МАНЬЕРЫ́ЗМ (італьян. manierismo ад maniera манера, стыль),
плынь у еўрап. мастацтве 16 ст. Узнік каля 1520 у Італіі, пазней пашырыўся ў інш. краінах Зах. Еўропы. Прадстаўнікі М. адышлі ад рэнесансавай канцэпцыі перадачы гармоніі свету і чалавека як дасканалага тварэння прыроды, культывавалі ўяўленні пра няўстойлівасць яго лёсу пад уладай ірацыянальных сіл. Асновай творчага метаду стала перадача суб’ектыўнай «унутр. ідэі», крыніцай якой з’яўлялася фантазія, асабісты творчы пачатак мастака. Яе знешняй праявай стала «манера», заснаваная на пэўных «антыкласічных» стылістычных прыёмах у спалучэнні з кананізацыяй асобных элементаў творчасці майстроў Высокага Адраджэння. Найб. выявіўся ў жывапісе, творы якога вызначаюцца складанай алегарычнасцю, адвольнай выцягнутасцю прапорцый фігур, каларыстычнымі, святлоценявымі і прасторавымі дысанансамі, складаным змеепадобным рытмам, перабольшанай экспрэсіяй поз і матываў руху чалавека (работы Панторма, Ф.Парміджаніна, Джуліо Рамана, Дж.Вазары. А.Бранзіна і інш.). М. у скульптуры (Б.Чэліні, Джамбалонья, Б.Аманаці) і архітэктуры (Аманаці, Вазары, Джуліо Рамана) выявіўся пераважна ў імкненні да няўстойлівай, дынамічнай кампазіцыі, падкрэсленай выразнасцю дэкору і фактуры, імкненні да сцэн. эфектаў.
Літ.:
Виппер Б.Р. Борьба течений в итальянском искусстве XVI в. (1520—1590). М., 1956;
Аникст А.А. Концепция маньеризма в искусствознании XX в. // Советское искусствознание 76. М., 1977. Вып. 2.
Т.В.Пешына.
Да арт.Маньерызм. Ф.Парміджаніна. Мадонна з доўгай шыяй. 1534—40.Да арт.Маньерызм. А.Бранзіна. Алегорыя. Каля 1550.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕСІЯНІ́ЗМ,
1) рэлігійнае вучэнне пра будучае выратаванне чалавецтва дзякуючы прыходу звышнатуральнай істоты — месіі, збавіцеля. Узнік у стараж. іудаізме і быў абумоўлены іншаземным панаваннем, сац. эксплуатацыяй і расчараваннем стараж. яўрэяў у вучэнні пра заступніцтва Яхве. У хрысціянстве М. заснаваны на веры ў выратаванне Хрыстом не якой-н. канкрэтнай нацыі, а ўсяго чалавецтва і ў яго «другое прышэсце» пасля страшнага суда для ўсталявання на Зямлі вечнага «божага царства». Непасрэднае іудзейска-хрысц. паходжанне мае М. у будызме. У мусульман-шыітаў ён пашыраны ў форме вучэння пра махдзі-месію, які павінен аб’явіцца ў час другога прышэсця «схаванага імама».
2) Погляды на асаблівую ролю якога-н. народа, дзяржавы, сац. групы, арг-цыі, асобы ў вырашэнні грамадскіх праблем, канкрэтна-гіст. крызіснай сітуацыі. Месіянская канцэпцыя набыла своеасаблівае развіццё ў ідэалогіі сіянізму, у канцэпцыі асаблівай гіст. ролі Маскоўскай дзяржавы як «трэцяга Рыма» і богавыбранні рус. народа (гл.Славянафільства, Стараверства). Крыжовыя паходы і рэліг. войны натхняліся ідэяй асаблівай рэліг. місіі іх ініцыятараў, ажыццяўленне якой пажадана Богу і вядзе да ўсталявання «ісціннай» рэлігіі. Аднак з развіццём секулярызацыйных працэсаў М. паступова страчвае рэліг. змест. Ва ўмовах абвастрэння сац.-паліт. крызісаў растуць грамадскія надзеі на харызматычныя якасці таго ці інш. лідэра, магчымасці якіх-н. паліт. рухаў, партый, звышнатуральнае ўмяшанне незямных сілі г.д.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕХА́НІКА ЦЕЛ ПЕРАМЕ́ННАЙ МА́СЫ,
раздзел механікі, што вывучае рух цел, маса якіх змяняецца ў працэсе руху; тэарэт. аснова рашэння многіх задач авіяц. і ракетнай тэхнікі, а таксама тэарэт. і нябеснай механікі, касманаўтыкі і інш. Асноватворныя даследаванні па гэтых праблемах належаць І.У.Мяшчэрскаму і К.Э.Цыялкоўскаму.
