Багамо́л 1, багамаленне, багамолле. Рус. богомо́л, богомо́лье, укр. богоміл і г. д. Відавочна, агульная калька кніжна-царкоўнага паходжання адносна новага часу (гэтых слоў няма ў Садніка–Айцэтмюлера, Handwört.; Старасл. сл.; у Бярынды). Багамолле ’яўрэйскае малітоўнае ўбранне’ (насмешл. ’адзенне’ (Шат.) — гэта метафара. Параўн. укр. дыял. багаме́л ’кій’ (мабыць, ад богомол, гл. Манжура).

Багамо́л 2 ’насякомае’. Рус. богомо́л, богомо́лка ’тс’. Да багамо́л 1 па знешняму падабенству. Параўн. у Даля: «насекомое Mantis, сидящее недвижимо в чинном положении и внезапно выкидывающее необыкновенной длины клешни, для поимки добычи». Параўн. ням. Gottesanbeterin ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Казая́тка ’куртка’ (Грыг.; брасл., Нар. словатв.). Запазычанне з польск., параўн. польск. уст. (у Тротца, Ліндэ) kazyatka ’кафтан, куртка’ і засведчаныя ў XV–VII стст. такія формы, як kazyaka, kozyjaka, kazyjaczka і інш. Аб часе запазычання нельга сказаць нічога пэўнага: ст.-бел. мова ведала форму казыяка ’жаночы кафтан’ з XVI ст. Слаўскі (3, 27) адзначае, што ў польск. мове гэта заходняе запазычанне і прыводзіць швед. дыял. — kasjakka, дац. kasjak ’верхняе адзенне, кафтан’, а ў якасці крыніцы запазычання мяркуецца, відаць, франц. casaque ’кафтан, апанча, плашч’, гл. падрабязней казак 4.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Палатно́ ’гладкая льняная тканіна асобага перапляцення (звычайна белая), а таксама баваўняная, шаўковая ці сінтэтычная тканіна падобнага перапляцення; вялікі шырокі кавалак якой-н. тканіны’. Агульнаславянскае (рус., укр. полотно́, ст.-рус. полотно, польск. płotno, серб.-харв. пла́тно і г. д.) і праславянскае poltъno. Роднасныя ст.-інд. paṭas ’палатно, адзенне, пакрывала, карціна’, сяр.-в.-ням. valte, valde ’тканіна для абгортвання адзення’, алб. palë ’складка, рад’ (гл. Фасмер, 3, 316; там жа і агляд літ-ры). Сувязь са ст.-слав. платъ (Праабражэнскі, 2, 97) лічыцца няпэўнай (Фасмер, там жа; Махэк₂, 455).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Па́нцыр ’адзенне ў выглядзе кашулі, зробленае з пераплеценых дробных металічных кольцаў, якім карысталіся даўней для засцярогі ад удараў халоднай зброяй’ (ТСБМ). Ст.-бел. панцеръ, панциръ, панцыръ, панцэръ, пансыръ ’панцыр’ < ст.-польск. pancerz (Булыка, Лекс. запазыч., 68). Рус. па́нцирь, укр. па́нцер, ст.-рус. пансыръ. Формы на ‑ц‑ ва ўсх.-слав. мовах праз польск. pancerz, чэш. panciř, panceř запазычаны з сяр.-в.-ням. panzier < ст.-франц. pancier ’тс’: лац. pantex ’бруха’, а формы на ‑c‑, магчыма, праз пасрэдніцтва сяр.-н.-ням. panser (Міклашыч, 231; Фасмер, 3, 200).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Туале́т ‘адзенне, убранне’, ‘прывядзенне ў надежны стан свайго выгляду’, ‘прадметы касметыкі, гігіены’, ‘столік з люстэркам’, ‘прыбіральня’ (ТСБМ), ‘убранне, уборы, строі’ (Некр. і Байк.). Запазычана праз рус. туалет у XVIII ст. з франц. toilette ‘акравак тканіны’, ‘ручнічок’ — памяншальнае ад toile ‘палатно’, якое з лац. tēla (< *tex‑la) < texere ‘ткаць’, ад якога таксама тэкстыль (гл.). Адсюль развіццё значэнняў: ‘тое, што зроблена з тканіны, палатна’ > ‘ручнічок на туалетным століку’ і г. д. (Голуб-Ліер, 483; Фасмер, 4, 113; Чарных, 2, 268; ЕСУМ, 5, 666; Арол, 4, 112).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АПАТРАПЕ́Й (ад грэч. apotropaios які адводзіць бяду),

амулет, абярэг, прадмет, выява або дзеянне, якім прыпісвалі магічную здольнасць засцерагаць ад няшчасця і злога духу.

