гарадскі пасёлак у Лагойскім р-не Мінскай вобл., на беразе Плешчаніцкага вадасховішча, на перасячэнні аўтамагістралей Барысаў—Вілейка і Мінск—Віцебск. За 27 км ад Лагойска, 67 км ад Мінска, 8,1 тыс.ж. (2000).
Вядомы з 16 ст. як вёска ў Мінскім пав.ВКЛ. З 1793 у Рас. імперыі, мястэчка, 50 двароў, цэнтр воласці ў Барысаўскім пав. Мінскай губ. У Айч. вайну 1812 рус. атрад ген. Я.І.Чапліца разбіў тут авангард 9-га франц. корпуса маршала К.Віктора. У 1817 іх уладальнікі Тышкевічы пабудавалі царкву, у 1825—35 працаваў прыгонны тэатр. У 19 ст. ў П. школа, царква, сінагога, бровар, 5 крам, 2 карчмы, 2 разы на год кірмашы. У 1897—1086 ж., нар. вучылішча, паштова-тэлегр. аддзяленне. З 17.7.1924 да 25.12.1962 цэнтр Плешчаніцкага раёна, потым у Лагойскім р-не Мінскай вобл. З 27.9.1938 гар. пасёлак. У Вял.Айч. вайну акупіраваны ням. фашыстамі, якія разбурылі пасёлак, у П. і раёне загубілі 2063 чал.; дзейнічала Плешчаніцкае маладзёжнае падполле, партызаны правялі Плешчаніцкую аперацыю 1943. У 1977 6,9 тыс. жыхароў.
Працуюць хлебазавод, птушкафабрыка, гандлёвае і швейнае прадпрыемствы; Плешчаніцкая геафізічная абсерваторыя. 2 сярэднія, муз., дзіцяча-юнацкая спарт. школы, ПТВ, 3 дашкольныя ўстановы, Дом дзіцячай творчасці, 2 б-кі, бальніца, камбінат быт. паслуг, Дом культуры, аддз. сувязі. Магіла ахвяр фашызму, брацкая магіла сав. воінаў і партызан, што загінулі ў Вял.Айч. вайну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЛУЭ́Т [франц. silhouette ад імя франц. міністра 18 ст. Э. дэ Сілуэта (E. de Silhouette), на якога была зроблена карыкатура ў выглядзе ценявога профілю],
1) характэрны абрыс прадметаў, бачны як адзіная плоская пляма без дэталей унутры контуру. Выразнасць С. звязана з характарам контуру і залежыць ад формы, месцазнаходжання і асветленасці аб’екта.
2) Від маст. тэхнікі: плоскасная аднатонная выява фігур і прадметаў, якая ўтварае суцэльную, абмежаваную контурам пляму на кантрастным фоне. Мастацтва С. вядома са старажытнасці ў Кітаі, Японіі (асабліва ў тэатры ценяў) і інш. краінах Азіі; у Еўропе пашырана з 18 ст. У тэхніцы С. (пераважна ў графіцы) выконваюць профільныя партрэты, быт. сцэнкі, ілюстрацыі, нацюрморты. Вял. ролю адыгрывае С. у плакаце. Сярод майстроў С. — Ф.Антынг, Ф.О.Рунге (Германія), А.Бенуа, М.Дабужынскі, У.Маякоўскі, К.Сомаў, Ф.Талстой (Расія), М.Селяшчук (Беларусь) і інш. Своеасаблівая разнавіднасць С. — выцінанка.
