ФАТАГРАФІ́ЧНЫ АПАРА́Т, фотаапарат, фотакамера,

оптыкамеханічная прылада для атрымання на фатаграфічным матэрыяле скрытай выявы пэўнага аб’екта. Пасля хіміка-фатагр. апрацоўкі атрымліваюць бачную негатыўную (негатыў) ці пазітыўную (пазітыў) выяву.

Асн. часткі Ф.а.: святлонепранікальная камера, здымальны аб’ектыў, фатагр. затвор, відашукальнік, касета з фотаплёнкай. Асобныя маюць адаптэр, бленду, экспанометр, лямпу-ўспышку і інш. Адрозніваюць Ф.а. агульнага прызначэння (для аматараў і прафесіяналаў) і спец. (рэпрадукцыйныя, для аэрафотаздымкі, фотатэадаліты і інш.). Гл. таксама Лічбавая фатаграфія.

На Беларусі Ф.а. вырабляюцца на Мінскім мех. з-дзе імя Вавілава, з-дзе «Зеніт» у Вілейцы.

Фатаграфічны апарат: 1 — аб’ектыў; 2 — дыяфрагма; 3 — затвор; 4 — плёнка.
Фатаграфічныя апараты: 1 — «Цэйс Ікан»; 2 — «Зеніт 3М»; 3 — «Нікан F90X»; 4 — лічбавы «Нікан 990».

т. 16, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕРАМО́НЫ (ад грэч. phero нясу + hormaō прыводжу ў рух),

біялагічна актыўныя рэчывы, якія выдзяляюцца жывёламі ў навакольнае асяроддзе і ўплываюць на паводзіны ці фізіял. стан інш. асобін таго ж віду. Вырабляюцца Ф. спец. залозамі ці клеткамі, успрымаюцца хемарэцэптарамі (напр., органамі нюху). Паводле хім. будовы Ф. разнастайныя (тэрпеноіды, стэроіды, насычаныя і негранічныя к-ты, альдэгіды, спірты і інш.). Паводле функцыі вылучаюць палавыя Ф. (палавыя атрактанты, афрадызіякі), якія забяспечваюць сустрэчу і ідэнтыфікацыю асобін рознага полу і стымулююць палавыя паводзіны; Ф. трывогі (выклікаюць рэакцыі ўцякання, затойвання); агрэгацыйныя Ф. (забяспечваюць збіранне вял. колькасці асобін на абмежаванай плошчы); следавыя, для мечання тэрыторыі і інш. Выкарыстоўваюцца як біял. метад барацьбы з насякомымі-шкоднікамі.

Літ.:

Феромоны и поведение. М., 1982.

т. 16, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЛАКУЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. flocculi камякі),

злучэнне калоідных часцінак у рыхлыя камякападобныя агрэгаты (флокулы); разнавіднасць каагуляцыі.

Адбываецца ў вадаёмах пад уздзеяннем прадуктаў жыццядзейнасці арганізмаў, пры водападрыхтоўцы і ачыстцы сцёкавых вод — з дапамогай спец. дабавак (флакулянтаў) і паскараецца пры цеплавым або мех. уздзеянні. Найб. эфектыўныя флакулянты ў водных асяроддзях — актыўная крэмніевая к-та і арган. палімеры (напр., крухмал, эфіры цэлюлозы). У калоідных сістэмах з неаднароднай дысперснай фазай адрозніваюць Ф. агульную (невыбіральную) і селектыўную (выбіральную). Пры агульнай флокулы ўтвараюцца сукупнасцю часцінак рознага паходжання, пры селектыўнай Ф. — пераважна часцінкамі аднаго з кампанентаў дысперснай фазы. Выкарыстоўваецца ў тэхналогіі водападрыхтоўкі, пры вылучэнні каштоўных прадуктаў з адходаў вытв-сці, абеззаражванні прамысл. сцёкавых вод і інш.

