк і інш.). Ж. феадалаў 14—16 ст. мела элементы абарончых збудаванняў (замкі, дамы-крэпасці). У 16—18 ст. гар. і местачковае Ж. характарызавалася ўскладненнем планіроўкі, пашырэннем мураванага буд-ва, буд-ва ў тэхніцы «прускага муру» і змешаных канструкцый. Дамы гандляроў і рамеснікаў стваралі аснову забудовы цэнтр. вуліц і плошчы (рынку), часам мелі на гал. фасадзе галерэю на слупах — падчэні (Іўе, Мір). У 18 ст. атрымаў пашырэнне гар. дом з мураваным гал. фасадам і драўлянай часткай у глыбіні двара (Нясвіж, Гродна, Паставы). З 17 ст. пашырылася буд-ва палацава-паркавых комплексаў. Асн. элементам іх стаў палац ці сядзібны дом з элементамі ордэрнай сістэмы, а таксама ў стылі рамантызму. З 2-й пал. 19 ст. ў сувязі з распрацоўкай планаў забудовы гарадоў структура гар. Ж. змянілася. Павялічылася буд-ва шматкватэрных жылых дамоў. У 1920-я г. буд-ва і рэканструкцыя Ж. пачалі ажыццяўляцца на планавай аснове. З’явіліся рабочыя пасёлкі (імя Камінтэрна ў Мінску і інш). У канцы 1920 — пач. 1930-х г. сталі будаваць шматпавярховыя шматкватэрныя дамы. Сац. ўмовы садзейнічалі з’яўленню новых тыпаў Ж.: інтэрнаты, дзіцячыя дамы, дамы-камуны, якія ўключалі і прадпрыемствы камунальна-быт. абслугоўвання. У Вял. Айч. вайну на Беларусі знішчана каля 400 тыс. жылых будынкаў, што патрабавала значных намаганняў для аднаўлення жылога фонду. З сярэдзіны 1950-х г. пашырылася буд-ва Ж. індустр. метадамі, выкарыстанне вял. арх. элементаў (панэльныя і аб’ёмныя блокі і інш), што дало магчымасць паскорыць тэмпы ўзвядзення будынкаў. Значныя аб’ёмы жыл. буд-ва садзейнічалі прагрэсіўным метадам планіроўкі і забудовы раёнаў. Сучасныя жылыя дамы маюць адпаведнае быт. і інж. забеспячэнне, адпавядаюць нормам сан. гігіены. Сталі пашыранымі малапавярховыя (1—2 паверхі), сярэдняй паверхавасці (3—5), шматпавярховыя (6—10), павышанай паверхавасці (11—16) і вышынныя (больш за 16 паверхаў), адна- ці шматсекцыйныя, калідорныя, галерэйныя, змешанай планіроўкі будынкі. Больш сталі будаваць дамоў катэджавага тыпу і аднаго з відаў часовага Ж. — садовых домікаў. Асн. тыпам сял. Ж. заставаліся зрубныя хаты пач. і сярэдзіны 20 ст. (гл. Драўлянае дойлідства). Сучасныя вясковыя жылыя дамы па планіровачнай арганізацыі і ўзроўні інж. абсталявання набліжаюцца да гарадскіх, у іх аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі і маст. вырашэнні адчуваецца імкненне да захавання традыц. вырашэнняў.

Літ.:

Воинов А.А. Жилищное строительство в Белорусской ССР. Мн., 1980;

Трацевский В.В. История архитектуры народного жилища Белоруссии. Мн., 1989;

Сергачев С.А. Белорусское народное зодчество. Мн., 1992;

Лакотка А.І. Пад стрэхамі прашчураў. Мн., 1995.

С.​А.​Сергачоў.

Рэшткі жылля старажытнага Бярэсця. 12—13 ст.
Да арт. Жыллё. Дом рамесніка ў г. Нясвіж Мінскай вобл. 1721.
Да арт. Жыллё. Дом канца 19 — пач. 20 ст. Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту.
Да арт. Жыллё. Жылы дом у г.п. Ветка Гомельскай вобл. 1950-я г.
Да арт. Жыллё. Сядзібны дом у в. Чырвоны Бераг Жлобінскага раёна Гомельскай вобл.
Да арт. Жыллё. Жылы дом у Мінску.

т. 6, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТЭР’Е́Р (ад франц. interieur унутраны) у архітэктуры, унутраная прастора будынка або памяшкання.

Функцыян прызначэнне вызначае яго арх. вырашэнне (памеры, прапорцыі) і характар убрання (мэбля, абсталяванне). Сінтэз арх. форм і манум.-дэкар. мастацтва стварае ў ім маст. вобраз — асяроддзе, здольнае выклікаць у чалавека пэўную эмацыянальную рэакцыю (грандыёзныя І. храмаў Стараж. Егіпта і сярэдневяковай Еўропы, пышныя залы італьян. палацца эпохі Адраджэння, парадныя І. рус. архітэктуры 18—19 ст.). Сродкі гэтага ўздзеяння: характар асяроддзя, асвятленне і колеравае вырашэнне, метрарытміка яго элементаў і іх падпарадкаванне зададзенаму маштабнаму строю. Для розных арх. стыляў характэрна пэўная планіровачная і прасторавая структура, канстр. сістэма, аддзелачныя матэрыялы, мэбля і інш. На Беларусі ў 11—12 ст. характар І храмаў вызначала сістэма масіўных слупоў і цыліндрычных скляпенняў, значную ролю адыгрывалі фрэскі. У 13—16 ст. І. замкаў, некат. культавых пабудоў адлюстроўваў абарончы характар раманскай і гатычнай архітэктуры. Значную дэкар. ролю мелі крыжовыя і зорчатыя скляпенні. З 16 ст. пад уплывам барока І. палацаў вызначаўся анфіладнай планіроўкай, багатым аздабленнем (творы жывапісу, маст. тканіны, шпалеры, разная мэбля, абліцаваныя кафляй каміны і інш.). У культавай архітэктуры павялічылася роля разных іканастасаў і алтароў са скульптурай. У І. класіцызму гарманічная строгасць форм, прапорцый, маштабнасці. Рысамі эклектыкі адзначаны І. 2-й пал. 19 ст., пач. 20 ст. — рысамі стылю мадэрн.

Традыцыйныя І. нар. жылля перыяду феадалізму вызначаўся сціпласцю, стрыманасцю, адсутнасцю аздаблення. У канцы 19 ст. ў І. з’яўляюцца мэбля, часта аздобленая разьбой, дэкар. тканіны, размалёўкі. Сучасны І. вызначаецца арган. спалучэннем традыц. прыёмаў і сродкаў аздаблення з новымі (маст. вырабы прамысл. характару, рэпрадукцыі з карцін і інш.). І. сучаснага гар. жылля ствараецца індустр. метадамі на аснове тыпізацыі элементаў жылога дома і яго абсталявання. З 1960-х г. у І. шырока выкарыстоўваюць металапластыку, кераміку, габелены, вітражы, мазаіку, сграфіта і інш. І. сучасных грамадскіх будынкаў вызначаюцца высокімі эстэт.-выразнымі якасцямі, выкарыстаннем найноўшых матэрыялаў і тэхналогій, спалучэннем сродкаў архітэктуры і выяўл. мастацтваў, сувяззю з нац. традыцыямі.

У выяўленчым мастацтве І. — жанр, які адлюстроўвае прастору грамадскіх, культавых, жылых, прамысл. і інш. памяшканняў Звязаны з адпаведным стылем эпохі, характарам жылля, спосабам жыцця гаспадара Часта спалучаецца з інш. жанрамі мастацтва як элемент вобразнага свету (быт. і гіст. жанры).

Элементы І. вядомы ў мастацтве Стараж. Егіпта і Двухрэчча, у ант. мастацтве (арх. кампазіцыі фрэсак у Пампеях з незвычайнай фантаст. перспектывай). У Італіі ў эпоху Адраджэння набыў рысы самаст. жанру (творы Джота ды Бандоне, Леанарда да Вінчы, Тыцыяна і інш.). У І. нідэрл. мастакоў асн. ўвага аддавалася адлюстраванню свету жыцця гаспадара (творы Я. ван Эйка, Р. ван дэр Вэйдэна). Вял. значэнне для развіцця І. мела адкрыццё лінейна-геам. і паветр, перспектывы, распрацаванай Леанарда да Вінчы і А.​Бальдавінеці, і адлюстраванне ў жывапісе трохмернай прасторы. У 17 ст. пашырыўся ў франц., англ., італьян. мастацтве, дасягнуў росквіту ў галандскім і флам. жывапісе (Я.​Стэн., А. ван Астадэ). У рус. мастацтве 17—18 ст. выкарыстоўваўся ў якасці арх. фону ў абразах і фрэсках (т.зв. «нутровыя палаты») і выконваўся па законах адваротнай перспектывы. У еўрап. мастацтве 18 ст. цікавасць да адлюстравання І. ўзмацнілася ў час панавання сентыменталізму, што было звязана з імкненнем да перадачы ідэальнага асяроддзя і настальгіяй па мінулым. Успрымаўся як правобраз новага перспектывізму, часам уяўляў сабой умоўна пабудаваную перспектыўную схему з канкрэтнымі рэчамі. У канцы 18 — пач. 19 ст. з аналітычнай дакладнасцю І. стваралі прадстаўнікі класіцызму (Ж.​Л.​Давід, Ж.А.​Д.​Энгр). Прадстаўнікі рэалізму аддавалі перавагу сац. характарыстыцы (Г.​Курбэ, Ж.​Ф.​Міле), прадстаўнікі рамантызму — суадносінам І. з характарам чалавека, прадстаўнікі імпрэсіянізму кадравалі прастору памяшканняў, якую адлюстроўвалі. Найб. росквіту дасягнуў ў рус. жывапісе 1820—30-х г. (мастакі кола А Венецыянава). З сярэдзіны 19 ст. ў развіцці жанру адбываецца пэўны спад; І. сталі больш эмацыянальныя, пачуццёвыя (творы П.​Сезана, А.​Тулуз-Латрэка, В. ван Гога, В.​Сярова і інш), у канцы 19 ст. — больш камерныя, ненаўмысна арганізаваныя («выпадковыя»). З’явіліся разнавіднасці І. (заводскі, інтымны і інш.). Цікавасць да І. як да самаст. жанру пабольшала ў 20 ст. (творы П.​Сіньяка, А.​Матыса, П.​Пікасо, М.​Урубеля і інш.). Вельмі пашыранай разнавіднасцю І. сталі кампазіцыі «ў майстэрні мастака».

У бел. мастацтве фрагменты І. трапляюцца ў фрэсках і абразах 16—18 ст., партрэтах і мініяцюрах 16—17 ст. Як самаст. жанр упершыню сустракаецца ў гравюрах канца 16 ст., пабудаваных па законах перспектывы. Найб. пашырэнне атрымаў у 19 ст. У творах І.​Хруцкага, С.​Жукоўскага, Ф.​Гарэцкага, Б.​Залескага асн. месца займае камерны, хатні І. з адлюстраваннем жылых пакояў («рэтраспектыўны» І.), які вылучаецца агульным настроем сумнага любавання мінулым, вытанчанасцю маст. стылю. У бел. мастацтве 20 ст. І. вял. пашырэння не меў і часта ператвараўся ў рэчава-прасторавы дадатак да кампазіцыі. Новы рост цікавасці да І. пачаўся з 1970-х г. Ён становіцца ўсё больш разнастайным па жывапіснай арганізацыі і тэматыцы, вызначаецца імкненнем да эмацыянальнасці і перадачы настрою. Пашыраны т.зв. канцэптуальны І., які вылучаецца дэталёва распрацаванай арх. прасторай. У жанры І. працавалі А.​Казак, П.​Данелія, М.​Бут, І.​Бархаткоў, Я.​Красоўскі, У.​Ткачэнка, У.​Сулкоўскі і інш.

Літ.:

Пономарева Е.С. Интерьер гражданских зданий. 2 изд. Мн., 1991.

Інтэр’ер сялянскай хаты. Канец 19 — пач. 20 ст. Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту.
Інтэр’ер сучаснага гарадскога жылля.
Інтэр’ер касцёла бернардзінак у г. Слонім Гродзенскай вобл.
Да арт. Інтэр’ер. В. ван Гог. Начная кавярня ў Арлі. 1888.
Да арт. Інтэр’ер. П.​Тутукін. Павільённая зала ў Эрмітажы (С.-Пецярбург). 1837.
Да арт. Інтэр’ер. С.​Жукоўскі. Інтэр’ер. 1916.

М.​Л.​Цыбульскі (у выяўл мастацтве), Я.​С.​Аграновіч-Панамарова, Я.​М.​Сахута (у архітэктуры).

т. 7, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗЫ́Р,

горад абл. падпарадкавання, цэнтр Мазырскага р-на Гомельскай вобл. За 133 км ад Гомеля, 7 км ад чыг. станцыі на лініі Калінкавічы—Оўруч, на аўтадарозе Бабруйск—Оўруч. Найб. на Беларусі порт на Прыпяці. Аэрапорт. 109,2 тыс. ж. (1998).

Мяркуецца, што слав. паселішча, ад якога бярэ пачатак М., узнікла ў 8 ст. У летапісах М. упершыню згадваецца пад 1155. З сярэдзіны 14 ст. ў складзе ВКЛ. 28.1.1577 кароль Стафан Баторый выдаў М. прывілей на магдэбургскае права (пацверджаны ў 1630 і 1670). Горад атрымаў герб: чорны арол, на яго грудзях змешчаны малы шчыт з гербам «Тромбы», пазней на малым шчыце літара S — манаграма Стафана Баторыя. У М. адбыліся Мазырскае паўстанне 1615 і Мазырскае паўстанне 1649. З 1793 М. у Рас. імперыі, з 1795 цэнтр павета Мінскай губ., каля 2 тыс. ж. У 1796 атрымаў новы герб: у верхняй частцы ў залатым полі рас. двухгаловы арол з гербам Мінска на грудзях, у ніжняй — у блакітным полі чорны арол. У сярэдзіне 19 ст. ў М. каля 6,5 тыс. ж., у 1878—7834 чал., 3 царквы, касцёл, сінагога. У 1879 заснавана тэлеграфная станцыя, у 1885 — запалкавая ф-ка «Маланка». У 1897—8067 ж. У 1901—02 створаны Мазырскі сацыял-дэмакратычны камітэт Бунда, пасля — Мазырская арг-цыя РСДРП У час Кастр. Усерас. паліт. стачкі 1905 існавала т.зв Мазырская «рэспубліка». Напярэдадні 1-й сусв. вайны ў М. 11,4 тыс. ж., 1210 жылых будынкаў, 3 ф-кі, 16 майстэрняў, 5 навуч. устаноў, земская бальніца, метэастанцыя, друкарня, 2 кнігарні. З 1924 цэнтр Мазырскага раёна (у 1926—27 горад у Слабадскім р-не), у 1924—30 і 1935—38 цэнтр Мазырскай акругі, у 1938—54 — Палескай вобласці. З 27.9.1938 горад абл. падпарадкавання. У 1939—17,5 тыс. ж. У Вял. Айч. вайну з 22.8.1941 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія стварылі ў горадзе лагер смерці, загубілі 4,7 тыс. ж., больш за 1 тыс. чал. вывезлі на катаржныя работы ў Германію. Дзейнічала Мазырскае патрыятычнае падполле. Вызвалены 14.1.1944 воінамі 61-й арміі ў ходзе Мазырска-Калінкавіцкай аперацыі 1944. З 1954 у Гомельскай вобл. У 1970—48,8 тыс. жыхароў.

Цэнтр нафтаперапр. прам-сці (Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод). Прадпрыемствы маш.-буд. і металаапр. (Мазырскі завод сельскагаспадарчага машынабудавання, Мазырскі завод меліярацыйных машын, Мазырскі кабельны завод), дрэваапр. (Мазырскі дрэваапрацоўчы камбінат, Мазырская мэблевая фабрыка), лёгкай (ф-кі трыкатажная, швейная і маст. вырабаў), харч. (Мазырскі солевыварны камбінат, малочны з-д, хлебазавод, піўзавод і інш.) прам-сці. Мазырскі завод кармавых дражджэй. Дзейнічаюць Мазырскі педагагічны інстытут, Мазырскі політэхнічны тэхнікум, музычнае вучылішча, Мазырскі краязнаўчы музей, Мазырскі драматычны тэатр імя І.​Мележа. Брацкія могілкі сав. воінаў і партызан; брацкая магіла падпольшчыкаў, помнікі В.​З.​Харужай, сав. лётчыкам. Каля М. помнікі археалогіі — паселішчы эпохі неаліту, гарадзішча і селішча ранняга сярэдневякоўя.

У пач. 16 ст. горад складаўся з 3 частак: цэнтр. (умацаванай астрогам), пасада (не ўмацаваны) і гандл. плошчы-рынку. Каля 1543 на месцы замка 14 ст. пабудаваны драўляны Мазырскі замак, які злучаўся з гандл. плошчай мостам на палях. У цэнтр. ч. горада перад замкам была Мікалаеўская царква. У 16—19 ст. М. развіваўся вакол умацаванага цэнтра ўздоўж правага берага р. Прыпяць. Яго радыяльна-кальцавую планіроўку вызначалі 3 асн. восі: уздоўж Прыпяці (з ПдУ на ПнЗ); ад гандл. плошчы на ПдЗ, да дарогі на г. Петрыкаў; з паўд.-ўсх. ч. горада да дарогі на г. Оўруч. На гандл. плошчы былі: ратуша, 3 корпусы гандл. радоў, царква. У 1616 закладзены касцёл Ушэсця Маці Божай (адбудаваны пасля пажару 1757, не захаваўся). У 1648 засн. Мазырскі касцёл і кляштар бернардзінцаў, у 1-й пал. 18 ст. — базыльянскі манастыр і драўляная царква Параскевы Пятніцы. У 1744 ва ўрочышчы Кімбараўка засн. 2 кляштары ордэна цыстэрцыянцаў: мужчынскі (існаваў да 1864) і Мазырскі касцёл і кляштар цыстэрцыянак (гл. таксама Кімбараўскія цыстэрцыянскія кляштары). У 1752 пабудаваны касцёл і кляштар марыявітак (існаваў да 1856). У канцы 17 ст. ў М. дзейнічалі 5 драўляных цэркваў: Саборная архангела Міхаіла, св. Міколы, Раства Багародзіцы, Праабражэння гасподняга (Спаская) і св. Параскевы Пятніцы; у 1861 засталіся драўляныя цэрквы Мікольская, Параскевы Пятніцы і мураваны Міхайлаўскі сабор; пастаўлены касцёл і кляштар марыявітак (не захаваліся). Росту горада ў 1880-я г. садзейнічала буд-ва Палескіх чыгунак. Арх.-планіровачная структура сучаснага М. абумоўлена складаным рэльефам (р. Прыпяць з высокім і стромкім правым берагам і нізкім плоскім левым, шматлікія яры з розніцай вышынных адзнак 25—30 м). Генпланы М распрацаваны ў 1939, 1953, 1966 (з карэкціроўкай у 1975 і 1976), 1981. Асн. масіў жылой забудовы гістарычна склаўся на правым беразе Прыпяці, на левым — рачны вакзал, вытв. зона і жылы раён. Асн. кампазіцыйныя восі горада — вуліцы Ленінская (галоўная, забудавана 2—5-павярховымі дамамі), Савецкая (забудавана 3—5-павярховымі дамамі, захавалася забудова канца 19 — пач. 20 ст.), 17 Верасня, Чапаева, Пралетарская. На скрыжаванні вуліц Ленінскай і Савецкай размешчана пл. Леніна — адм.-грамадскі і культ. цэнтр (захаваўся помнік грамадз. архітэктуры — Мазырскі клуб-тэатр). Новы грамадскі цэнтр фарміруецца на верхнім плато каля Оўруцкай шашы, тут развіваецца і жылая зона. У раёне Бабры створаны навучальны цэнтр: навуч. карпусы і інтэрнаты палітэхнікума і медвучылішча, ПТВ будаўнікоў і геолагаў. Жылая забудова пераважна 9-павярховая з высокімі дамінантамі (адна з іх — будынак Мазырскага пед. ін-та) на вышэйшых адзнаках рэльефу. На левым беразе Прыпяці — унікальны лесапарк. Прадугледжваецца функцыян. заніраванне тэрыторыі, далейшае развіццё новага грамадскага цэнтра, удасканаленне трансп. сеткі, стварэнне аб’язной дарогі.

Літ.:

Никитин А.С., Залвцман Е.Е. Мозырь: Ист.-экон. очерк. Мн., 1973;

Бобр А.Г. Мой Мозырь: Ист. очерк. Ч. 1. Мн., 1996;

Памяць: Гіст.-дак. хроніка Мазыра і Мазырскага р-на. Мн., 1997.

В.​Л.​Насевіч, В.​С.​Пазднякоў (гісторыя), Л.​С.​Патапаў, Ю.​А.​Якімовіч (архітэктура).

Мазыр. Жылыя дамы па вуліцы Савецкай.

т. 9, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́РЫС,

эпічны жанр, які сінтэзуе заканамернасці навук. і маст. пазнання. Рэальны факт і вобраз суіснуюць у Н. як цэлае двухадзінства публіцыст. зместу і формы. Спецыфіка Н. выяўляецца ў аператыўнасці асвятлення надзённых праблем сучаснасці, выразнасці грамадскай пазіцыі аўтара. Для Н. характэрны свабода жанрава-кампазіцыйнай будовы, жанравая разнастайнасць (Н. падарожны, партрэт, эсэ, аналітычны і інш.).

Пачаткам Н. лічаць «Сентыментальнае падарожжа па Францыі і Італіі» Л.​Стэрна (Лондан, 1768). Рускі Н. развіваецца з 2-й пал. 18 ст. (А.​Радзішчаў, М.​Карамзін). У гэтым жанры выступалі У.​Даль, Дз.​Грыгаровіч, А.​Пушкін, М Гогаль, М.​Някрасаў, І.​Тургенеў, М Салтыкоў-Шчадрын. М.​Мамін-Сібірак, Л.​Талстой, М.​Ляскоў, У.​Караленка, А.​Чэхаў, В.​Верасаеў, М.​Памялоўскі, В.​Сляпцоў, Ф.​Рашэтнікаў, М.​Лявітаў, Г.​Успенскі, У.​Гіляроўскі і інш. Вял. роля ў развіцці Н. ў сав. л-ры належыць М.​Горкаму, А.​Серафімовічу, Дз.​Фурманаву, Л.​Рэйснер, М.​Шагінян, М.​Кальцову, В.​Авечкіну, Б.​Агапаву, Я.​Дорашу, Г.​Радаву, Г.​Траяпольскаму, Ю.​Казакову, В.​Пяскову, М.​Міхайлаву і інш.