Змена масы цела адбываецца пры аддзяленні (адкідванні) часцінак рэчыва (напр., згарэлага паліва) або пры далучэнні (наліпанні) часцінак (напр., пры ўсмоктванні паветра рэактыўным рухавіком самалёта, наліпанні касм. пылу на метэарыт). Дыферэнцыяльнае ўраўненне руху цела (матэрыяльнага пункта) пераменнай масы m, выведзенае Мяшчэрскім (1904):
дзе — скорасць цела; t — час; — раўнадзейная ўсіх знешніх сіл; і — адносныя скорасці часцінак, якія аддзяляюцца і далучаюцца; і — секундны расход і прыход масы адпаведна. Аддзяленне часцінак абумоўлівае рэактыўную цягу
, а далучэнне — тармазную сілу
. Аналагічнае ўраўненне пры ўмове
атрымана Мяшчэрскім у 1897.
Літ.:
Мещерский И.В. Работы по механике тел переменной массы. 2 изд. М., 1952;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНАЕ БЮРО́ МІ́РУ (МБМ; International Peace Bureau),
міжнароднае аб’яднанне міралюбівых сіл. Засн. ў снеж. 1891 у Берне (Швейцарыя) па ініцыятыве Ф.Баера. Напачатку мела на мэце «каардынаваць дзейнасць т-ваў міру і адстойваць ідэю мірнага вырашэння міжнар. спрэчак», арганізоўвала штогадовыя мірныя канферэнцыі. Пасля 1-й сусв. вайны каардынавала мірную і гуманітарную дзейнасць няўрадавых арг-цый, азнаямляла іх з ідэямі і прапановамі Лігі Нацый, праводзіла кангрэсы пацыфістаў (гл.Пацыфізм). З 1924 штаб-кватэра ў Жэневе (Швейцарыя). У 2-ю сусв. вайну не функцыянавала. Пасля вайны да 1962 наз.Міжнар.к-т узаемадзеяння арг-цый у барацьбе за мір. Імкнецца «садзейнічаць справе міру ўмацаваннем міжнар. супрацоўніцтва і негвалтоўных метадаў вырашэння канфліктаў», у т. л. праз супрацоўніцтва з ААН (мае кансультатыўны статус у Савеце па эканам. і сац. пытаннях ААН). Садзейнічала скліканню 1-й спец. сесіі Ген. Асамблеі ААН па раззбраенні (1978). Выступае за ўсеагульнае і поўнае раззбраенне, права чалавека на адмову ад ваен. службы (разглядае яго як «права адмовіцца забіваць») і інш., фарміруе адпаведную грамадскую думку. Выдае час. «Geneva Monitor» («Жэнеўскі назіральнік»), кнігі, памфлеты, справаздачы аб канферэнцыях. Нобелеўская прэмія міру 1910. Нобелеўскімі прэміямі міру ўзнаг. арганізатары і кіраўнікі МБМ Баер, Э.Дзюкамен, Ш.А.Габа, Б. фон Зутнер, А.М.Лафантэн, Ш.Макбрайд і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАПРУ́ЖАННЕ МЕХАНІ́ЧНАЕ,
мера ўнутраных сіл, што ўзнікаюць у цвёрдым целе (элементах збудаванняў, машын) пад уплывам знешніх уздзеянняў (нагрузак, змены т-ры і інш.). Значэнні Н.м. знаходзяць аналітычна метадамі супраціўлення матэрыялаў, тэорыі пругкасці і пластычнасці, а таксама з дапамогай тэнзометраў, оптыка-палярызацыйнымі і інш. метадамі. Адзінка Н.м. ў сістэме СІ — паскаль (Па).
