ГА́НЗЕМАН ((Hansemann) Давід) (12.7.1790, г. Гамбург, Германія — 4.8.1864),
палітычны дзеяч Германіі. Належаў да плыні памяркоўных лібералаў. Заснаваў Т-ва страхавання ад пажару (1825), «Дысконтнае т-ва» (1851) і «Першае прускае іпатэчнае акц.т-ва» (1862—64). Чл. ландтага (парламента) Рэйнскай прав. (з 1845). У час рэвалюцыі 1848—49 у Германіі міністр фінансаў, прэм’ер-міністр Прусіі (ліп.—вер. 1848), кіраваў Прускім банкам (да 1851). Выступаў за развіццё сеткі чыгунак, вырашэнне сац. пытанняў эканам. захадамі, скасаванне прывілеяў юнкерства, умацаванне і пашырэнне Герм. мытнага саюза і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРА́ЧАЯ ПРАКА́ТКА,
пракатка нагрэтых металаў і сплаваў паміж вярчальнымі валкамі пракатных станаў. Робіцца пры т-рах, вышэйшых за парог рэкрышталізацыі, калі забяспечваецца дастатковая пластычнасць: для сталі 1000—1300, медзі 750—800, латуні 600—800, алюмінію і яго сплаваў 350—400 °C. Бывае падоўжная (найб. пашыраная), папярочная і вінтавая (касая). На загатовачных і абціскных станах гарачая пракатка атрымліваюць загатоўкі круглага, квадратнага, плоскага сячэння для наступнай коўкі, штампоўкі і мех. апрацоўкі, а таксама сартавы пракат і пракат спец. профілю (паміж валкамі з паглыбленнямі), лісты, трубы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРА́ЧЫ КЛЮЧ, Псекупс,
бальнеалагічны курорт у Расійскай Федэрацыі (Краснадарскі край), за 65 км ад г. Краснадар у перадгор’ях Вял. Каўказа. Узнік у канцы 19 ст. ў даліне р. Псекупс (прыток Кубані) на базе крыніц мінер. вод — тэрмальных (да 60 °C), якія выкарыстоўваюць на лячэнне хвароб органаў руху і апоры, перыферычнай нерв. сістэмы, гінекалагічных, і з больш нізкай тэмпературай, што ідуць на лячэнне і бальнеалагічныя працэдуры пры захворваннях органаў стрававання. Санаторна-прафілактычныя ўстановы, пансіянаты, базы адпачынку.
Літ.:
Лебеденко Г.Б. Лечение на курорте Горячий ключ. Краснодар, 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРО́ДНА,
возера ў Бешанковіцкім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Астроўніца (выцякае з возера), за 26 км на ПнУ ад г.п. Бешанковічы. Пл. 0,85 км², даўж. 2,04 км, найб.шыр. 690 м, найб.Глыб. 6,5 м, даўж. берагавой лініі 6,25 км. Пл. вадазбору 3,3 км². Схілы катлавіны выш. ад 12 да 22 м, пад хмызняком, у верхняй частцы разараныя. Берагі на ПнУ і ПдЗ нізкія. 2 астравы агульнай пл. 0,4 га. Мелкаводдзе вузкае (10—20 м), пясчанае, у цэнтры глеістае дно. Шыр. паласы надводнай расліннасці да 30 м.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́ЛІЯС, Гелій,
у грэчаскай міфалогіі бог Сонца, сын тытанаў Гіперыёна і Феі, брат Селены і багіні світання Эас. Геліяс усёвідушчы, бачыць справы багоў і людзей, часцей за ўсё дрэнныя; яго заклікаюць у сведкі і мсціўцы. Геліяса ўяўлялі ў асляпляльным святле і ззянні са страшэннымі вачамі, у залатым шлеме, на залатой калясніцы ці на троне з каштоўных камянёў у раскошным палацы ў акружэнні чатырох пор года. Геліяс паведаміў Дэметры, што Персефону выкраў Аід. У рым. міфалогіі Геліясу адпавядае Соль.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛО́ДАВА,