Вытокі бел. Н. — у палемічнай л-ры 2-й пал. 16—1-й пал. 17 ст. («Трэнас» М.​Сматрыцкага, «Дыярыуш» Афанасія Філіповіча і інш.). Зараджэнне Н. як жанру ў бел. л-ры адносіцца да сярэдзіны 19 ст. (краязнаўчыя нататкі П.​Шпілеўскага, У.​Сыракомлі). Фрагменты Н. ёсць у этнагр. працах П.​Шэйна, Е.​Раманава, М.​Нікіфароўскага (2-я пал. 19 — пач. 20 ст.). Зрух у развіцці Н. абумоўлены ўзнікненнем першых легальных нац. выданняў (газ. «Наша доля», «Наша ніва», 1906). Пачынальнікі Н. — першапраходцы новай бел. л-ры: Ядвігін Ш. («Лісты з дарогі», 1910), Я.​Купала («Думкі з пабыцця ў Фінляндыі на Іматры», 1910), Цётка («З дарогі», «Успаміны з паездкі ў Фінляндыю», абодва 1914), М.​Багдановіч («З летніх уражанняў», 1916), Я.​Колас («З румынскага фронту», 1917), М.​Гарэцкі («На імперыялістычнай вайне», 1914—19, апубл. 1926). Паскоранае развіццё Н. адбывалася ў 1920-я — пач. 1930-х г. На старонках перыяд. і асобных выданняў (каля 30 кніг) адлюстраваны рэв. пераўтварэнні ў жыцці вёскі і горада: «1200 вёрст па Беларусі» М.​Чарота (1924), «Падарожжа на новую зямлю» М.​Зарэцкага (1929), «Па сонечным шляху» В.​Сташэўскага (1930), «Наступ на горны» Ц.​Гартнага (1932), «Ад Мядзведжай гары да Белага мора» П.​Галавача (1934) і інш. З Н. выступалі Я.​Колас, К.​Чорны, Я.​Скрыган, М.​Лынькоў, З.​Бядуля, Э.​Самуйлёнак, П.​Броўка, П.​Глебка, Х.​Шынклер, С.​Баранавых, У.​Мяжэвіч, Ю.​Лявонны і інш. У Вял. Айч. вайну публіцыстыка цэнтр. і армейскага друку (творы К.​Чорнага, К.​Крапівы, Я.​Купалы, Я.​Коласа, Лынькова) адлюстроўвала характэрнае ў жыцці фронту, тылу, акупіраванай тэр. Беларусі. У пасляваен. час апублікаваны цыкл Н. «Шляхамі вайны» Лынькова (1945), «У родных лясах» Г.​Шчарбатава (1946), «Пульс жыцця» (1949) і «Дзённік сувязіста» (1957) Шынклера і інш. Набыткі Н. 1950—60-х г., пераважна «вясковага», вызначаны арыентацыяй на праўдзівы паказ жыцця; «Светлы шлях» (1958) і «Зямныя вузлы» (1965) І.​Дуброўскага, «Ключы ад Сезама» (1964) і «Дзівасіл» (1968) В.​Палтаран. Урбаністычная тэма прадстаўлена ў У.​Дадзіёмава, А.​Кулакоўскага, В.​Мысліўца, Э.​Ялугіна і інш. Н. пашырыў свае геагр. абсягі: «Вачыма друга: Польскі дзённік» (1956) і «На другім баку планеты» (1960) Я.​Брыля, «Ліпень у дарозе» І.​Мележа (1956), «За акіянам» Лынькова (1962), «Казкі янтарнай краіны» У.​Караткевіча (1963), «Два месяцы ў Нью-Йорку» І.​Шамякіна (1964), «Эль Махрыб» В.​Вольскага (1965) і інш. Атрымала развіццё тэндэнцыя паглыблення гістарызму ў Н.: «Зямля маіх продкаў» Б.​Сачанкі (1964), «Акно, расчыненае ў зіму» (1969) і «Па зялёную маланку» (1970) Я.​Сіпакова, «Зямля пад белымі крыламі» Караткевіча, «Астравеччына, край дарагі» А.​Мальдзіса (абодва 1977) і інш. Аналітычны Н. 1970—80-х г. адзначыў непаўторнасць творчай індывідуальнасці публіцыстаў: «Гамоніць Палессе» (1977) і «Час сеяць і час жаць» (1982) Дуброўскага, «Дыханне» (1977), «Далёка наперадзе» (1981) і «На маёй далоні — лінія ракі» (1987) А.​Казловіча, «Час гаспадароў» М.​Герчыка (1983), «Чорны хлеб» В.​Праскурава (1984), «Дайсці да ладу» (1985) і «Вясковыя дыспуты» (1987) В.​Якавенкі, «Хлеб і мужнасць» Л.​Левановіча (1987) і інш. Ідэйна-тэматычны змест Н. 1990-х г. вызначаны працэсамі сац.-эканам. і псіхал. перабудовы, творчай пераарыентацыяй і адпаведна наяўнасцю альтэрнатыўных пазіцый, поглядаў, пераважна па праблемах дзярж. будаўніцтва, нац. адраджэння — далейшага развіцця бел. мовы і культуры.

Тэма першага плана ў Н. — экалогія і дэмаграфія Беларусі пасля Чарнобыльскай катастрофы: «Сталі воды горкімі» В.​Гігевіча і А.​Чарнова (1991), «Калі б ды каб жа» Казловіча (1994), «Чарнобыль. Дзесяць гадоў пасля» Якавенкі (1996), «Вяртанне ў радыяцыю» Левановіча (1997), зб. «Лісты да жывых. Дайджэст газеты «Набат» (1999) і інш. Тэма аховы духоўных скарбаў спадчыны, уздыму культуры, маральнага аздараўлення сучаснага грамадства ў кн. нарысаў «Крыж на зямлі і поўня ў небе» В.​Карамазава (1991), «Расплата: Сямейная хроніка» У.​Глушакова (1993), «Зерне да зерня» (1996), «Хто мы, адкуль мы...» (кн. 1—2, 1996—98) А.​Марціновіча, «Гаснуць вулканы» Дуброўскага (1997), «Палескія вандроўнікі» Г.​Пашкова (1998), у дзённіку «Бацькі і дзеці» (1995) і Н. «Падранкі» (1999) У.​Ліпскага і інш. На матэрыяле мінулага ў Н. розных форм і памераў асэнсоўваюцца надзённыя праблемы дэмакратызацыі і гуманізацыі жыцця: «Памяць» (1988) і «Народжаны перамагаць» (1998) С.​Паўлава, «Без эпітафіі» Ялугіна (1989), «Такія сінія снягі» (1988) і «Зона маўчання» (1990) С.​Грахоўскага і інш.

Публ.:

Беларускі савецкі нарыс. Т. 1—2. Мн., 1977.

Літ.:

Журбина Е. Искусство очерка. М., 1957;

Шкраба Р. Цэлы свет // Шкраба Р. Скарбы. Мн., 1973;

Юрэвіч У. Нарыс — гэта даследаванне // Юрэвіч У. Абрысы. Мн.. 1976;

Стральцоў Б. Публ шыстыка: Жанры. Майстэрства. Мн., 1977;

Лысенка А.Ф. Нарыс // Беларуская савецкая проза: Апавяданне і нарыс. Мн., 1971;

Яе ж. Сучасны беларускі нарыс. Мн., 1978;

Яе ж. З трывогай і надзеяй: Бел. публіцыстыка 80-х гг. Мн., 1991.

А.​Ф.​Лысенка.

т. 11, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНАЛІЗА́ЦЫЯ,

пераход маёмасці прыватных асоб ва ўласнасць дзяржавы на падставе спец. актаў кампетэнтных дзярж. устаноў. Аб’ектамі Н. могуць быць і асобныя прадпрыемствы, аб’яднанні, будынкі, зямельныя ўчасткі і цэлыя галіны эканомікі, уся зямля або асобныя яе катэгорыі. Можа ажыццяўляцца праз бязвыплатную экспрапрыяцыю (прымусовае адчужэнне), поўны або частковы выкуп. Права дзяржавы на правядзенне Н., якое ўключае свабоднае распараджэнне прыроднымі рэсурсамі краіны, пацверджана ў шэрагу рэзалюцый Ген. Асамблеі ААН. Міжнар. публічнае права прызнае права дзяржавы на Н., але не прадугледжвае рэгулявання супярэчнасцей, што ўзнікаюць у выніку пераразмеркавання ўласнасці паміж дзяржавай і прыватнымі ўласнікамі. Разнавіднасцю Н. з’яўляецца дэпрыватызацыя — ператварэнне ў дзярж. ўласнасць прыватызаванай раней дзярж. маёмасці. У развітых капіталіст. краінах Н. закранае, як правіла, тыя галіны вытв-сці, што патрабуюць вял. і доўгатэрміновых капітальных укладанняў і няздольны прынесці хуткія прыбыткі прыватным прадпрымальнікам, але з’яўляюцца неабходнымі для функцыянавання эканомікі і дзяржавы ў цэлым (ваенная, паліўнаэнергет. прам-сць, сувязь, транспарт і інш. галіны інфраструктуры). Уладальнікам нацыяналізаванай маёмасці звычайна выплачваецца кампенсацыя. Н. практыкавалася ўжо ў 19 ст., праводзілася ў шэрагу еўрап. краін у 1920—30-я г. Многія еўрап. дзяржавы (Францыя, Вялікабрытанія, Аўстрыя і інш.) шырока праводзілі Н. пасля 2-й сусв. вайны з мэтай больш хуткага і эфектыўнага аднаўлення эканомікі за кошт дзярж. сродкаў. Вопыт сац.-эканам. развіцця сведчыць, што працэсы Н. і раздзяржаўлення, або прыватызацыі, перыядычна змяняюць адзін аднаго ў залежнасці ад стану эканомікі і паліт. кан’юнктуры. Левыя паліт. сілы (сацыялісты, камуністы) звычайна выступаюць за Н. найважнейшых галін эканомікі, правыя (напр., брыт. кансерватары, герм. хрысц. дэмакраты) — за іх прыватызацыю. У 1950—80-я г. Н. неаднаразова праводзілася ў Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі і інш. краінах з мэтай пераадолення крызіснага становішча ў галінах інфраструктуры. З сярэдзіны 1980-х г. у большасці развітых краін свету прыярытэтнае значэнне зноў набыла палітыка прыватызацыі дзярж. маёмасці, бо сталі відавочнымі крызісныя з’явы, звязаныя з функцыянаваннем дзярж. сектара эканомікі (рост бюракратызацыі кіравання, інфляцыйных працэсаў, зніжэнне тэмпаў росту і эфектыўнасці вытв-сці і інш.). У сацыяліст. краінах Еўропы (Чэхія, Польшча, Венгрыя і інш), дзе ў 1940—50-я г. Н. праводзілася як рэв. акт шляхам бязвыплатнай канфіскацыі або за частковы выкуп, масавая прыватызацыя (або дэнацыяналізацыя) дзярж. маёмасці разгарнулася пасля страты камуністамі ўлады ў 1989—90. У тых краінах, дзе засталіся сацыяліст. рэжымы (Кітай, В’етнам, Куба), эканам. мэтазгоднасць таксама прымушае кіруючыя партыі ў большай ці меншай ступені праводзіць прыватызацыю дзярж. маёмасці. Аднак і цяпер у развітых краінах свету дзярж. сектар эканомікі стварае не менш як ​1/5 нац. прадукту. У краінах, што развіваюцца, пасля атрымання імі незалежнасці ў першую чаргу нацыяналізаваліся прадпрыемствы замежных манаполій. У некаторых краінах ажыццяўлялася Н. прадпрыемстваў буйной нац. буржуазіі. Праводзілася Н. і як бязвыплатная канфіскацыя, і як частковы выкуп. У асобных краінах, што развіваюцца, дзярж. сектар заняў значнае месца ў эканоміцы (напр., у Індыі забяспечвае 40% прамысл. вытв-сці, у Алжыры дае 80% валавога ўнутр. прадукту). У апошнія гады ў многіх краінах, якія развіваюцца, таксама пачала ажыццяўляцца палітыка прыватызацыі дзярж. маёмасці.

У Сав. Расіі (пазней СССР) і ў інш. сацыяліст. краінах Н. мела характар паліт. акцыі, накіраванай на ліквідацыю прыватнай уласнасці на сродкі вытв-сці і класа прыватных прадпрымальнікаў — буржуазіі. У Сав. Расіі яна праводзілася пераважна ў 1917—20 як прымусовае і бязвыплатнае адабранне маёмасці ва ўласнасць дзяржавы. Дэкрэт «Аб зямлі», прыняты 26.10(8.11).1917 на 2-м з’ездзе Саветаў Расіі, ліквідаваў без выкупу прыватную ўласнасць на зямлю, у т. л. памешчыцкую, з бясплатнай перадачай яе ў карыстанне сялянам. У 1917—18 нацыяналізаваны транспарт, сувязь, банкі, знешні гандаль. У 1918 сав. ўрад пачаў планамерную Н. галін прам-сці (цукровай, каменнавугальнай, нафтавай і інш.). Паводле дэкрэта СНК ад 28.6.1918 Н. падлягалі ўсе вял. прадпрыемствы з капіталам ад 200 тыс. руб.

У 1919—20 пад уплывам палітыкі «ваеннага камунізму» нацыяналізаваны ўсе сярэднія і б.ч. дробных прадпрыемстваў. У час новай эканамічнай палітыкі (з 1921) Н. дробнай прам-сці часова прыпынена, а частка дробных прадпрыемстваў дэнацыяналізавана.

На Беларусі Н. ажыццяўлялася на падставе дэкрэтаў рас. органаў сав. улады. У адпаведнасці з дэкрэтам СНК РСФСР ад 17(30). 11.1917 нацыяналізаваны чыг. майстэрні ў Мінску, Віцебску і інш. гарадах, усе чыгункі, банкі, а таксама лесапільныя з-ды і млыны, уладальнікі якіх не падпарадкаваліся рабочаму кантролю. 23.12.1917 (5.1.1918) СНК Зах. вобласці нацыяналізаваў уласнасць Усерас. земскага саюза, Саюза гарадоў, інж.-буд. арг-цый і тылавых ваен. складоў. Свой адбітак на правядзенне Н. ў Беларусі наклалі герм. (люты—снеж. 1918) і польская (лета 1919 — лета 1920) акупацыі б. ч. яе тэрыторыі. У кастр. 1918 — ліп. 1919 (да польскай акупацыі) нацыяналізаваны 140 ф-к і з-даў, або 41% вял. прадпрыемстваў. Пасля вызвалення ад польскай акупацыі ў жн.снеж. 1920 нацыяналізаваны яшчэ 152 вял і 392 малыя прадпрыемствы. Удзельная вага дзярж. сектара ў канцы 1920 у буйной прам-сці складала 94,2%, у дробнай — 47,4%, у саматужных рамесных прадпрыемствах — 2,5%. Прыватная ўласнасць на сродкі вытв-сці была амаль поўнасцю ліквідавана ў БССР. як і ўсюды ў СССР, у 1930-я г. ў перыяд індустрыялізацыі і калектывізацыі. У Заходняй Беларусі польскія ўлады адмянілі сав. дэкрэты аб Н. Паўторная Н. тут праводзілася пасля далучэння гэтай тэр. да БССР на падставе дэкларацыі Народнага сходу Заходняй Беларусі (кастр. 1939). З 1990-х г. на Беларусі, як і ў інш. краінах б. СССР, прыярытэтнае значэнне набылі працэсы раздзяржаўлення і прыватызацыі эканомікі, але дзяржава пакідае за сабой права ў неабходных выпадках праводзіць Н. або дэпрыватызацыю. Паводле «Грамадзянскага кодэкса» Рэспублікі Беларусь ператварэнне маёмасці юрыд. і прыватных асоб у дзярж. ўласнасць шляхам яе Н. адбываецца толькі на падставе адпаведнага заканадаўства.

Літ.:

Виноградов В.А. Вопросы теории и практики социалистической национализации промышленности. М., 1964.

А.​Б.​Дорына, Е.​Ф.​Саўчук.

т. 11, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Тур1 ‘першабытны дзікі бык Bos primigenius, буйвал’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Гарэц., Вруб., Арх. Вяр., Ласт.): natura, jak ŭ toho tura (ваўк., Федар. 4), ст.-бел. туръ ‘тс’ (ГСБМ). Як назва рэальнай жывёлы даўжэй захоўвалася ў раёне, які прымыкае да сучаснай Белавежскай пушчы, параўн. siedzić, jak tur ŭ harè (слонім., ваўк., Федар. 4, 275: hara ‘лес’?); у песні: Не ўгінайся, буковый мосце, / Через тебе ідут туры і елені (брэсц., Д.-Хадак., 346). У Бельскім павеце запісана гульня «У тура», што можа адносіцца да паганскага культу, гл. БНТ, Гульні₂, 39. Укр. тур, рус. тур, польск., н.-, в.-луж. tur, палаб. täur, чэш. tur, славац. tur, славен. túr (захоўваецца ў тапонімах Turjak, Turja glava), балг. тур, макед. тур, ст.-слав. тоуръ ‘дзікі бык’. Прасл. *turъ роднаснае ст.-прус. tauris ‘зубр’, літ. taũras ‘тур, бык’, ст.-грэч. ταυρος ‘бык’, лац. taurus, ірл. tarb ‘тс’, авест. staōra ‘буйная рагатая жывёла’, гоц. stiur ‘бык’, ‘цялё’, што да і.-е. *tə̯uro‑ < і.-е. *teu̯h₂‑ ‘ацякаць, распухаць, павялічвацца’ (Сной₂, 792; Фасмер, 4, 122; Брукнер, 584; Скок, 3, 524; Буга, Rinkt., 2, 634; Борысь, 654; ЕСУМ, 5, 677–678). Існуе магчымасць меркаваць пра настратычныя сувязі з прасеміц. tauru‑ ‘бык’ (Покарны, 1083; Арол, 4, 118; ESJSt, 17, 998). Сюды ж астронім ст.-бел. Туръ, Телець, Юнець, Бычокъ, што адпавядае лац. Taurus ‘тс’ (XVI ст., Бел. лекс., 112), тур ‘маўчун, маўклівы чалавек’ (пін., ЛА, 3); туры́ца ‘дзікая карова’, ‘мажная здаровая кабета’ (Нас.), туры́ця ‘самка тура’ (драг., Сл. ПЗБ), магчыма, мянушка каровы туро́ля (мёрск., Нар. лекс.).

Тур2 ‘адзін круг танца; асобны этап якой-небудзь гульні, конкурсу, спаборніцтва, мерапрыемства’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Вруб.), ‘падарожжа, турыстычная паездка’ (Улас.). Праз рускую мову (тур) з франц. tour ‘круг, абарачэнне, абарот, абход, аб’езд’, ‘чарга’, ‘ганчарны круг’, якое з с.-лац. turnus > лац. tornus ‘такарны варштат’ < ст.-грэч. τόρνος ‘прылада цесляра для вывядзення контураў кола, паўкола’, ‘долата, такарны разец’ < τείρω ‘тру’ (Фасмер, 4, 122; Даза, 716; ЕСУМ, 5, 678). Значэнне ‘падарожжа’ пад уплывам англ. tour ‘паездка, экскурсія’ (Арол, 4, 118), параўн. турнэ, гл.

Тур3 ‘апорны слуп пасярэдзіне святліцы старажытнага дома’ (Ласт.), ‘слуп каля печы ў курных хатах’ (дзісн., Яшк.). Магчыма, да тур1 (гл.) у пераносным значэнні ‘найбольш значны канструкцыйны элемент’, бо апорны слуп называлі «турам» побач з «князем», «князьком», «канём» (Ласт., 143).

Тур4 ‘купальнік горны, Arnica montana L.’ (гродз., Кіс., ТС), тур‑зелье, зелье‑тур ‘тс’ (ТС). Да тур1 (гл.); параўн. польск. дыял. tura альбо trawa turowa, turówka, żubrówka ‘зуброўка, Hierochloë odorata (L.)’, што можна разглядаць як аналаг зу́брава трава́ ‘тс’ (брэсц., Кіс.) — ежа зуброў у Белавежскай пушчы (Коласава, Лексика, 60; адносна іншых раслін гл. ЕСУМ, 5, 680). Аднак не выключана метафарычнае ўжыванне назвы тур1 — тое, што прыносіць здароўе і сілы, параўн. фразеалагізм здаровы як бык.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ВАЙНА́ 1812, Айчынная вайна 1812,

абарончая вайна Расіі супраць французскай агрэсіі; першы этап агульнаеўрапейскай антынапалеонаўскай вайны 1812—14.

У 1810-я г. франц. імператар Напалеон I Банапарт падпарадкаваў сабе амаль усе дзяржавы Еўропы. Пасля перамог над рус.-аўстр. войскамі пад Аўстэрліцам (1805) і рускімі пад Фрыдландам (1807) Напалеон навязаў нявыгадны для Расіі Тыльзіцкі мір 1807 і прымусіў яе далучыцца да кантынентальнай блакады Англіі, што цяжка адбілася на эканоміцы Расіі. Франка-рус. адносіны абвастрыліся з-за палітыкі Францыі на Б. Усходзе і асабліва са стварэннем Варшаўскага герцагства. З 1810 абодва бакі пачалі рыхтавацца да вайны. Выкарыстаўшы эканам., паліт. і ваен. націск, шчодрыя абяцанкі саюзнікам (Прыбалтыку — Прусіі, Валынь — Аўстрыі, Беларусь, Літву і частку Украіны ў межах 1772 — Польшчы), Напалеон фактычна стварыў супраць Расіі агульнаеўрап. кааліцыю. Была падрыхтавана вялізная на тыя часы 600-тысячная т.зв. «Вялікая армія». Набытыя арміяй вопыт, дысцыпліна і ваенны геній Напалеона зрабілі яе грознай сілай. Слабасцю арміі Напалеона была рознапляменнасць і чужыя салдатам мэты вайны.

Ваен. міністр Расіі М.Б.Барклай дэ Толі (з 1810) распрацаваў буйнамаштабную праграму павышэння баяздольнасці рус. арміі, ажыццявіў шэраг мер па падрыхтоўцы тэатра ваен. дзеянняў супраць Варшаўскага герцагства і Францыі. Рамантаваліся старыя крэпасці, будаваліся новыя, фарміраваліся новыя для рус. арміі пастаянныя злучэнні — пях. карпусы і кав. дывізіі. Аляксандр I з канца 1810 усё больш схіляўся да ідэі наступальнай вайны ў саюзе з Прусіяй, ліквідацыі Варшаўскага герцагства і абвяшчэння сябе польскім каралём. 17.10.1811 Расія і Прусія заключылі саюзную ваен. канвенцыю, якая прадугледжвала рус. акупацыю ўсх. ч. Варшаўскага герцагства. У хуткім часе пасля гэтага Аляксандр I аддаў загад аб гатоўнасці ўсіх карпусоў на зах. граніцы да паходу.

У сак. 1812 сфарміраваны 3 рус. зах. арміі: 1-я (каля 120 тыс. чал., галоўнакаманд. Барклай дэ Толі) у Літве і зах. Беларусі, 2-я (каля 49 тыс. чал., галоўнакаманд. П.І.Баграціён) у наваколлі Луцка (у маі 1812 набліжана да 1-й арміі і заняла пазіцыі ў раёне Ваўкавыск—Зэльва), 3-я рэзервовая (каля 44 тыс. чал., галоўнакаманд. А.П.Тармасаў) у раёне Жытоміра, потым перамешчана пад Луцк. Іх дапаўнялі 3 асобныя корпусы (каля 103 тыс. чал.) — П.​К.​Эсена каля Рыгі, П.​І.​Мелер-Закамельскага каля Тарапца і Ф.​Ф.​Эртэля каля Мазыра.

