поліфанічны муз. твор, засн. на імітацыйным правядзенні ва ўсіх галасах адной, радзей дзвюх і болей тэм па пэўным танальна-гарманічным плане; найвышэйшая форма поліфаніі.
Адрозніваюцца колькасцю тэм (простыя — на адну тэму, двайныя — на 2, трайныя — на 3 і г.д.) і галасоў (найб. пашыраны 3- і 4-галосыя). Тэма Ф. выразная, вобразна акрэсленая. Раздзелы Ф.: экспазіцыя, дзе тэма праводзіцца па чарзе ўсімі галасамі ў гал. і дамінантавай танальнасцях, распрацоўка з больш свабодным танальным планам, рэпрыза — заключная частка з перавагай гал. танальнасці і больш сціплым паследаваннем імітацый (стрэта). Асн. раздзелы, а часам асобныя правядзенні тэмы злучаюцца інтэрмедыямі. Развівалася ў 17 ст. з канцоны, рычэркара, матэта, дасягнула кульмінацыі ў творчасці І.С.Баха і не страціла значэння да нашага часу. Часта Ф. папярэднічае прэлюдыяціінш. ўступная п’еса імправізац. складу (фантазія, таката). Можа ўваходзіць у санатны, сюітны ці варыяцыйны цыкл, у буйную вак.-сімф. кампазіцыю (араторыя, меса і інш.). У бел. музыцы вядомы Ф. для фп. Дз.Камінскага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХО́ЦІМКА,
комплекс археал. помнікаў (гарадзішча, 4 селішчы і курганны могільнік) каля в. Хоцімка Шклоўскага р-на Магілёўскай вобл. Вядомы таксама пад назвай Стары Шклоў. Гарадзішча абследавалі М.Балінскі і Т.Ліпінскі (1850), вывучалі В.Р.Тарасенка (1948), Г.В.Штыхаў (1964), В.М.Ляўко (1979). Пляцоўка памерам 70 × 60 м, з трох бакоў абмываецца р. Серабранка, з Пн і ПнУ прасочваюцца рэшткі вала выш. 1,8 м. Знойдзены ганчарная кераміка, шкляныя бранзалеты, жал. вырабы эпохі Кіеўскай Русі і ВКЛ. Селішчы 12—16 ст. даследавала Ляўко (1978—79). Знойдзены кераміка стараж.-рус. часоў і 14—16 ст., фрагменты гаршковай кафлі, каменнае ядро, жал. нажы, бронзавыя арнаментаваная накладка і фрагмент нацельнага крыжа, шкляныя бранзалеты, манеты 16—17 ст. і інш.У курганным могільніку 3 насыпы выш. 1,5 м. Ва ўрочышчы Зязюлін Роў знойдзены каменны ідал 10 ст. (гл.Шклоўскі ідал). Мяркуюць, што тут знаходзілася язычніцкае капішча. На думку Ляўко, у эпоху Кіеўскай Русі цэнтрам усіх навакольных паселішчаў з’яўлялася гарадзішча, якое было ціфеад. сядзібай, ці пунктам збору даніны на дняпроўскім шляху.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАСНО́К (Allium sativum),
кветкавая расліна сям. цыбулевых. Радзіма — Паўд. Азія. У культуры вядомы за некалькі тысячагоддзяў да н.э., вырошчваўся ў стараж. Егіпце, Грэцыі, Рыме. Культывуюць, у т. л. на Беларусі, сарты Ч. стрэлкавага і нястрэлкавага, ці звычайнага, у азімай і яравой формах.
Травяністая цыбульная расліна з укарочаным сцяблом. На ніжняй ч. донца цыбуліны ўтвараюцца прыдаткавыя карані. Лісце лінейнае, плоскае або з жалабком, прамастойнае ці паніклае. Кветаноснае сцябло (стрэлка) выш. 60—150 см. У суквецці фарміруюцца паветраныя цыбулінкі (культ. формы насенне не ўтвараюць). Сарты Ч. адрозніваюцца афарбоўкай, колькасцю (2—50) і велічынёй дробных цыбулін, т.зв. зубкоў. Размнажаюць зубкамі або цыбулінкамі. У зубках 6—7,9% бялкоў, 7—28 мг% вітаміну С (у лісці — да 80 мг%), 20—27% поліцукрыдаў, фітанцыды. Спецыфічны смак і пах абумоўлены эфірным алеем. Лісце і зубкі спажываюцца ў ежу; выкарыстоўваюць у кансервавай прам-сці, кулінарыі, медыцыне і ветэрынарыі. Харч., лек., тэхн. расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКСТРЭ́МУМ (лац. extremum крайняе),
значэнне функцыі, якое адпавядае яе максімуму ці мінімуму (гл.Максімум і мінімум). Адрозніваюць Э. лакальны (у некаторым дастаткова малым наваколлі пункта) і глабальны, які з’яўляецца найбольшым ці найменшым значэннем функцыі ў вобласці вызначэння. Функцыя мае лакальны максімум (мінімум) у некаторым пункце, калі яна вызначана ў некаторым наваколлі гэтага пункта і значэнні ва ўсіх дастаткова блізкіх да яе пунктах не большыя (не меншыя) за значэнне функцыі ў гэтым пункце. Напр., лакальны максімум функцыі y = x3/3 − x2 + 1/3 роўны 1/3 у пункце x = 0, лакальны мінімум -1 у пункце x = 2. Глабальнага Э. гэта функцыя на (−∞, ∞) не мае. Неабходнай умовай існавання лакальнага Э. дыферэнцавальнай функцыі ў некаторым пункце з’яўляецца роўнасць нулю вытворнай (для функцыі некалькіх пераменных — усіх частковых вытворных першага парадку ў гэтым пункце); дастатковая ўмова існавання лакальнага Э. функцыі адной пераменнай — змена знака вытворнай пры пераходзе праз гэты пункт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЛЕКТРО́ННАЯ МІКРАСКАПІ́Я,
сукупнасць метадаў даследавання з дапамогай электронных мікраскопаў мікраструктуры цел (у т. л. на атамна-малекулярным узроўні), іх лакальнага саставу і лакалізаваных на іх паверхні ці ў мікрааб’ёме эл. і магн. палёў («мікрапалёў»).
