найбольш ранні перыяд у гісторыі чалавецтва, калі прылады рабілі з каменю, дрэва, косці і рогу. Пачаўся 3—2,5 млн.г. назад у Афрыцы і закончыўся ў Еўропе 2,5—1,8 тыс.г. да н.э. Адрозніваюць старажытны К.в. — палеаліт, сярэдні — мезаліт і новы — неаліт. Палеаліт працягваўся больш за 2 млн. гадоў. Традыц. перыядызацыя палеаліту на ніжні (ранні), сярэдні і верхні (позні) у апошнія дзесяцігоддзі значна змянілася. У раннім палеаліце вылучаюць алдувайскую (2,6 млн. — 700 тыс.г. назад) і ашэльскую (гл.Ашэль, 700 тыс. — 100 тыс.г. назад) эпохі. Ашэльскую ў сваю чаргу падзяляюць на стараж., сярэднюю і познюю. У ніжнім палеаліце найстаражытнейшыя людзі — архантрапы (пітэкантрапы, сінантрапы, гейдэльбергскі чалавек і інш.) карысталіся грубааббітымі галечнымі прыладамі (чоперамі і чопінгамі), займаліся збіральніцтвам і паляваннем. Да сярэдняга палеаліту адносіцца эпоха мусцье (70—35 тыс.г. назад), якая з’яўляецца заключным этапам фарміравання чалавека — палеаантрапа (стараж. чалавек), неандэртальца. Гэтыя людзі ўжо ўмелі будаваць прымітыўнае жыллё, здабываць агонь, вырабляць да 60 тыпаў прылад працы, займаліся паляваннем, выкарыстоўвалі скуры жывёл, каб засцерагчыся ад холаду. Позні палеаліт пачаўся 40—35 тыс.г. назад. Да яго пачатку сфарміраваўся чалавек сучаснага віду — краманьёнец. У гэты час паступова ўдасканальвалася апрацоўка крэменю, значна пашырыўся асартымент прылад працы (да 100 тыпаў), пачалі шырока ўжывацца вырабы з косці, удасканалілася паляўнічая зброя, адбыліся змены ў фарміраванні радавога ладу, значна павялічылася колькасць насельніцтва, акрамя вял. калектыўных з’явіліся жытлы малых памераў для парных сем’яў. Узніклі прымітыўныя рэлігійныя ўяўленні, рытуал пахавання, развівалася першабытнае мастацтва. Заключная фаза палеаліту прыпадае на канец ледавіковай эпохі (14—11 тыс.г. назад), т.зв. фінальны палеаліт. У гэты час у Еўропе ад Ютландыі да вярхоўяў Дняпра распаўсюдзіліся супольнасці паляўнічых, асновай існавання якіх было паляванне пераважна на паўн. аленя. Пераходны перыяд ад палеаліту да неаліту — мезаліт — у залежнасці ад кліматычных зон працягваўся з 11 тыс.г. да 7 тыс.г. назад. Крамянёвая індустрыя мезаліту адметная наяўнасцю мікралітаў і прылад працы на пласцінах, з’яўляюцца і масіўныя прылады — макраліты. Людзі сталі асвойваць паўн.прасторы, што вызваляліся ад ледавіка. Значную ролю ў жыцці чалавека пачало адыгрываць рыбалоўства, павялічылася колькасць стаянак на берагах рэк. У мезаліце шырока выкарыстоўваліся лук і стрэлы, быў прыручаны сабака, склалася племянная арганізацыя. З 8-га тыс. да н.э. пачынаецца неаліт, спачатку на Блізкім Усходзе, потым у Індакітаі, а з 6-га тыс. да н.э. — у Еўропе. Людзі пачалі займацца земляробствам, вырабляць ляпны посуд, прыручаць буйную рагатую жывёлу, свіней і інш., карыстацца драўлянымі чаўнамі, удасканалілі вытворчасць каменных прылад. У гэты час узніклі прадзенне і ткацтва, больш разнастайнымі сталі вопратка чалавека і ўпрыгожанні, развіваліся шмат якія галіны першабытнага мастацтва (арнаментаванне, аздабленне, гравіроўка на косці, рогу і абпаленай гліне, аб’ёмная скульптура), з’явіліся музычныя інструменты. Пачаўся пераход да вытв. гаспадаркі і аселасці. Мацярынска-радавы лад дасягнуў свайго апагею.