21.4.1812 Аляксандр I выехаў з Пецярбурга ў Вільню ў гал. кватэру 1-й арміі і прыняў вярх. камандаванне. Даведаўшыся пра гэта, Напалеон таксама накіраваўся да сваіх войск, якія разгортваліся ў раёне Віслы. 22.6.1812 Францыя аб’явіла Расіі вайну, і 24 чэрв. яе гал. сілы перайшлі рас.-польск. граніцу ў раёне Коўна. У ходзе Віленскай аперацыі 1812 французы без бою 28 чэрв. занялі Вільню; армія Барклая дэ Толі, якую праследаваў узмоцнены авангард І.​Мюрата, пачала адступаць на Свянцяны ў напрамку на Дрысенскі лагер. Франц. войскі ўклініліся паміж 1-й і 2-й рус. арміямі і атрымалі магчымасць сканцэнтраваць амаль усе сілы супраць Баграціёна, на армію якога з фронту наступалі войскі Жэрома Банапарта, а шляхі адступлення адрэзала група Даву, што накіравалася з Вільні на Мінск. Аднак Баграціён здолеў адарвацца ад праціўніка і пачаў адступленне ад Мінска. Напалеон рушыў на Глыбокае, каб перарэзаць шлях адступлення 1-й арміі і прымусіць яе прыняць бітву. Але Барклай дэ Толі, выйшаўшы з Дрысенскага лагера, пакінуў П.Х.Вітгенштэйна прыкрываць Пецярбургскі напрамак, а сам пайшоў правым берагам Зах. Дзвіны да Полацка. Аляксандр I па патрабаванні вышэйшых саноўнікаў пакінуў армію, падпісаўшы адозву «Першапрастольнай сталіцы нашай Маскве» і маніфест пра збор апалчэння. Баграціён, які ад Навагрудка накіроўваўся да Міра, даведаўся, што Даву ўжо заняў Валожын і тым самым адрэзаў шлях на Мінск. У баях каля Міра (гл. Мірскі бой 1812) і Раманава ар’ергард 2-й арміі затрымаў прасоўванне праціўніка, і Баграціён бесперашкодна адступіў на Слуцк і Бабруйск, імкнучыся апярэдзіць французаў у руху да Магілёва. Але 20 ліп. Даву першы заняў горад. Спроба Баграціёна з боем прарвацца праз Магілёў, каб злучыцца з 1-й арміяй (бітва каля Салтанаўкі), не ўдалася. Гал. сілы 2-й арміі 24 ліп. пераправіліся цераз Дняпро каля Нова-Быхава і рушылі на Мсціслаў і Смаленск. Тым часам 1-я армія 23 ліп. перайшла на левы бераг Зах. Дзвіны і заняла пазіцыю за р. Лучоса, чакаючы падыходу Баграціёна з боку Оршы, каб даць Напалеону ген. бітву. У выніку бою каля Астроўна 25—26 ліп. наступленне французаў прыпынена. 30 ліп. — 1 жн. адбыліся Клясціцкія баі 1812 паміж войскам Вітгенштэйна і корпусам Ш.​Удзіно. На крайнім левым флангу «Вялікай арміі» Ж.​Макданальд накіраваў адну са сваіх дывізій на Рыгу, 1 жн. заняў Дынабург. 1-я і 2-я рус. арміі 3 жн. злучыліся ў Смаленску і, выкарыстаўшы раскіданасць напалеонаўскіх войск на фронце ад Веліжа да Магілёва, 7 жн. перайшлі ў наступленне на Віцебскім напрамку. Праз 5 дзён сустрэчнае наступленне пачаў Напалеон. 16—17 жн. адбылася першая ген. бітва (гл. Смаленская аперацыя 1812). Рускія вымушаны былі пакінуць Смаленск, але, маючы забяспечаны тыл, арганізавана адступілі па маскоўскай дарозе.

Марадзёрства, рабаванне і насілле чужынцаў выклікалі гнеў і нянавісць насельніцтва. Сяляне перашкаджалі франц. арміі нарыхтоўваць харчы і фураж, знішчалі салдат, часам ішлі ў лясы і стваралі партыз. атрады. Ствараліся і армейскія партыз. атрады Дз.В.Давыдава, І.С.Дорахава, Сяславіна, Фігнера, Кудашова і інш.

У гэты час Вітгенштэйн спрабаваў выцесніць войскі Удзіно з Полацка, але быў адкінуты і адышоў да Дрысы (гл. Полацкія бітвы 1812). Ваен. дзеянні на паўд. флангу вяліся самастойна, без непасрэднай сувязі з цэнтр. напрамкам. Армія Тармасава 18 ліп. рушыла з Луцка на Кобрын і 27 ліп. перамагла пях. брыгаду корпуса Ж.​Рэнье (гл. Кобрынскі бой 1812). Карпусы К.​Шварцэнберга і Рэнье 12 жн. атакавалі Тармасава каля Гарадзечна (гл. Гарадзечанская бітва 1812), нанеслі яму вял. страты і гналі да Луцка. З Прусіі і Варшаўскага герцагства карпусы К.​Віктора і П.​Ф.​Ажэро рушылі на Вільню. Супраць гарнізона Бабруйскай крэпасці (гл. Бабруйская абарона 1812) і корпуса Эртэля з Магілёва была накіравана дывізія Я.Г.Дамброўскага, а ў склад корпуса Рэнье з герцагства — зводны атрад А.​Касінскага.

Для кіравання акупіраванымі тэр. Беларусі і Літвы Напалеон зацвердзіў у Вільні Часовы ўрад Вялікага княства Літоўскага, улада якога пашыралася на Віленскую, Гродзенскую, Мінскую губ. і Беластоцкую вобл., ператвораныя ў дэпартаменты з мясц. і франц. адміністрацыяй. Аналагічна былі арганізаваны Віцебская, Магілёўская і Смаленская губ., хоць яны не падпарадкоўваліся Часоваму ўраду. Рабаўніцкая сістэма фуражных і харч. нарыхтовак для франц. арміі, спроба акупац. улад правесці рэкруцкі набор у «літоўскія» войскі паводле рас. закону, рашэнне Напалеона захаваць на Беларусі і ў Літве да канца вайны прыгоннае права прывялі да масавых сял. хваляванняў.

Пасля Смаленскай бітвы 1-я і 2-я рус. арміі (каля 111 тыс. чал.) рухаліся як адна армія. 20 жн. Аляксандр I прызначыў галоўнакаманд. усімі арміямі М.І.Кутузава. Наступленне французаў актывізавалася; Напалеон ірваўся да Масквы, каб тут прадыктаваць Расіі ўмовы міру. Кутузаў вырашыў даць ген. бітву за 110 км ад сталіцы каля в. Барадзіно. 7 вер. адбылася Барадзінская бітва 1812, у якой рускія, паводле слоў Напалеона, «здабылі славу быць непераможнымі». Абодва бакі мелі велізарныя страты (у рускіх каля 46 тыс. чал.), таму Кутузаў аддаў загад адступаць далей. На ваен. нарадзе ў Філях (13 вер.) было вырашана пакінуць Маскву без бою, каб захаваць армію. Адступіўшы ад Масквы, Кутузаў скрытна перавёў армію з Разанскай на Калужскую дарогу і размясціў пад Таруцінам (т.зв. Таруцінскі манеўр). Рус. армія выйшла з-пад удару ворага, атрымала магчымасць папоўніць войскі людскімі і матэрыяльнымі рэсурсамі. Пачаліся пажары, дэмаралізаваныя і галодныя акупанты рабавалі горад. 6 дзён, што правялі ў Маскве Напалеон і яго армія, былі вырашальным фактарам, які змяніў ход вайны на карысць Расіі. Узмацніўся патрыят. рух насельніцтва, якое перашкаджала французам у нарыхтоўцы харчавання і фуражу, парушала іх камунікацыі на лініі Масква—Смаленск.

Пераканаўшыся, што заключыць мір не ўдасца, Напалеон 19 кастр. пакінуў Маскву і вырашыў адступаць па Калужскай дарозе праз багатыя паўд. губерні. Але Кутузаў бітвай пад Малаяраслаўцам 24 кастр. прымусіў Напалеона адступаць па спустошанай Смаленскай дарозе. Голад, які пачаўся ў франц. войску, гібель коней узмацніліся з вял. маразамі. Рус. армія гнала ворага, б’ючы яго з флангаў і тылу. У баях каля Краснага 16—18 ліст. французы страцілі каля 25 тыс. чал., аднак усе іх карпусы (акрамя ар’ергарда М.​Нея) прабіліся па дарозе на Дуброўну, перайшлі Дняпро і ўступілі ў Оршу.

Да гэтага часу змяніліся абставіны і на стратэг. флангах. На Валыні з 3-й арміяй Тармасава 19 вер. злучылася Дунайская армія П.В.Чычагова, што дало колькасную перавагу рус. арміі над праціўнікам (60 тыс. чал. супраць 43 тыс.). 30 кастр. армія Чычагова рушыла па пінскім шляху праз Пружаны на Слонім, 13 ліст. каля Новага Свержаня яна перайшла Нёман. Войскі Вітгенштэйна пасля Полацкай бітвы 18—20 кастр. адцяснілі французаў да Лепеля і Докшыц, пасля Чашніцкіх баёў 1812 — да Чарэі. Пераправай Напалеона (за ім і арміі Кутузава) цераз Дняпро пачалася Бярэзінская аперацыя 1812. У ёй рус. камандаванне планавала акружыць і знішчыць праціўніка канцэнтрычнымі дзеяннямі арміі Чычагова, Вітгенштэйна, 1-й і 2-й армій Кутузава. 16 ліст. войскі Чычагова ўзялі Мінск, а 21 ліст. — Барысаў, што абазначала поўнае перасячэнне шляхоў адступлення французаў. Толькі рашучыя і дакладныя дзеянні Напалеона, які, стрымліваючы націск Кутузава і Вітгенштэйна, выбіў Чычагова з Барысава і 26—28 ліст. пераправіў свае войскі цераз Бярэзіну, дазволілі рэшткам «Вялікай арміі» адступіць на Смаргонь і Вільню. Тым не менш вынікі бярэзінскай пераправы былі для Напалеона катастрафічныя. Пад яго камандаваннем заставалася не больш як 10 тыс. чал., і баявога значэння гэтая група практычна не мела. Пасля Маладзечанскага бою 1812 супраціўленне французаў па сутнасці спынілася. Галодныя і замёрзлыя салдаты кідалі зброю і неарганізаваным натоўпам рухаліся да Вільні. 5 снеж. ў Смаргоні Напалеон, даручыўшы камандаванне Мюрату, паехаў у Парыж. У Вільню Мюрат прывёў каля 4 тыс. баяздольных салдат. 10 снеж. іх выбіў з горада армейскі авангард Я.​І.​Чапліна, а рэшткі ўцяклі праз Коўна да прускай граніцы. Поўны разгром цэнтр. групоўкі Напалеона вызначыў і становішча войск на флангах, якія адступілі праз Беласток на Варшаву і праз Шаўлі ва Усх. Прусію. Прыбыццё 22 снеж. Аляксандра I у гал. кватэру Кутузава ў Вільні і пераход да цара ўсёй паўнаты ваен.-паліт. кіраўніцтва азначалі завяршэнне абарончага перыяду вайны і курс на вайну ў Еўропе.

Руска-англа-шведскі саюз склаў аснову 6-й антыфранц. кааліцыі, да якой на працягу 1813 далучыліся Прусія і Аўстрыя. Вайна скончылася поўным падзеннем і паражэннем імперыі Напалеона, рэстаўрацыяй у Францыі каралеўскай улады і дынастыі Бурбонаў. У вызваленых краінах Еўропы аднаўляліся феад.-абсалютысцкія рэжымы, для іх падтрымкі ў 1815 створаны Свяшчэнны саюз. Паводле Парыжскага мірнага дагавору 1814 і пастаноў Венскага кангрэса 1814—15 Варшаўскае герцагства пераходзіла пад кіраванне Расіі, утворана Каралеўства Польскае. Аляксандр I адхіліў прапанову Кутузава аб канфіскацыі маёнткаў шляхты, якая выступіла на баку Напалеона, і абвясціў амністыю жыхарам зах. губерняў — удзельнікам вайны супраць Расіі пры ўмове, што яны вернуцца на радзіму на працягу 2 месяцаў (пазней гэты тэрмін быў прадоўжаны).

Вайна прынесла велізарныя страты абодвум бакам. Людскія страты напалеонаўскай арміі ацэньваюцца ў 80%, рус. — у 50% ад колькасці воінаў, што прымалі ўдзел у вайне. Скарацілася колькасць насельніцтва Беларусі, асабліва гарадскога. Матэрыяльныя страты 5 бел.-літ. губерняў і Беластоцкай вобл., паводле тагачасных падлікаў, склалі каля 160 млн. руб. серабром. Толькі добрыя ўраджаі 1813 і 1814 выратавалі ад масавага голаду і эпідэмій.

У гонар перамог рус. войск над арміяй Напалеона на тэр. Беларусі пастаўлены помнікі ў Брэсце, Верхнядзвінску, Віцебску, Кобрыне, Маладзечне, Полацку, Друі, у вёсках Астроўна, Капцэвічы, Клясціцы, Паддубна, Салтанаўка, Сапяжынка, Студзёнка і інш.

Літ.:

Богданович М. История Отечественной войны 1812 г. по достоверным источникам. Т. 1—3. СПб., 1859—60;

Харкевич В.Н. Война 1812 г. От Немана до Смоленска... Вильна, 1901;

Тарле Е.В. Нашествие Наполеона на Россию, 1812 г. М., 1992.

В.​В.​Антонаў.

Да арт. Вайна 1812. Атака данскіх казакаў М.​І.​Платава каля Нясвіжа. Чэрвень 1812. Хромалітаграфія 1912.
Да арт. Вайна 1812. Пераправа рускай арміі цераз Нёман у снежні 1812.

т. 3, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СЫ,

нацыя, асноўнае насельніцтва Беларусі. Складае 7904 тыс. чал. (перапіс 1989), 77,4% насельніцтва Рэспублікі Беларусь. Значная частка беларусаў жыве па-за межамі Беларусі, у т. л. ў Расіі 1052 тыс. (1989), на Украіне 406 тыс., у Польшчы больш за 200 тыс., Казахстане 182 тыс., Латвіі 112 тыс., Літве 58 тыс., Эстоніі 23 тыс. чал.; у краінах Зах. Еўропы, ЗША, Канадзе, Аўстраліі і інш., паводле розных ацэнак, жыве ад 300 тыс. да 2 млн. беларусаў (гл. Дыяспара беларуская). Гавораць на беларускай мове, якая адносіцца да слав. групы індаеўрап. моўнай сям’і. Разам з рускімі і ўкраінцамі належаць да ўсх. славян. Антрапалагічны тып — сярэднееўрап. варыянт еўразійскай (еўрапеоіднай) расы. Тэрыторыя іх кампактнага рассялення ў межах Беларусі займае 207,6 тыс. км² і ахоплівае басейны верхняга Дняпра, Сажа, Зах. Дзвіны, Нёмана, Прыпяці і часткова Зах. Буга.

Археалагічныя даследаванні сведчаць, што ўжо ў 5—8 ст. тэр. Беларусі насялялі слав. плямёны, з якімі генетычна звязаны саюзаплемянныя і раннефеад. этнапалітычныя супольнасці 9—10 ст.крывічы, дрыгавічы, радзімічы, часткова валыняне, драўляне і севяране. Працэс іх рассялення на Беларусі суправаджаўся міжэтнічнымі кантактамі з мясц. балцкімі плямёнамі (гл. Балты), якія ў асноўным былі асіміляваны, а часткова (у зах. абласцях) склалі змешаныя балта-слав. групы. У межах Кіеўскай Русі (канец 9 — пач. 11 ст.) пачалі складвацца феад. адносіны, узнікаць класы, гарады, фарміравацца стараж.руская народнасць, прынята хрысціянства. З 10 ст. землі Беларусі ўваходзілі ў склад Полацкага, Тураўскага, часткова Смаленскага, Чарнігаўскага княстваў; да 12 ст. з іх вылучыліся Пінскае, Мінскае, Друцкае, Заслаўскае, Навагрудскае і інш. княствы.

Фарміраванне і развіццё беларускай народнасці. У 13—14 ст. землі і княствы Беларусі ўвайшлі ў склад Вялікага княства Літоўскага (ВКЛ). Полацкая, Новагародская, Віцебская землі, а таксама Слуцкае, Кобрынскае, Мсціслаўскае і інш. княствы мелі ў ВКЛ пэўную сац.-эканам. і юрыдычна-прававую аўтаномію. У складзе адзінай дзяржавы спыніўся працэс іх феад. драблення, што садзейнічала стварэнню агульнай этнічнай тэрыторыі беларусаў. Сацыяльна-эканам., паліт., дэмаграфічныя і этнакультурныя фактары абумовілі пашырэнне этнасацыяльных сувязей паміж рознымі тэрытарыяльнымі часткамі Беларусі і ўнутрыэтнічную кансалідацыю. На працягу 15—16 ст. у ВКЛ павялічылася колькасць гарадоў і мястэчак, узмацніліся гандл. сувязі паміж імі, вырасла доля гандл.-рамесніцкага насельніцтва, павысілася таварнасць і прадукцыйнасць сельскай гаспадаркі, праведзены адм.-тэр. і аграрна-гасп. рэформы; кадыфікацыя і уніфікацыя дзярж. юрыд. нормаў завяршылася складаннем Статутаў Вял. княства Літоўскага 1529, 1566 і 1588. Пасля аб’яднання з Польшчай у федэратыўную дзяржаву Рэч Паспалітую ВКЛ захоўвала паліт. аўтаномію, свой урад, юрыд. правы, войска, фінансы і інш., што ў пэўнай меры стрымлівала польскі ўплыў на бел. і літ. народы. Аднак з таго часу ўзмацніліся працэсы паланізацыі і акаталічвання. Для бел. сялянства і гараджан асн. каштоўнасцю была этнагенетычная спадчына, якая аб’ядноўвала розныя тэрытарыяльныя групы беларусаў на аснове агульнасці іх гіст. лёсу, культуры, мовы, рэлігіі. Значную ролю адыгрывалі фактар кампактнага рассялення беларусаў і іх дэмаграфічнае становішча (бел. землі складалі большасць тэр. ВКЛ, а насельніцтва — асн. этнічны масіў). Беларусы складалі значную частку насельніцтва і ў гарадах этнічнай Літвы — Троках, Коўне, сталіцы ВКЛ Вільні. Дамінуючае дэмаграфічнае становішча беларусаў у межах ВКЛ і высокі ўзровень развіцця іх культуры вызначылі поліэтнічны характар пашырэння іх мовы. Старабел. мова («руськая») была афіцыйнай дзярж. мовай ВКЛ, сродкам зносін паміж усх.-слав. насельніцтвам і літоўцамі-аўкштайтамі, жмудзінамі, латгаламі і больш дробнымі этнічнымі групамі (татары, яўрэі, цыганы, караімы і інш).

У перыяд складвання бел. народнасці этнакансалідуючую функцыю адыгрываў і канфесіянальны фактар. Большасць усх.-слав. насельніцтва ВКЛ да 16 ст. вызнавала праваслаўе. Гэтага веравызнання трымалася таксама частка насельніцтва этнічнай Літвы і Жмудзі. Пасля дынастычнага саюзу ВКЛ і Польшчы (гл. Крэўская унія 1385) на землях Літвы і Беларусі пачало пашырацца каталіцтва, у 16 ст. ў сувязі з еўрап. рэфармацыйным рухам — пратэстантызм (лютэранства, кальвінізм і інш.), а пасля Брэсцкай уніі 1596 — уніяцтва. Праваслаўныя цэрквы Беларусі, Украіны і Літвы, пераведзеныя ва уніяцтва, трапілі пад духоўную ўладу рымскага пантыфікату і ўспрынялі асн. догматы каталіцызму. Наступ каталіцтва і уніяцтва выклікаў у большасці правасл. насельніцтва незадаволенасць і пратэст. Найб. глыбока паланізацыя пранікла ў самасвядомасць, матэрыяльную і духоўную культуру пануючых класаў Беларусі. У 17 ст. большая палова бел. шляхты спавядала каталіцкую ці уніяцкую веру, карысталася польскай мовай, прытрымлівалася агульнасаслоўных стэрэатыпаў ладу жыцця і паводзін (напр., панібрацтва). Усе этнастваральныя фактары, што садзейнічалі складванню бел. народнасці ў 14—16 ст., у цэлым мелі аб’яднальную тэндэнцыю. Жыхары абшчыны сваю супольнасць звычайна вызначалі агульным сельскім ці валасным этніконам, які паходзіў ад назвы сяла ці цэнтра воласці. У межах паветаў, княстваў, зямель, ваяводстваў насельніцтва аб’ядноўвалася вакол гарадоў і мястэчак у т.зв. зямляцтвы (напр., мазыране, палачане, мсціслаўцы, случане і інш.). Зямляцкія этнонімы былі ўстойлівыя і ў самой Беларусі, і за яе межамі. У 14—16 ст. значна пабольшала роля працэсаў этнагенетычнай кансалідацыі і агульнадзярж. інтэграцыі. Пра гэта сведчыць пашырэнне этнонімаў «русіны» і «літвіны». Руссю (рус. землямі) у той час называлі ўсх. і цэнтр. тэр. Беларусі. Кампактны арэал назвы «літвіны» бытаваў пераважна ў раёнах Вілейкі, Смаргоні, Ашмян, Крэва, Маладзечна, Ліды і інш. (т.зв. Павілейская Літва). Але ў 16—17 ст. «Літвой» і «літвінамі» называлі ўсё насельніцтва ВКЛ. Канкрэтна беларусаў называлі «літвіны рускага роду», «літвіны рускай веры», «літвіны-беларусцы», «літоўскія беларусы», што адлюстравана і ў гіст. дакументах (напр., бел. першадрукар і асветнік Ф.​Скарына называў сябе палачанінам, русінам і літвінам).

Розныя ўзроўні працэсаў этнічнага формаўтварэння, саслоўна-класавая і канфесіянальная дыферэнцыяцыя адбіліся на складванні бел. народнасці, на разнастайнасці формаў і элементаў яе культуры і побыту. Асаблівасцю гарадоў і мястэчак Беларусі быў іх хуткі рост. У канцы 16 ст. іх было больш за 300, а іх жыхары складалі каля 16—20% насельніцтва. Многія з іх мелі магдэбургскае права. Павялічвалася маёмаснае, прававое і саслоўнае размежаванне іх насельніцтва. Да асобных катэгорый належалі духавенства і арыстакратыя. Іншаэтнічнае насельніцтва часта не ўваходзіла ў катэгорыю мяшчан, а аб’ядноўвалася ў свае абшчыны з асобнымі правамі і прывілеямі.

Асн. масу насельніцтва Беларусі 14—16 ст. складалі сяляне. Яны падзяляліся на дзяржаўных і прыватнаўласніцкіх. У выніку аграрнай рэформы — валочнай памеры, праведзенай у ВКЛ у 16 ст., саслоўна-сац. і гасп.-эканам. арганізацыя сялянства змянілася і стала складацца з трох асн. катэгорый: слугі, асадныя сяляне і цяглыя сяляне.

Асн. збожжавай культурай было жыта; сеялі таксама авёс, ячмень, проса, пшаніцу і інш. Былі пашыраны агародныя і садовыя культуры. З землеапрацоўчых прылад пераважала саха для парнай запрэжкі. Пры ляднай (падсечна-агнявой) сістэме апрацоўкі зямлі сяляне карысталіся матыкамі, баронамі, сукаваткамі, смыкамі. Збожжавыя культуры сеялі ўручную з сявенькі-лубянкі, жалі сярпом, малацілі цапамі, веялі зерне веялкай-шуфлікам, малолі на муку або абдзіралі на крупы. Павелічэнне плошчы ворных зямель суправаджалася ўзнікненнем новых пасяленняў. Іх памеры, характар узнікнення і інш. асаблівасці адлюстраваліся і ў назвах-вызначэннях. Побач з вядомымі са старажытнасці назвамі сяло, сяльцо, весь, вёска, пагост з 15 ст. пачалі сустракацца слабада. воля, вольта, засценак, селішча. Асн. тыпам планіроўкі новых пасяленняў быў вулічны, што адпавядаў дзярж. плану забудовы. Існавала таксама бессістэмная, або кучавая, забудова. Асноўным тыпам жылля была зрубная хата з двума памяшканнямі (хата + сенцы). Вядома і трохкамернае жыллё (святліца + сенцы + жылое або гасп. памяшканне). Дах накрывалі саломай, дранкай, гонтай. Печы рабілі з комінам або без яго (курная хата). Вокны былі невялікія, іх закрывалі засаўкай, бычыным пухіром, прамасленай паперай, зрэдку шклом. Жылыя дамы заможнай шляхты былі значна большыя, шматкамерныя, часам двухпавярховыя.