Пры вывучэнні Н.м. ў адвольным пункце цела праз яго праводзяць уяўнае сячэнне, адкідаюць адну ч. цела і дзеянне яе замяняюць унутр. сіламі. Калі на элемент плошчы dS каля пункта A дзейнічае ўнутр. сіла , то адносіны
наз. вектарам Н.м. ў пункце A па пляцоўцы dS. Складальныя вектара Н.м. па нармалі да сячэння /σ/ і па датычнай да яго // наз. адпаведна нармальным і датычным Н.м. ў пункце A па пляцоўцы dS. Напружаны стан цела ў пункце A характарызуецца сукупнасцю вектараў Н.м. для ўсіх магчымых сячэнняў, што праходзяць праз гэты пункт. Н.м. бываюць часовыя (існуюць пэўны прамежак часу, напр., пры выкананні тэхнал. аперацый) і астаткавыя (на працягу значнага перыяду); гранічныя (вызначаюцца эксперыментальна пры мех. выпрабаваннях матэрыялаў), дапушчальныя (прызначаюць як пэўную ч. ад гранічных) і рабочыя (разліковыя, залежаць ад нагрузак на канструкцыю і яе памераў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРА́ДЫ ПРАДСТАЎНІКО́Ў КАМУНІСТЫ́ЧНЫХ І РАБО́ЧЫХ ПА́РТЫЙ,
форма ідэйна-паліт. сувязей паміж камуніст. і рабочымі партыямі і каардынацыі іх дзейнасці. Праводзяцца міжнар. нарады і сустрэчы, рэгіянальныя сустрэчы, двухбаковыя перагаворы, навук. канферэнцыі і сімпозіумы. Пашырыліся пасля роспуску Камуністычнага інтэрнацыянала, пераважна з 1950-х г.Найб. значэнне ў гісторыі міжнароднага камуністычнага руху мелі маскоўскія нарады: 14—16.11.1957, прадстаўлены 12 партый сацыяліст. краін, прынята Дэкларацыя; 16—19.11.1957, прадстаўлены 64 партыі, прыняты Маніфест міру; 10.11—1.12.1960, прадстаўлена 81 партыя, прыняты Заява камуніст. і рабочых партый (у абарону адзінства камуніст. руху) і Зварот да народаў свету; 15—17.6.1969, прадстаўлены 75 партый, прыняты выніковы дакумент «Задачы барацьбы супраць імперыялізму на сучасным этапе і адзінства дзеянняў камуністычных і рабочых партый, усіх антыімперыялістычных сіл», зварот «Аб 100-годдзі з дня нараджэння У.І.Леніна» і інш. Найважнейшыя рэгіянальныя нарады адбыліся ў Берліне (1976), Парыжы (1980), Буэнас-Айрэсе, Дамаску (абедзве 1984) і інш. На Міжнар. сустрэчы ў Афінах (чэрв. 1999) прадстаўлены 55 камуніст. і рабочых партый з 50 краін. У снеж. 1999 у г. Лімасол на Кіпры адбылася 2-я міжнар. сустрэча камуніст., левых і прагрэс. партый краін Еўропы, Б.Усходу і Міжземнамор’я, дзе былі прадстаўлены 49 арг-цый з 28 краін, у т. л. кампартыі Расіі, Украіны і Арменіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ-МЕЗО́НЫ, π-мезоны, піоны,
група самых лёгкіх нестабільных псеўдаскалярных элементарных часціц з моцнымі ўзаемадзеяннямі — адронаў. Утвараюць трыплет, які складаецца з 2 зараджаных (π+ — часціца і π− — антычасціца) і 1 нейтральнай (π0) часціц з нулявым спінам і масамі, прамежкавымі паміж масамі пратона і электрона (масы π+ і π− роўныя прыкладна 139,6 МэВ, π0 — 135 МэВ). Прадказаны Х.Юкавай (1935) для тлумачэння караткадзейнага характару і вялікай велічыні ядз.сіл; эксперыментальна π+ знойдзены ў касм. прамянях С.Ф.Паўэлам (1947), π− і π0 атрыманы ў лабараторных умовах (1948 і 1950 адпаведна).