Апатрапеямі былі выявы жахлівых божастваў, звяроў і прадметаў (егіпецкага Беза, Гарпагоны, льва, грыфона, фаласа, складзеных пальцаў і г.д.), якія насілі як нацельныя амулеты; архітэктурныя рэльефы ў выглядзе звярыных мордаў і падобныя выявы на пасудзінах, зброі; нацельныя крыжыкі і ладанкі, што быццам аберагаюць вернікаў ад «нячыстай сілы».

Бел. нар. назва абярэ́г. З эпохі палеаліту як апатрапей выкарыстоўвалі амулеты з зубоў, кіпцюроў і касцей жывёл. Розныя амулеты-апатрапеі былі ў эпоху язычніцтва і ранняга хрысціянства: у курганных могільніках 9—13 ст. на Беларусі знойдзены амулеты-падвескі (лунніцы, крыжыкі), амулеты-змеевікі, змеегаловыя бранзалеты і інш. Апатрапейная сімволіка прысутнічала ў традыц. сямейнай і каляндарнай абраднасці. На Палессі апатрапеем было «завівала», якім накрывалі маладую ў найб. адказныя моманты вяселля; да вянца незалежна ад пары года надзявалі верхняе суконнае або футравае адзенне. Апатрапейная заклінальная магія — неад’емная частка вясенне-летніх абрадаў: сцябанне людзей і жывёлы асвячонай вярбой з традыц. прыгаворамі, асвячэнне вуглоў новай хаты свянцонай вадою; магічны круг вакол двара ў час падрыхтоўкі да веснавой сяўбы; трохразовы абход жывёлы з магічнымі прадметамі і заклінаннямі перад першым выганам у поле; юраўская раса, абрадавае печыва ў выглядзе крыжа і інш. Апатрапейны кірунак мелі такія формы калектыўнай абраднасці, як абворванне вёскі, хрэсны ход, тканне ручніка за дзень ці ноч, здабыванне «жывога» агню трэннем і інш. Адным з дзейсных апатрапеяў здаўна лічыўся чырвоны колер і арнамент. Апатрапеем лічыліся хлеб, вада, агонь, раса, зямля, вострыя металічныя прадметы, чалавечыя валасы, бурштын, зерне, ільняное валакно і семя, мак, пахучыя расліны (цыбуля, часнок, мята, палын) і інш.

т. 1, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЗІВІ́ЛАЎСКІ ЛЕ́ТАПІС, Кёнігсбергскі летапіс,

помнік старажытнарускага летапісання, летапісны звод пач. 13 ст.; зместам блізкі да Лаўрэнцьеўскага летапісу. Складаецца з «Аповесці мінулых гадоў» і летапісу за 1112—1206, прысвечанага пераважна гісторыі Паўн.-Усх. Русі. Вядомы адзіны ілюстраваны спіс канца 15 ст., зроблены, напэўна, у Смаленску, у канцы яго змешчана «Хаджэнне Данііла ігумена...». У 16—1-й пал. 17 ст. рукапіс зберагаўся на Беларусі. Апошні ўладальнік Р.л. Багуслаў Радзівіл завяшчаў Кёнігсбергскай б-цы, куды рукапіс трапіў у 1671. З 1758 знаходзіцца ў Расіі. У летапісе шмат каштоўных звестак з гісторыі ўсх. славян эпохі ранняга сярэднявечча, якія за 9—11 ст. пададзены паводле летапісу Нестара, за 12 ст. — уладзімірскага летапіснага зводу пач. 13 ст. Пад 1128 змешчана аповесць пра Рагнеду Рагвалодаўну поўнай рэдакцыі, якая складзена, найб. верагодна, у Кіеве ў 2-й пал. 11 ст. паводле вуснага апавядання Яна Вышаты, прапраўнука Дабрыні (дзядзькі кн. Уладзіміра Святаславіча). Вялікую культ.-гіст. каштоўнасць маюць 617 каляровых мініяцюр, якія адлюстроўваюць розныя бакі жыцця (ваен. паходы і бітвы, паўстанні, нар. святы і абрады, паліт. дзейнасць князёў, розныя сцэны з выявамі помнікаў архітэктуры), матэрыяльную культуру (прадметы побыту, мэблю, адзенне, зброю і інш.) усх. славян, з’яўляюцца своеасаблівым маст. летапісам сярэднявечча. Шэраг мініяцюр звязаны з гісторыяй бел. зямель: «Рагнеда і Рагвалод», «Бітва на Нямізе», пра паланенне і вызваленне Усяслава Полацкага і інш. У некат. мініяцюрах адчуваецца ўплыў зах.-еўрап. традыцый. Рукапіс зберагаецца ў б-цы Расійскай АН у Санкт-Пецярбургу.