Пэўныя асаблівасці мела архітэктура гарадоў і мястэчак, якія паступова набывалі урбанізаваны тып, набліжаны да зах.-еўрапейскіх традыцый горадабудаўніцтва. У іх павялічвалася колькасць мураваных пабудоў (найбольш у зах. абласцях). Мураванымі былі пераважна абарончыя (замкі, крэпасці) і культавыя (цэрквы, касцёлы), радзей жылыя, бытавыя і адм. пабудовы.

Да 16 ст. адносіцца з’яўленне пэўных відаў адзення, якія пазней ўвайшлі ў традыц. бел. нар. касцюм. Асновай жаночага і мужчынскага касцюма заставалася кашуля (сарочка). Мужчынскі гарнітур дапаўняўся паясным (штаны, споднікі), плечавым (кафтан) і верхнім (кажух, армяк, даламан) адзеннем. У жаночы гарнітур уваходзіла плечавое і паясное адзенне (андарак, панёва, фартух, летнік, спадніца), розныя галаўныя ўборы (хустка, рантух, плахта, каптур, чапец, магерка, капялюш), а таксама паясы, кашалькі, упрыгожанні. З даўніх часоў на Беларусі бытаваў скураны абутак. Для сял. асяроддзя характэрнымі былі і лапці, пашытыя са скуры або сплеценыя з лыка.

Аснову харч. рацыёну насельніцтва 14—16 ст. складалі прадукты земляробства, агародніцтва, жывёлагадоўлі. Дадатковымі крыніцамі былі паляўніцтва, рыбалоўства, бортніцтва. З напіткаў спажывалі мёд, квас, піва і інш. (гл. таксама Беларускія народныя стравы).

Фальклор беларусаў перыяду фарміравання народнасці меў тыя самыя жанры і элементы, што і ў папярэднія стагоддзі: песні, магічныя заклінанні, звязаныя з язычніцкай абраднасцю, галашэнні, быліны, казкі, легенды, загадкі. Узнік і новы эпічны жанр — гіст. песні і паданні, гал. тэмай якіх была барацьба народа з іншаземнымі захопнікамі, а таксама з уласнымі прыгнятальнікамі. Шырока бытавалі лірычныя песні. Зліццём язычніцкіх і хрысц. элементаў характарызаваліся многія абрады і звычаі, звязаныя з каляндарна-аграрнымі святамі і сямейна-бытавой абраднасцю. Гл. таксама Народная паэтычная творчасць.

Традыцыі перадаваліся ў спадчыну з пакалення ў пакаленне ў рамках сям’і. Тагачасныя сем’і падзяляліся на малыя (шлюбная пара і іх дзеці) і вялікія (бацькоўскія і брацкія родзічы 2—3 пакаленняў, сваякі, якія мелі агульную маёмасць, вялі сумесную гаспадарку і лічыліся адным «дымам»). Распараджальнікам і галавой сям’і быў бацька, а ў выпадку яго смерці — маці (пры адсутнасці дарослага сына). Сямейна-бытавыя адносіны рэгламентаваліся звычаёвым правам і дзярж. сямейным правам.

Са стараж. часоў на Беларусі былі вядомы школы. Яны існавалі пераважна пры манастырах і цэрквах, з 16 ст. — пры брацтвах (гл. Брацкія школы). Пры ордэнах езуітаў, францысканцаў, бенедыкцінцаў існавалі калегіумы. Адукацыя гар. насельніцтва была звязана з агульнаеўрап. традыцыямі. Разам з тым духоўная культура і грамадская думка беларусаў у 14—16 ст. мелі свае асаблівасці. У той час узнікала бел.-літоўскае летапісанне (гл. «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх», Беларуска-літоўскі летапіс 1446, «Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», Хроніка Быхаўца). Вяршыняй тагачаснай бел. культуры стала гуманістычная дзейнасць Ф.Скарыны, які ў перакладзе на старабел. мову выдаў Біблію (Прага, 1517—19). Яго паслядоўнікі С.Будны, В.Цяпінскі і інш. былі актыўнымі дзеячамі бел. Рэфармацыі. З жыццём і побытам беларусаў знаёміў еўрап. чытача адзін з выдатных паэтаў эпохі Адраджэння М.Гусоўскі. Вострыя праблемы грамадска-паліт. жыцця ўзнімалі М.Сматрыцкі, Л.Карповіч, С.Зізаній, Афанасій Брэсцкі і інш. З 16 ст. вядомы школьны тэатр, папулярнымі ў народзе былі лялечны тэатр батлейка, бел. харавыя песні-гімны — канты і псалмы. Склалася адметная беларуская іканапісная школа, дасягнулі росквіту драўляная скульптура і разьба па дрэве, беларуская рэзь стала шырока вядома за межамі Беларусі. Узнікла своеасаблівая архітэктура: Мірскі, Навагрудскі, Лідскі, Крэўскі замкі, Мураванкаўская і Сынковіцкая цэрквы-крэпасці і інш.

Асн. вынікам дзейнасці комплексу сац.-эканам., паліт., этнічных працэсаў 14—16 ст. на Беларусі стала складванне самаст. этнасацыяльнай супольнасці феад. тыпу — бел. народнасці і яе асн. этнічных прыкмет — мовы, культуры, самасвядомасці.

Цяжкім і складаным у гісторыі беларусаў быў перыяд 17—18 ст. Шматлікія войны з суседзямі і паміж магнатамі прывялі да сац.-эканам. крызісу Рэчы Паспалітай, які скончыўся яе падзеламі (1772, 1793 і 1795) паміж суседнімі дзяржавамі. Абвастрэнне нац.-класавых, рэлігійных і інш. супярэчнасцей выклікалі ўздым вызв. войнаў і антыфеад. паўстанняў. У выніку войнаў, голаду і эпідэмій рэзка зменшылася колькасць насельніцтва, што негатыўна паўплывала на развіццё бел. народнасці. Бел. шляхта на працягу 17—18 ст. ў асноўнай масе была паланізавана. Сялянства, частка гараджан, ніжэйшага і сярэдняга духавенства, дробнай і часткова сярэдняй шляхты актыўна супраціўлялася паланізацыі, што забяспечвала этнаэвалюцыйнае развіццё бел. народа. Дыферэнцыяцыя бел. культуры на культуру нар. мас і пануючых саслоўяў набывала ярка выражаную этнічную накіраванасць, калі менавіта народ захоўваў традыцыйнасць этнавызначальных прыкмет этнасу.

У 17—18 ст. на ПнУ і У Беларусі, сумежных тэр. Смаленшчыны і Пскоўшчыны стабілізавалася назва Белая Русь, вядомая з 14 ст., паступова ў шырокі ўжытак увайшлі паняцці «беларускі край», «беларускія гарады», «беларуская мова», «беларуская вера» (уніяцтва). Канфесіянальны склад заставаўся стракатым. Падтрымка каралеўскім дваром і магнатамі каталіцкай царквы садзейнічала пашырэнню на Беларусі розных каталіцкіх ордэнаў (дамініканцаў, езуітаў, францысканцаў, бенедыкцінцаў, кармелітаў і інш.), якія актыўна падтрымлівалі уніяцтва. Да канца 18 ст. католікі складалі каля 15%, уніяты 70%, праваслаўныя 6%, іудзеі 7%, пратэстанты і інш. 2% насельніцтва Беларусі. Палітыка акаталічвання і паланізацыі закранула і мову. У 1696 на канфедэрацыі Рэчы Паспалітай прынята рашэнне, паводле якога агульнадзярж. мовай абвяшчалася польская. Гэтыя і інш. неспрыяльныя сац.-паліт. фактары пагоршылі ўмовы развіцця духоўнай культуры бел. народа.

І.​У.​Чаквін.

Фарміраванне беларускай нацыі. Драматычныя падзеі апошняй трэці 18 ст. шмат у чым прадвызначылі далейшы лёс бел. этнасу. Устанаўленне паліт. улады рас. царызму садзейнічала захаванню і нават узмацненню феад. прыгону. Сельская гаспадарка Беларусі знаходзілася ў крызісным стане. За 1796—1858 насельніцтва Беларусі павялічылася на 27% і складала 3,3 млн. чал. Вял. страты панесла Беларусь у час Айчыннай вайны 1812. У пач. 19 ст. з’явіліся першыя прыкметы нац. кансалідацыі. У Віленскім ун-це ў канцы 1810-х г. М.Баброўскі і І.Даніловіч паклалі пачатак збіранню і публікацыі помнікаў бел. пісьменства 16—17 ст., садзейнічалі абуджэнню цікавасці да гіст. мінулага сярод студэнтаў — сяброў таварыстваў філаматаў і філарэтаў.

Развіццё бел. этнасу ў пач. 19 ст. характарызавалася не толькі працэсам фарміравання нац. самасвядомасці, але і іншаэтнічным асіміляцыйным уздзеяннем. Пры патуранні царскай адміністрацыі паланізацыя і акаталічванне карэннага насельніцтва ў канцы 18 — пач. 19 ст. нават узмацніліся. Тэарэтычным абгрунтаваннем гэтай дзейнасці сталі працы польскіх даследчыкаў С.​Ліндэ, Л.​Галамбёўскага, А.​Дамбоўскага, А.​Нарушэвіча, якія разглядалі беларусаў як этнагр. групу польскага народа. Пасля задушэння паўстання 1830—31 у дзярж. і навуч. установах замест польскай мовы ўводзілася руская. Полацкі царкоўны сабор 1839 абвясціў «уз’яднанне» уніятаў з пануючай праваслаўнай царквой. Гэта выклікала супраціўленне многіх вернікаў, асабліва на ПнЗ Беларусі. Пачалося афармленне тэорыі заходнерусізму, паводле якой беларусы лічыліся не самастойным этнасам, а адгалінаваннем рус. народа. Этнагр. асаблівасці, якія адрознівалі беларусаў ад рускіх, тлумачыліся польскім уплывам і падлягалі знішчэнню для аднаўлення нібыта «спрадвечна рускага характару краю». Заходнерусізм стаў ідэалогіяй і формай самасвядомасці часткі праваслаўнага духавенства, чыноўнікаў і дваран.

У 1840—50-я г. сярод шырокага кола мясц. інтэлігенцыі павялічылася цікавасць да гіст. мінулага Беларусі, вывучэння фальклору і побыту карэннага насельніцтва. З польскамоўнага літ. руху вылучылася т.зв. беларуская школа, творчасць прадстаўнікоў якой была прысвечана Беларусі. Асобныя творы Я.Чачота, Я.Баршчэўскага, А.Рыпінскага, У.Сыракомлі былі напісаны на бел. мове, а ў Я.Дуніна-Марцінкевіча яна стала асноўнай. У 1840-я г. А.Абрамовіч зрабіў першыя спробы стварэння нац. музычных твораў. У 1852 пастаўлена першая бел. опера «Сялянка» («Ідылія», муз. С.​Манюшкі і К.​Кжыжаноўскага, лібрэта Дуніна-Марцінкевіча). Самасвядомасць і творчасць гэтага кола інтэлігенцыі не заўсёды мелі ясна акрэслены нац. змест, але аб’ектыўна яны стваралі аснову бел. нацыянальнай мастацкай культуры. У цэлым развіццё нац. кансалідацыі слаба закранула этнас. Літвінамі сябе па-ранейшаму называлі жыхары Гродзенскага, Ваўкавыскага, Слонімскага, часткова Слуцкага пав. У Віленскай губ., Мінскім, Дзісенскім, Барысаўскім пав. літвінамі называлі толькі католікаў, а праваслаўных — беларусамі. Зах. Беларусь, як і раней, называлі Літвой, а этнічную Літву — Жмуддзю, Самагіціяй. Саманазва «беларусы» была найб. пашырана ў «гістарычнай Беларусі» — Віцебшчыне, Магілёўшчыне, Смаленшчыне, але яна мела пераважна тапанімічны характар. Захоўваліся шматлікія этніконы тыпу віцебцы, магілёўцы, гомельцы, пінчукі, бужане. Большасць памешчыкаў, 92% якіх былі католікамі, лічылі сябе палякамі. Многія з іх захоўвалі элементы мясц. («літоўскага», ці «беларускага») патрыятызму, які ў пач. 1860-х г. набыў нацынальна-паліт. і асветніцкі характар. У 1862 мінскі маршалак А.​Аскерка выдаў у Варшаве бел. лемантар. Дробная шляхта сваю этнічную прыналежнасць звязвала з канфесіянальнай: католікі лічылі сябе палякамі, праваслаўныя — рускімі. Аналагічным чынам вызначалі сябе мяшчане. Этнічнае самавызначэнне інтэлігенцыі залежала гал. чынам ад яе паліт. арыентацыі, але большая частка аддавала перавагу польскай дэмакр. культуры. І толькі сярод нешматлікага кола дэмакр. інтэлігенцыі сфарміравалася ўяўленне пра тое, што беларусы валодаюць усімі ўмовамі для самастойнага развіцця і маюць на тое ўсе правы. Лідэрам гэтай групы стаў К.Каліноўскі. Яго публіцыстыка ў газ. «Мужыцкая праўда» сведчыла пра спеласць нац. руху. У час паўстання 1863—64 на Вілейшчыне па патрабаванні сялян былі адкрыты бел. школы. Паражэнне паўстання адмоўна адбілася на развіцці бел. этнасу. Лепшыя прадстаўнікі дэмакр. інтэлігенцыі загінулі, многія сасланы ў Сібір. Царская адміністрацыя ўстанавіла на Беларусі ваенна-паліцэйскі рэжым. Руская мова заняла пануючае становішча ва ўсіх сферах грамадскага жыцця. Было забаронена друкаваць бел. кнігі лацінкай.

Сялянская рэформа 1861 абумовіла пазітыўныя зрухі ў эканам. развіцці Беларусі. Вял. значэнне мела будаўніцтва густой сеткі чыгунак. Эканам. становішча сялян палепшылася. Вынікам гэтага стаў хуткі рост колькасці насельніцтва. За 40 паслярэформенных гадоў колькасць жыхароў падвоілася. У 1897 на Беларусі жыло 6,5 млн. чал.

У 1868 у Пецярбургу ўзнікла асветніцкая арг-цыя «Крывіцкі вязок». Далейшае развіццё нац. руху было звязана з народніцкай ідэалогіяй. У канцы 1870-х — пач. 1880-х г. у Пецярбургу была створана група «Гоман» — першая паліт. самастойная арг-цыя бел. нац. інтэлігенцыі, якая выдавала час. «Гомон», інш. выданні. У 2-й пал. 1880-х г. у Мінску ўзнікла група ліберальнай інтэлігенцыі (М.В.Доўнар-Запольскі, У.З.Завітневіч, А.І.Слупскі, Я.Лучына і інш.), якая імкнулася абудзіць нац. самасвядомасць легальнымі сродкамі. Для гэтага выкарыстоўвалася першая прыватная на Беларусі газ. «Минский листок», а таксама выдадзеныя ў 1889—93 календары. Яшчэ большы ўплыў на фарміраванне нац. самасвядомасці зрабіла творчасць Ф.Багушэвіча. Яго прадмова да «Дудкі беларускай» з’явілася сапраўдным маніфестам нац. адраджэння (гл. таксама Беларускі нацыянальна-вызваленчы рух).

Вял. значэнне мела дзейнасць шматлікіх збіральнікаў і даследчыкаў фальклору, лінгвістаў, этнографаў. Іх публікацыі пераканаўча сведчылі, што беларусы з’яўляюцца самастойным этнасам, а не «сапсаванымі» рускімі ці палякамі.

На працягу 2-й пал. 19 ст. ў этнічнай самасвядомасці беларусаў адбыліся істотныя змены. Паводле перапісу 1897, 74% насельніцтва Беларусі лічылі роднай мовай беларускую. Да беларусаў сябе адносілі каля 43% саслоўя дваран. Роднай мовай беларускую лічылі 40% чыноўнікаў, 10% юрыстаў, 20% урачоў, 29% паштова-тэлеграфных служачых, 60% настаўнікаў. Сярод сялянства назва «беларусы» выцесніла большасць лакальных этніконаў. Тэрмін Беларусь замацаваўся за ўсёй этнічнай тэрыторыяй беларусаў. Аднак саманазва «беларус» яшчэ не мела агульнаэтнічнага і нац. зместу. Таму поруч з ім ужываліся канфесіянізмы («рускія», і «палякі»), а жыхары паўн.-заходняй і цэнтр. часткі Беларусі нярэдка называлі сябе «тутэйшымі».

Нац. рух, які ўступіў у новы перыяд свайго развіцця, меў сацыяліст. характар. У 1903 створана Беларуская сацыялістычная грамада (БСГ). Паскорыўся працэс фарміравання бел. прафесійнай мастацкай культуры. Узніклі бел. выдавецтвы «Загляне сонца і ў наша аконца» ў Пецярбургу, «Наша ніва», «Наша хата» і «Палачанін» у Вільні і інш. З’явіліся перыяд. выданні: газеты «Наша доля», «Наша ніва», «Гоман», «Беларус», часопісы «Лучынка», «Саха», «Крапіва», альманах «Маладая Беларусь». Характэрнай рысай усёй бел. нацыянальнай культуры было абуджэнне агульнаэтнічнай самасвядомасці.

Вял. ўплыў на фарміраванне нац. самасвядомасці як сістэмы навук. поглядаў зрабілі працы Я.​Ф.​Карскага «Беларусы» (т. 1—3, 1903—22), артыкулы Доўнар-Запольскага, матэрыялы перапісу 1897, працы В.Ластоўскага, асабліва яго «Кароткая гісторыя Беларусі» (1910). Вядучую ролю ў пашырэнні нац. самасвядомасці адыгрывала прэса, у першую чаргу газ. «Наша ніва», рэдакцыя якой стала арганізацыйным цэнтрам усяго нац. руху. Важнай формай папулярызацыі нац. культуры сталі бел. вечарынкі, што арганізоўваліся ў Вільні, Гродне, Полацку, Карэлічах, а таксама ў Пецярбургу, Варшаве, Тамбове і інш. Развіццю нац. культуры спрыяла кадыфікацыя бел. мовы. У 1908—10 былі спробы стварэння прыватных бел. школ.

Галоўным арэалам кансалідацыі бел. нацыі сталі цэнтр. і паўн.-зах. часткі Беларусі (Лідскі, Дзісенскі, Ашмянскі, Вілейскі, Гродзенскі, Ваўкавыскі, Слонімскі, Навагрудскі, Слуцкі і Мінскі пав). Менавіта сярэднебел. гаворкі, асабліва іх паўн.-зах. група, склалі дыялектную аснову бел. літаратурнай мовы. На пач. 20 ст. нац. самасвядомасць стала характэрнай рысай прадстаўнікоў практычна ўсіх класаў і сац. слаёў грамадства, што сведчыла пра завяршэнне фарміравання бел. нацыі як самаст. этнасацыяльнага арганізма.

П.​У.​Церашковіч.

Развіццё беларускай нацыі ў 20 ст. Першая сусв. вайна, Лютаўская і Кастр. рэв. 1917, грамадз. вайна, герм. і польск. акупацыі паставілі бел. народ на мяжу выжывання. У выніку страт на франтах і сярод мірнага насельніцтва ў часы ваен. дзеянняў і акупацый, эпідэмій, бежанства, эміграцыі з 7,5 млн. чал., што жылі на Беларусі ў 1914, на канец 1917 засталося 6,9 млн., а на пач. 1921 — 6,7 млн. чал. Радыкальныя змены ў паліт. сітуацыі пацягнулі за сабой трансфармацыю звыклых стэрэатыпаў, фарміраванне якасна новых уяўленняў аб сабе і суседзях. Важным крокам на шляху да бел. дзяржаўнасці было абвяшчэнне 25.3.1918 Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). 1.1.1919 Часовы рабоча-сялянскі ўрад Беларусі абнародаваў Маніфест аб утварэнні Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (БССР). Фактар дзяржаўнасці адыграў вял. этнафарміравальную ролю. У лют. 1919 БССР была аб’яднана з Літвой у Літоўска-Беларускую ССР. 31.7.1920 Беларусь зноў абвешчана незалежнай рэспублікай. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 зах. тэр. Беларусі з насельніцтвам больш за 4 млн. чал. засталася пад уладай Польшчы. Прымусовае адарванне Заходняй Беларусі стрымлівала этнічную кансалідацыю беларусаў. З пераходам да мірнага будаўніцтва, стварэннем СССР паступова вырашаліся нац. і культ. праблемы, пачалася беларусізацыя, якая прадугледжвала пашырэнне сферы ўжывання бел. мовы, вылучэнне на ключавыя пасады мясц. кадраў, развіццё нац. культуры.

Станаўленне новай школы ішло пераважна на роднай мове. На 15.12.1927 у БССР з 5510 школ 4573 былі беларускія. Працавалі таксама рус., яўр., укр., польск., лат., літ., ням. і інш. школы. Існавалі і школы змешанага тыпу: бел.-рус., бел.-польскія, бел.-яўр., рус.-яўр. і інш. Раўнапраўнымі дзярж. мовамі лічыліся бел., рус., польская і яўрэйская. Справаводства ў парт., дзярж., грамадскіх установах і арг-цыях пераводзілася на бел. мову. У станаўленні нац. адзінства пэўную ролю адыграла вышэйшая школа, у т. л. БДУ, Бел. ін-т сельскай і лясной гаспадаркі, Віцебскі ветэрынарны ін-т і інш. У 1929 на аснове Інстытута беларускай культуры створана Акадэмія навук Беларусі. Працэсу кансалідацыі спрыяла развіццё прафесійных формаў культуры беларусаў. На рэв. хвалі з нар. глыбінь у л-ру прыйшлі маладыя пісьменнікі і паэты. Узніклі літ. аб’яднанні («Узвышша», «Полымя», «Маладняк»), якія адыгралі прыкметную ролю ва ўздыме нац. свядомасці. Стварэнне бел. прафесійных тэатраў (Першы БДТ у 1920, Другі БДТ у 1926) стала стымулам для развіцця бел. драматургіі. Бел. мастакі, апрача нац. выставак, дэманстравалі свае творы ў Маскве, Лейпцыгу, Лос-Анжэлесе. У бел. кіно вядучае месца адводзілася гіст.-рэв. фільмам. Развівалася прафесійная музыка, аснову якой складалі нар. мелодыі. Палітыка беларусізацыі дала магутны імпульс для росквіту нац. культуры, абудзіла духоўныя сілы народа. У працэсе культурнай рэвалюцыі назіраліся супярэчлівыя тэндэнцыі, выкліканыя ігнараваннем інтарэсаў пэўных грамадскіх плыняў. Істотныя страты беларусам прычынілі прымусовая калектывізацыя і звязаныя з ёй высылкі за межы Беларусі заможных сялян. Калектывізацыя пакінула глыбокі след у духоўным жыцці беларусаў: разбураліся многія нар. традыцыі, звычаі, абрады, якія складваліся стагоддзямі. Гіпертрафіраваных памераў дасягнула антырэліг. прапаганда: закрываліся і рабаваліся цэрквы, знішчаліся многія арх. і гіст. помнікі. З канца 1920-х г. пачалася кампанія па выкрыцці т.зв. нацыяналдэмакратызму. Да «нацдэмаў» найперш адносілі пісьменнікаў і паэтаў сял. паходжання. Ахвярамі беззаконня сталі таксама вядомыя вучоныя, дзеячы мастацтва, настаўнікі і інш. (гл. Рэпрэсіі палітычныя ў СССР).

І ўсё ж бел. л-ра і мастацтва набывалі жанравую разнастайнасць і займалі пачэснае месца ў агульнасаюзнай і еўрапейскай культуры. У пач. 1930-х г. у БССР уведзена ўсеаг. абавязковае навучанне (пачатковае ў вёсцы, сямігадовае ў горадзе), у асноўным была ліквідавана непісьменнасць (паводле перапісу 1939 было 80,81% пісьменных). У 1938 працавала 7132 школы, у якіх вучылася больш за мільён дзяцей.