З’яўляюцца звязанымі станамі пар кварк—антыкварк. маюць нулявы спін і адмоўную ўнутраную цотнасць, утвараюць ізатапічны трыплет (праекцыі ізатапічнага спіна +1, -1, 0) з амаль строга выраджанымі па масе спакою членамі. Удзельнічаюць ва ўзаемадзеяннях — моцным, эл.-магн., слабым і гравітацыйным. Іх распады абумоўлены электраслабым ўзаемадзеяннем (час жыцця π+ і π− роўны прыкладна 2,6 10−8 с, π0 — 0,9 10−16 с; спосабы распаду вызначаюцца іх квантавымі лікамі), а нараджэнне — моцным узаемадзеяннем паміж нуклонамі пры іх сутыкненнях. Складаюць значную частку касм. выпрамянення ў атмасферы Зямлі, штучна інтэнсіўныя пучкі піонаў атрымліваюць для прыкладных мэт, напр., для прамянёвай тэрапіі злаякасных пухлін. Павольныя зараджаныя П.-м. выкарыстоўваюць для вывучэння структуры рэчыва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАФЕСІ́ЙНАЯ А́РМІЯ,
армія, служба ў якой з’яўляецца для ўсяго асабовага складу асн. прафесіяй і родам дзейнасці. Воіны-прафесіяналы валодаюць комплексам неабходных псіхіка-фізіял. якасцей, тэарэт. ведамі і практычнымі навыкамі. П.а. вядома ў многіх стараж. дзяржавах, у т. л. Грэцыі і Рыме. У 14—18 ст. у краінах Еўропы, у т. л. ў ВКЛ, існавалі наёмныя войскі, якія камплектаваліся з воінаў-прафесіяналаў (гл.Наёмніцтва). У 19 ст. ў большасці еўрап. краін уведзена ўсеаг. воінская павіннасць (у Францыі з 1798, у Расіі з 1874), аднак аснову арміі складалі прафесіяналы. Пасля 1-й сусв. вайны ў краінах Зах. Еўропы П.а. разглядалася ў рамках т.зв. тэорыі «малых войнаў», у аснове якой была ідэя дасягнення перамогі ў вайне пры дапамозе малалікіх, але тэхнічна высокааснашчаных армій. Гэта і інш. тэорыі стварэння П.а. набылі рэальныя рысы пасля 2-й сусв. вайны ў шэрагу краін Еўропы і ЗША. Фарміраванне П.а. — мэта ваен. рэформы ў Расіі, Украіне, Францыі і інш. Пасля скарачэння ў 1990-х г.Узбр.Сіл Беларусі колькасць афіцэраў (19 тыс.чал.), прапаршчыкаў (11 тыс.чал.), ваеннаслужачых-кантрактнікаў (11 тыс.чал.) і інш. прафесіяналаў склала больш за 50% (2000) ад агульнай колькасці асабовага складу арміі. Працэс пашырэння прафесіяналізацыі ідзе таксама ў Пагранічных войсках і Унутр. войсках МУС.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁТЭХНІ́ЧНЫЯ ВО́ЙСКІ,
род войск для вядзення радыёлакацыйнай разведкі паветраных цэлей, радыёлакацыйнага забеспячэння баявых дзеянняў часцей і злучэнняў проціпаветранай абароны і інш.
Узніклі ў пач. 1-й сусв. вайны, калі авіяцыя стала адным са сродкаў узбр. барацьбы. З 1932 у СССР ствараліся падраздзяленні паветр. назірання, апавяшчэння і сувязі (ПНАС). Пераўзбраенне войск ПНАС радыёлакацыйнымі сістэмамі выклікала неабходнасць фарміравання (1952) Р.в. ППА.
Складаюцца са злучэнняў, часцей і падраздзяленняў (у т. л. асобных) і ўтвараюць на тэр. краіны адзіную цэнтралізаваную сістэму. Гал. задачы Р.в.: выяўленне паветр. аб’ектаў, вызначэнне каардынат, саставу і параметраў іх руху, кантроль за палётамі сваёй авіяцыі, апазнаванне і суправаджэнне розных класаў (тыпаў) цэлей праціўніка і забеспячэнне камандавання інфармацыяй. Р.в. выкарыстоўваюцца таксама для кіравання баявымі дзеяннямі, цэлеўказання зенітным ракетным комплексам, навядзення знішчальнікаў на паветр. цэлі і інш.Асн. сродкі выяўлення паветр. цэлей — радыёлакацыйныя станцыі і комплексы, а таксама сродкі аўтам. сістэм кіравання, перадачы даных, прыстасаванні адлюстравання інфармацыі і інш. На Беларусі Р.в. з’яўляюцца родам войск ППА; радыётэхн. часці і падраздзяленні існуюць і ў інш. відах Узбр.Сіл.
Літ.:
Дружинин В.В. Радиотехнические войска ПВО. М., 1968;
Лобанов М.М. Развитие советской радиолокационной техники. М., 1982;
Костенко В.В. ПВО. Взгляд в завтра // Армия. 2000. № 5.
І.М.Нераслаўскі.
Да арт.Радыётэхнічныя войскі. Радыёлакацыйная станцыя «Гама» для выяўлення паветраных цэлей.