харчэўня, заезны дом, дзе спыняліся, харчаваліся, начавалі падарожнікі. Былі пашыраны на Беларусі, Украіне, у Польшчы. На Беларусі вядомы з часоў Кіеўскай Русі, найб. пашыраны ў 14 — пач. 20 ст. Ставілі іх на гандл. плошчах, гал. вуліцах гарадоў і мястэчак, у вёсках і фальварках, на гандл. шляхах, каля рачных перапраў, пры млынах і інш. З 16 ст. размяшчэнне і парадак дзейнасці К. рэгламентаваліся Статутамі ВКЛ, велікакняжацкімі і каралеўскімі прывілеямі, з канца 18 ст. — законамі Рас.імперыі. Падзяляліся на заезныя (тыпу гасцініцы) і шынковыя (тыпу харчэўні). Заезныя К. складаліся з вял. хаты-шынкоўні, дзе размяшчаліся каморы, гасціныя пакоі, і «заезду» — стайні, дзе распрагалі і кармілі коней, і вазоўні, дзе ставілі вазы і тавары. Шынковыя К. мелі простую арх.-планіровачную структуру і складаліся з 2- ці 3-камернага жылля з мураванай печчу для гатавання ежы, са сталамі і лавамі. У шынках і сенцах адасабляліся каморы для карчомнай маёмасці, прадуктаў, святліцы для заможных наведвальнікаў. Харчэўні, у якіх не дазвалялася гандляваць спіртным, наз. К. пакутнымі («тайнымі»), Вял. К. наз.аўстэрыямі.
Планіроўка К., яе канструкцыя і маст. вырашэнне набліжаны да нар. жылля. Кампактныя, пераважна прамавугольныя ў плане будынкі з дрэва, цэглы, у тэхніцы «прускага муру» завяршалі дахі, накрытыя саломай, чаротам, драніцай, гонтамі (вёскі Нача Воранаўскага, Міхалішкі Астравецкага р-наў Гродзенскай вобл.). У некат. К. жылыя пакоі размяшчаліся на 2-м паверсе або ў мезаніне, вылучаліся падчэнямі. Манум. выгляд мелі мураваныя К. са складанай планіроўкай, багатым вонкавым аздабленнем, насычаным пластыкай інтэр’ерам (напр., корчмы ў Гродне). Гар. К. маглі аб’ядноўвацца з крамамі, мець 2 шынкі. У 2-й пал. 18—19 ст. на аснове К. сфарміраваліся гасцініцы, паштовыя станцыі, заезныя дамы і інш.
Літ.:
Якімовіч Ю.А. Драўлянае дойлідства Беларускага Палесся. XVII—XIX стст. Мн., 1978.
С.А.Сергачоў.
Будынак былой карчмы ў вёсцы Нача Воранаўскага раёна Гродзенскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕЦК,
горад, цэнтр Клецкага р-на Мінскай вобл., на р. Лань. За 127 км на ПдЗ ад Мінска. Чыг. станцыя на лініі Асіповічы—Баранавічы, аўтадарогамі звязаны з Нясвіжам, Баранавічамі, Слуцкам. 10,8 тыс.ж. (1998).
З канца 10 ст. існавала славянскае паселішча як цэнтр воласці дрыгавіцкага насельніцтва ў вярхоўях Лані. Горад пабудаваны ў сярэдзіне 11 ст. У летапісах (летапісны Кльчьск, Клечьск, Клическ) упершыню ўпамінаецца ў 1127 як цэнтр Клецкага княства. У сярэдзіне 13 ст. горад разбураны манголамі. З 14 ст. ў складзе ВКЛ. У 1503 К. спалены крымскімі татарамі. 5.8.1506 каля горада татары разбіты войскамі ВКЛ на чале з кн. М.Глінскім (гл.Клецкая бітва 1506). У 1522—56 К. валодала вял. княгіня Бона Сфорца, з 1558 — Радзівілы. У 1586—1939 цэнтр Клецкай ардынацыі Радзівілаў. Быў разбураны ў 1655 (у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай) і ў 1706 (у час Паўночнай вайны са шведамі). У выніку 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Расійскай імперыі, мястэчка Слуцкага пав. Мінскай губ., цэнтр воласці. У 1921—39 у складзе Польшчы, у Нясвіжскім пав. Навагрудскага ваяв. У 1920-я г. працавала Клецкая беларуская гімназія. З 1939 у БССР, 7900 ж.; з 1940 цэнтр Клецкага р-на. З 26.6.1941 па 4.7.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі ў К. і раёне 7600 чал.; дзейнічалі падп. райкомы КП(б)Б і ЛКСМБ. У 1959—4100 ж. У 1962—66 у складзе Нясвіжскага р-на.