Складаным працэсам на Беларусі была індустрыялізацыя. У выніку хуткіх тэмпаў прамысл. развіцця БССР з аграрнай ператварылася ў індустрыяльна-аграрную рэспубліку. У працэсе тэхн. пераўзбраення нар. гаспадаркі мяняліся побыт і матэрыяльная культура беларусаў: традыц. касцюм паступова страчваў функцыі этнічнай прыкметы, традыц. прылады працы паступова выцясняліся машынамі. Замест шматлікіх вёсачак, засценкаў, хутароў узнікалі калгасныя пасёлкі, заснаваныя на нетрадыцыйных прынцыпах гасп. планавання. Пачалася планамерная забудова і рэканструкцыя гарадоў.

У Зах. Беларусі, якая да 1939 знаходзілася ў межах Польшчы, на нац. працэсы ўплывалі супярэчлівыя тэндэнцыі этнасац. развіцця. З аднаго боку, нарастала польска-каталіцкая каланізацыя «ўсходніх крэсаў», з другога — абуджэнне нац. самасвядомасці беларусаў. Запаволенае яе эканам. развіццё і слабая урбанізацыя былі адной з прычын кансервацыі традыц. культуры беларусаў. Важным паліт. актам, які станоўча паўплываў на развіццё бел. народа, было ўз’яднанне беларусаў у адзінай рэспубліцы (1939).

Працэсы ўнутранай кансалідацыі бел. этнасу перапыніла Вялікая Айчынная вайна Савецкага Саюза 1941—45. За гады акупацыі гітлераўцы разбурылі і зруйнавалі на Беларусі 209 гарадоў і раённых цэнтраў, 9200 вёсак, правялі больш за 140 карных аперацый, у час якіх спалілі 628 вёсак разам з жыхарамі. Загінуў кожны чацвёрты жыхар Беларусі. Вайна выклікала вял. міграцыі насельніцтва: у першыя месяцы вайны з тэр. Беларусі эвакуіравана 1,5 млн. чал.; больш за мільён беларусаў змагаліся на франтах, больш за 440 тыс. партызан і падпольшчыкаў вялі барацьбу на акупіраванай ворагам тэрыторыі (гл. Партызанскі рух на Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну).

Пасля вайны ўнутрыэтнічная кансалідацыя бел. этнасу набірала сілу. У перыяд аднаўлення нар. гаспадаркі адраджаліся традыц. промыслы і рамёствы. Да канца 1950-х г. з дапамогай усёй краіны Беларусь аднавіла свой эканам. патэнцыял. Аднак толькі праз 30 гадоў яна дасягнула даваен. колькасці насельніцтва.

З 1960-х г. з разгортваннем навукова-тэхн. прагрэсу, інтэнсіўным развіццём урбанізацыі і міграцыі, ростам адукацыйнага патэнцыялу насельніцтва адбываліся глыбокія структурныя зрухі ў эканам., паліт., сац. і духоўным абліччы беларусаў. Унутраная кансалідацыя этнасу спалучалася з нарастаннем інтэграцыйных працэсаў. Тэмпы эканам. развіцця Беларусі былі вышэйшыя за сярэднія паказчыкі ў СССР. Павялічылася ўраджайнасць с.-г. культур, прадукцыйнасць жывёлагадоўлі. Індустрыяльнае аблічча рэспублікі сталі вызначаць працаёмкія і навукаёмкія галіны прамысловасці. Хуткі рост прам-сці паўплываў на рост міграцыйных працэсаў і тэмпы урбанізацыі. У гарадах Беларусі жыве 68,6% яе насельніцтва (на 1.1.1995). Міграцыя з вёсак найб. актыўнай і адукаванай іх часткі, масавы прыток сельскіх жыхароў у гарады пэўным чынам паўплывалі на этнічныя працэсы, на аблічча гараджан (73% ад гараджан склалі беларусы). Вяскоўцы прыносілі ў гар. лад жыцця бел. традыцыйную культуру: песні, танцы, абрады, звычаі.

Пад уплывам навук.-тэхн. прагрэсу адбываюцца змены ў матэрыяльнай культуры народа. Бел. нар. адзенне знайшло сваё ўвасабленне ў сцэнічным і абрадавым касцюме. Традыцыі нар. творчасці выкарыстоўваюцца ў мадэліраванні сучаснага адзення. У асобных нас. пунктах захоўваюцца нар. промыслы і рамёствы.

Значныя змены адбываюцца ў жыллёвым буд-ве, ва ўпарадкаванні сельскіх і гар. паселішчаў. Сельскае жыллё развіваецца па 2 кірунках: удасканальванне традыц. тыпаў і забудова вёскі шматпавярховымі дамамі і катэджамі. Аднак пераважае традыц. жыллё: 73% жыллёвага фонду сельскіх нас. пунктаў прыпадае на індывід. хаты. Будуюцца ў вёсках цагляныя і шлакабетонныя дамы; на змену саламянаму даху прыйшлі чарапіца, гонта, бляха, шыфер.

Ідзе інтэнсіўная трансфармацыя інтэр’ера (вылучэнне пакояў, наяўнасць фабрычнай мэблі, хатняй бібліятэкі і інш.).

Пэўнай традыцыйнасцю вылучаецца нац. кухня беларусаў. Па-ранейшаму аддаецца перавага жытняму хлебу, штодзень на стале ў беларусаў бывае бульба ў розных варыянтах. Як і раней, пашыраны стравы з круп. Аднак і ў харчаванні адбыліся пэўныя змены: больш спажываецца мясных і малочных прадуктаў, яек, цукру; параўнальна менш хлеба і бульбы. Стравы, якія раней гатавалі на свята, сталі паўсядзённымі. У той жа час такія стравы, як дранікі, калдуны, бабка, мачанка, пераходзяць на святочны стол і служаць свайго роду этнічнай прыкметай бел. кулінарыі.

Пазітыўныя змены адбыліся і ў духоўнай культуры беларусаў. Ажыццяўляецца ўсеагульная сярэдняя адукацыя. За 1970—90 колькасць нац. інтэлігенцыі падвоілася. Сярод спецыялістаў з вышэйшай адукацый, што працуюць у нар. гаспадарцы, беларусы складаюць 61% (1974), колькасць студэнтаў беларусаў павялічылася да 70,7% (1989). Калі ў 1970 на 1 тыс. беларусаў, што працавалі ў нар. гаспадарцы, прыпадала 40 чал. з вышэйшай і 515 з сярэдняй адукацыяй, то ў 1989 — адпаведна 115 і 774 чал. Беларусы прадстаўлены ва ўсіх групах інтэлігенцыі. Сярод дактароў навук беларусаў 47%, сярод кандыдатаў — каля 50%. Адметнай рысай самасвядомасці беларусаў стала прафесійная культура (літаратура, мастацтва). Яна заняла моцныя пазіцыі ў перадачы этнічных ведаў.

Вялікае значэнне ва ўмацаванні агульнаэтнічнага адзінства набылі тэлебачанне, радыё, друк, якія знаёмяць з багатай спадчынай беларусаў, іх гісторыяй, культурай. У абрадавым жыцці беларусаў ідуць складаныя, супярэчлівыя працэсы. Абраднасць выцясняецца за межы сям’і. Паралельна з працэсам арганізаванага ўкаранення новай абраднасці ідзе актывізацыя абрадавай творчасці нар. мас. Ступень захаванасці нац. самабытнасці найб. высокая ў абрадах, звязаных з жыццём сям’і (радзіны, вяселле, пахаванне). У апошнія дзесяцігоддзі заўважаецца адраджэнне каляндарных свят (провады зімы, гуканне вясны, зажынкі, дажынкі, Купалле), а з 1990-х г. агульнанац. святамі сталі Каляды, Вялікдзень, Дзяды.

Неадназначныя працэсы ідуць і ў моўнай сферы беларусаў. Перапіс 1959 зафіксаваў павелічэнне колькасці беларусаў, якія лічаць бел. мову роднай. Аднак з 1970 працэнт такіх людзей памяншаўся. Мацнейшыя арыентацыі на бел. мову ў сельскай мясцовасці. Больш трывала яна ўтрымлівалася ў сферы чытання, менш — ва ўнутры- і міжнац. зносінах. Патэнцыяльнае валоданне роднай мовай у беларусаў больш высокае, чым яе фактычнае выкарыстанне. Ва ўмовах інтэнсіўнай адаптацыі беларусаў да індустрыяльна-урбанізаванага асяроддзя, інтэрнацыяналізацыі ладу жыцця змяніліся адносіны ў выкарыстанні бел. і рус. моў на карысць апошняй. У выніку нац. свядомасць часткі беларусаў стала абапірацца на мову не як на аб’ектыўную прыкмету, а як на этнічны сімвал. Матэрыялы спец. даследаванняў і перапісаў сведчаць, што нац. самасвядомасць беларусаў абапіраецца на 2 мовы: беларускую і рускую. Масавае двухмоўе стала ўстойлівай з’явай, што пацвердзіў рэферэндум 1995. Руская мова адносіцца да найбольш пашыраных у свеце моў, валодае высокім інфармацыйна-камунікатыўным патэнцыялам, з’яўляецца роднаснай беларускай мове, што і вызначае яе шырокае выкарыстанне беларусамі.

Інтэнсіфікацыя этнакультурных кантактаў, рост нац. змешаных сем’яў, інтэрнацыяналізацыя працоўных калектываў ідзе на фоне нац. цярпімасці і суправаджаецца пэўнай мадыфікацыяй этнасу. У выніку кансалідацыйных працэсаў устойліва замацаваўся ў якасці агульнаэтнічнай назвы этнонім «беларусы». У іншанац. асяроддзі беларусы выступаюць як адзіная нац. агульнасць.

У этнічнай гісторыі беларусаў 1970—80-я г. адзначаны развіццём эканомікі, культуры, своеасаблівай раўнавагай (балансам) інтарэсаў розных нац. і сац. сіл, умацаваннем нац. самасвядомасці. Аднак у канцы 1980 — пач. 1990-х г. заўважаюцца негатыўныя тэндэнцыі ў эканоміцы, дэмаграфічным развіцці (павялічваецца смяротнасць, зніжаецца нараджальнасць), у культуры этнасу, экалогіі (найперш Чарнобыльская катастрофа 1986).

Канец 20 ст., як і яго пачатак, стаў пераломным у гісторыі беларусаў, калі на эвалюцыйны шлях развіцця вял. ўплыў аказвалі паліт. і сац. зрухі. 27.7.1990 сесія Вярх. Савета БССР прыняла Дэкларацыю «Аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі», якой 25.8.1991 нададзены статус канстытуцыйнага закону. Пасля распаду СССР глабальныя паліт. змены адбыліся і на Беларусі. На 1990-я г. прыпадаюць змены ў культурна-гіст. самасвядомасці беларусаў: умацоўваецца рэліг. самасвядомасць і прыналежнасць чалавека да пэўнага этнасу, а ўтварэнне менавіта сваёй бел. дзяржаўнасці спрыяе развіццю этнакансалідуючых тэндэнцый.

Гісторыя сведчыць, што беларусы на працягу свайго шматвяковага шляху стварылі і захавалі багатую, самабытную і унікальную культуру, якая ўвайшла ў сусветную цывілізацыю, паказалі мужнасць і гераізм, цярпенне і працавітасць, міласэрнасць і ўменне жыць у добрасуседстве. Гэта дае надзею на будучае, што і ў 3-м тысячагоддзі беларусы не страцяць свайго «твару», знойдуць сваё месца ў шматколернай сусветнай супольнасці народаў.

Літ.:

Гл. пры арт. Беларусь.

Г.​І.​Каспяровіч.

т. 3, с. 5

Да арт. Беларусы. Свінцовая пячатка Усевалада Яраславіча з Полацка. 11 ст.
Да арт. Беларусы. Карта Вялікага княства Літоўскага і Белай Русі Г.​Баплана. Каля 1654.
Да арт. Беларусы. Дзяўчынкі са Случчыны. Пач. 20 ст.
Да арт. Беларусы. Дзяўчына ў святочным уборы. Вёска Колкі Клецкага р-на Мінскай вобл.
Неглюбскія ручнікі. Вёска Неглюбка Веткаўскага раёна.
Хата ў вёсцы Старое Сяло Веткаўскага раёна.
Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту. Экспазіцыя сектара «Цэнтральная Беларусь».
Крыжы з аброчнымі тканінамі на могілках у Чарнобыльскай зоне.

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРМЕ́НІЯ, Рэспубліка Арменія. Размешчана ў паўд. частцы Закаўказзя. Мяжуе на Пн з Грузіяй, на У і ПдЗ з Азербайджанам, на Пд з Іранам, на З з Турцыяй. Пл. 29,3 тыс. км². Нас. 3677 тыс. чал. (1992). Дзярж. мова — армянская. Сталіца — г. Ерэван. Нац. свята — Дзень незалежнасці (28 мая).

Дзяржаўны лад. Арменія — дэмакр. рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1978. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт. Вышэйшы заканадаўчы орган — Вярх. Савет, вышэйшы выканаўчы і распарадчы орган — Савет Міністраў, які ўзначальвае прэм’ер-міністр.

Прырода. Арменія займае паўн.-ўсх. ч. Армянскага нагор’я, акаймаванага паўн. і ўсх. хрыбтамі М.​Каўказа. На Пн па мяжы з Грузіяй цягнецца Самхецкі хр. (2548 м, г. Лалвар), на Пд ад яго — Ларыйскае плато (выш. да 1400 м), уздоўж паўд. мяжы якога праходзіць Базумскі хр. Паміж Базумскім і паралельным яму Памбакскім хр. ляжыць Памбакская катлавіна, на ПнЗ — Джавахецкі хрыбет. На З узвышаецца вулканічны масіў Арагац (выш. да 4090 м). Хрыбты Гегамскі на З, Вардэнскі на Пд і Шахдагскі на ПнУ і У акружаюць тэктанічную ўпадзіну, у якой знаходзіцца высакагорнае воз. Севан. На ПдУ Арменіі самы высокі ў Закаўказзі Зангезурскі хр. (выш. 3904 м, г. Капутджух), на ПнУ ад яго вулканічнае Карабахскае нагор’е (выш. 2000—3000 м). У паўд.-зах. частцы Арменіі акумулятыўная Арарацкая раўніна (выш. 800—1000 м). Каля ⅓ плошчы Арменіі ўкрыта андэзітабазальтамі, туфамі, пемзамі, перлітамі і інш. прадуктамі вывяржэння вулканаў. Для асобных раёнаў Арменіі характэрна сейсмічнасць. Працягваюцца гораўтваральныя працэсы, адбываюцца землетрасенні (апошняе катастрафічнае ў снеж. 1988). Карысныя выканні: радовішчы медна-малібдэнавых, медна-калчаданавых, залатых, жал. і поліметалічных рудаў, нефелінавых сіенітаў, каменнай солі, буд. матэрыялаў (туфы розных адценняў і якасцяў, базальты, граніты, мармур, пемза, вапнякі, вогнетрывалыя гліны). Выяўлены прамысл. паклады паўкаштоўных і вырабных камянёў (агат, біруза, яшма, абсідыян). Шмат мінер. крыніц. Клімат субтрапічны кантынентальны, сухі; асаблівасці абумоўлены горным рэльефам, блізкасцю Чорнага і Каспійскага мораў, уплывам засушлівага Іранскага і Малаазіяцкага нагор’яў. На раўнінах сярэдняя т-ра студз. -5 °C, ліп. 25 °C, ападкаў каля 400 мм за год. На горных плато і схілах гор (да 1400 м) сярэдняя т-ра студз. ад -4 °C да -6 °C, ліп. ад 18 °C да 20 °C, ападкаў каля 500 мм за год. У сярэднягор’і клімат умераны, сярэдняя т-ра студз. ад -2 °C да -8 °C, ліп. 18 °C, ападкаў 600—800 мм за год. У высакагор’ях сярэдняя т-ра студз. ад -9 °C да -14 °C, ліп. ад 10 °C да 15 °C, магутнае снежнае покрыва. Рэкі Арменіі бурныя, парожыстыя, багатыя гідраэнергарэсурсамі, буйнейшая пагранічная р. Аракс. Па тэр. Арменіі цякуць прытокі рэк Аракс (Раздан, Арла, Варатан і інш.) і Куры (Дэбед з Памбакам і Дзарагетам). Каля 100 горных азёраў, самае вялікае — Севан, для папаўнення якога прабіты горны 48-кіламетровы тунэль р. Арпа — Севан. Глебы Арарацкай раўніны і прылеглых перадгор’яў (да 1200 м) шэразёмныя і светла-бурыя, у паніжэннях саланчакі і сланцы. У паўд. раёнах да выш. 1800 і ў паўн. да 800 м — каштанавыя глебы, вышэй — горныя лугавыя, лясныя, лугава-тарфяныя; на вулканічных плато — горныя чарназёмы. У перадгор’ях калючыя хмызнякі, падушкападобныя астрагалы і аканталімоны, ксерафільныя зараснікі. На паўн.-ўсх. (да выш. 2000 м) і паўд.-ўсх. (да выш. 2400 м) схілах лісцевыя лясы (усх. бук, дуб, граб). У стэпавым поясе (да 2100—2200 м) пераважае кавыльная і ціпчаковая расліннасць, вышэй — ксерафітнае рэдкалессе, субальпійскія і альпійскі лугі. На вяршынях (Арагац, Капутджух) фірнавыя палі і ледавікі. Жывёльны свет у перадгор’ях: паўзуны (гюрза, каўказская гадзюка), грызуны, скарпіёны, у трысняговых зарасніках — дзік, чаротавы кот, шакал; у гарах — безааравы казёл, сірыйскі мядзведзь, рысь, вавёрка і інш. Акліматызаваны янотападобны сабака, нутрыя, плямісты усурыйскі алень. Запаведнікі: Дыліжанскі, Карагельскі-Сіўліцкі (на мяжы з Азербайджанам), Хасроўскі, Эрэнійскі, Шыкахохскі. Нац. парк Севан.

Насельніцтва. Асноўнае насельніцтва — армяне (93,3%; 1992); жывуць таксама рускія, курды, украінцы, беларусы, грузіны, грэкі, асірыйцы і інш. У сувязі з арм.-азерб. канфліктам большасць азербайджанцаў выехала, а ў Арменію перасялілася значная колькасць армян з Азербайджана. Большасць вернікаў належыць да Армянскай апостальскай царквы. Сярэдняя шчыльнасць 115 чал. на 1 км². Натуральны прырост — 15 чал. на 1000 жыхароў. Гар. насельніцтва складае 68% (1989). 50% сельскага насельніцтва жыве ў горным поясе 1500—2000 м. Найб. гарады (1995): Ерэван (1248 тыс. ж.), Гюмры (211 тыс. ж.), Ванадзор (173 тыс. ж.), Эчміядзін (65 тыс. ж.), Раздан (64 тыс. ж.), Абавян (62 тыс. ж.).

Гаспадарка. Прамысловасць. Асноўныя галіны: машынабудаванне і металаапрацоўка, каляровая металургія, хім., нафтахім., лёгкая, харчасмакавая прам-сць, вытв-сць буд. матэрыялаў. Энергетычная база — ГЭС Севана-Разданскага каскада, ГРЭС у Раздане, ТЭЦ у Ерэване, АЭС у Мецаморы і інш. У машынабудаванні развіты эл.-тэхн., электронная, радыётэхн. прам-сць, прылада- і станкабудаванне, вытв-сць быт. тэхнікі (Ерэван, Гюмры, Ванадзор і інш.). Каляровая металургія ўключае вытв-сць медзі, алюмінію, канцэнтратаў малібдэну, свінцу, цынку. Выпуск пракату. Прадпрыемствы хім. і нафтахім. прам-сці вырабляюць сінт. каўчук, аўтамаб. шыны, сінтэтычныя смолы, пластмасы, серную кіслату, хім. валокны і інш. (Ерэван, Ванадзор, Алаверды). З галін лёгкай прам-сці вылучаюцца тэкст. і гарбарна-абутковая. Важнейшыя галіны харчасмакавай прам-сці — плодакансервавая, эфіраалейная, віна-каньячная, тытунёвая, разліў мінер. водаў. У прам-сці буд. матэрыялаў гал. роля належыць вытв-сці сценавых блокаў з натуральнага каменю, у т. л. на базе распрацоўкі радовішчаў каляровых туфаў, перлітаў, вапнякоў, граніту і мармуру, вытв-сць цэменту, шыферу, зборных жалезабетонных канструкцый і вырабаў.

Сельская гаспадарка. Плошча с.-г. угоддзяў складае 1,3 млн. га, з іх ворыва 0,5 млн. га, пашы 1,6 млн. га. Земляробства сканцэнтравана пераважна на Арарацкай раўніне, Шыракскім плато і ў раёне воз. Севан. 305 тыс. га с.-г. угоддзяў арашаецца. Гал. галіны раслінаводства — вінаградарства і пладаводства. Вырошчваюць збожжавыя (пшаніца, ячмень), тэхн. тытунь, цукр. буракі і гароднінна-бахчавыя культуры. Жывёлагадоўля малочна-мяснога і мяса-воўнавага кірунку (буйн. раг. жывёла, коза- і авечкагадоўля). Птушкагадоўля. Асноўныя віды транспарту — чыгуначны (эксплуатацыйная даўж. 870 км) і аўтамабільны (даўж. 7,6 тыс. км, у т. л. 7,3 з цвёрдым пакрыццём). Ёсць газаправодны транспарт, развіты авіяцыйны. Увозіць Арменія энерганосьбіты (прыродны газ), машыны, прадукты харчавання. Экспартуе трансп. абсталяванне, каляровыя металы, быт. тэхніку, вырабы харчасмакавай прам-сці. Каля 80% знешнегандлёвага абароту прыпадае на Расію і Беларусь. Грашовая адзінка — драм.