3) Контурная выява фігуры (пераважна ў натуральны памер), прызначаная для стварэння ілюзіі прысутнасці жывога чалавека. Выразаныя з дошкі і размаляваныя С. ўзніклі ў 1-й пал. 17 ст. ў Галандыі, пазней пашырыліся ў інш. краінах Зах. Еўропы. Выкарыстоўваліся як экран для камінаў, для імітацыі варты, падтрымкі расчыненых дзвярэй і інш. З 19 ст. выкарыстоўваецца як рэкламны сродак (фігуры ля ўваходаў у рэстараны, у вітрынах магазінаў і інш.), у наш час вырабляецца пераважна як наклееная на кардон фотавыява.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УСЕ́ЛЮБ,
вёска ў Навагрудскім р-не Гродзенскай вобл., на аўтадарозе Навагрудак—Ельня. Цэнтр сельсавета і калект.сял. гаспадаркі. За 15 км на Пн ад г. Навагрудак, 160 км ад Гродна, 38 км ад чыг. ст. Наваельня. 702 ж., 304 двары (2002). Лясніцтва, аўтазаправачная станцыя. Сярэдняя школа, навучальна-вытв. камбінат, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, ветлячэбніца, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнікі архітэктуры: Уселюбскі касцёл, Свята-Міхайлаўская царква (1848), Уселюбскі парк.
Упершыню ўпамінаецца ў 1433 як маёнтак, які належаў А.Неміровічу. У 1-й пал. 15 ст. заснаваны касцёл У 1-й пал. 16 ст. маёнткам сумесна валодалі Неміровічы і іх родзічы Шчыты, пазней — полацкі ваявода С.С.Давойна. У. уваходзіў у склад Новагародскага пав. У 1576 удава Давойны Б.Саламярэцкая прадала маёнтак М.Радзівілу Рудому. У 1576—1642 касцёл быў перароблены ў кальвінскі збор. З 1713 У. належаў А.Навасельскаму, пазней А.М.Пацею, графам О’Руркам. З 1793 у Рас. імперыі. З 1861 — цэнтр воласці. У 1886—730 ж., 106 двароў, валасное праўленне, 2 царквы, 2 капліцы, касцёл, сінагога, 2 крамы, 2 заезныя дамы. У 1884 ва У. пабудавана царква. У 1897—1255 ж. З 1921 у складзе Польшчы ў Навагрудскім пав. З 1939 у БССР. З 12.10.1940 цэнтр сельсавета.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЕРАХО́ЎКА,
гарадскі пасёлак у Добрушскім р-не Гомельскай вобл., на р. Вуць, чыг. ст. на лініі Гомель—Бахмач (Украіна). Аўтадарогі на Добруш, Гомель, Дабранку. За 30 км ад г. Добруш. 3,2 тыс.ж. (2003), Прадпрыемствы пач. апрацоўкі лёну, буд. матэрыялаў, харч. прам-сці. 2 сярэднія, муз. і спарт. школы, 2 дамы культуры, 3 б-кі, бальніца, паліклініка, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнікі землякам, настаўнікам і вучням, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну.
Як вёска вядома ў Рэчыцкім пав.ВКЛ. З 1772 у Рас. імперыі. У 1776 у складзе Гомельскага маёнтка падаравана рас. урадам ген.-фельдмаршалу П.А.Румянцаву. Уваходзіла ў Клімаўскі фальварак Беліцкага пав. У 1831 у Ц. 469 рэвізскіх душ. З 1834 ва ўладанні кн. І.Ф.Паскевіча. З 1852 у Чырванабудскай вол. Гомельскага пав. Магілёўскай губ. З пабудовай чыгункі Гомель—Рамны (1874) Ц. — станцыя. У 1886—1571 ж., 245 двароў, пач. школа, 4 ветракі, царква. З 1919 у Гомельскай губ. РСФСР, са снеж. 1926 у складзе БССР, у Чырванабудскім р-не Са жн. 1927 цэнтр Церахоўскага раёна. З 27.9.1938 гар. пасёлак; у 1939—3,1 тыс.ж. У Вял.Айч. вайну з 23.8.1941 акупіравана ням. фашыстамі, якія загубілі ў Ц. і раёне 609 жыхароў. Вызвалена 27.9.1943 65-й арміяй Цэнтр. фронту ў ходзе Чарнігаўска-Прыпяцкай аперацыі. З 25.12.1962 у Добрушскім р-не.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАРНЯХО́ЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура плямён жалезнага веку, якія ў канцы 2 — сярэдзіне 5 ст.н.э. насялялі стэпы, лесастэпы ад Ніжняга Падунаўя да левабярэжжа Дняпра; на Пн дасягалі рубяжоў Бел. Палесся, дзе перамяжаліся чаргавалася* з насельніцтвам вельбарскай і кіеўскай культур. На тэр. Беларусі рэчы Ч.к. знойдзены пры раскопках паселішча Лемяшэвічы Пінскага р-на. Насельніцтва займалася жывёлагадоўляй, земляробствам, рамёствамі. Ч.к. прадстаўлена селішчамі (размяшчаліся на паўд. схілах тэрас невял. рэк і ручаёў), гарадзішчамі (вядомы 3, умацаваныя валамі, равамі і каменнымі сценамі), грунтавымі могільнікамі.