Прадпрыемствы харч. (Клецкі кансервавы завод, масларобчы, камбікормавы і інш.), металаапр. (Клецкі механічны завод), лёгкай і дрэваапр. прам-сці. Клецкі гісторыка-этнаграфічны музей. Мемар. комплекс сав. воінам, партызанам і землякам. Помнікі архітэктуры — Клецкі касцёл і кляштар дамініканцаў (1683), Пакроўская царква (19 ст.), сінагога (мяжа 19—20 ст.), казармы (20 ст.), шпіталь (1909), вятрак (1920-я г.). На паўн.-зах. ускраіне К. — гарадзішча (11—13 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОРШ-СА́БЛІН (сапр.Саблін) Уладзімір Уладзіміравіч
(29.3.1900, Масква — 6.7.1974),
бел. кінарэжысёр; адзін з пачынальнікаў бел.маст. кінематаграфіі. Засл. дз. мастацтваў Беларусі (1935). Нар.арт. Беларусі (1955). Нар.арт.СССР (1969). З 1923 працаваў у т-рах Расіі, здымаўся ў кіно, быў асістэнтам рэж. Ю.Тарыча. З 1926 у бел. кінематографе. У 1945—60 і 1969—74 маст. кіраўнік кінастудыі «Беларусьфільм», у 1957—74 першы сакратар Саюза кінематаграфістаў Беларусі. Як рэжысёр дэбютаваў фільмам «У агні народжаная» (1929). Пастаноўшчык першага гукавога фільма ў бел. ігравым кіно «Першы ўзвод» («Заходні фронт», 1933), прысвечанага падзеям 1-й сусв. вайны. Фільм «Залатыя агні» (1935) пра будаўнікоў першай на Беларусі электрастанцыі вызначаўся падзелам герояў на свядомых і несвядомых, увядзеннем у сюжэт характэрнай для тагачаснай драматургіі лініі шкодніцтва. У кінааповесці «Дачка Радзімы» (1937), лірычных камедыях «Шукальнікі шчасця» (1936) і «Маё каханне» (1940) ідэалізацыя сав. рэчаіснасці. У гады Вял.Айч. вайны паставіў «Беларускія навелы» (з Тарычам, 1942), кінаканцэрт «Жыві, родная Беларусь!» (з М.Садковічам, 1944). Да сучаснасці звяртаўся ў фільмах «Новы дом» (1947), «Пяюць жаваранкі» (з К.Саннікавым, 1953) і «Хто смяецца апошнім» (1955) па п’есах К.Крапівы, «Пасеялі дзяўчаты лён» (1956), але глыбокага асэнсавання закранутых праблем не дасягнуў. Асн. кірунак кінатворчасці К.-С. — паказ героікі барацьбы за ідэалы рэвалюцыі: «Вогненныя гады» (1939), «Канстанцін Заслонаў» (з А.Файнцымерам, 1949; Дзярж. прэмія СССР 1950), «Чырвонае лісце» (1958), «Масква—Генуя» (з А.Спешневым, П.Армандам, 1964; Дзярж. прэмія Беларусі 1968), «Запомнім гэты дзень» (1967), «Крушэнне імперыі» (1970). Паставіў дылогію «Першыя выпрабаванні» (1960—61) паводле трылогіі Я.Коласа «На ростанях», многія калізіі, сюжэтныя лініі якой увасоблены з уласцівай рэжысёру кінематаграфічнай выразнасцю. Для творчасці К.-С. характэрны яснасць грамадзянскай пазіцыі, рэв. пафас, выразнасць вобразаў гал. герояў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАТАРЫ́НГІЯ (Lorraine),
гістарычная вобласць і сучасны эканам. раён на ПнУ Францыі. Уключае дэпартаменты Мозель, Мёрт і Мозель, Мёз, Вагезы. Пл. 23 тыс.км². Нас. каля 3,4 млн.чал. (1995). Гал. гарады і прамысл. цэнтры Нансі і Мец. Большую ч. тэрыторыі займае Латарынгскае ўзв., на Ў горы Вагезы. Клімат умераны. Гал. раён жалезаруднай і металургічнай прам-сці. Здабыча жал. руды, вугалю і каменнай солі. Прам-сць: металаапр., маш.-буд. (выпуск металаканструкцый, абсталявання для горнай і металургічнай прам-сці, с.-г. машын, трансп. сродкаў, эл.-тэхн. вырабаў і інш.), тэкст., дрэваапр., хім., нафтаперапрацоўчая. Пасевы збожжавых, цукр. буракоў, бульбы. Мяса-малочная жывёлагадоўля. Транспарт чыг., аўтамаб., унутр. водны.