Гісторыя. Тэр. Арменіі належыць да найб. стараж. цэнтраў сусв. цывілізацыі. Археал. знаходкі сведчаць пра засяленне Армянскага нагор’я першабытным чалавекам у 1-й пал. чацвярцічнага перыяду (Сатані-Дар). У неаліце тут пачалося земляробства. Культура бронзавага веку (3—2-е тыс. да н.э.) прадстаўлена паселішчамі Шэнгавіт, Шрэшблур, Элар, Лчашэн, Тагавараніст. У канцы 2 — пач. 1-га тыс. да н.э. на Армянскім нагор’і ўзнікаюць племянныя саюзы, пачынаецца працэс утварэння дзяржавы. На аснове буйных саюзаў уруатры, наіры, дайані ў 9 ст. да н.э. склалася рабаўладальніцкая дзяржава Урарту. Найб. значныя помнікі гэтага перыяду на тэр. Арменіі: Ван (Тушпа), Эрэбуні, Тайшэбаіні, Армавір. Аслабленая ўнутр. супярэчнасцямі і націскам скіфаў у 6 ст. да н.э. Урарту распалася, яе тэр. ўключана ў стараж. персідскую Ахеменідаў дзяржаву. Арм. народнасць у асн. склалася ў 2-й пал. 1-га тыс. да н.э. ў выніку змяшання абарыгенных плямёнаў Армянскага нагор’я (хаі, армены), якія атрымалі ў спадчыну высокую культуру Ураргу. Пасля разгрому дзяржавы Ахеменідаў Аляксандр Македонскі ўключыў арм. землі ў сваю імперыю. У канцы 4 ст. да н.э. ад яе аддзяліліся самастойныя арм. царствы ў Арменіі Малой і Айрарацкай даліне. У канцы 3 ст. да н.э. Паўн.-Зах. Арменія (Сафена) і Паўд. Арменія трапілі пад панаванне Селеўкідаў. Каля 220 да н.э. Айрарацкае царства і Паўд. Арменія аб’ядналіся ў незалежную дзяржаву — Арменію Вялікую. У 189 да н.э. правіцелі Вял. Арменіі і Сафеты абвясцілі незалежнасць. З гэтага часу тут усталявалася дынастыя Арташэсідаў [189 да н.э. — 1 ст. н.э.], найб. вядомым прадстаўніком якой быў Тыгран II. У гады яго праўлення завяршылася аб’яднанне асн. арм. зямель. Арменія стала вял. дзяржавай эліністычнага свету. У яе гарадах Армавір, Арташат, Тыгранакерт, Аршамашат, Ервандашат, Вагаршапат былі развіты рамёствы і гандаль. З 1 ст. да н.э Арменія стала арэнай барацьбы паміж Рымам і Парфянскім царствам і прыйшла ў заняпад. У 387 Вял. Арменія падзелена паміж Іранам і Візантыйскай імперыяй; б.ч. яе апынулася ў васальнай залежнасці ад Сасанідскага Ірана, але захавала самакіраванне на чале з намеснікам (марзпанам). У 301 Арменія прыняла хрысціянства. Пачалі складвацца феад. адносіны. Арм. народ вёў упартую барацьбу супраць іранскага панавання за аднаўленне незалежнасці. Буйныя паўстанні адбыліся ў 450—451 (пад кіраўніцтвам Вардана Маміканяна, закончылася Аварайрскай бітвай 451), 481—484, 571—572 і інш. У 2-й пал. 7 ст. Арменія заваявана Арабскім халіфатам. Сац. рух у 9—11 ст. праходзіў пад рэліг. сцягам (гл. Паўлікіяне, Пандракійцы). У ходзе працяглай барацьбы арм. народа з арабамі (паўстанні 703, 748—750, 774—775, 850—855) у канцы 9 ст. Утварылася арм. царства Багратыдаў, у якое ўвайшлі Анійскае царства і залежныя ад яго Ванандскае, Васпураканскае, Сюнікскае і Ташыр-Дзарагецкае царствы. Пачаўся ўздым эканомікі і культуры; цэнтрамі рамяства і гандлю сталі гарады Ані, Карс, Дзвін, Хлат, Маназкерт і інш. У 11 ст. Арменія заваявана Візантыяй, потым сельджукамі, а ў 13 ст. татара-манголамі. У выніку ліквідацыі дзяржаўнасці гарады Арменіі прыйшлі ў заняпад, многія разбураны, значная частка насельніцтва знішчана. Вял. спусташэнні прынеслі Арменіі паходы Тахтамыша і Цімура. Узмацнілася эміграцыя армян у інш. краіны. На ПдУ М. Азіі ўтварылася арм. Кілікійскае царства (1080—1375). На пач. 15 ст. Арменія захоплена вандроўнымі туркм. плямёнамі. У 16—18 ст. яна стала арэнай барацьбы паміж Турцыяй і Іранам, гаспадарка краіны руйнавалася, яе жыхары знішчаліся і высяляліся. У 1639 краіна падзелена; Усх. Арменія адышла Ірану, Зах. — Турцыі. Сац. і нац.-рэліг. прыгнёт выклікаў паўстанні армян (найбуйнейшае ў 1722—28 у Карабаху і Сюніку). З цягам часу ў паліт. плынях стала выспяваць арыентацыя на Расію. У выніку рус.-іран. вайны 1826—28 паводле Туркманчайскага дагавора 1828 Усх. Арменія далучана да Рас. імперыі. Больш за 40 тыс. армян перасяліліся з Ірана ў Закаўказзе. Пасля рус.-тур. вайны 1828—29 з падпарадкаваных Турцыі арм. зямель ва Усх. Арменію перасялілася 90 тыс. армян. Зах. армяне, што заставаліся пад уладай Турцыі, неаднаразова паўставалі (Зейтунскае паўстанне 1862, вызв. рух 1870—80-х г.). Тур. ўлады арганізоўвалі (1895, 1896, 1908) масавую разню арм. мірнага насельніцтва. У 1-ю сусв. вайну тур. ўрад правёў генацыд арм. насельніцтва — знішчыў каля 1,5 млн. армян і каля 2 млн. выселіў у пустыні Месапатаміі, дзе большасць іх загінула. У памяць аб гэтай трагедыі 24 крас. лічыцца днём нац. жалобы. Выселеныя з Турцыі армяне аселі пераважна ў краінах Б. Усходу, Еўропы і Амерыкі. У ходзе барацьбы супраць рус. царызму і султанскага дэспатызму ў Арменіі ўзніклі розныя грамадска-паліт. плыні і партыі, найб. уплывовай была партыя «Дашнакцуцюн» (гл. «Дашнакі»). У час рэвалюцыі 1905—07 у Расіі ў Арменіі пракацілася хваля забастовак. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 Часовы ўрад стварыў у Закаўказзі Асобы Закаўказскі камітэт. У вострай паліт. барацьбе з бальшавікамі ў ліст. 1917 да ўлады прыйшлі дашнакі. 28.5.1918 урад дашнакаў аб’явіў незалежнасць Арменіі. У вер. 1918 Турцыя акупіравала значную ч. тэр. Арменіі. Паводле Батумскага дагавора 1918 паміж Турцыяй і Грузіяй тэр., падуладная ўраду дашнакаў, абмяжоўвалася толькі Эрыванскім і Эчміядзінскім паветамі. Пасля паражэння герм. блоку ў 1-й сусв. вайне (ліст. 1918) у Закаўказзе ўступілі англа-амер. войскі. У вер. 1920 паміж Турцыяй і Арменіяй пачалася вайна, якая прынесла новыя пакуты арм. народу (у акупіраваных туркамі раёнах загінула каля 198 тыс. чал.). У ліст. 1920 у Арменіі адбылося ўзбр. паўстанне, падтрыманае Чырв. Арміяй. 29.11.1920 у Каравансараі ўтвораны Рэўком сав. Арменіі, які абвясціў Арменію сав. сацыяліст. рэспублікай. 2.12.1920 урад дашнакаў капітуляваў. 30.12.1922 Арменія разам з Азербайджанам і Грузіяй у складзе Закаўказскай Федэрацыі (ЗСФСР) увайшла ў СССР, з 5.12.1936 — як саюзная рэспубліка (Армянская ССР). У 1922 прынята першая Канстытуцыя Арм. ССР. Цяжар нявырашаных нац. праблем прывёў да абвастрэння адносін з суседзямі — у 1988 з-за тэр. прыналежнасці Нагорнага Карабаха паміж Арменіяй і Азейрбайджанам узнік канфлікт, які пазней набыў узбр. характар. Сац.-эканам. становішча абвастрылася пасля землетрасення ў снеж. 1988. На дапамогу арм. народу прыйшлі многія краіны, у т. л. Беларусь. На рэферэндуме ў вер. 1991 за незалежнасць Арменіі выказалася 99% яе насельніцтва. 25.9.1991 Вярх. Савет Арменіі прыняў «Дэкларацыю аб незалежнасці Арменіі». У кастр. 1991 прэзідэнтам краіны выбраны Л.​Тэр-Петрасян. З 1991 Арменія — член СНД. У процівагу рашэнню Вярх. Савета Азербайджана аб скасаванні статуса Нагорна-Карабахскай аўт. вобласці Арменія прызнала акт абвяшчэння незалежнасці Нагорнага Карабаха. Паміж краінамі пачалася неаб’яўленая вайна. З 1992 вядуцца перагаворы па ўрэгуляванні азерб.-арм. канфлікту. Пасрэднікамі ў гэтым працэсе выступаюць Балтыйскі Савет, Арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ), дзейнічае Мінская група АБСЕ па Нагорным Карабаху.

Арменія — член буйных міжнар. арг-цый: ААН, АБСЕ і інш. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў 1993.

Палітычныя партыі. Арм. агульнанац. рух, Ліберальна-дэмакр. партыя, Рэсп. партыя, Хрысціянска-дэмакр. партыя, «Дашнакцуцюн», Партыя нац. адраджэння, Саюз канстытуцыйнага права, Нацыяналістычная партыя Арменіі, Камуніст. партыя Арменіі і інш.

Ахова здароўя. У пач. 1992 на 10 тыс. ж. было 87 бальнічных ложкаў, 136 амбулаторна-паліклінічных устаноў, 40 урачоў. Узровень нараджальнасці 21 на 1 тыс. чал. Дзіцячая смяротнасць 18 дзяцей на 1 тыс. нованароджаных (1994).

Асвета, навуковыя ўстановы. У Арменіі ажыццяўляецца ўсеагульнае абавязковае сярэдняе навучанне. Створана сістэма вышэйшай і сярэдняй спец. адукацыі. У 1991 у Арменіі былі 1283 дашкольныя дзіцячыя ўстановы (143 тыс. дзяцей). У 1991/92 навуч. г. працавалі 1374 дзённыя агульнаадук. школы (592 тыс. вучняў, 54 тыс. настаўнікаў), 69 сярэдніх спец. навуч. устаноў (40,6 тыс. навучэнцаў), 14 ВНУ (66,1 тыс. студэнтаў, больш за 5,3 тыс. выкладчыкаў). Найбольшыя ВНУ: Ерэванскі ун-т (з 1920); ін-ты — політэхн., пед., мед., с.-г., нар. гаспадаркі, маст.-тэатральны, кансерваторыя і інш. На 1.1.1990 у Арменіі 1,4 тыс. масавых б-к (21,8 млн. адзінак захавання), самыя вялікія б-кі: Дзяржаўная імя Мяснікяна, навук. б-ка АН Арменіі; 50 музеяў, у т. л. гісторыі Арменіі, прыродазнаўства, геалагічны, карцінная галерэя; 1,3 тыс. клубных устаноў. Навук. даследаванні вядуцца ў навук. установах, н.-д. ін-тах Акадэміі навук Арменіі (у яе складзе 43 акад., 59 чл.-кар., 1989), праблемных лабараторыях і канструктарскіх бюро пры мін-вах і ВНУ.

Друк, радыё, тэлебачанне. Найбуйнейшыя газеты: «Екір» («Краіна»), «Азг» («Нацыя»), «Голос Армении», «Республика Армения», «Эпоха». Нац. інфарм. агенцтва Армянпрэс (з 1920). Радыёвяшчанне з 1926 на арм., рус., азерб. і курдскай мовах. Ерэванскі радыёцэнтр перадае спец. праграму для армян, што жывуць за межамі краіны. З 1956 працуе Ерэванскі тэлецэнтр.

Літаратура. Найстаражытныя помнікі арм. культуры захоўваюць звесткі пра жыццё і барацьбу арм. плямёнаў дагіст. перыяду. Паданні і легенды («Нараджэнне Ваагна», «Гайк і Бел», «Ара Цудоўны і Шамірам», «Тыгран і Аждаан» і інш.) расказваюць пра барацьбу армян за незалежнасць і дзяржаўнасць, паказваюць зараджэнне этнічнай самасвядомасці, пошукі ў філас. асэнсаванні жыцця прыроды і Сусвету. Помнікам сусв. культуры з’яўляецца гераічны эпас 9 ст. «Сасунцы Давід».

Арм. пісьменства пачыналася з клінапісных надпісаў (1-е тыс. да н.э.). У перыяд росквіту ў Арменіі эліністычнай культуры існавалі летапісы, кнігі малітваў, паэт. і драматург. творы. Помнікі язычніцкай л-ры не захаваліся, яны знішчаны пасля прыняцця хрысціянства. Развіццю арыгінальнай і перакладной л-ры (жыційнай, царк., гіст., філас.) садзейнічалі вучоны-асветнік Месроп Маштоц, гісторыкі Агатангелос, Карун, Паўстас Бузанд, Егішэ, Маўсес Харэнацы і інш. У часы арабскага нашэсця і візант. экспансіі (7—9 ст.) пераважала царк. л-ра, асабліва духоўныя песні (шараканы), царк.-паліт. публіцыстыка, развіваліся гістарыяграфія (Маўсес Каланкатаўцы, Себеос, Іаан Маміканян і інш), паэзія (Камітас, Даўтак Кертох). Аднаўленне дзяржаўнасці Арменіі (886) спрыяла адраджэнню л-ры. У паэзію пранікаюць свецкія матывы (Грыгор Нарэкацы). З пісьменнікаў 12 ст. вылучаюцца Нерсес Шнаралі і Мхітар Гош, з прадстаўнікоў гуманіст. паэзіі — Фрык, Канстанцін Ерзнкацы (13 ст.), Наапет Кучак, Вардан Айгекцы і інш. Пасля нашэсця мангола-татараў (14 ст.) і падзелу Арменіі паміж Турцыяй і Персіяй настаў змрочны перыяд у культуры краіны. Некаторы яе ўздым адбыўся толькі на пач. 17 ст. Адраджэнне стараж. арм. цывілізацыі, традыцый мовы і л-ры былі гал. мэтай літ. руху «абнаўлення». Важную ролю ў ім адыгрывалі культ. цэнтры арм. калоній у Венецыі, Мадрыдзе, Калькуце, Канстанцінопалі і інш. Развіваюцца публіцыстыка (Аўсеп Эмін, Шаамір Шааміран, Маўсес Баграмян), паэзія (Нагаш Аўнатан, Петрас Капанцы, Багдасар Дпір, Саят-Нава і інш.). У 18 ст. ў арм. л-ры зараджаецца класіцызм (А.​Ванандэці, П.​Мінасян, А.​Багратуні, Э.​Гюрмюзян), у 1830—40-я г. адбываўся пераход да рамантызму. Уздым асветніцтва стварыў перадумовы для абнаўлення формы і зместу л-ры. Стараж. арм. мова (грабар) саступае месца нар. літ. мове (ашхарабару). Прадстаўнікі новага літ. руху — А.​Аламдаран, М.​Тагіядзян, Х.Абавян, Г.​Алішан і інш. У 2-й пал. 19 ст. развіваюцца грамадская думка і л-ра. У фарміраванні нац. ідэалогіі важная роля належала перыяд. выданням «Юсісапайл» («Паўночнае ззянне»), «Мегу» («Пчала»), «Мегу Айастані» («Пчала Арменіі»), «Мшак» («Працаўнік»), «Мурч» («Молат») і інш. Л-ра вызначаецца жанравай і стылёвай разнастайнасцю, шматграннасцю ахопу сац.-бытавых і нац. праблем. У паэзіі вядучае месца займае грамадз. лірыка (М.​Пешыкташлян, Р.​Патканян, М.Налбандзян, П.Дуран), развіваюцца гіст.-рамант. драма (Дуран, Пешыкташлян), сац.-бытавая камедыя (Г.Сундукян). Вядучы жанр л-ры 1870—90-х г. проза. На змену сінкрэтычнаму тыпу «нацыянальнага рамана» прыходзіць маналагічны раман: гістарычны (Цэрэнц, Г.Мурацан, Рафі), сацыяльны (П.​Прашан, Г.​Агаян, Ц.​Камсаракан, А.​Шырванзадэ), палітычны (Рафі), псіхалагічны (Мурацан, Нар-Дос) і інш. Дасягненнем маст. прозы сталі сатыра (А.Паранян), навелістыка (Р.​Захраб). У 1880—90-я г. вядучым кірункам становіцца крытычны рэалізм, выступае «другое пакаленне» новай арм. паэзіі (І.Іаанісян, А.Туманян, К.Ісаакян). На пач. 20 ст. побач з рэалізмам існуе мадэрнісцкі кірунак з элементамі натуралізму, сімвалізму, неарамантызму. Эстэт. і філас. канцэпцыя адлюстравання рэчаіснасці выявілася ў гіст.-філас. драмах (Л.​Шант), прозе (Э.​Ацян, Ерухан, В.​Папазян), паэзіі (Сіяманта, В.​Тэр’ян, Д.​Варужан). У 1920-я г. узнік шэраг літ. груповак і арг-цый. У 1927 створаны Саюз пралетарскіх пісьменнікаў, у 1934 — СП Арменіі. Сац. і ідэалаг. перамены ў жыцці, паказ новага і старога грамадства — галоўныя тэмы творчасці Е.​Чарэнца, Д.​Дэмірчана, С.​Зарана, Н.​Зарана, Г.​Маары і інш. У л-ры 1950-х г. (А.Шыраз, А.Сагіян, Г.Эмін, С.Капуцікян, Р.​Аванесян, Х.​Даштэнц, С.Хандзадзян і інш.) падзеі 2-й сусв. вайны, змены ў грамадскім і сац. жыцці.

У 1960—70-я г. пашыраецца тэматычны і жанравы дыяпазон л-ры, скіраванай на абнаўленне выяўл. сродкаў, паглыбленне сац.-псіхал. аналізу з’яў і працэсаў, расце цікавасць да гіст. лёсу арм. народа і яго этнічнай самабытнасці (Г.Матэвасян, А.​Айвазян, В.​Петрасян, Р.​Даваян, А.​Грыгаран і інш.). У 1980-я г. ў л-ру прыйшлі В.​Мугнецян, Л.​Хечаян, В.​Акапян і інш. Асобнае месца ў сучаснай арм. л-ры займае л-ра т.зв. спюрка, створаная армянамі, што жывуць у іншых краінах свету (А.​Ашакян, Амстэг, Г.​Шахнур, М.​Ішхан, Захрат, А.​Карапенц).

Архітэктура. Найб. старажытныя паселішчы на тэр. Арменіі адносяцца да энеаліту. Высокай культурай адметныя збудаванні дзяржавы Урарту (9—6 ст. да н.э.). З перыяду элінізму (канец 1-га тыс. да н.э.) захаваліся рэшткі гарадоў Арташата, Тыгранакерта, крэпасць Гарні. У раннефеад. перыяд узніклі невял. замкі-крэпасці (Ані, 5 ст; Амберд, 7—13 ст.), палацы (у Дзвіне, 4—5 ст.; Звартноцы, 7 ст.), хрысціянскія храмы (Эчміядзінскі сабор, 4—19 ст.; Ерэруйская, Тэкорская базілікі, 5 ст.; цэрквы ў Мастары, Рыпсімэ, Аручы, 7 ст.). Збудаванням 5—7 ст. характэрны кампактная кампазіцыя, гармонія прапорцый, лаканічнасць дэкору. У часы новага ўздыму дойлідства (пачынаючы з 9 ст.) пабудаваны крэпасці і замкі (Тыгніс, Бджні, Ахтамар (дойлід Мануэл), буйныя манастырскія комплексы (Татэў, Санаін, Ахпат, Гегард), гасцініцы, трапезныя, кнігасховішчы, караван-сараі, масты. Вялікі размах набыло горадабудаўніцтва ў г. Ані (кафедральны сабор, 989—1001, і храм Гагіка, дойлід Трдат), у 11—14 ст. — у Кілікійскім царстве (крэпасці, парты, палацы, манастыры, храмы, школы, шпіталі). З часу мангола-татарскага нашэсця буд-ва заняпала і толькі пад сярэдзіну 17 ст. аднавілася (манастырскія комплексы Мунгі, Хор-Вірак і інш.). Нар. жыллё — глхатун (прамавугольнае ў плане са ступеньчатым драўляным шатром) — будавалася да 20 ст. Пасля далучэння да Рас. імперыі, асабліва ў канцы 19 — пач. 20 ст., у гарадах будавалі 2—3-павярховыя шматкватэрныя дамы часцей галерэйнага тыпу, будынкі грамадскага прызначэння. З 1930-х г. пачалася комплексная забудова жылых кварталаў, распрацоўваліся аб’ёмна-планіровачныя кампазіцыі паўд. тыпу жылля (арх. К.Алабян, Г.​Кочар, М.​Мазманян і інш.). У творчасці А.Таманяна спалучаліся сучасныя і традыц. арх. формы (Дом урада, 1926—41; тэатр оперы і балета, 1926—53; абодва ў Ерэване). Выкарыстанне ў буд-ве ружовага і белага туфу надае своеасаблівы каларыт гарадам і пасёлкам Арменіі. У 1960—80-я г. пошукі архітэктараў накіраваны на стварэнне новых арх. формаў і сродкаў маст. выразнасці на аснове сучасных канструкцый, буд. і аддзелачных матэрыялаў. У Ерэване пабудаваны драмтэатр імя Г.​Сундукяна (1966, арх. Р.​Алавердзян), стадыён «Раздан» (1967—72, арх. К.​Акапян, Г.​Мушэгян), Дом моладзі (1979, арх. С.​Хачыкян, А.​Тарханян, Г.​Пагасян, М.​Закаран), музей сучаснага мастацтва Арменіі (1985, арх. Д.​Тарасян, Г.​Адамян), спарт.-канцэртны комплекс (1987, арх. Акапян, Мушэгян, Пагасян, Хачыкян; Дзярж. прэмія СССР 1987), аэрапорт «Звартноц» (каля Ерэвана, 1982, арх. Тарханян, Хачыкян, Л.​Чаркезян, Ж.​Шэхлян); мемарыял у памяць ахвяр генацыду армян 1915 (1965, арх. С.​Калашан, Тарханян), манумент «Давід Сасунскі» (1959, скульптар Е.​Качар), помнікі Е.​Чарэнцу (1985, арх. Тарасян, скульптар М.​Нікагасян), М.​Сар’яну (1986, арх. Тарханян, скульптар Л.​Такмаджан); Ерэванскі метрапалітэн (1981). Арх.-праектныя ін-ты распрацоўваюць планы забудовы нас. месцаў, што пацярпелі ад землетрасення ў снеж. 1988. Архітэктараў у Арменіі рыхтуе буд. ф-т Ерэванскага політэхн. ін-та. У 1933 засн. Саюз архітэктараў Арменіі.

Выяўленчае мастацтва. На тэр. Арменіі знойдзены наскальныя выявы 6-га тыс. да н.э., энеалітычная чарнаглянцавая кераміка з геам. узорам, маст. вырабы з металу і чырвонагліняная кераміка з чорнай размалёўкай (2-е тыс. да н.э.), вялізныя каменныя рыбы (вішапы). Рэшткі насценных размалёвак, ювелірныя вырабы адкрыты ва урарцкіх крэпасцях Эрэбуні і Тэйшэбаіні. Ад эпохі элінізму захаваліся сярэбраныя чашы і рытоны. Мазаікай і размалёўкай упрыгожаны сярэдневяковыя храмы ў Арусы, Таліне, Лмбаце (7 ст.), Татаеве на Ахтамары (10 ст.), Ахтале і Ані (12—13 ст.). Ранняя сярэдневяковая скульптура прадстаўлена стэламі 4—5 ст. з разнымі выявамі. З 9 ст. вядомы стэлы з выявамі крыжа ў арнаментальным абрамленні. З 10 ст. асн. відам выяўл. мастацтва стала кніжная мініяцюра (Т.​Рослін, С.​Піцак). У сярэдзіне 17 ст. з’явіўся станковы партрэт (А.​Мркуз, М.​Заграбян, Б.​Салтанаў, сем’і Богушаў, Манасе), адзначаны ўплывам прыёмаў зах.-еўрап. рэаліст. жывапісу. Асобнае месца займаюць 6 пакаленняў мастакоў Аўнатанянаў (канец 17—19 ст.), у творчасці якіх фарміраваўся свецкі рэаліст. кірунак. У 19 ст. арм. жывапіс узбагаціўся гіст. і быт. жанрамі (А.​Аўнатанян, С.​Нерсісян, Г.Башынджагян, В.Сурэнянц). За межамі Арменіі працавалі скульптары А.​Тэр-Мерукян, А.Гюрджан, графік Э.​Шаін. У фарміраванні арм. маст. школы ў 1920-я г. вял. ролю адыграла творчасць М.Сар’яна, С.Агаджаняна, Е.Татэвасяна, Г.Гюрджана, Ф.Тэрлемезяна і інш. Тэматычныя карціны стваралі С.​Аракелян, А.Каджан, А.​Бажбеук-Мелікян, нацюрморты — Г.​Грыгаран. Развівалася манум. і станковая скульптура (А.Сарксян, С.​Сцепанян, А.​Урарту), станковая і кніжная графіка (Каджаан, Т.​Хачванкян), тэатр.-дэкарац. мастацтва (Г.​Якулаў, М.​Арутчан, Сар’ян і інш.). У 1940—50-я г. наглядалася развіццё сюжэтнай карціны, пейзажа, нацюрморта (М.Абегян, М.Асламазян, М.Зардаран, Л.Бажбеук-Мелікян, С.Мурудзян, Г.Ханджан, В.​Айвазян), скульптуры (Е.​Качар, Н.Нікагасян, С.Багдасаран, Г.Чубаран і інш.). Сучасныя жывапісцы і графікі імкнуцца да аналіт. вывучэння аб’екта, асэнсавання гісторыі і нар. паданняў (А.​Акапян, Р.​Адалян, М.​Петрасян, А.​Укапян, А.​Хачыкян, Р.​Хачатран, Г. і Р.​Элебікяны і інш.). У галіне тэатр. жывапісу працуюць А.​Мірзаян, С.​Арутчан; у дэкар.-прыкладным мастацтве — керамісты П.​Сіманян, Р.​Швердзян, А.​Бдзеян і інш. Мастакоў у Арменіі рыхтуюць Мастацка-тэатр. ін-т і маст. вучылішча імя Ф.​Тэрмелезяна ў Ерэване. У 1932 засн. Саюз мастакоў Арменіі.