На Беларусі стаянкі чалавека ўпершыню з’явіліся ў познім палеаліце (Бердыж і Юравічы). Мезаліт тут пачаўся ў 9-м тыс. да н.э. У гэты час у асноўным заселена ўся тэр. сучаснай Беларусі. Фарміраваліся грэнская культура (Грэнск, Дальняе Ляда), днепра-дзяснінская культура (Берагавая Слабада, Краснаўка, Міхайлаўка), сожская культура (Журавель, Горкі Чэрыкаўскага р-на), свідэрская культура (Бабровічы, Опаль, Нобель, Заазер’е), Кунда культура (Замошша, Крумплева), яніславіцкая культура (Беліца-2, Нясілавічы-1), кудлаеўская культура (Азярное-1), помнікі нарачанскага тыпу (Стугалапы, Кусеўшчына). У неаліце (5—2-е тыс. да н.э.) тэр. Беларусі засялялі плямёны днепраданецкай культуры (Юравічы-3—6, Пхоў, Слабодка), верхнедняпроўскай культуры (Лоша-1,2, Цітаў Бугор), нарвенскай культуры (Асавец-2,4; Зацэнне, Сосенка), нёманскай культуры (Добры Бор, Лысая Гара, Русакова-2, Камень-2), тыповай грабеньчата-ямкавай керамікі культуры (Скема-1,2), шарападобных амфар культуры (Краснасельскі, Малыя Ёдкавічы), культуры помнікаў тыпу Бабінавічаў (Бабінавічы-2, Лаўкі, Мяжа-1).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВА́НТАВАЯ МЕХА́НІКА, хвалевая механіка,
тэорыя, якая ўстанаўлівае спосаб апісання і законы руху мікрачасціц (электронаў у атаме, атамаў у малекуле, нуклонаў у ядрах і інш.). Дае магчымасць апісаць структуру атамаў і зразумець іх спектры, устанавіць прыроду хім. сувязі, растлумачыць перыяд. сістэму элементаў і г.д. З’яўляецца тэарэт. асновай атамнай і ядз. фізікі, фізікі цвёрдага цела.
Мікрааб’ектам уласціва своеасаблівая дваістасць: у залежнасці ад умоў яны могуць паводзіць сябе як часціцы ці як хвалі (гл.Карпускулярна-хвалевы дуалізм). Таму тэарэт. апісанне мікраскапічных з’яў патрабуе аб’яднання ўзаемна несумяшчальных фіз. характарыстык, чаго нельга ажыццявіць у межах класічнай фізікі ўнутрана несупярэчлівым спосабам (гл.Дапаўняльнасці прынцып). Пры гэтым немагчыма адначасовае выкарыстанне некаторых фіз. велічынь, напр., каардынат і імпульсу часціцы. Для мікрачасціцы не мае сэнсу, напр., такое паняцце, як рух уздоўж траекторыі; усе тэарэт. сцвярджэнні адносна выніку пэўных узаемадзеянняў маюць імавернасны характар.