Уключае таксама ўдасканаленне і распрацоўку новых электронных і інш. карпускулярных (напр., пратонных) мікраскопаў і прыставак да іх, распрацоўку методык падрыхтоўкі ўзораў для даследаванняў у гэтых мікраскопах, вывучэнне механізмаў фарміравання электронна-аптычных відарысаў (гл.Электронная і іонная оптыка), распрацоўку спосабаў аналізу рознай інфармацыі, атрыманай з дапамогай электронных мікраскопаў. Асн. аб’екты даследаванняў — цвёрдыя целы; парашкі, мікракрышталі, аэразолі і інш. вывучаюць пры нанясенні іх на тонкую (для даследаванняў у прасвечвальных электронных мікраскопах) ці масіўную (у растравых, адбівальных і люстраных мікраскопах) падложку. Вадкія і газападобныя аб’екты даследуюцца з дапамогай спец. мікракамер — прыставак да прасвечвальных электронных мікраскопаў.
Літ.:
Стоянова И.Г., Анаскин И.Ф. Физические основы методов просвечивающей электронной микроскопии. М., 1972;
Утевский Л.М. Дифракционная электронная микроскопия в металловедении. М., 1973;
Хокс П. Электронная оптика и электронная микроскопия: Пер. с англ.М., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭФІ́РЫ,
арганічныя кіслародныя злучэнні агульнай формулы R-O-R′ ( простыя Э.) ці R-COO-R′ (складаныя), дзе R, R′ — аднолькавыя ці розныя арган. радыкалы.
Найб. важны просты Э. — дыэтылавы эфір. Да простых адносяцца таксама некат. вінілавыя эфіры, дыаксан. Усе простыя Э. — лятучыя вадкасці, дрэнна раствараюцца ў вадзе, добра — у арган. растваральніках, устойлівыя да дзеяння шчолачаў і шчолачных металаў. Простыя Э. выкарыстоўваюць у арган. сінтэзе. Складаныя Э. — гал. састаўная ч.тлушчаў, воскаў, спермацэту. уваходзяць у састаў многіх эфірных алеяў. Э. складаныя ніжэйшых карбонавых к-т і найпрасцейшых спіртоў — бясколерныя лятучыя вадкасці; вышэйшых карбонавых к-т — цвёрдыя бясколерныя рэчывы; мінер.к-т — масляністыя вадкасці. Растваральнікі (напр., этылацэтат). пластыфікатары. лек. сродкі (напр., нітрагліцэрына). прысадкі для масла і паліва. сыравіна для сінтэзу палімераў і інш. Эфіры фосфарнай к-ты (ДНК, РНК і фосфаліпіды) адыгрываюць важную ролю ў жыццядзейнасці арганізмаў. Гл. таксама Ацэтавоцатны эфір, Вінілацэтат, Гліцэрыды, Метылметакрылат.