Выяўлены 3 тыпы жытлаў: паўзямлянкі і зямлянкі каркасна-плятнёвай канструкцыі, наземныя глінабітныя і каменныя двухкамерныя дамы. На заключным этапе культуры будаваліся зрубныя дамы. На паселішчах выяўлены шматлікія гасп. пабудовы і ямы-сховішчы. Сярод знаходак пераважае кераміка (гаршкі, карчагі, міскі, вазы, збаны, кубкі), часта арнаментаваныя складанымі кампазіцыямі; ёсць ляпны посуд, невял. колькасць ант. посуду, разнастайныя прылады працы, асабліва земляробчыя, прадметы побыту, упрыгожанні, дэталі адзення, зброі, рыштунку вершніка. Пахавальныя абрады — трупаспаленне і трупапалажэнне. Пахавальны інвентар уключае гасп. і быт. рэчы, упрыгожанні, вупраж. Вядома больш за 3 тыс. помнікаў Ч.к., з якіх вылучаюць 5 лакальных груп у залежнасці ад этн. складу насельніцтва (мяркуюць, што ў розных рэгіёнах у склад Ч.к. ўваходзілі скіфы-сарматы, геты-дакі, готы, славяне). У аснове Ч.к. — вытворча-тэхнал. дасягненні рымскіх правінцый і традыцыі народаў, якія яе стваралі. Частка насельніцтва Ч.к. ўдзельнічала ў фарміраванні слав. старажытнасцей 5—7 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАХРА́ЙСКІ РАМА́Н, пікарэскны раман,
адна з першых форм зах.-еўрап.сац.-быт. рамана. Вытокі ў сярэдневяковай араб. шахрайскай навеле макаме. Зарадзіўся ў Іспаніі на мяжы Рэнесансу і Новага часу (ананімны твор «Ласарыльё з Тормеса», 1554). У цэнтры — спрытны прайдоха, авантурыст (пікара), дэкласаваны чалавек без пастаяннага месца жыхарства і пэўных заняткаў (здабывае сродкі для жыцця шахрайствам і крадзяжом), які на старасці пакаяўся і распавядае пра свае прыгоды. Ш.р. мае лінейную структуру: эпізоды аб’ядноўваюцца паслядоўна пры адсутнасці суцэльнага разгалінаванага сюжэта. Найб. росквіту дасягнуў у 16—17 ст. у Іспаніі (М.Алеман-і-дэ-Энера, Ф. дэ Кеведа-і-Вільегас, Л.Велес дэ Гевара). Паўплываў на развіццё еўрап. прозы ў 17 ст. (І.М.Мошэраш, Г.Грымельсгаўзен у Германіі, Ш.Сарэль, П.Скарон у Францыі), у эпоху Асветніцтва (А.Р.Лесаж, А.Ф.Прэво, П.Марыво, Вальтэр, Д.Дзідро ў Францыі, Д.Дэфо, Г.Філдынг, Т.Смолет у Англіі, К.М.Віланд у Германіі). У 18—19 ст. рысы Ш.р. выявіліся ў творчасці рус. пісьменнікаў М.Чулкова, Ф.Булгарына, В.Нарэжнага, А.Вельтмана, у 20 ст. традыцыі прадоўжылі Т.Ман, К.Х.Села.
Публ.:
Плутовской роман. М., 1989.
Літ.:
Плавскин З.И. Плутовской роман // Плавскин З.И. Испанская литература XVII — середины XIX в. М., 1978;
Синило Г.В. Плутовской роман (Кеведо, Гевара) // Разумовская М.В., Синило Г.В., Солодовников С.В. Литература XVII—XVIII вв. Мн., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
скро́мны, ‑ая, ‑ае.
