Кафта́н, таксама капта́к ’даўнейшая двухбортная мужчынская і жаночая верхняя адзежына з доўгімі поламі і падоўжанымі рукавамі’ (ТСБМ), ’кафтан’ (Бяльк.), ’кофта’ (Сл. паўн.-зах., 2). Ст.-бел. кафтанъ, каптанъ, кахтанъ ’кафтан’ (першая фіксацыя слова ў 1516 г.): гл. Булыка, Запазыч., 144. Крыніцай запазычання для ст.-бел. лексем лічаць тур. мову (тур. kaftan; Булыка, там жа). У польск. мове kaftan адзначаецца ў помніках значна раней (з XV ст.). Таму можна ставіць пытанне, ці не з польскай крыніцы ўзята непасрэдна бел. слова, але тут не хапае дадатковых даных храналагічнага парадку. Гл. яшчэ Фасмер, 2, 212; Шанскі, 2, К, 102; Слаўскі, 2, 20.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каю́та ’жылое памяшканне для пасажырах або экіпажа на судне’ (ТСБМ, БРС). Параўн. рус. каю́та ’тс’, укр. каю́та. У бел. мове, як і ва ўкр., непасрэднае запазычанне з рус. мовы. Рус. каю́та ўпершыню згадваецца ў крыніцах у 1705 г. (таксама і ў варыянце кают, 1720 г.). Крыніцай запазычання Фасмер, 2, 216 лічыць ням. Kajüte або гал. kajuit. Шанскі, 2, 107, мяркуе, што хутчэй рус. слова было запазычана ў Пятроўскую эпоху з ням. мовы: аб гэтым сведчыць ж. р. слова (гал. форма не падыходзіць). Фасмер, там жа, указвае, што думка Зяленіна аб запазычанні са швед. kajuta (< н.-ням.) абгрунтавана.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Арка́н, арка́ніць. Рус. арка́н ’тс’ з XVII ст. (У астраханскіх дакументах — Шанскі, 1, А, 143), дыял. ’вяроўка’, укр. арка́н ’ласо’ ў пісьм. з XVIII ст., польск. arkan ’тс’ з XVII ст. Крыніцай усходнеславянскіх слоў з’яўляецца цюрк. аркан ’вяроўка’, вядомае ў паўночна-каўказскіх цюркскіх мовах, казанска- і крымскататарскіх мовах (Радлаў, Опыт, 1, 288). Першыя маглі быць крыніцай рускага слова, апошняя — украінскага. У беларускай праз рускую (на магчымасць гэтага ўказвае Крукоўскі, Уплыў, 71–74) ці ўкраінскую. Бернекер, 30; Локач, 102; Праабражэнекі, 1, 8; Фасмер, 1, 86; Саднік-Айцэтмюлер, 1, 28; Дзмітрыеў, Строй, 566; Краўчук, ВЯ, 1968, 4, 122.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бало́нь ’абалонь, верхнія слаі драўніны’ (Бяльк.), боло́на (Нас.), болона́ ’абза, верхні слой дрэва’ (Мядзв.), болонь ’не смалістая частка сасны’ (палес.). Рус. болона́ ’нарасць на дрэве’, бо́лонь ’верхні слой, мяккая кара дрэва’. У іншых слав. мовах формы з іншай семантыкай. Параўн. бало́на1, бало́на2, бало́нкі ’перапонкі’ (там і формы). Да прасл. bolna, bolnь, якое мае шмат значэнняў — ’перапонка, плеўка, верхні слой, мяккая кара, скурка і г. д.’ і, мабыць, ідэнтычнае з *bolna ’паляна, луг’. Адпавядае літ. bálnas ’белы’, грэч. φολίς ’луска’. Гл. Бернекер, 69; Фасмер, 1, 189; Траўтман, 25; Слаўскі, 1, 37; Шанскі, 1, Б, 157. Гл. абалонь.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Барахло́ (БРС, Нас., Сакал., Сцяшк. МГ, Шат.). Рус. бара́хло́, укр. барахло́. Бел. і ўкр. словы, мабыць, запазычаныя з рус. мовы. Слова не вельмі яснага паходжання. Старая версія пра запазычанне з манг. мовы (ССРЛЯ, I, 275; Рудніцкі, 78; Аткупшчыкоў, ЭИРЯ, V, 73–79) не вельмі пераконвае. Шахматаў (ИОРЯС, 7 (2), 352 і наст.) прапанаваў звязаць з ст.-рус. і дыял. бо́рошень ’дарожныя пажыткі, запасы; скарб і г. д.’ Далей звязваюць з чэш. brašna ’сумка’. Гл. Шанскі, 1, Б, 41. Шавялоў, Prehistory (414) лічыць, што ў слове барахло́ — «а-паўнагалоссе» і параўноўвае з укр. бо́рошно ’мука’. Вельмі няпэўна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Башта ’гаўптвахта, турма; вежа’ (Нас.); у ст.