К.м. ўзнікла як развіццё ўяўленняў М.Планка (1900) адносна квантавання дзеяння, А.Эйнштэйна (1905, 1916) пра карпускулярныя ўласцівасці святла (гл.Планка закон выпрамянення), напаўкласічнай мадэлі атама Н.Бора (1913, гл.Бора тэорыя), ідэі Л. дэ Бройля адносна хвалевых уласцівасцей мікрачасціц (гл.Хвалі дэ Бройля). Фундаментальнае развіццё К.м. атрымала ў працах В.Гайзенберга (1925), Э.Шродынгера і П.Дзірака (1926). Паводле К.м. ўсю інфармацыю пра фіз. стан мікрасістэмы змяшчае хвалевая функцыя. Яна вызначае размеркаванне імавернасці для розных фіз. велічынь, якія характарызуюць сістэму (становішча ў прасторы, імпульс, энергія і г.д.; М.Борн, 1926). Кожнай класічнай фіз. велічыні ў К.м. адпавядае пэўны аператар, уласныя значэнні якога супадаюць з назіральнымі значэннямі фіз. велічыні (гл.Аператары). Магчымыя станы сістэмы апісваюцца адпаведнымі ўласнымі функцыямі. У залежнасці ад таго, дыскрэтную ці неперарыўную паслядоўнасць утвараюць уласныя значэнні аператара, адпаведная фіз. велічыня з’яўляецца квантаванай ці неквантаванай (гл.Квантаванне). Калі аператары 2 фіз. велічынь (L і M) не камутуюць, г. зн. што вынік дзеяння аператараў L і M на хвалевую функцыю Ψ залежыць ад парадку іх дзеяння
, то рэалізацыя такіх станаў мікрасістэмы, у якіх адпаведныя фіз. велічыні адначасова мелі б пэўнае значэнне, немагчыма; найперш гэта датычыць аператараў каардынат і імпульсу (гл.Неазначальнасцей суадносіны). Камутатыўнасць аператараў пэўных фіз. велічынь з аператарам энергіі азначае, што гэтыя фіз. велічыні з цягам часу не мяняюцца, г. зн. з’яўляюцца інтэграламі руху. Асн. інтэграл руху ў К.м. — энергія. Для дакладнага вызначэння стану мікрасістэмы неабходна ведаць энергію і інш. ўзаемна камутатыўныя інтэгралы руху, якімі, напр., для часціцы ў полі цэнтральных сіл з’яўляюцца квадрат моманту імпульсу і адна з яго праекцый. Калі інтэгралы руху маюць дыскрэтны спектр, стан сістэмы вызначаецца з дапамогай квантавых лікаў.
Прадказанні К.м. пераходзяць у адпаведныя вынікі класічнай механікі, калі для фіз. сістэмы велічыні размернасці дзеяння становяцца значна большымі, чым пастаянная Планка h (гл.Адпаведнасці прынцып). Абагульненне асн. ідэй К.м. на выпадак, калі энергія руху часціц параўнальная з энергіяй спакою (гл.Адноснасці тэорыя), дало магчымасць прадказаць існаванне антычасціц, стварыць тэорыю ўласнага моманту колькасці руху (гл.Спін) і інш. К.м. з’яўляецца мех. тэорыяй, таму не можа паслядоўна разглядаць працэсы паглынання святла і эл.-магн. выпрамянення. Яна дае набліжаныя метады разліку, дастатковыя для патрэб атамнай і часткова ядз. фізікі. Паслядоўную тэорыю ўзаемадзеяння фатонаў з электрычна зараджанымі часціцамі дае квантавая электрадынаміка. Ураўненні К.м. даюць магчымасць дакладна вылічыць магчымыя ўзроўні энергіі (гл.Шродынгера ўраўненне) мікрасістэмы, а таксама імавернасць пераходаў паміж імі. Гл. таксама Квантавая тэорыя поля, Абменнае ўзаемадзеянне.
На Беларусі работы па К.м. пачаты ў 1930-я г. ў БДУ (Ф.І.Фёдараў), у пасляваен. гады вядуцца пераважна ў БДУ і Ін-це фізікі Нац.АН Беларусі.
Літ.:
Фейнман Р., Лейтон Р., Сэндс М. Фейнмановские лекции по физике: Пер. с англ.Вып. 8—9. М., 1966—67;
Ландау Л.Д., Лифшиц Е.М. Теоретическая физика. Т. 3. Квантовая механика;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯМО́Е КІНО́,
умоўная назва кінематографа ад яго ўзнікнення (1895) да 1930-х г., які характарызаваўся спецыфічнай сістэмай выразных сродкаў, найб. адметным з якіх была адсутнасць гуку — «немата». Гэта кампенсавалася цітрамі, ігрой тапёраў, павышанымі мімікай і жэстыкуляцыяй акцёраў, падкрэсленым грымам. Узнаўленне выявы з хуткасцю 16 кадраў за секунду (цяпер 24) рабіла дзеянне больш рухомым. Чорна-белы колер часам спалучаўся з афарбоўкай, вірыраваннем стужкі. У 1930-я г. паступова саступіла месца гукавому кіно.