т. 16, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ФРАНЦІРО́РЫ І ПАРТЫЗА́НЫ»

(Les Francs-Tireurs et Partisans),

найбуйнейшая ваен. арг-цыя руху Супраціўлення ў Францыі ў 1941—44 у час 2-й сусв. вайны. Створана па ініцыятыве Франц. камуніст. партыі для ўзбр. барацьбы супраць ням.-фаш. акупантаў і мясц. калабарацыяністаў, увайшлі «Спец. арг-цыя», «Батальёны моладзі» і атрады рабочых-эмігрантаў; з пач. 1942 назва «Ф. і п.». Іх дзеяннямі кіравалі Нацыянальны і дэпартаменцкія ваен. к-ты. Дзейнічалі рухомымі групамі па 3—4 чал., для буйных баявых аперацый злучаліся ва ўзводы, роты і батальёны. З лют. 1944 у складзе Франц. унутр. сіл пры захаванні паліт. і арганізац. самастойнасці. Летам 1944 «ф. і п.» (250 тыс. чал.) актыўна ўдзельнічалі ў вызваленні Францыі.

т. 16, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАРАКТАРЫСТЫ́ЧНАЕ ЎРАЎНЕ́ННЕ,

алгебраічнае ўраўненне спец. віду. Х.ў. матрыцы атрымліваюць з дэтэрмінанта дадзенай квадратнай матрыцы A заменай яго дыяганальных элементаў aii на рознасці λ − aii і прыраўноўваннем да нуля выніковага алг. выразу. Ступень Х.ў. роўная парадку матрыцы A, яго карані λ; наз. характарыстычнымі лікамі (уласнымі значэннямі) матрыцы A. Х.ў. дыферэнцыяльнага ўраўнення атрымліваюць з дадзенага лінейнага дыферэнцыяльнага ўраўнення з пастаяннымі каэфіцыентамі заменай шуканай функцыі і яе вытворных адпаведнымі ступенямі λ. Для сістэмы лінейных дыферэнцыяльных ураўненняў Х.ў. запісваецца з дапамогай дэтэрмінанта і супадае з Х.у. матрыцы, складзенай з каэфіцыентаў дадзенай сістэмы ўраўненняў. Х.ў. выкарыстоўваюцца ў астраноміі (задачы аб т.зв. векавых узбурэннях руху планет — векавое ўраўненне), а таксама пры рашэнні некаторых задач матэматыкі, механікі, фізікі, тэхнікі і інш.

т. 16, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХОФТ (Hooft) Герардус (н. 5.7.1946, Дэн-Хелдэр, Нідэрланды),

нідэрландскі фізік. Чл. Каралеўскай нідэрл. АН (1982), замежны чл. Нац. АН ЗША (1984). Скончыў Утрэхцкі ун-т (1972), дзе і працуе (з 1977 праф.). У 1972—74 у Еўрап. цэнтры ядз. даследаванняў (г. Жэнева, Швейцарыя). Навук. працы па калібровачных тэорыях элементарных часціц, квантавай тэорыі гравітацыі і квантавай хромадынаміцы. Прапанаваў спец. каліброўкі вектарных палёў, прадказаў некат. эфекты электраслабых узаемадзеянняў, атрымаў ацэнкі мас вектарных базонаў. Нобелеўская прэмія 1999 (з М.Вельтманам; гл. Дадатак). Яго імем наз. малая планета.

Тв.:

Рус. пер. — Калибровочные теории сил между элементарными частицами // Успехи физ. наук. 1981. Т. 135, № 3;

Противостояние с бесконечностью // Там жа. 2000. Г. 170, № 11.

М.​М.​Касцюковіч.

т. 17, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАБА́НАЎ Вячаслаў Барысавіч (н. 24.2.1959, г. Магілёў),

бел. юрыст. Д-р юрыд. н. (2003), праф. (2002). Скончыў Вільнюскую спец. школу падрыхтоўкі нач. саставу МУС СССР (1983), Гродзенскі ун-т (1991). З 1977 працаваў на гасп. прадпрыемствах. З 1983 на камандна-адм. пасадах МУС, з 1993 у апараце МУС Рэспублікі Беларусь (у 1999—2002 нам. нач. камітэта — нач. упраўлення). З 2002 у Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь. Навук. працы ў галіне крымін. і крымін.-выканаўчага права, крыміналістыкі, аператыўна-вышуковай дзейнасці.