У сярэднія вякі Л. наз. розныя дзярж. і тэр. ўтварэнні. У 855—900 пасля распаду Франкскай дзяржавы і падзелу ўладанняў імператара Лотара I (адсюль назва) у бас. ніжняга і сярэдняга Рэйна ўзнікла каралеўства Л.; з 925 герцагства ў складзе Герм. каралеўства, у 959 падзелена на 2 герцагствы — Ніжнюю Л. і Верхнюю Л. У 11—12 ст. Ніжняя Л. распалася на графствы Лувен, Намюр, Лімбург і інш. Пазней Ніжняя Л. ўвайшла ў склад Бельгіі і Нідэрландаў. Герцагства Верхняя Л. (менавіта яе тэрыторыі адпавядае гіст. вобласць Л.) з 12 ст. паралельна наз. герцагствам Л. У 13—15 ст. за валоданне ёю сапернічалі Германія і Францыя, у выніку чаго герцагі Л. прызнавалі сябе васаламі абедзвюх дзяржаў. З 2-й пал. 16 ст. пачалося далучэнне латарынгскіх зямель да Францыі, якая ў 1633 пашырыла сваю ўладу на ўсю тэр. Л. Ў 1697 герцагства Л. ўвайшло ў склад «Свяшчэннай Рымскай імперыі». Паводле Венскага мірнага дагавора (1738) перададзена ў пажыццёвае ўладанне каралю Рэчы Паспалітай Станіславу Ляшчынскаму, пасля смерці якога (1766) у складзе Францыі на правах асобнай правінцыі. У 1871 Усх. Л. і Эльзас далучаны да Германіі (імперская прав. Эльзас-Л.), у 1919 вернуты Францыі. Ў 1940 яны анексіраваны фаш. Германіяй, у 1944 вызвалены і вернуты Францыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ТАРНА-ГУКАВО́Е ПІСЬМО́, алфавітнае пісьмо,
адзін з тыпаў пісьма, асобныя знакі якога (літары) перадаюць пераважна адзін гук. Гэта можа быць фанема, алафон або любая фанема ў межах пэўнай групы акустычна падобных гукаў; часам літары злучаюцца па 2, 3 і 4 для абазначэння адной фанемы (ням. sch «ш», tsch «ч»). Перавага Л.-г. п. над інш. тлумачыцца прастатой, меншай колькасцю знакаў і лёгкасцю перадачы граматычных форм слоў. Такімі сістэмамі карыстаецца большасць народаў свету. Амаль усе яны паходзяць ад фінікійскага пісьма, пабудаванага паводле кансанантна-гукавога прынцыпу. На яго аснове ўзніклі арамейскае пісьмо і грэчаскае пісьмо, якія далі пачатак большасці алфавітных сістэм. У алфавітах, што складаліся на аснове фінікійскага пісьма, найчасцей захоўваліся назвы фінікійскіх літар і парадак іх у алфавіце. Арамейскі алфавіт стаў крыніцай арабскага пісьма (да 6 ст.н.э.), яўрэйскага пісьма (з 3 ст. да н.э.), іранскага пісьма (з 2 ст. да н.э.). Грэч. пісьмо, якое паступова распалася на зах.-грэч. і ўсх.-грэч., дало пачатак усім еўрап. алфавітам. На аснове зах.-грэч. ўзнікла этрускае пісьмо (з 7 ст. да н.э.), на аснове этрускага — лац. алфавіт (гл.Лацінскае пісьмо), які ў эпоху Рым.імперыі і ў сярэдневякоўі набыў міжнар. характар, а пазней стаў крыніцай франц., ням., англ., італьян. і інш.нац. пісьмовых сістэм зах.-еўрап. народаў. З усх.-грэч. ў 5—4 ст. да н.э. развілося класічнае грэч., потым візант. пісьмо, якое ў 9 ст. лягло ў аснову слав. кірылаўскага пісьма — кірыліцы. Кірыліца выкарыстоўвалася ў старабел. пісьменнасці. Ф.Скарына стварыў друкарскі варыянт старабел. алфавіта, які стаў узорам для інш.усх.-слав. друкароў. Бел. пісьмовая сістэма сфарміравалася пад уплывам рус.грамадзянскага шрыфту, створанага ў выніку Пятроўскай рэформы 1708—10. Пытанне пра паходжанне другога слав. пісьма глаголіцы не вырашана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРША́ЛАК,
пасада (урад) у Польскім каралеўстве і ВКЛ. 1) М. вялікі — найвышэйшы ураднік Польшчы ў 14—18 ст. і ВКЛ у 15—18 ст. (у 15 ст.наз.земскі, у 16 ст. — найвышэйшы). Лічыўся 1-м міністрам. Кіраваў дваром манарха, прымаў замежных паслоў, вышэйшых ураднікаў дзяржавы, назіраў за этыкетам, загадваў прыдворнай стражай і каралеўскай гвардыяй, сачыў за бяспекаю манарха, прызначаў дваран. Разглядаў здарэнні і злачынствы, здзейсненыя пры двары і ў месцы знаходжання манарха. Склікаў і вёў пасяджэнні сената, а калі сейм быў вальным — кіраваў ім. Гэтыя абавязкі выконваў вял. М. ВКЛ, калі сейм адбываўся ў ВКЛ.