Гісторыя Н.к. пачалася ў 1890-я г. з тэхн. атракцыёна і была цесна звязана з развіццём кінатэхнікі: вынаходніцтвам «жывых карцінак» (Т.Эдысан), «кінематографа» (браты Люм’ер), «вайтаскопа» (Т.Армат і Эдысан) і «баёграфа» (Э.Лост і У.Дзіксан). У пач. 20 ст. пачалося наследаванне традыц. відам мастацтва — тэатру і літаратуры. У канцы 1910-х г. становіцца самаст. мастацтвам са сваёй сістэмай выразных сродкаў (гл.Кінамастацтва). Спецыфіка кінамовы (экранны рух, сістэма планаў, ракурсаў, кампазіцый, асвятлення, мантаж як аўтарская канцэпцыя фільма) былі тэарэтычна вызначаны як «фотагенія» (Л.Дэлюк), «рэабілітацыя фізічнай рэальнасці» (З.Кракаўэр), «фатаграфічная дакументальнасць» (А.Базен), «Мантаж атракцыёнаў» (С.Эйзенштэйн). Паэтыку Н.к. развіваў яго эксперым. авангард, кіно сімвалаў і метафар. Ням. экспрэсіянізм стварыў экранны свет дэфармаванай прасторы, фантасмагорыі, адчування пагрозы («Кабінет доктара Калігары», рэж. Р.Віне, 1919; «Нібелунгі», 1924, «Метраполіс», 1926, абодва рэж. Ф.Ланг). Франц. імпрэсіянізм матэрыялізаваў у вобразах падсвядомасць, летуценні, патаемныя жаданні («Антракт», рэж. Р.Клер, «Механічны балет», рэж. Ф.Лежэ, абодва 1924; «Андалузсхі сабака», 1928, «Залаты век», 1930, абодва рэж. Л.Буньюэль). У эпоху Н.к. пачалі фарміравацца віды і жанры кіно (гл.Дакументальнае кіно, Мастацкае кіно). Усталявалася сістэма кіназорак пэўнага амплуа: «Папялушка» — М.Пікфард, Л.Гіш у ЗША, «ахвяра року» — В.Халодная ў Расіі, Г.Гарба ў ЗША, «вамп» — А.Нільсен у Даніі, «рамантычныя палюбоўнікі» — Р.Валентына, Г.Лойд, Д.Фэрбенкс у ЗША, І.Мазжухін, А.Ктораў у Расіі, комікі — Б.Кітан у ЗША, М.Ліндэр у Францыі і інш.Маст. мову Н.к., яго міміку і пантаміму геніяльна выкарыстаў Ч.Чаплін для стварэння вобраза-маскі чалавечнага і вынаходлівага бадзягі («Малыш», 1921; «Залатая ліхаманка». 1925; «Цырк», 1928; «Агні вялікага горада», 1931). Нац. кінематографы ўвасобілі на экранах гісторыю народаў у розных жанравых формах: гісторыка-манумент. «баевікі» Дж.Пастроне ў Італіі («Падзенне Троі», 1910; «Кабірыя», 1914), кінапрытча пра гісторыю чалавецтва Д.Грыфіта ў ЗША («Нецярпімасць», 1916), кінатрагедыя пра сярэднявечча К.Т.Дрэера ў Францыі («Страсці Жанны д’Арк», 1927) і інш. У Расіі развівалася гіст.-рэв. кіно ў паэт.-метафарычным кірунку кінаэпапеі Эйзенштэйна з «героем-масай» і «тыпажамі» замест акцёраў («Стачка», 1925; «Браняносец Пацёмкін», 1925), кінадрамы У.Пудоўкіна («Маці», 1926), лірыка-эпічныя кінапаэмы А.Даўжэнкі («Звянігара», 1928; «Зямля», 1930).