Літ.:

Полное собрание русских летописей. Т. 38. Радзивилловская летопись. Л., 1989;

Радзивилловская летопись: Факс. воспр. рукописи: Текст. Исслед. Описание миниатюр. СПб.;

М., 1994.

В.​А.​Чамярыцкі.

Вольга і Святаслаў. Малітва Вольгі. Мініяцюры з Радзівілаўскага летапісу.

т. 13, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ве́рхні, ‑яя, ‑яе.

1. Які знаходзіцца зверху, размешчаны на версе. Верхні слой. Верхні камень (у млыне). Верхняя губа. □ Дзед з Міколкам падаліся на гару, на верхнюю палубу. Лынькоў.

2. Які надзяваецца зверху на што‑н. Верхняя кашуля. Верхняе адзенне. □ Люба скінула верхнюю вопратку і сця[гну]ла з пляча кашулю. Чорны. // Прызначаны для нашэння зверху. Верхні трыкатаж.

3. Блізкі да вытокаў. Раскаты гарматных стрэлаў.. даляталі сюды аднекуль злева, з верхняга цячэння ракі. Лынькоў.

4. Аб гуках, нотах: высокі. Верхні рэгістр.

5. Вышэйшы пункт вагання чаго‑н. Верхні ціск крыві. Гук верхняга пад’ёму.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абшарпа́ны, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад абшарпаць.

2. у знач. прым. Падраны, зношаны, абадраны, абабіты. Апрануўся Апенька якраз як на паляванне: на ім былі мышынага колеру штаны.., абшарпаная скураная тужурка, а на нагах гумавыя боты. Навуменка. Стомленая і запыленая за дарогу, Галіна паставіла сярод двара свой абшарпаны студэнцкі чамадан і зморана села ля яго. Краўчанка. // Адзеты ў падранае, паношанае адзенне, у рызманы. Толькі позняй раніцай, калі людзі ўжо даўно паснедалі, чатыры незвычайныя падарожнікі, абшарпаныя і галодныя, дабраліся да горада. Няхай. Афіцэр падазрона і з непаразуменнем паглядаў на абшарпанага маладога чалавека. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

агалі́цца, агалюся, аголішся, аголіцца; зак.

1. Зняўшы адзенне, стаць голым. // Скінуць покрыва, лісце, ігліцу. Кусты агаліліся і зрабіліся непрыгожымі — адны дубцы тырчаць. Якімовіч. // Адкрыцца вачам, пазбавіўшыся покрыва, верхняга слоя. Іншы раз за доўгі пагодлівы дзень так аголіцца і выгарыць на сонцы бераг, што, здаецца, і курыцы тут ужо не напасеш. Кулакоўскі. Вясне так рады малышы. І каля хат, дзе грэла сонца І агаліліся пяскі, Звіняць, як медзь, іх галаскі. Колас.

2. перан. Выявіць сваю сутнасць, свой сапраўдны змест; стаць відавочным.

3. Стаць даступным, адкрытым для праціўніка. Фронт агаліўся.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)