2) М. гаспадарскі — ураднік пры двары манарха ў 13 — пач. 17 ст. Выконваў яго спец. даручэнні, кіраваў прыдворнымі службамі. Часам колькасць М. гаспадарскіх перавышала 10 чал. 3) М. павятовы — мясцовы ўрад у ВКЛ, які ўзнік у час правядзення адм.-тэр. рэформы 1565—66 пры трансфармацыі ўрада М. гаспадарскага. Кіраваў шляхтай у павеце, склікаў і вёў павятовы сеймік. Такога ўрада не было ў гал. павеце ваяводства, дзе функцыі М. выконваў кашталян.
4) М. дворны (надворны) — ураднік у Польшчы і ВКЛ у 15—18 ст. Загадваў гасп. справамі манаршага двара, кіраваў М. гаспадарскімі. Быў намеснікам М. вялікага, уваходзіў у склад сената.
5) М. сеймавы — ураднік, які выбіраўся пасламі Пасольскай Ізбы (ніжэйшай палаты сейма) для вядзення пасяджэнняў. Рабіў справаздачу перад манархам, зачытваў ухвалы Пасольскай Ізбы.
6) М. трыбунальскі — ураднік, які выбіраўся суддзямі трыбуналаў, у т. л.Трыбунала Вялікага княства Літоўскага, для кіравання пасяджэннямі і судаводства.
7) М. дворскі — гасп. ўраднік пры дварах членаў манаршай сям’і, біскупаў, магнатаў, кіраўнік прыдворных служак. 8) М. губернскі, павятовы — назва кіраўніка шляхецкай карпарацыі губерні або павета ў зах. губернях Рас.імперыі з 1785; тое, што і прадвадзіцель дваранства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІР,
гарадскі пасёлак у Карэліцкім р-не Гродзенскай вобл., на р. Міранка. За 26 км ад Карэліч, 211 км ад Гродна, 17 км ад чыг. станцыі Гарадзея на лініі Мінск — Баранавічы, на аўтадарозе Навагрудак — Мінск. 2,6 тыс.ж. (1998).
Упершыню згадваецца ў гіст. крыніцах пад 1395. З 1486 належаў Іллінічам. З 15 ст.наз. горадам. Каля 1510 быў пабудаваны замак. З 1555 цэнтр Мірскага графства. Пасля 1568 перайшоў да сваякоў Іллінічаў — кн. Радзівілаў. З 1589 у складзе іх Нясвіжскай ардынацыі як асобнае графства. З 1579 карыстаўся няпоўным магдэбургскім правам. У 17 ст. важны цэнтр рамяства і гандлю, у 18 ст. дзейнічалі палатняныя і суконныя мануфактуры. З 1795 у Рас.імперыі, у 19 — пач. 20 ст. мястэчка, цэнтр воласці Навагрудскага пав. Мінскай губ. У вайну 1812 каля М. адбыліся Мірскі бой 1812 (9—10 ліп.) і бой 10—11 лістапада. У 1828 у выніку дынастычнага шлюбу перайшоў да кн. Вітгенштэйнаў, з 2-й пал. 19 ст. ўласнасць кн. Святаполк-Мірскіх (гл.Мірскія). У 1886 2 царквы, 7 сінагог, мячэць, паштовая станцыя, заезны дом, 74 крамы. У 1897—5401 ж. У 1921—39 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Стаўбцоўскага пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 гар. пасёлак, цэнтр Мірскага раёна. У Вял.Айч. вайну з 26.6.1941 да 7.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў М. і раёне больш за 2560 чал. Дзейнічала Мірскае камсамольска-маладзёжнае падполле. Адбыўся Мірскі бой 1944. З 1956 у Карэліцкім р-не.