На Беларусі Н.к. развівалася з 2-й пал. 1920-х г. З 1925 у «Белдзяржкіно» кінааператар М.Лявонцьеў здымаў святы, урачыстасці, жыццё вёскі і горада. Першы бел.маст. фільм «Лясная быль» (1926, рэж. Ю.Тарыч) спалучае авантурна-прыгодніцкі жанр з рысамі дакументалізму (здымкі на месцы рэальных гіст. падзей сялян, удзельнікаў вызвалення Беларусі ад польскай акупацыі). Авантурна-прыгодніцкі жанр дамінаваў у бел. фільмах на гіст. тэмы: «Кастусь Каліноўскі» (1927, рэж. У.Гардзін), «Хвоі гамоняць» (1929, рэж. Л.Малчанаў) і інш. Фільм У.Корш-Сабліна «У агні народжаная» (1929) спалучае фальклорную афарбоўку з традыцыямі агітплаката. У канцы 1920 — пач. 1930-х г.бел. Н.к. актыўна звяргалася да тагачаснай тэматыкі: фільмы «Чатырыста мільёнаў» (рэж. Гардзін), «Да заўтра» (абодва 1929), «Нянавісць» (1930, рэж. абодвух Тарыч), «Шчасце» (рэж. А.Файкцымер), «Жанчына» (рэж. Я.Дзіган, абодва 1932) і інш. Па стылістыцы яны блізкія да агітпрапфільмаў. У 1930-я г.бел. Н.к. звяргалася да эстэтыкі жывапісна-мантажнага кіно, што падкрэслівала нац. каларыт фільмаў. Апошні бел. «нямы» фільм — «Палескія рабінзоны» (1935, рэж. І.Бахар і П.Малчанаў).
Літ.:
История белорусского кино. Мн., 1969;
Клер Р. Кино вчера, кино сегодня: Пер. с фр.М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІЗІКА ПАЛЁЎ І ЭЛЕМЕНТАРНЫХ ЧАСЦІЦ
Даследаванні па фізіцы палёў і элементарных часціц на Беларусі пачаліся пад кіраўніцтвам Ф.І.Фёдарава з 1936 на кафедры тэарэтычнай фізікі БДУ і з 1955 у Ін-це фізікі АН Беларусі. Распрацаваны агульны метад праектыўных аператараў у тэорыі элементарных часціц, створана комплексна-вектарная параметрызацыя групы Лорэнца, уведзены універсальныя нелінейныя ўраўненні для ўзаемадзейных палёў (Ф.І.Фёдараў). На гэтай падставе пабудавана паслядоўна каварыянтная (у т. л. класічная, без другаснага квантавання) квантавая электрадынаміка нуклонаў, тэорыя часціц са спінам 0, 1/2, 1, 3/2, 2, іх электрамагнітных і слабых узаемадзеянняў; дадзена уніфікаванае апісанне ўсіх фундаментальных узаемадзеянняў з выкарыстаннем універсальных ураўненняў Фёдарава, вырашаны важныя пытанні калібровачнай палявой тэорыі. Распрацаваны эфектыўныя метады апісання і разліку канкрэтных працэсаў узаемадзеяння палярызаваных лептонаў і адронаў, што дало магчымасць даследаваць іх у больш шырокім, чым звычайна, плане (А.А.Богуш, Ю.А.Курачкін, В.І.Куўшынаў, Л.Р.Мароз, І.С.Сацункевіч, Ф.І.