Літ.:
Чичибабин А.Е. Основные начала органической химии. Т. 1. 7 изд. М., 1963;
Фримантл М. Химия в действии: Пер. с англ. Ч. 2. 2 изд. М., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЮРЫДЫ́КІ (ад лац. jurisdictio судаводства),
у феадальнай Польшчы і ВКЛ (з 15 ст.) адміністрацыйна адасобленыя часткі гарадоў ці прадмесцяў, якія былі пад уладай феадала, царквы або манастыра і на жыхароў якіх не пашыралася суд. і адм. ўлада гар. самакіравання. Узніклі ў выніку перасялення прыгонных на ўчасткі ці ў дамы, якія належалі феадалам у гарадах, або перасялення саміх гараджан у межах гар. уладанняў феадала. У кожнай Ю. яе ўласнік прызначаў старасту або войта, засноўваў суд. орган на ўзор гар. рады. Гар. самакіраванне дамагалася скасавання Ю., забараняла мяшчанам пераход на Ю. пад пагрозай выгнання з горада. Пасля Люблінскай уніі 1569 пашырэнню Ю. на Беларусі садзейнічала ўмацаванне пазіцый і рост уладанняў каталіцкай царквы. Ю. паскорылі працэс канцэнтрацыі ў гарадах рамесніцтва і гандлю, што спрыяла пашырэнню іх ролі як цэнтраў дробнатаварнай вытв-сці і абмену. У той жа час пашырэнне Ю. узмацняла ўплыў феад. анархіі на гарады, што перашкаджала іх эканам. развіццю і працэсу саслоўнай кансалідацыі гараджан. Ю. скасаваны сеймамі 1764 і 1791.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯДЛО́ВЕЦ (Juniperus),
род хвойных раслін сям. кіпарысавых. Каля 70 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. Аказваюць аздараўляльны ўплыў на лес — выдзяляюць фітанцыдаў больш за інш. хвойныя. На Беларусі 1 від — Я. звычайны (J. communis). Утварае падлесак у хвойных і мяшаных лясах. Інтрадукаваны віды Я.: віргінскі (J. virginiana). казацкі (J. sabina). кітайскі (J. chinensis), Саржэнта (J. sargentii).
Вечназялёныя дрэвы выш. 10—12. радзей да 30 м, ці кусты, часам сцелістыя. Каранёвая сістэма моцная і глыбокая. Растуць марудна, жывуць да 500—1000 гадоў. Большасць відаў — двухдомныя. Лісце іголка- або лускападобнае. Мікрастробілы (гл.Стробіл) дробныя. авальныя. Пасля апладнення мегастробілы зрастаюцца паміж сабой і ўтвараюць сакаўныя шышкі, сіне-чорныя ці цёмна-бардовыя, якія выспяваюць на 2—3-і год (часам іх наз. шышкаягадамі або ядлоўцавымі ягадамі). Драўніна трывалая, устойлівая супраць насякомых і гніення. Салодкія пахучыя шышкі Я. выкарыстоўваюць у харч. і парфумернай прам-сці; лісце і маладыя парасткі. багатыя эфірнымі алеямі. што ачышчаюць паветра ад мікробаў — у медыцыне. ветэрынарыі і парфумерыі. Тэхн., лек., дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯР, роў,
глыбокі са стромкімі схіламі размыў, утвораны часовымі вадацёкамі; найб. небяспечны вынік воднай эрозіі глебы. Даўж. да некалькіх кіламетраў, шыр. і глыб. — дзесяткі метраў. Узнікаюць пры інтэнсіўных ліўневых дажджах, разворванні і апрацоўцы глебы ўздоўж схілаў, пракладцы дарог, празмерным выпасе жывёлы, знішчэнні дрэвавай і травяністай расліннасці на схілах і інш. Характэрны для ўзгорыстых раўнін, узвышшаў, перадгор’яў, якія складзены з рыхлых парод (лёсаў, лёсападобных суглінкаў і інш.). Я. «растуць» за кошт рэгрэсіўнай эрозіі ўверх па схілах або ў глыб водападзела, а таксама ў выніку доннага і бакавога размыву і разгалінавання, пераважна пры раставанні снегу і ліўнях, калі звязанасць пераўвільготненых грунтоў памяншаецца. Пашыраны на раўнінах стэпавай і лесастэпавай зон Расіі, Украіны, у перадгор’ях Каўказа, Цэнтр. Азіі, шэрагу штатаў ЗША, правінцый Кітая і інш. На Беларусі займаюць больш за 11 тыс.га, у асн. на Аршанска-Магілёўскай раўніне, Навагрудскім, Ашмянскім і Мінскім узвышшах, Мазырскай і Капыльскай градах. Я. наз. таксама абрывісты бераг ракі (часцей правы ў Паўн. паўшар’і), мора ці возера, уступ дна ракі ці возера, вір. Тэрмін уваходзіць у склад многіх геагр. назваў (напр., Краснаярск).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
сіме́трыя
(гр. symmetria)
1) суразмернасць размяшчэння частак чаго-н. па абодва бакі ад сярэдзіны, цэнтра;
2) мат. уласцівасць геаметрычнай фігуры пры пэўных зменах свайго становішча накладвацца на сябе так, што не ўсе яе пункты займаюць першапачатковае становішча;
3) фіз. незалежнасць фізічных з’яў ад пэўных прасторава-часавых ці іншых пераўтварэнняў, што выяўляецца ў інварыянтнасці ўраўненняў і законаў;
4) біял. паўтаральнасць форм частак ці органаў цела жывога арганізма;
5) заканамернае размяшчэнне роўных частак крышталёў (рэбраў, граняў, вяршынь) адносна адна другой.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)