Прадпрыемствы харч. (спіртзавод, птушкафабрыка) прам-сці. Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, паліклініка, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры: Мірскі замкава-паркавы комплекс (16 ст.), Мірскі Мікалаеўскі касцёл (1605), Мірская Троіцкая царква (1533—50). Цэнтр ганчарнага рамяства (гл.Мірская кераміка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́РСКІЯ, Святаполк-Мірскія,
шляхецкі род герба «Бялыня» змененая ў ВКЛ, княжацкі род у Рас.імперыі. Вядомы з 16 ст., з 18 ст. выводзілі сябе ад Святаполка, сына вял. кіеўскага кн. Уладзіміра (адсюль 1-я частка прозвішча). Лічылі сябе стараж. ўладальнікамі Міра. Княжацкі тытул зацверджаны ў Польшчы ў 1821, у Расіі — у 1861. Найб. вядомыя:
Рыгор (?—20.3.1661), ваенны дзеяч, стражнік ВКЛ з 1635. Удзельнічаў у паходах на Малдову супраць туркаў, у вайне Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29, вайне Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18, вайне Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34. Адзін з кіраўнікоў войска ВКЛ, якое змагалася супраць укр. казакоў на Пд і У Беларусі ў 1648—51. 9.10.1648 заняў Пінск, удзельнічаў ва ўзяцці Бабруйска (гл.Бабруйска абарона 1649), у Лоеўскай бітве 1649, Лоеўскай бітве 1651. Пад камандаваннем Я.Радзівіла ўдзельнічаў у кампаніі 1654 у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Падпісаў Кейданскі дагавор 1655. Багуслаў (? — пасля 1800), браслаўскі войскі з 1775, падкаморы з 1777. Пасол на сеймы 1776—86, Чатырохгадовы сейм 1788—92, належаў да рэфарматараў. Удзельнік паўстання 1794, арганізаваў паўстанцкую парадкавую камісію ў Браслаўскі пав.; чл.Найвышэйшай літоўскай рады і Найвышэйшай нацыянальнай рады. Станіслаў Войцех (21.10.1756, в. Завер’е Браслаўскага р-на — 1805), пісар земскі браслаўскі ў 1788, вял. пісар ВКЛ з 1791. Пасол на сеймы 1784, 1788. Уваходзіў у канспіратыўную арг-цыю Я.Ясінскага па падрыхтоўцы паўстання 1794; чл. Найвышэйшай літ. рады, Цэнтральнай дэпутацыі Вялікага княства Літоўскага. Дзмітрый Іванавіч [1824—30.1(11.2).1899], ген.-ад’ютант, ген. ад інфантэрыі, чл.Дзярж. савета (1880). Мікалай Іванавіч [5(17).7.1833, С.-Пецярбург — 15(27).7.1898], ген.-ад’ютант, ген. ад кавалерыі, чл.Дзярж. савета (1898). З 1881 наказны атаман Войска Данскога. У 1891 набыў Мірскі замак з навакольнымі маёнткамі, дзе збіраўся ўладкаваць радавое гняздо. Пабудаваў у Міры вінакурны з-д, палац, заклаў парк. Пётр Дзмітрыевіч (1857—1914), міністр унутр. спраў Расіі, гл.Святаполк-Мірскі П.Д.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІСЛА́ЎСКІ ЗА́МАК Існаваў у 14—18 ст. у г.Мсціслаў. Размяшчаўся на пляцоўцы гарадзішча Замкавая гара 12—13 ст., на высокім правым беразе р. Віхра. Замак абкружалі шырокія (60—100 м) і глыбокія (больш за 25 м) яры і кальцавы вал, вышынёй з усх. і паўд. бакоў 6—7 м, шыр. ў аснове 15—18 м. На вяршыні стаялі зрубныя абарончыя канструкцыі — гародні, шмат’ярусная вежа і ўязная брама. Перыметр замкавых умацаванняў перавышаў 800 м. Высокі мост на па́лях злучаў замак з горадам. У цэнтры М.з. ўзвышалася пабудаваная ў 15—16 ст. васьмівугольная вежа-данжон, у ніжнім ярусе якой размяшчаўся храм. М.