Фёдараў). Выкананы прыярытэтныя даследаванні па праблеме ізаляванага магнітнага зараду, паслядоўна развіта тэорыя такіх тапалагічна нетрывіяльных аб’ектаў, як абелевы і няабелевы манаполі, салітоны, інстантоны і інш. (Я.У.Доктараў, Ю.А.Курачкін, В.І.Куўшынаў, В.І.Стражаў, Л.М.Тамільчык, Я.А.Талкачоў). Распрацаваны і дастасаваны да патрэб агульнай тэорыі адноснасці (АТА) т.зв. тэтрадны фармалізм у спалучэнні з метадам распластаваных прастор (В.С.Іваніцкая, А.Я.Левашоў і інш.). Пабудавана тэорыя рэлятывісцкага руху сістэмы цел і разгледжана праблема яго ўстойлівасці (А.П.Рабушка). Распрацаваны пытанні ўзаемаадносін АТА з інш. канкурыруючымі тэорыямі (А.К.Гарбацэвіч, А.В.Мінкевіч). У даследаваннях па тэорыі адноснасці ўдзельнічаюць і бел. матэматыкі: вывучаны лакальна-дыферэнцыяльныя ўласцівасці прасторы СТА (А.А.Бурдун, А.К.Лапкоўскі, Л.К.Тутаеў і інш.), даследаваны падгрупы груп Пуанкарэ і Галілея (А.М.Фядэнка). Распрацаваны і шырока выкарыстаны эфектыўны аператарны метад разліку разнастайных квантавых сістэм і працэсаў (Л.І.Камароў, І.Д.Феранчук). Супрацоўнікамі Ін-та фізікі Нац.АН Беларусі (з 1974), Гомельскага ун-та (з 1976), НДІ ядзерных праблем (з 1987) і Нац. цэнтра фізікі часціц і высокіх энергій (з 1993) БДУ праведзены сумесна з замежнымі вучонымі шырокія эксперыментальныя даследаванні на паскаральніках г. Дубна і г. Серпухаў (Расія), г. Жэнева (Швейцарыя). У банк сусветных даных па фізіцы часціц унесены атрыманыя эксперыментальныя вынікі па выяўленні новых мезонных станаў, вывучэнні працэсаў множнага нараджэння часціц і гіперзарадаваабменных рэакцый, рэдкіх распадаў (А.М.Дворнік, Ф.Я.Зязюля, Ю.А.Кульчыцкі, А.С.Курылін, М.В.Максіменка, В.С.Румянцаў). Упершыню эксперыментальна вызначаны (М.І.Ляўчук) велічыні палярызавальнасцей нейтрона і прадказанай (М.В.Максіменка, Л.Р.Мароз, А.М.Сердзюкоў) спінавай палярызавальнасці (гірацыі) нуклонаў. У эксперыментальную практыку ўкаранёны эфектыўныя метады і камп’ютэрныя праграмы разліку радыяцыйных эфектаў (М.М.Шумейка). Бел. фізікі пад кіраўніцтвам У.Р.Барышэўскага, А.А.Богуша, М.В.Максіменкі, М.М.Шумейкі зрабілі значны ўклад у стварэнне буйнейшага ў свеце паскаральніка пратонаў — Вялікага адроннага калайдара (г. Жэнева). Даследаванні па фізіцы элементарных часціц паспяхова праводзяцца таксама ў Гомельскім тэхн. (А.А.Панкоў, І.Л.Салаўцоў, С.І.Цімошын), Бел.пед. (А.М.Баяркін), Брэсцкім (У.А.Плецюхоў) і інш. ун-тах Беларусі.