-бел. з XV ст. (Булыка, Запазыч.; Нас. гіст.; Гіст. лекс., 115). Рус. (XVI ст.) башта, укр. ба́шта (з XVI ст.). Запазычанне з зах.-слав. моў: польск. baszta, чэш. bašta < італ. bastia. Бернекер, 45; Брукнер, 18; Фасмер, 1, 139; Шанскі, 1, Б, 64; Махэк₂, 47–48; Рыхардт, Poln., 33; Рудніцкі, 92. Да еўрапейскіх форм гл. яшчэ MESz, 1, 256 (венг. bástya, там і літ-pa); Клюге, 55. Гіст. лекс., 115, і Булыка, Запазыч., 39, тлумачаць гэта слова як германскае па паходжанню. Першакрыніцай запазычання ням. Bastéi (!) з фанетычных меркаванняў ва ўсякім выпадку быць не можа.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бо́ма1 ’рычаг’ (БРС), ’доўгая жэрдка з тоўстым канцом пры плытах’ (Сцяшк. МГ, Янк. Мат., Бір. Дзярж.). Рус. дыял. (у Літве) бо́мка ’тс’. Параўн. рус. бом ’шлагбаум’, запазычанае з гал. boom ’брус, бэлька’ (Фасмер, 1, 191; Шанскі, 1, Б, 161). Але, магчыма, што бел. слова запазычана з той жа крыніцы, што і літ. búomas. ’рычаг’: з усх.-пруск. bōm ’тс’ (а лат. buõmis ’рычаг’ і г. д. — з с.-н.-ням. bom). Да балт. форм гл. Фрэнкель, 64–65.

Бо́ма2 ’званочак’. Новае ўтварэнне з бо́мка ’тс’ (гл.), якое, мабыць, успрымалася як памяншальная форма. Гл. Краўчук, БЛ, 1975, 7, 65.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жаві́на, жаві́ны, жаві́кі ’ажына’ (Кіс., Касп., Бяльк., Юрч.; лельч., Жыв. сл., 210), жаві́ніна ’ягада ажыны’, жаві́ннік ’ажыннік’ (Юрч., Яўс.). Усечаная без пачатковага галоснага слав. назва ажыны *ož‑ev‑ina > бел. ажавіна, ажэвіны (Шат., Кіс.) і *ož‑ev‑ika > рус. ежевика ад *ožь ’вожык’. Суф. *‑in‑ часта выкарыстоўваецца ў назвах ягад: журав‑ін‑ы, аж‑ын‑а, кал‑ін‑а, першасна, магчыма, у сінгулятыўным значэнні (гл. ажы́на). У рус. дыялектах сустракаецца форма са стратай пачатковай галоснай: жевика, жевига, жеваника, жевинина (СРНГ). Параўн. Шанскі, 1, Е, 253 (дзе памылковае сцвярджэнне пра толькі ўсх.-слав. характар слова: Махэк (Jména rostl., 101) прыводзіць чэш. ježina, польск. jeżyna).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ждаць ’чакаць’ (ТСБМ, Нас.). Рус. ждать ’тс’, укр. ждати ’тс’, польск. дыял. żdać ’тс’, памор. ždac ’тс’, чэш. ždáti ’тс’, славац. уст. ždať ’тс’, балг. жда ’тс’, славен. ždéti ’тс’. Ст.-слав. жьдати. З прасл. *žьdati < і.-е. *gheidh‑ (Покарны, 1, 426–427); параўн. літ. geidžiu, geĩsti ’жадаць’, лат. gàidît ’чакаць’, ст.-прус. gēidi ’чакаюць’, с.-в.-ням. gīt, ням. Geiz ’жаднасць’. Фасмер, 2, 39; Траўтман, 82; Праабражэнскі, 1, 223; Махэк₂, 725; БЕР, 562, Брукнер, 663. Шанскі (1, Д, Е, Ж, 279) указвае на роднаснасць кораня ждать < *gьdati з коранем год (годить ’чакаць’). Параўн. яшчэ жадаць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жэ́рліца ’рыбалоўная снасць’. Рус. літ. жерли́ца, дыял. же́рлица, же́рли́ка ’тс’, укр. жерлига ’вялікая вуда’ (Грынч.). Фасмер (2, 49) і Шанскі (Д, Е, Ж, 284) развіваюць дапушчэнне Праабражэнскага (1, 229) аб паходжанні ад жерло са знач. ’горла’ (таго ж кораня) або ’вуда для лоўлі з жыўцом’ ад жэрці з суф. ‑ла (< *‑dlo), улічваючы жор ’час, калі добра бярэцца рыба’. Аднак і пры гэтых тлумачэннях не зусім ясная варыянтная суфіксацыя, а семантыка патрабуе далейшых удакладненняў і пацвярджэнняў. Трэба ўлічыць, што часцей назвы прадметаў на ‑іца ад прыметнікаў (параўн. пале́гліца ’палеглая пшаніца’, кру́гліца ’круглая ніва’, гл. Сцяц., Афікс. наз., 110–111).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)