Музыка. У 2-м тыс. да н.э. на тэр. Арменіі ва ўзаемадзеянні з муз. культурамі Пярэдняй і М.​Азіі фарміравалася своеасаблівая муз.-паэт. традыцыя, у аснове якой строгая манадыйнасць (з элементамі поліфаніі) і складаная сістэма метрарытму. Сярод жанраў сял. фальклору стараж. абрадавыя, працоўныя, гульнёвыя, лірычныя, эпічныя, каляндарныя і пахавальныя песні, песні вандроўнікаў (пандухтаў). Фарміраванне арм. эпасу (6—4 ст. да н.э.) звязана з творчасцю спевакоў-казачнікаў (віпасанаў) і прафес. паэтаў, спевакоў і акцёраў (гусанаў); гэтая традыцыя прадоўжана ў творчасці ашугаў (Саят-Нава, 18 ст.; Шырын, Джывані, 19—20 ст.). Сярод муз. інструментаў: струнна-смычковыя — кемані, кеманча; струнна-плектарныя — саз, тар, уд; струнна-шчыпковыя — кнар, тавіг, канон, пандырн; духавыя — срынг, дудук, зурна; ударныя — даол тмбук, нагара; струнна-ўдарныя — сантур (разнавіднасць цымбалаў) і інш. Прафес. муз. культура Арменіі напачатку была звязана з царк. пеўчай традыцыяй; з 4 ст. н.э. пашыраны псалмы, духоўныя гімны і шараканы, пазней — стэгі, зартугі, з 10 ст. — гандзы, духоўныя і свецкія тагі — разгорнутыя вакальна-інстр. лірыка-эпічныя кампазіцыі (Грыгор Нарэкацы, 10 ст.; Нерш Шнаралі, 12 ст.; Хачатур Кечарэцы, 14 ст.). Значны ўклад у арм. музыку сярэднявечча зрабілі музыканты і тэарэтыкі Саак Партэў, Давід Керакан (5—6 ст.), Камітас, Ананій Шыракацы, Барыг Чон (7 ст.), Сцепанос Сюнецы 2-і (8 ст.), Акоп Хрымецы (15 ст.). Да 15 ст. асновай натацыі арм. прафес. музыкі былі своеасаблівыя неўмы (хазы), якія ў 19 ст. заменены новай натацыяй. У 19 ст. пачалося актыўнае развіццё муз. адукацыі, збіранне і апрацоўка нар. песень (Х.​Кара-Мурза, Н.Тыгранян), стварэнне муз. нар. і прафес. калектываў, асваенне жанраў оперы, аперэты, камерна-інстр. музыкі, раманса (Т.Чухаджан, Г.​Еранян, Г.​Карганаў). Асновы арм. нац. муз. стылю залажыў Камітас. На пач. 20 ст. напісаны творы, якія сталі нац. муз. класікай — сімф. карціна «Тры пальмы» (1905), сюіты «Крымскія эскізы» (1903, 1912) А.Спендыярава, опера «Ануш» (1912) А.Тыграняна, камерна-інстр. творы А.​Тэр-Гевандзяна, С.​Бархударана, вак. творы Р.​Малікяна і інш. У 1933 створаны Саюз кампазітараў Арменіі. Кампазітарскую школу ўзначаліў А.Хачатуран. Сімф. музыка прадстаўлена творамі Хачатурана, А.​Сцепаняна, Г.​Егіязарана, у оперным і балетным жанрах працавалі Спендыяраў (опера «Алмаст», 1928), Хачатуран (балеты «Гаянэ», 1942; «Спартак», 1956), Б.​Баласанян, Егіязаран, Сцепанян, у жанры аперэты — А.​Айвазян, А.​Далуханян, В.​Катаян і інш. У 1960—80-я г. вылучыліся С.​Агаджанян, А.​Аруцюнян, С.Бабаджанян, З.Аганесян, Р.​Саркісян і інш. Сярод выканаўцаў: дырыжоры М.​Таўрызіян, К.Арбелян; спевакі Т.Гаспаран, Н.Аванісян, П.Лісіцыян, З.Далуханава; піяністы Ю.​Айрапецян, С.​Навасардзян; скрыпачы І.​Налбандзян, Р.​Агаранян, А.​Габрыэлян, Э.​Тэтэвасян; віяланчэлісты М.​Абрамян, С.​Асламазян, Г.​Адамян, Г.​Таталян і інш. У Арменіі працуюць (1995): Т-р оперы і балета імя Спендыярава, Т-р муз. камедыі, Дзіцячы муз. т-р, Хар. капэла, Дзярж. сімф. аркестр, сімф. аркестр. Дзяржтэлерадыё, Ансамбль нар. інструментаў, Ерэванскі камерны аркестр, струнны квартэт імя Камітаса; эстрадны аркестр, хор Харавога т-ва Арменіі, Ансамбль нар. песні і танца, Ансамбль нар. танца, Камерны хор Дзяржтэлерадыё; кансерваторыя (1923), Цэнтр. муз. школа, 5 муз. вучылішчаў, больш за 100 муз. школ і інш.

Тэатр. Зараджэнне тэатр. мастацтва ў Арменіі звязана з нар. святамі, стараж. культамі, рытуальнымі абрадамі. Пачаткам прафес. т-ра лічыцца 53 да н.э., калі ў сталіцы Арменіі Арташаце была паказана трагедыя Еўрыпіда «Вакханкі» (т-р створаны царом Артаваздам II). У стараж. т-рах Арменіі ставілі трагедыі грэч. і арм. драматургаў (выконвалі акцёры дзайнарку-гусаны і вохбергу-гусаны), камедыі і бытавыя драмы (катака-гусаны і катакергані), была пашырана пантаміма (актрысы-пантамімісткі вардзакі). У сярэднія вякі спектаклі паказвалі ў амфітэатрах (на ўзор антычных). Існаваў і сатыр. вулічны т-р гусанаў-мімосаў, цахрацу. На аснове літургічнай драмы створаны хрысц. містэрыяльны т-р. З 1668 да сярэдзіны 19 ст. існаваў школьны т-р (царкоўны і свецкі). У 18 ст. у арм. калоніях узнік новы арм. т-р. У 1836 Г.​Шэрмазанян стварыў у Тыфлісе «Шэрмазанян тэатр». У 1810 у Канстанцінопалі (культ. цэнтры зах. армян) адбыліся першыя арм. спектаклі. У 1846—66 тут існаваў прафес. т-р «Армян татрон», у 1850-я г. дзейнічалі аматарскія арм. трупы. У 1856 М.​Пешыкташлян заснаваў арм. нац. т-р. Пастаянныя прафес. т-ры існавалі ў Канстанцінопалі (1861), Тыфлісе (1863, пад кіраўніцтвам Г.​Чмшкяна), Эрывані (1873). Сцвярджэнне рэалізму ў арм. т-ры звязана з драматургіяй Г.​Сундукяна і А.​Параняна, пазней — А.​Шырванзадэ, дзейнасцю акцёра і рэжысёра Чмшкяна, трагіка П.​Адамяна. На пач. 20 ст. арм. нар. т-ры існавалі ў Тыфлісе, Баку, Эрывані. У 1921 створаны 1-ы Дзярж. т-р Арменіі ў Ерэване (з 1937 імя Сундукяна). У 1920—30-я г. ўзніклі дзярж. арм. т-ры ў інш. гарадах. У іх рэпертуары творы арм. драматургіі, рус. і зах.-еўрап. класікі; асаблівае месца займалі п’есы У.​Шэкспіра. Вядомыя дзеячы тэатр. мастацтва Арменіі: акцёры А.​Авецісян, Г.​Джанібекян, В.​Гулазян, Д.​Малян, Р.​Нерсесян, В.​Папазян, В.​Вагаршан, Т.​Сар’ян; рэжысёры В.​Аджэмян, А.​Бурджалян. У арм. т-рах пастаўлены бел. п’есы: «Хто смяецца апошнім» К.​Крапівы, «Канстанцін Заслонаў» А.​Маўзона, «Галоўная стаўка» К.​Губарэвіча, «Лявоніха на арбіце» А.​Макаёнка.

Кіно. Першыя хранікальныя кіназдымкі ў Арменіі зроблены ў 1907. У 1923 створана кінастудыя «Дзяржкіно» (з 1957 «Арменфільм» імя А.​Бек-Назарава). Першы дакумент. фільм — «Савецкая Арменія» (1924). Станаўленне маст. кіно звязана з дзейнасцю рэж. Бек-Назарава, які паставіў першы арм. маст. фільм «Намус» (1925). Найб. значныя фільмы нямога кіно: «Зарэ», «Злы дух», «Дом на вулкане», «Кікос», «Гікор». У 1930-я г. зняты фільмы «Пэпо», «Каро», «Зангезаур», «Храбры Назар», «Давід-Бек», першыя мультыплікацыйныя фільмы. Вытворчасць фільмаў павялічылася ў 1950-я г. У 1959 у Ерэване створана студыя хранікальных, дакумент. і навук.-папулярных фільмаў. У развіцці кінамастацтва Арменіі значную ролю адыгралі рэжысёры Бек-Назараў, П.​Бархударан, А.​Марцірасян, А.​Ай-Арцян, С.​Кеворкаў, Э.​Карамян, С.​Параджанаў, акцёры Х.​Абрамян, А.​Джыгарханян, Г.​Тонунц, М.​Мкртчан і інш. У 1958 заснаваны Саюз кінематаграфістаў Арменіі.

Літ.:

Абегян М. История древнеармянской литературы. Ереван, 1975;

Налбандян В., Саринян С., Агабабян С. Армянская литература. М., 1976;

Токарский Н.М. По страницам истории армянской архитектуры. Ереван, 1973;

Мнацакян С.Х., Оганесян К.Л., Саинян А.А. Очерки по истории архитектуры Древней и Средневековой Армении. Ереван, 1978;

Григорян А. Современная архитектура Армении. Ереван, 1983;

Дурново Л.А. Очерки изобразительного искусства Средневековой Армении. М., 1979;

Очерки по истории армянского изобразительного искусства. Ереван, 1979;

Музыка советской Армении: Сб. ст. [М., 1960];

Музыкальная культура Армянской ССР: Сб. ст. М., 1985.

В.​К.​Міхеева (прырода, гаспадарка), І.​Ф.​Раманоўскі (гісторыя з 1918), С.Сарынян (літаратура), А.​М.​Гарахавік (музыка).

Герб і сцяг Арменіі.
Да арт. Арменія. Шыкахохскі запаведнік.
Да арт. Арменія. Горны пейзаж каля Ерэвана.
Да арт. Арменія. Цясніна ракі Раздан.
Да арт. Арменія. Астрафізічная абсерваторыя каля Ерэвана.
Да арт. Арменія. Кафедральны сабор у Ані. Арх. Трдат. 989-1001.
Да арт. Арменія. Манумент «Давід Сасунскі» ў Ерэване.
Да арт. Арменія. Рэльеф на фасадзе царквы Крыжа на востраве Ахтамар. 915—921.
Да арт. Арменія. Званіца Эчміядзінскага кафедральнага сабора. 1653—58.
Да арт. Арменія. Палац моладзі ў Ерэване. 1979.

т. 1, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Каза́1 ’самка казла’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Касп.; лаг., КЭС; Маш., Мат. Гом., Нас., Радч., Сержп. Прымхі, Сцяц. Нар., Сцяшк., Шат.; бялын., Янк. Мат.; Яруш.). Укр. коза, рус. коза, польск. koza, палаб. tʼözɜ, н.-луж. kóza, в.-луж. koza, чэш. koza, славац. koza, славен. kóza, серб.-харв. ко̀за, макед. коза, балг. коза. Засведчана ў ст.-слав. коза ’тс’. Праслав. koza ’Capra’. На думку Слаўскага, 3, 25, старыя дэрываты (прасл. часу) koža, kozuxъ, kozьlъ. Асобае месца назвы казы ў славянскім фальклоры і абрадах сведчыць на карысць спрадвечнага характару гэтага слова. Аднак дакладных і.-е. адпаведнікаў да прасл. koza няма. Бліжэй па семантыцы і форме і.-е. ўтварэнні: ст.-інд. аjā ’каза’ (і.-е. *ag̑ā), ajá ’казёл’, с.-перс. azak, н.-перс. azg ’каза’, літ. ožỹs ’казёл’, ožkà ’каза’ (< балт. *ažia‑), патрабуе тлумачэння слав. k‑ у пачатку. Іншыя паралелі: алб. keth, kedhi ’казляня’, ст.-англ. hκcen ’тс’, hacele, hκcele ’плашч’, гоц. hakuls ’тс’, ст.-ісл. hokull ’верхняя вопратка, плашч’, с.-н.-ням. hoken ’маленькае казляня’. Гэта версія падтрымлівалася шэрагам даследчыкаў (Бернекер, Педэрсен, Торп, Младэнаў, Фасмер і інш.), гл. літ-ру ў Бернекера, 1, 595; Фасмера, 2, 277, аднак і апошняя этымалогія не пазбаўлена фанетычных цяжкасцей. Звернем увагу і на той факт, што алб. слова, магчыма, не суадносіцца са слав. лексемамі: Неразнак (Этимология–1973, 198) адзначае, што, паводле этымалагічных распрацовак Чабея, алб. kedh ’казёл’ неабходна лічыць кантамінацыяй дзвюх семантычна тоесных асноў edh (< і.-е. *ag̑‑) і kec. Па такой жа прычыне цяжка прыняць прапанаваную Уленбекам (94) думку аб роднасці ст.-інд. chā́gaḥ ’казёл’ і слав. koza. Аб гэтай версіі гл. Геаргіеў, Въпроси, 58–59, аб ст.-інд. слове гл. Майргофер, 406. Брукнер (262) меркаваў аб сувязі прасл. слова і літ. ožkà, дапускаючы метатэзу. Адзначым, што ў славянскіх мовах зафіксаваны адпаведнік літоўскаму слову — гэта серб.-ц.-слав. azno, ꙗзьно, рус.-ц.-слав. ꙗзьно ’скура’ < прасл. azьno, магчыма, славен. aževina ’адходы пры вырабе скуры і інш.’, гл. аб апошнім Саднік–Айцетмюлер, Vgl. Wb, 1, 42. Корш (Зап. Геогр. Общ. Отд. Этногр., 34, 537 і наст.) выказаў думку, што слав. koza запазычана з цюрк. моў. Гэту версію падтрымаў Трубачоў (Гл. ВЯ, 1959, 1, 23). Трубачоў (Происх. 86–88) прапанаваў алтайскую крыніцу як для літ. ožkà ’каза’, так і для слав. koza. На думку Трубачова, гэта запазычанні двух храналагічных узроўняў: балт. і інда-іран. < ст.-цюрк. äčkü (’каза’? ’казёл’?), слав. < цюрк. käza, якое ў сваю чаргу метатэза äčkü. Алтайскія назвы, паводле Трубачова, Происх., 88, узыходзяць да падзыўных слоў. У новых этымалагічных слоўніках такая версія ацэньваецца як пераканаўчая. Слаўскі (3, 25), Махэк₂ (286) лічаць, што найбольш верагоднай з’яўляецца этымалогія, паводле якой суадносяцца слав. koza, ст.-інд. ajā́ і інш. K у слав. koza тлумачыцца як пратэтычнае; у якасці паралелі прыводзіцца слав. kostь, якое разам з лац. costa ’рабро’ можна суаднесці са ст.-інд. ásthi, ст.-іран. ast‑, asti‑, ст.-грэч. ὀστέον, лац. ós, ossis ’костка’, аднак, па сутнасці, тут адным ненадзейным прыкладам падмацоўваюць другі, гл. аб ст.-інд., ст.-іран., ст.-грэч. і лац., хет. hastai, арм. oskr, якія да і.-е. *est‑hi (Ваян, Gramm. comp., 2, 173, 183). Геаргіеў (Въпроси, 18) меркаваў, што ў прасл. былі кантамінаваны гіпатэтычныя *astь ’костка’ і *kast(a) ’рабро’ (тут a ў аснове ‑o). БЕР (2, 523–524) прымае, па сутнасці, этымалогію Бернекера і іншых (гл. вышэй), мяркуе аб магчымасці далучыць да спіска і.-е. адпаведнікаў ст.-інд. chagaḥ ’казёл’, chā́ ’каза’ і абгрунтоўвае суаднесенасць у гэтым выпадку z у слав. слове і g у ст.-інд. Паводле гэтага слоўніка, ст.-інд. слова з і.-е. *skego‑s ’скакун’, а z у слав. koza над уплывам kozьlъ, якое з і.-е. *(s)kōg‑ і суф. Nomina agentis ‑ilo‑s (і.-е. слова па значэнню таксама ’скакун’), гл. падрабязней БЕР, там жа. На думку Геаргіева (Въпроси, 18), кантамінацыя яшчэ ў і.-е. мове *(s)kēgo‑s, *(s)kōgo‑s ’казёл’ і ā̆gā, ā̆g‑i‑ ’каза’, у выніку якой утвараліся *ā̆gʼo‑s ’казёл’ *ā̆gʼā, ā̆gʼ‑i‑ ’каза’, першая пара слоў да і.-е. *(s)kēg‑, *(s)kəg — ’падсукваць’.

*Каза́2, коза ’худая і малая жанчына’ (драг., Нар. лекс.). Чэш. koza ’аб худой і не вельмі разумнай жанчыне’. Перанос ад каза1, матывацыя ясная; параўн. паводле іншай адзнакі рус. пск., асташ., цвяр., калуж. і інш. коза ’аб жвавай, бойкай, спрытнай дзяўчыне’. Незалежна (беручы пад увагу рэгулярнасць такога пераносу) польск. koza ’аб вясёлай падрастаючай дзяўчыне’ і адзначанае Ліндэ з XVII ст. ’аб брыдкай, распуснай жанчыне’, славац. koza ’аб дзяўчыне, кабеце’.

Каза́3 ’апрануты ў вывернуты кажух хлопец у час шчадравання’ (Булг., Радч., Шат.), ’даўні беларускі калядны абрад’ (ТСБМ). Укр. коза ’тс’, чэш. дыял. koza ’абрадавая гульня’. Да каза1 параўн. у Радчанкі: «Изображенный козой хлопец…», у Грынчэнкі: «…одевается козою». Аб храналогіі і сувязях меркаваць цяжка, улічваючы рэгулярнасць з’явы і магчымасць як старога характару абраду, так і яго міграцыі.

Каза́4 ’танец «каза»’ (БРС, Сержп. Грам.). Можна прывесці не зусім дакладныя ўкр. (у Чубінскага. З, 265) «коза танцует под музыку» (на каляды), рус. (у Даля) плясать козою ’ламацца па-балаганнаму’. Аб матывацыі можна здагадвацца, аднак інфармацыі не хапае.

Каза́5 ’невялікая рыба тыпу ўюна, якая жыве ў глеі’ (полац., З нар. сл.), ’нейкая невялікая рыбка’ (віц., Нар. лекс.). Сувязь з каза1 бясспрэчная; матывацыя, відаць, тая, што прапануе складальнік слоўніка А. Я. Баханькоў: «… назву атрымала, відаць, з-за двух вырастаў-рожак на ніжняй губе» (З нар. сл., 221). Абедзве фіксацыі слова з аднаго рэгіёна, што, магчыма, сведчыць аб лакальным пераносе, незалежным ад такіх лексем, як укр. (у Шухевіча) коза сікавка ’рыбка Cobitis taenia’, польск. koza ’рыба’, ’рыба Cobitis taenia’.

Каза́6 ’грыб пеўнік стракаты’ (узд., Нар. словатв.), коза ’тс’ (драг., кобр., Жыв. сл.; лельч., Жыв. сл.; хойн., Мат. Гом.), куза ’тс’ (драг., Жыв. сл.). Балг. дыял. козурка ’від стракатага грыба’. Сувязь з каза1 быццам бы бясспрэчная; параўн.: «Коза чорная зверху, рэпатая, а пудо дном, як мох, то козья шэрсць» (лельч., Жыв. сл.), «Козы з пудодна такіе, як на казе шэрсць, а зверху репеховатые» (хойн., Мат. Гом.), «Бараду ў казы с‑пад нізу трэба шчысціць нажом, а верх зрэзаць да мяска і атварыць» (узд., Нар. словатв.). Нягледзячы на такія яркія прыклады, неабходна мець на ўвазе, што ў даным выпадку магла адбыцца канкрэтызацыя назвы ад каза, казёл у значэнні ’агульная назва ядомых грыбоў, за выключэннем баравікоў і да т. п.’, якія ад каза1, казёл1 паводле адзнакі ’адмоўнае, дрэннае’, параўн. таксама і балг. дыял. козач ’грыб лісічка’ і (што можа сведчыць аб іншай матывацыі) ’гъба, припънка, пачы крак, Cautharellus cibarius’. Гл. казляк.

Каза́7 ’арыштанцкая, кутузка’ (БРС). Слова прыводзіцца і ў Насовіча з падрабязным тлумачэннем: «Съезжий домъ. Городская застава, по бѣлорусски называется рогатка… Почему отъ слова рогатка домъ этотъ назывался козою. И в настоящее даже время о посаженномъ подъ арестъ или въ смирительный домъ говорятъ: посадили въ козу; въ козѣ сѣдзиць» (Нас., 240–241). Укр. коза ’турма’, польск. koza ’тс’ (у Ліндэ з XVIII ст.), чэш. дыял. слова ’турма’. Цяжка меркаваць, як суадносяцца гэтыя назвы; улічваючы геаграфію, можна было б гаварыць аб калькаванні з гіпатэтычнага зах.-еўрап. слова або аб запазычанні з польск. мовы. Ва ўсякім разе тлумачэнне Насовіча толькі падкрэслівае думку, што гісторыя гэтага слова абумоўлена гісторыяй рэаліі, і, хаця матывацыю ’рагатка, рагаты’ можна прыняць (аб такіх пераносах гл. ніжэй), тэарэтычна назва магла быць утворана і іншым шляхам.