1. Такі, што не любіць хваліцца сваімі заслугамі; не ганарысты. І прывітаю разам шчыра Адданых партыі людзей — Тых скромных носьбітаў ідэй, Што нам прыносяць радасць міру.Колас.
2. Стрыманы, умераны; прыстойны ў жыцці, паводзінах. У адзенні ёсць прыкметы, І па ім відаць ваш густ: Скромны — скромна і адзеты...Непачаловіч.[Пані Мар’я:] — Маю такую дзяўчыну, вельмі бедных бацькоў. Скромная, маладая і нават прыгожая.Бядуля.
3. Які нічым не вызначаецца, просты, звычайны. Адны ў дрыгве карчуюць гаць — Паўзуць уверх карчы, Другія вараць у катлах Іх скромныя харчы.Купала.Быт Ваўковічаў быў вельмі просты, нават скромны.Васілевіч.// Звычайны, радавы (пра пасаду, работу і пад.). Там .. [Юткевіч] будзе скромным, непрыкметным настаўнікам гімнастыкі.Мікуліч.// Не яркі, не рэзкі (пра фарбы і пад.). Як рада ты жыццю нявольна, Уся пад срэбнаю расой Са стужкай скромнай між касой.Багдановіч.
4. Невялікі, нязначны. Хопіць подзвігаў і на вашу долю. А зараз пачнём з самага скромнага, — і .. [Лясніцкі] накіраваў .. [Маеўскую] ў якасці прапагандыста ў далёкую вёску.Шамякін.Фарсавыя моманты і прыёмы .. адыгрываюць у п’есах Марцінкевіча вельмі скромную ролю.Ярош.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ГЛУСК,
гар. пасёлак, цэнтр Глускага р-на Магілёўскай вобл., на р. Пціч. Вузел аўтадарог на Бабруйск, Старыя Дарогі, Любань, Акцябрскі. За 170 км ад Магілёва, 33 км ад чыг. ст. Ратміравічы, на лініі Бабруйск—Акцябрскі. 8,5 тыс.ж. (1995).
У пісьмовых крыніцах упамінаецца з 2-й пал. 15 ст. як Стары Глуск (пазнейшы Глуск Пагарэлы); у 16—19 ст. — вядомы як Глуск Дубровіцкі. Належаў Гальшанскім, Хадкевічам, Палубінскім, Чартарыйскім, Радзівілам. У 16 ст. пабудаваны Глускі замак. У 18 ст. ў складзе Рэчыцкага пав. Мінскага ваяводства, з 1791 у Случарэцкім пав. Навагрудскага ваяводства. З 1793 у Рас. імперыі, мястэчка ў Бабруйскім пав. У 1864 меў каля 3 тыс.ж.; у 1897 каля 5328 ж., 500 дамоў, нар. вучылішча, касцёл, 2 царквы, 5 сінагог. У 1911 у Глуску 6680 ж., 3 гарбарныя з-ды, драўнянастружкавая мануфактура, 22 крамы. З 17.7.1924 цэнтр Глускага раёна, з 27.9.1938 — гар. пасёлак. У 1939 — 5125 ж. У Вял.Айч. вайну з 28.6.1941 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі ў Глуску каля 3 тыс.чал. Вызвалены 27.6.1944 у ходзе Бабруйскай аперацыі 1944. У 1960 у Глуску знойдзены Глускі скарб. У 1962—66 у Бабруйскім р-не. У 1977 у Глуску 6,4 тыс.ж. Прадпрыемствы харч., дрэваапр. прам-сці.
4 сярэднія і 1 муз. школы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Мемарыяльны комплекс землякам. Помнік двойчы Герою Сав. Саюза С.Ф.Шутаву. Магілы ахвяр фашызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯГО́МЛЬ,
гарадскі пасёлак у Беларусі, у Докшыцкім р-не Віцебскай вобл. За 30 км ад Докшыц, 37 км ад чыг. ст. Параф’янава на лініі Маладзечна—Полацк. Аўтадарогамі злучаны з Мінскам, Віцебскам, Барысавам, Докшыцамі. 3,4 тыс.ж. (1995).