з. лічыўся важнейшым стратэгічным замкам Пасожжа на мяжы ВКЛ і Маскоўскай дзяржавы, таму перажыў шмат аблог і войнаў. У 1389 на працягу 11 дзён яго асаджала войска смаленскага кн. Святаслава Іванавіча. У перыяд міжусобнай вайны (1432—39) паміж вял. князем ВКЛ Свідрыгайлам і Жыгімонтам Кейстутавічам М.з. адзіны на Беларусі, які не паддаўся войску апошняга і вытрымаў трохтыднёвую аблогу. У 1500, 1502, 1508 (двойчы) і 1514 быў абложаны рус. войскамі. Пасля надання г. Мсціславу ў 1634 магдэбургскага права замак яшчэ больш умацавалі. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 у ліп. 1654 рас. войскі акружылі Мсціслаў і замак. У выніку 4 штурмаў 22 ліп. замак быў узяты і спалены, а большасць абаронцаў загінула. Стратэг. важнасць М.з. спрыяла хуткаму яго аднаўленню. У 1660 паводле загаду цара М.з. зноў спалены, а 46 яго абаронцаў сасланы ў Яраслаўль. У 1676 сейм Рэчы Паспалітай прыняў рашэнне аднавіць замак. У час Паўн. вайны 1700—21 М.з. узарваны ў жн. 1708 адступаючым войскам Пятра I. Адноўлены, існаваў да 1772 (год далучэння Мсціслава да Рас.імперыі).
М.А.Ткачоў.
Мсціслаўскі касцёл і кляштар кармелітаў. Агульны выгляд касцёла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ЎЛЯ,
горад у Гомельскай вобл., прыстань на правым беразе р. Прыпяць. Цэнтр Нараўлянскага р-на. За 125 км ад Гомеля, 25 км ад чыг. ст. Ельск на лініі Калінкавічы — Оўруч. Аўтадарогамі злучана з Мазыром, Ельскам. 7,4 тыс.ж. (2000).
Вядома з 18 ст. як прыватнае мястэчка. Належала Аскеркам. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Расійскай імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Рэчыцкага пав. Мінскай губ. У 1800 каля Н. працавалі гута, вінакурны завод. У 1897 у Н. 1,1 тыс.ж., школа, царква. З крас 1919 у Гомельскай губ. РСФСР, з ліп 1924 у БССР, цэнтр раёна Мазырскай акругі. Працавалі агароднінасушыльная ф-ка, 5 гарбарных з-даў, паравы млын. У 1931 арганізавана суднабудаўнічая арцель, пабудаваны суднарамонтны з-д, кандытарская ф-ка «Чырвоны мазыранін», лесазавод. З 27.9.1938 гар. пасёлак у Палескай вобл., 4,7 тыс.ж. (1941). У Вял.Айч. вайну 27.8.1941 акупіравана ням. фашыстамі, якія загубілі ў Н. і раёне 600 чал. 29—30.8.1943 партызаны правялі Нараўлянска-Шчакатаўскую аперацыю 1943. Вызвалена 30.11.1943 воінамі 61-й арміі Бел. фронту ў выніку Нараўлянскай аперацыі 1943 сумесна з партызанамі 27-й Нараўлянскай брыгады імя Кірава. З 1954 у Гомельскай вобл. У 1959—4,8 тыс.ж., у 1970—6,6 тыс.ж. У снеж. 1962 — студз. 1965 у Ельскім р-не. З 3.11.1971 горад. Горад і раён моцна пацярпелі ў выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС, частка іх насельніцтва пераселена.
Прадпрыемствы харч. (Нараўлянская кандытарская фабрыка «Чырвоны мазыранін», сумеснае прадпрыемства «Нордэкс», малаказавод, хлебазавод), буд. матэрыялаў прам-сці, з-д гідраапаратуры, дрэваперапрацоўчы камбінат, Райаграпрамтэхніка, лясгас, камбінат быт. абслугоўвання. Нараўлянскі этнаграфічны музей. Брацкая магіла сав. воінаў, партызан і мірных жыхароў, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Нараўлянскі сядзібна-паркавы ансамбль. Каля Н. — паселішча бронзавага веку.
Да арт.Нароўля. Школа-інтэрнат (былы сядзібны дом 19 ст.).