Каза́8 ’двухметровая драўляная мерка ў форме разнятага цыркуля для абмервання зямельных участкаў; сажань’ (БРС, ТСБМ, Жд. 2, Жд. 3; мазыр., З нар. сл.; жытк., Мат. Гом.; зэльв., Сцяц.; бераст., ваўк., маст., свісл., слонім., Сцяц. Нар.; навагр., Сцяшк.; бялын., Янк. Мат.). Слова ведаюць ст.-бел. гаворкі; верагодна (паколькі няма адпаведных паралеляў) беларуская інавацыя. Сцяцко (Словаўтв., 131) адзначае: «Мерка атрымала сваю назву паводле формы: накрыж збітыя канцы палак нагадваюць рогі казы»: параўн. козлы ’прыстасаванне распілоўваць дровы’. Цалкам магчымая версія: чэш. koza ’козлы — прыстасаванне для сушкі сена’, славен. koza ’козлы’, параўн. укр. козла ’козлы’: «Стали вряд и ратища в козла поставили» (Грынч., 265), рус. арх. козёл ’бярвенні, якія ставяць на прасушку вертыкальна ў піраміду’: «Свежесрублены бревна в козлы ставят» (магчыма, ужываецца толькі ў множным ліку?), валаг. козёл ’два калы, увагнутыя ў зямлю, злучаныя і перавязаныя крыж-накрыж’; падобныя прыклады вядомыя як у іншых славянскіх, так і ў неславянскіх мовах. Аднак гэта не адзіная магчымая версія; параўн. іншыя бел. назвы такога прыстасавання: кавіла, чыкірда, дзе матывацыя ’чыкільгаць’; параўн. яшчэ бел. казінец ’скрыўленне ў каленях пярэдніх ног каня, прыроджанае або траўматычнае’, укр. козинець, рус. козинец ’тс’. Не выключана, што матывацыя ў даным выпадку была складанай, шматвобразнай.

Каза́9 ’саха ў студні з жураўлём’ (барыс., ДАБМ). Да каза1; матывацыя: ’прадмет з рагуляй, саха’, параўн. серб.-харв. kòza ’прыстасаванне ў выглядзе разгалінаванага дрэва’ (сахі), рус. смал. козёл ’кол, жардзіна звычайна з перакладзінамі для сушкі гароху, сена і да т. п.’, пск. ’павешаны на зрубленае дрэўца з суччамі гарох’ і інш. Паводле гэтай метафары ад каза, казёл у славянскіх і іншых мовах утворана многа назваў розных прыстасаванняў, аднак меркаваць аб суадносінах гэтых слоў і храналогіі іх утварэння вельмі цяжка.

Каза́10 ’заплечныя, насілкі для пераносу цэглы на будаўніцтве’ (БРС, ТСБМ). Статус беларускага слова (зафіксавана ў слоўніках літаратурнай мовы) няясны; магчыма, гэта запазычанне. У рускай мове лексема вядома як пск., пенз., уральск., адзначана таксама акадэмічным слоўнікам 1814 г. Польск. koza ’прыстасаванне ў выглядзе дошкі з падпоркамі для пераносу цэглы на плячах’. Суседнія гаворкі ведаюць утварэнні ад каза1, якія называюць падобныя прыстасаванні, параўн., напр., рус. смал. коза ’зэдлік, лавачка, на якой коўзаюцца ўзімку’, аднак, магчыма, каза10 не ад каза ’лавачка’.

Каза́11 ’дошчачка з выразам на ножках для здыманні ботаў’ (круп., Нар. сл.). Утворана ад каза1 (фармальнае падабенства: выраз утварае два ражкі на дошцы, параўн. рус. усць-лабін., краснадар. козлик ’прыстасаванне для знімання ботаў: дошка на падстаўцы з выразам на адным канцы; нагу ў боце ўстаўляюць у выраз, другой становяцца на дошку’) або ад каза ’назва падставак, зэдлікаў і да т. п.’, параўн. рус. смал. козюлечка ’зэдлік’, а таксама назвы іншых падобных прыстасаванняў, утвораных ад кабыла, сабака і інш.

Каза́12 ’сагнуты дрот, на якім дзеці катаюцца на лёдзе’ (Жд. 3). Да каза1; метафара зразумелая, параўн. яшчэ вядомае ў смаленскіх гаворках утварэнне, заснаванае на адпаведнай метафары: гнуть, гнуться в козиный рог. Параўн. і наступнае слова.

Каза́13 ’прылада для коўзання з горак’ (Бяльк.). Відавочна, тое ж, што і смал. коза ’лавачка, абмазаная гноем і потым аблітая вадой і замарожаная, каб добра коўзалася па лёдзе’, параўн. прыклад у Бялькевіча, 241: «Я сяньні нымарозіў казу, заўтрі буду кытацца з гары». Да каза ’лавачка’, параўн. рус. дыял. коза ’лавачка’ і маск. ’санкі’, якое да каза1 (матывацыя можа быць рознай, параўн. каза10, каза11). Можна як пераноснае ад каза13 разглядаць каза14.

Каза́14 ’кавалак лёду, на якім дзеці катаюцца зімой’ (зэльв., Сцяшк.). Улічваючы, што слова зафіксавана ў іншай гаворцы, можна меркаваць і аб сувязі з вядомым на заходняй тэрыторыі каза ’маленькія санкі’, аднак спектр выкарыстання гэтай прылады невядомы. Сюды ж яшчэ і рус. тагільск., свярдл. козлик ’кусок металу ў мартэнаўскай печы, які не расплавіўся’, аднак гэта значэнне цікавае тым, што дазваляе супаставіць назву каза ’кавалак лёду’ з каза1.

Каза́15 ’самагонны апарат’ (мазыр., З нар. сл.; Касп.). Да каза1; матывацыя (па знешняму падабенству?) не зусім ясная, магчыма, у сувязі з наяўнасцю ножак, падставак і інш.

Каза́16 ’веласіпед’ (Касп.). Рус. свярдл. коза ’пра матацыкліста’. Сувязь з каза1 быццам бы бясспрэчная; утворана або паводле знешняга падабенства дэталей веласіпеда да рог жывёлы і г. д., або, магчыма, узыходзіць да назваў розных прыстасаванняў, папярочак і да т. п. Не выключана таксама, што асацыяцыя магла быць шматграннай.

Каза́17 ’трыножак’ (Мат. Гом.), ’стойка’ (там жа). Да каза1; першапачаткова — назва розных падставак, падпор, названых або па знешняму падабенству да каза1, або па «дыфузнай» мадэлі, калі такога тыпу прыстасаванні ўтвараюцца ад назваў розных жывёл; пазней — перанос на шматлікія прылады, дзе падабенства магло і не быць. Карм. каза ’каганец’ (Мат. Гом.) адносіцца або сюды, або, магчыма, да наступнага слова (гл.).

Каза́18 ’драцяная сетка ў форме чарапка, якая ўстанаўліваецца на носе лодкі для раскладвання агню, калі едуць лавіць рыбу’ (полац., З нар. сл.). Па распаўсюджанню адносіцца да вядомага смал., пск., наўг., калуж., арханг., цвяр. і інш. коза ’разнавіднасць тагана, жалезная рашотка для развядзення агню пры начной лоўлі рыбы восцямі’. На магчымы варыянт тлумачэння ўказвае рус. арханг. «Коза — четыре рога, железна, с трубицей она: на ей дрова толсты, смоляны, лучим ковда», на іншы — бел. карм. каза ’каганец’, якое, магчыма, як і каза ’трыножнік’, да каза ’падпора, падстаўка і інш.’, аднак гэта толькі здагадка, паколькі канкрэтнай інфармацыі аб казе (у значэнні ’каганец’) гомельскі слоўнік не прыводзіць.

Каза́19 ’прылада для малацьбы’ (чач., Мат. Гом.). Гэта рэалія носіць таксама іншыя назвы (баба, кабыла і інш.), таму не выключана, што назва каза другасная і з’явілася ў выніку адносна вольнага выбару канкрэтнага слова з ліку тых, якія ўжываюцца для ўтварэння шматлікіх тэрмінаў-найменняў розных прыстасаванняў, дэталей гэтых прыстасаванняў, падпор, папярочак і інш. Магчыма, аднак, што ў канкрэтным выпадку абышлося без моцнага ўплыву зааморфных тэрмінаў; у такім разе да каза ’падстаўка, падпора’ або непасрэдна да каза1.

Каза́20 ’падсядзёлак’ (смарг., Шатал.). Да каза1 (магчыма, праз ступень ’падпорка, папярочка і да т. п.’) або ў выніку адэкватнасці ў некаторых выпадках тэрміналагічных кабылка, каза і пад. — вольнае ўжыванне любога з гэтых слоў, параўн. рус. пячор., арханг. кобылка ’частка сядла’, с.-уральск., томск. ’драўляная аснова сядла’ і інш. Да выпадкаў мены тэрмінаў можна прывесці вяц. кобылка ’козлы’, кадн., валаг. кобыла ’тс’, бел. каза ’прыстасаванне для коўзання ўзімку’ і рус. уладз., малаж., ярасл. кобыла ’разнавіднасць санак: лавачка, якую (каб лепей коўзацца) абліваюць вадой і пакідаюць на марозе’, рус. трубч., арл. кобыла ’вялікая куча гліны ў ганчароў’, ціхв., наўг. козел ’тс’.

Каза́21 ’ворат або лябёдка для пад’ёму вулляў і іншых важкіх прадметаў’ (Сержп. Бортн.). Да каза1, перанос, відаць, у сувязі з наяўнасцю ручак (асацыятыўна: рогі) у прыстасаванні, параўн. казак5.

Каза́22 ’падсанкі, маленькія санкі, якія падстаўляюцца пад канец бервяна пры яго перавозцы’ (стаўбц., З нар. сл.; лаг., КЭС; Мат. Гом.; лаг., віл., Шатал.). Верагодна, да каза1 (наяўнасць дзвюх сагнутых палазоў; асацыяцыя з рагамі казы), аднак улічваючы, што тая ж рэалія носіць такія назвы, як сабачка, сучка і інш., падобныя назвы, якія могуць лёгка замяняцца ў вельмі дыфузных межах больш-менш аднароднага семантычнага поля, Нельга адназначна вырашыць, што тут з’яўляецца калькай, словаўжываннем аднаго тэрміна замест іншага, што з’яўляецца першаснай назвай. Што датычыць іншых версій, то неабходна адмовіцца ад этымалогіі, прапанаванай, напрыклад, Сцяцко (Афікс. наз., 169): «Санкі маглі атрымаць сваю назву (сабачка. — В. Л.) паводле пэўных асацыяцый, магчыма, ад таго, што яны заўсёды прывязваліся да саней і беглі за імі (як бяжыць сабака, суправаджаючы гаспадара)…». Такая версія магчымая, але яна, па-першае, не тлумачыць, чаму назва сабака практычна не сустракаецца на бел. тэрыторыі, у той жа час шырока прадстаўлена ў некаторых польскіх гаворках, па-другое, яна не дае магчымасці зразумець такія ўтварэнні, як палес. баба, маг. лісіца, рус. дыял. собака, бел. літар. сука, сучка ’палена, калода, якая падкладваецца ў санях пад канец бервяна’, па-трэцяе, няяснымі застаюцца такія значэнні для гэтых і іншых слоў, як ’лавачка’, ’падпора’ і мн. інш. Тэрмін каза сустракаецца (у асноўным, хаця і невялікім арэале распаўсюджання) на тэрыторыі, дзе ведаюць сука, сучка ’падсанкі’, або на сумежнай з ёй і гэта не выключае магчымасці як «тэрміназамяшчальных» працэсаў, так і калек (з іншага тэрміна). Між іншым, не выключана магчымасць калькавання ў больш шырокім, магчыма, у еўрапейскім арэале, пра што сведчаць паралелі да бел. сука, сучка, сабачка ў розных слав. мовах і размеркаванне гэтага ж тэрміна на польскай моўнай тэрыторыі (гл. Лабко. Бел.-польск. ізал., 73–75 і карта на с. 74), дзе выяўляюцца перыферыйныя зоны. Для бел. мовы (і ў канкрэтным выпадку) факты літоўскай мовы і асабліва гаворак сведчаць аб інтэнсіўных працэсах узаемапранікненняў на семантычным узроўні, таму не выключана, што назва з празрыстай матывацыяй раствараецца ў вялікай колькасці паралельных гетэрагенных тэрмінаў, калькуецца. змяняе форму і г. д. Не з’яўляецца выключэннем і назва падсанкі, розныя этымалогіі якой з’яўляюцца верагоднымі, аднак без уліку велізарнага матэрыялу, які датычыцца праблемы, усе яны ў той жа час ненадзейныя.

Каза́23 ’сетка для лоўлі рыбы з трыма палкамі’ (Касп.). Польск. варм.-маз. koza ’сетка для лоўлі рыбы (сець, падобная да саней)’. Магчыма, да каза22, аднак не выключана як самастойнае ўтварэнне ад каза1 ў выніку падабенства дэталей прыстасавання да тых або іншых яркіх адзнак жывёлы (улічваючы геаграфію — калька).

Каза́24 ’цыбуля’ (Мат. Гом.). Як відаць з прыкладу: «Ну і каза вурасла такая доўгая» (Мат. Гом., 192), гэта тое ж і зах.-бран. козка ’сцябло і зялёнае лісце цыбулі’. Яго можна кваліфікаваць як вузкарэгіянальнае ўсх.-палес. утварэнне, магчыма, ад каза1; матывацыя няясная. Можна меркаваць, што ўсё ж такі зааморфная назва, параўн. тураў. бук ’бык, бугай’ і ’бутон, суквецце з сцяблом’: «Тур кустом велікім росце і бук такі велікі», «У нас на ліліі кажуць букі». Аднак калі для апошняга слова, улічваючы значэнні ’бутон, пупышка’ можна знайсці матывацыю (рэалізацыя ўяўлення аб магутнасці і інш.), то для каза24 такое тлумачэнне не зусім падыходзіць. Верагодна дапусціць, што каза24 з’яўляецца калькай з бук/бык у значэнні ’сцябло, суквецце (з сцяблом)’, дзе каза калькуе тэрмін негатыўна. Такая версія з’яўляецца верагоднай па лінгвагеаграфічнаму крытэрыю. Параўн. яшчэ ўкр. усх.-палес. козляк ’парастак бульбы’, дзе праглядваецца адмоўная семантыка.

Каза́25 ’нязжаты касмык жыта, які пакідалі на полі’ (кобр., Нар. лекс.), ’недажатая палоска’ (Сцяц.), ’касмык травы, пакінуты пры касьбе’ (свісл., Шатал.), рус. коза ’рэшткі нязжатых каласоў на полі’ (драг., Клім.), ’апошняя жменя азімага, якую свянцілі і потым выкарыстоўвалі на пасеў’ (драг., Клім.). Укр. харк. коза ’паласа, якую праполвае адна жанчына’ (Грынч., 264), рус. вяц. коза ’апошні сноп на жніве’, пецярб., мяшчоўск., калуж., цвяр., пск., с.-уральск. і інш. ’пакінутая нязжатай, невялікая палоска збожжа’, валд., наўг., кір. ’вузкая, засеяная чым-небудзь паласа зямлі; паласа, якую жнуць’, польск. дыял. koza ’вузкая палоска нязжатага збожжа, снапок з гэтага збожжа, упрыгожаны кветкамі, ахвяраваны матцы-зямлі’, дыял. koza ’вузкая паласа нязжатага збожжа ў жней, якія спазняюцца, звычайна лянівых’, чэш. мар. дыял. zustává na kozi ’пра жняца, які спазняецца на рабоце’, магчыма, сюды ж серб.-харв. коза ’палоска нівы, якая зжынаецца жняцом без пярэрвы’. Да апошняга можна прывесці яшчэ рус. іркуц. посадить на козулю ’перагнаць суседа ў рабоце (на касьбе)’. Як паказвае семантыка некаторых з прыведзеных слоў, можна меркаваць аб вельмі архаічным першапачатковым сакральным значэнні koza ’пакінутая нязжатай частка збожжа на полі’ (у якой хаваецца каза?), дзе каза — сімвал плоднасці, а каласы (зярняты) з гэтага апошняга збожжа гарантуюць будучы ўраджай. Варыянтам да гэтага значэння мог быць і такі, дзе каза не пакідалася на полі, а ў выглядзе снапа пераносілася ў хату. Параўн. да гэтага зах.-палес. кветка ’пучок каласоў, упрыгожаны кветкамі і пакінуты на полі’, тураў. барада ’пучок каласоў, які спецыяльна звязвалі пры заканчэнні жніва’: Да ролі казы параўн. такія песенныя формулы: «Дзе каза ходзіць, там жыта родзіць» і інш. Аднак, відавочна, што ўжо ў праславянскі час на станоўчую семантыку назвы каза пачынае ўплываць адмоўная семантыка гэтага ж слова іншай сферы ўжывання. Не выключана, што працэс быў вельмі складаным і перанос, напрыклад, з спецыяльна пакінутага пучка каласоў на любы пакінуты пучок мог прывесці да з’яўлення назвы ’касмык травы, пакінуты пры касьбе агрэх і да т. п.’, а ўжо такі тэрмін мог уплываць на слова, ад якога сам быў утвораны. Ва ўсякім разе гэта дазваляе зразумець зрухі семантыкі ад сакральнай, станоўчай, да адмоўнай, хаця можна меркаваць, што значэнне магло развівацца і наступным шляхам: ’пакінутае нязжатым збожжа’ > ’нязжатае збожжа’ > ’нявыкананая работа (агрэх у рабоце)’. Цяжка растлумачыць значэнне ’палоска, якую займае адзін жнец’; як сведчыць лінгвагеаграфія прыведзеных слоў (вядома на поўначы (усходзе) і на поўдні славянскага свету) гэта таксама архаічнае значэнне, адкуль развіваюцца такія, як ’вузкая паласа зямлі; паласа, якая праполваецца’. Можна думаць, што гэта пашырэнне семантыкі больш старога koza ’апошняя паласа збожжа, дзе будзе зроблена koza; параўн. да гэтага, магчыма, архаічнае ўкр. козу гнати (гл. прыклад вышэй). Пра гэта можа сведчыць і балг. останал на коза, чэш. і рус. выразы са значэннем ’астацца на казе’ (жаць апошнюю палоску, калі ўсе ўжо скончылі работу).

Каза́26 ’агрэх’ (івац., Жыв. сл.), ’пропуск пры касьбе’ (Жд. I). Слова непасрэдна суадносіцца з папярэднім і дэманструе тэндэнцыю да ўтварэння значэння ’агрэх’ на базе ’нязжаты, пакінуты — няскошаны (касмык)’. Параўн. і рус. с.-урал. козуля ’агрэх (пры ўборцы збожжа)’. Чэкман (Baltistica 8, 1972, 150) мяркуе, што паколькі ў іншых славянскіх мовах у значэнні ’пропуск пры касьбе’. Ужываецца слова барада, а літоўская мова ведае ožỹs, ožkà ’казёл, каза’ для ’пропуск пры касьбе, нязжаты касмык травы’, то ў бел. мове каза ’агрэх’ — калька з літ. Аўтар свае меркаванні грунтуе на тым, што ў літ. мове ožỹs ’казёл’ і ožỹs ’агрэх’ нейкім чынам звязваюцца (ožỹs ’грэх, пра які расказваюць на споведзі’), а ў бел. мове такое пераасэнсаванне малаверагоднае. Што гэта не так, зразумела з папярэдняга артыкула, паколькі як першапачатковае значэнне ’апошняе збожжа’, так і больш новае ведаюць не толькі бел. гаворкі, але і іншыя славянскія. Апрача таго, адмоўнае значэнне слоў каза, казёл выяўляецца ў розных лексічных групах, напрыклад у назвах грыбоў. Што датычыць спасылкі на адэкватныя значэнні слова барада, гэта толькі супраць аўтара, паколькі тут назіраецца паралелізм у развіцці значэння: барада ’апошні сноп’, ’апошняя жменя зерня’ і барада ’пропуск пры касьбе і інш.’, падрабязней гл. каза25.

Каза́27 ’памылка пры снаванні красён’ (Жд. 1, Сл. паўн.-зах.). Параўн. «Палажыла я казу: пераскочыла церас калок як снавала, і намучылася, тады казу назад атматала». Чэкман (Baltistica, 1972, 8, 150) мяркуе, што паколькі славянскія мовы ведаюць у гэтым значэнні іншыя ўтварэнні (бел. блюзна, блізна, рус. близна, балг. близна, серб.-харв. бли́зна), а ў літ. мове ožỹs, ožkà ’казёл, каза’ ведаюць фактычна ва ўсіх гаворках, значэнне ’памылка пры снаванні’ ў бел. каза можна лічыць калькай з літ. Спасылка на геаграфічны крытэрый з’яўляецца моцным аргументам, аднак аўтар спасылаецца пры гэтым на акадэмічны слоўнік літоўскай мовы, а слоўнік не падае такой інфармацыі: прыклады пад ožkà ’памылка пры снаванні’ указваюць на Ігналінскі, Зарасайскі і Уценскі раёны (сумежныя з паўн.-зах. беларускай тэрыторыяй), а ožỹs у тым жа значэнні — з Юрбаркаса і Райсяняя. Статус гэтага слова не зусім ясны. У даным выпадку няма патрэбы думаць аб запазычанні, а тым больш меркаваць, што зрух семантыкі быў у напрамку ад ožỹs ’грэх’ да ožỹs ’памылка’. Можна прывесці такія ўтварэнні, як жарабок ’памылка пры снаванні’, кабылка ’блюзна’, конь ’тс’, якія даюць падставу бачыць тут змяшэнне або свабоднае ўжыванне тэрмінаў, утвораных ад розных заонімаў. Значэнне ’памылка’ магло развіцца з адзначанага ў слове кабылка ’пятля’ ў канкрэтным выпадку, магло быць натуральным у межах адмоўнай семантыкі слоў каза, кабыла і пад., дзе генерацыя як тэрмінаў, так і слоў з размытым значэннем цалкам натуральная. Параўн. рус. горн. посадить казла ’астудзіць недаглядам вагранку, калі чыгун яшчэ не выплавіўся: тады ламаюць печ’, дыял. козлы ’сварка, нелады’.

Каза́28 ’кольца, якім прымацоўваецца шыйка касы да касся’ (браг., Шатал.). Можна прапанаваць такія варыянты этымалогіі: а) непасрэднае вытворнае ад каза1 пры магчымых зааморфных атрыбутах рэаліі (гэтай або такога тыпу), такую назву магло атрымаць кольца з прутка і інш., у якога канцы былі злучаны крыж-накрыж і так звязаны; б) версія, якая ўяўляецца больш верагоднай, — вольная мена тэрміна ў межах больш-менш дыфузнага «тэрміналагічнага» поля. Параўн. укр. усх.-палес. бабка ’кольца ў касе, з дапамогай якога злучаецца яна з кассём’, магчыма, сюды ж і бел. бабка ’вузенькі раменьчык, які звязвае дзве асноўныя часткі цэпа’ (Выг.). Гэта ў сваю чаргу мена тэрмінаў, параўн. дыфузнае значэнне ’штосьці круглае’ ў дэрыватаў ад баба, бабка і тое ж у баня, банька; банка; бел., усх.-палес. укр., зах.-рус.: ’кальцо, якім замацоўваецца каса на касільне’. Што датычыць мены тэрмінаў, вытворных ад каза, гл. казак5, казакі і інш.

*Каза́29, къза ’сузор’е’ (віц., Нар. лекс.). Недастатковая інфармацыя і няясны статус слова не дазваляюць гаварыць з упэўненасцю аб этымалогіі. Можна выказаць думку, што слова суадносіцца з польск. koza ’сузор’е’. Мяркуючы па прыкладах у Кунішэўскага, Słownictwo, 1974, 108, польск. koza — калька з лац. Capella ’козачка’ — ’найбольш яркая зорка ў сузор’і Возніка’ яшчэ ў ст.-польск. час (ст.-польск. koza і koziełki, koza і kózki, kózka). Статус чэш. слова няясны, магчыма, паланізм. Бел. слова або таксама запазычана, або, што цяжка пацвердзіць, незалежнае ўтварэнне ад каза1, як падобныя назвы зааморфнага паходжання.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)