У гіст. крыніцах упершыню ўпамінаецца ў 1582 як сяло ў Мінскім пав.ВКЛ. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Бягомль у складзе Рас. імперыі. Уваходзіў у Докшыцкі, з 1802 у Барысаўскі пав. Мінскай губ. З 1861 мястэчка, цэнтр воласці Барысаўскага пав. У канцы 19 ст. Бягомль — сяло, 470 ж., 43 двары, валасное праўленне, царква, школа, бальніца. У 1918 акупіраваны войскамі Германіі, з 1919 — польскімі войскамі. З 17.7.1924 цэнтр Бягомльскага раёна, з 27.9.1938 гар. пасёлак. 2.7.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Бягомлі і раёне 3,3 тыс.чал. У ліп. 1941 — вер. 1942 дзейнічала Бягомльскае патрыятычнае падполле. 20.12.1942 партызаны разграмілі ў Бягомлі ням. гарнізон і аднавілі на тэр. раёна сав. ўладу (гл.Бягомльская аперацыя 1942). З сак. 1943 у Бягомлі дзейнічаў партыз. аэрадром. Бягомль вызвалены 1.7.1944 войскамі 3-га Бел. фронту ў ходзе Мінскай аперацыі 1944. З 1960 у Докшыцкім р-не. У 1970 у Бягомлі 2,9 тыс. жыхароў.
Прадпрыемствы машынабудавання, па вытворчасці буд. матэрыялаў, дрэваапрацоўчыя. Сярэдняя, дапаможная і муз. школы, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, помнікі партыз. славы, ахвярам фашызму. Бягомльскі музей народнай славы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХО́ВА АТМАСФЕ́РЫ, ахова атмасфернага паветра,
комплекс міжнар., дзярж., рэгіянальных гасп.-адм. і грамадскіх мерапрыемстваў па захаванні і ўзнаўленні аптымальных уласцівасцяў атмасферы, прадухіленні яе забруджвання і рацыянальным выкарыстанні; састаўная частка аховы прыроды. Уключае: сан. ахову паветра, ахову і ўзнаўленне біял. рэсурсаў, удасканальванне вытв. працэсаў і трансп. сродкаў, выкарыстанне газа- і пылаўлоўных прыстасаванняў, распрацоўку безадходных тэхналогій, стымуляванне выканання ахоўных мерапрыемстваў, рацыянальную планіроўку і забудову, азеляненне нас. месцаў, кантроль за станам і рацыянальным выкарыстаннем паветр. басейна, эколага-выхаваўчую работу, экалаг. падрыхтоўку кадраў і інш.
На Беларусі ахова атмасферы рэгулюецца Законамі аб ахове атм. паветра, аб ахове прыроды, шэрагам урадавых пастаноў і ўказаў, якія прадугледжваюць мінімізацыю прамысл., трансп. і камунальна-быт. выкідаў у паветра, устанаўліваюць нормы гранічна дапушчальных канцэнтрацый дамешкаў і гранічна дапушчальных выкідаў у атмасферу. Дзейнічаюць стацыянарныя пасты назірання за ўзроўнем забруджвання атм. паветра ва ўсіх абласных і многіх прамысл. цэнтрах (Мазыр, Наваполацк, Орша і інш.), ствараецца аўтаматыз. сістэма назірання і кантролю за станам навакольнага асяроддзя (гл.Паветра). За парушэнне правілаў аховы атмасферы ўстаноўлена адм., крымінальная і дысцыплінарная адказнасць. Беларусь удзельнічае ў міжнар. сістэме маніторынгу па кантролі за станам атмасферы: на яе тэр. размешчаны аўтаматыз. станцыя фонавага маніторынгу і пункт назірання за трансгранічным пераносам. Мерапрыемствы па ахове атмасферы кантралююць Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Галоўгідрамет і інш.дзярж. ўстановы з залучэннем грамадскасці (гл.Беларускае таварыства аховы прыроды і інш.).
Да арт.Ахова атмасферы. Пункт кантролю за станам атмасферы ў Мінску.