Тв.:

История исправительно-трудовых учреждений Беларуси. Мн., 1999 (у сааўт.);

Организационные и правовые проблемы предупреждения и раскрытия преступлений в исправительных учреждениях. Мн., 2001;

Теоретические основы уголовно-исполнительного права. Мн., 2002 (у сааўт.).

т. 17, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШТУ́ЧНАЯ НЫ́РКА,

адзін з найб. пашыраных штучных органаў і апаратаў для пазаарганізмавага ачышчэння крыві (выдалення прадуктаў абмену рэчываў, таксінаў, падтрымання водна-электралітнага і кіслотна-шчолачнага балансу).

У Ш.н. кроў паступае з артэрыі (напр., праз катэтар), дзе яна праходзіць сістэму трубак, поласцей з паўпранікальнай мембраны, якія абмываюцца спец. растворам. Потым кроў вяртаецца ў вянознае рэчышча. Работа Ш.н. засн. на гемадыялізе і ультрафільтрацыі. Усе апараты Ш.н. складаюцца з дыялізатара, перфузійнай прылады (катэтары, помпы і інш.) для руху крыві наперад, канструкцыі для прыгатавання і падачы ў дыялізатар дыялізуючага раствору і манітора. Выкарыстоўваецца пры вострай і хранічнай нырачнай недастатковасці. З дапамогай Ш.н. (апарат падключаецца перыядычна) жыццё хворага можа падтрымлівацца некалькі гадоў.

І.​М.​Семяненя.

т. 17, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЯГО́РЫЙ»,

назва своеасаблівага бел. нар. прадстаўлення, а таксама скрынкі з лялькамі (падобная да батлейкі), з якой хадзілі, славячы Юр’я (Ягорыя), міфалагічнага апекуна жывёлы, уладара звяроў.

Паказы «Я.» на Беларусі зафіксаваны ў 19 ст. Прымяркоўваліся да святкавання веснавога Юр’я. «Я.» уяўляў сабой прымітыўны мех. т-р лялек: невял. фігуркі коннікаў былі пасаджаны на вострыя, замацаваныя ў дошцы калкі і ў час руху паварочваліся вакол іх. Асн. персанаж — Юрый на белым кані — вылучаўся большымі памерамі і займаў цэнтр. месца. Выканаўцы спявалі песні. блізкія да рэпертуару валачобнікаў, і калыхалі скрынку. у якой спец. механізм круціў фігуркі коней на калках па крузе. Паказы суправаджаліся імправізаваным тэкстам акцёра-каментатара. Будову скрынкі алісаў П.Шэйн.

Літ.:

Народны тэатр. Мн., 1983.

т. 18, кн. 1, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯДРО́ (ваен.),

шарападобны снарад ударнага дзеяння для кідальных машын і гладкаствольнай артылерыі. Да 14 ст. Я. былі каменныя, з 15 ст. жалезныя, пазней літыя чыгунныя (для гармат буйнога калібру) і свінцовыя (для гармат малога калібру), з 16 ст. выкарыстоўваліся запальныя «калёныя» Я. У 17 ст. пашырыліся напоўненыя порахам полыя разрыўныя Я. — снарады (гранаты). Існавалі таксама асвятляльныя Я. (каменныя, пакрытыя спец. саставам. якія пры згаранні свяцілі). Я. былі асн. відам снарадаў для стральбы па абарончых збудаваннях, эфектыўнымі і пры стральбе па адкрытай жывой сіле. У 2-й пал. 19 ст. ў сувязі з заменай гладкаствольнай артылерыі наразной Я. выйшлі з ужытку.

Да арт. Ядро: 1 — каменныя; 2 — чыгунныя.

т. 18, кн. 1, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)