возера ў Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Мядзелка, за 6 км на Пд ад г. Паставы. Пл. 0,35 км², даўж. 1,6 км, найб.шыр. 450 м, найб.глыб. 6 м, даўж. берагавой лініі 4 км. Пл. вадазбору 13,6 км². Схілы катлавіны выш. 2—4 м, на Пд і У да 10 м, парослыя хмызняком, у верхняй ч. разараныя. Берагі нізкія, месцамі высокія, пад хмызняком. Мелкаводдзе вузкае, пясчанае, дно пераважна глеістае. Зарастае. На Пд упадае ручай звоз. Доўжа, на Пн выцякае ручай у воз. Задзеўскае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛУ́БЛЯ,
возера ў Мядзельскім р-не Мінскай вобл., у бас.р. Страча, за 35 км на ПнЗ ад г. Мядзел, у межах ландшафтнага заказніка Блакітныя азёры. Пл. 0,47 км², даўж. 1,15 км, найб.шыр. 510 м, найб.глыб. 26,8 м, даўж. берагавой лініі 3,3 км. Пл. вадазбору 1,43 км². Схілы катлавіны выш. да 35 м, пясчаныя, параслі лесам. Берагі зліваюцца са схіламі, на ПнЗ і Пд забалочаныя. Мелкаводдзе вузкае, пясчанае, глыбей дно сапрапелістае. Вызначаецца высокай празрыстасцю вады, маляўнічым наваколлем. Зарастае. Упадае ручай звоз.Глубелька, выцякае ручай у р. Страча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РНЫ ЎДА́Р,
раптоўнае ўзрывападобнае разбурэнне гранічна напружанай ч. масіву карыснага выкапня (пласта вугалю, пароды), які прылягае да падземнай горнай вырабаткі. Суправаджаецца выкідам карыснага выкапня ці пароды ў горную вырабатку, моцным гукам і магутнай паветр. хваляй, разбурэннем мацаванняў, машын і абсталявання. Выклікаецца наяўнасцю ў масіве горнай пароды тэктанічных напружанняў, якія пераўзыходзяць па сваёй велічыні гравітацыйныя. Горныя ўдары звычайна адбываюцца пры глыбіні распрацоўкі больш за 200 м. Барацьбу з імі вядуць шляхам паніжэння горнага ціску на вугальны пласт, руднае цела (апераджальная адпрацоўка бяспечных суседніх пластоў, рыхленне ўзрывамі, напампоўванне вады ў пласт).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ КЛЯ́ШТАР ДАМІНІКА́НЦАЎ.
Існаваў у 1633—1832 у Гродне. Засн.літ. падкаморыем Фрыдрыхам Сапегам і яго жонкай Крысцінай. Мураваны, з 2-вежавым фасадам, касцёл Дзевы Марыі Ружанцавай асвячоны ў 1726. У храме было 8 разьбяных алтароў, арган на 10 галасоў, бронзавы бюст караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. У мураваным 2-павярховым корпусе кляштара размяшчаліся школы. Сярод прыбораў кабінетаў былі 5 электрычных машын, магнітныя вагі, тэлескоп, мікраскоп, барометры і інш. Мелася хімічная лабараторыя, у б-цы было больш за 10 тыс. тамоў. У 1832 кляштар закрыты, будынкі не захаваліся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІЯ ПАЯСЫ́,
вырабы Гродзенскай шаўкаткацкай мануфактуры А.Тызенгаўза ў 1770-я — пач. 1780-х г. Запрошаныя сюды франц. майстры ўзялі за аснову арнаментальную структуру, памер і кампазіцыю слуцкіх паясоў, але арнамент сярэдняй ч. і матывы на канцах пояса распрацавалі паводле франц. узораў, якія пазней былі заменены на ўсходнія.
Росквіт персіярні (1774—78) звязаны з творчасцю ліёнскага майстра Ф.Селімана. Яго паясы вызначаліся гарманічнасцю кампазіцыі, лёгкім малюнкам; вытанчанасцю каларыту. У 1783 выраб паясоў спыніўся. Калекцыя Гродзенскіх паясоў зберагаецца ў Гіст. музеі ў Маскве.