Літ.:
Федоров Ф.И. Группа Лоренца. М., 1979;
Богуш А.А., Мороз Л.Г. Введение в теорию классических полей. Мн., 1968;
Богуш А.А. Введение в калибровочную полевую теорию электрослабых взаимодействий. Мн., 1987;
Березин А.В., Курочкин Ю.А., Толкачев Е.А. Кватернионы в релятивистской физике. М., 2003;
Стражев В.И., Томильчик Л.М. Электродинамика с магнитным зарядом. Мн., 1970;
Kiselev V.G., Shir Ya.M., Tregubovich A.Ya. Introduction in Quantum Theory. New York, 2000;
Левашев А.Е. Движение и двойственность в релятивистской электродинамике. Мн., 1979;
Федоров Ф.И. Уравнения первого порядка для гравитационного поля // Докл.АНСССР. 1968. Т. 179, №4;
Рябушко А.П. Движение тел в общей теории относительности. Мн., 1979;
Яго ж. Проблема устойчивости движения тел в общей теории относительности. Мн., 1987;
Иваницкая О.С. Лоренцев базис и гравитационные эффекты в эйнштейновской теории относительности. Мн., 1979;
Лапковский А.К. Релятивистская кинематика, неевклидовы пространства и экспоненциальное отображение. Мн., 1985;
Горбацевич А.К. Квантовая механика в общей теории относительности. Мн., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
вялікі, вялізны, велічэзны, вялізазны, немалы, буйны, агромністы, аграмадны, значны, добры, гіганцкі, грандыёзны / па прасторы: неабсяжны, неабдымны, неабнімны, бязмежны, бясконцы, нямераны, бяскрайні, прасторны, разлеглы / па колькасці: невычарпальны, невычэрпны, неабмежаваны, бязмерны, нязмерны, невымерны, незлічоны, нялічаны; здаровы, здаравенны, ёмкі, ладны, прыстойны, салідны (разм.); волатны, волатаўскі, тытанічны (выс.); шырокі, раскошны, круглы, астранамічны (перан.) □ у квадраце, у кубе, як скінуць вокам, не акінуць вокам, не ахапіць вокам, без канца і краю, без канца-краю
Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)
СЦЭНАГРА́ФІЯ (ад сцэна + ...графія), тэатральна-дэкарацыйнае мастацтва,
сукупнасць прасторавага вырашэння спектакля, што вызначае візуальную значнасць тэатр. вобраза (дэкарацыі, касцюм тэатральны, грым, рэквізіт, асвятленне, пастановачная тэхніка, архітэктурная зададзенасць т-ра, пластычныя магчымасці акцёрскага складу і інш.); адзін з вызначальных і арганічных кампанентаў у арганізацыі маст. цэласнасці спектакля побач з сюжэтна-драм. і гукава-муз. строямі. Сінкрэтычны від мастацтва, які спалучае выяўл. і тэатр. мастацтва. Развіццё С. адбывалася ў рэчышчы гісторыі т-ра і пануючых маст. стыляў.
Элементы С. прысутнічалі ў стараж. абрадах і гульнях (маскі. касцюмы, рэквізіт). З 5 ст. да н.э. ў ант. т-ры вядомы аб’ёмныя дэкарацыі, якія ў эпоху элінізму сумяшчаліся з жывапіснымі. З сярэдневякоўя пачаўся пераход ад гульнявой С. плошчавых прадстаўленняў да сістэмы дэкарац. мастацтва, дзе дамінавалі функцыі выяўлення, сачынення месца дзеяння. У эпоху Адраджэння ўзнік тып архітэктурна-перспектыўнай дэкарацыі з адзіным нязменным месцам дзеяння (Д.Брамантэ, Б.Перуцы, С.Серліо). Пазней рэльефныя дэкарацыі замяняліся жывапіснымі ў стылі барока. У канцы 16—17 ст. феерычны характар прыдворнага оперна-балетнага спектакля абумовіў выкарыстанне тэатр. механізмаў (Б.Буанталенці, Н.Сабаціні ў Італіі, І.Фуртэнбах у Германіі), стварэнне сістэмы куліс (Дж.Алеоці ў Італіі) і сцэны-каробкі (гл.Сцэна). У эпоху класіцызму драматургічны канон адзінства месца і часу сцвердзіў пастаянную і нязменную строгую дэкарацыю. Развіццё опернага мастацтва абумовіла адмаўленне ад сіметрыі, увядзенне вуглавой перспектывы, узмацненне ілюзіі глыбіні кантрастаў святла і ценю і інш. (А.Поца, сям’я Галі-Бібіена, Дж.Валерыяні, П.Ганзага, Італія). У канцы 18 ст. ў Францыі пашырыліся т.зв. працікаблі (аб’ёмныя дэкарацыі — масты. скалы), якія перадавалі складаныя эфекты. Прынцыпы рамантызму з патрабаваннем нац. і гіст. характарыстыкі месца дзеяння (шматкарцінныя дэкарацыі, касцюмы) увасаблялі рэжысёры і дэкаратары П.Сісеры, Ш.Сешан, Э.Дэлакруа, П.Дэларош (Францыя), Ф. фон Дзінгельштэт (Германія), Ч.Кін (Англія), А.Ролер (Расія) і інш. У канцы 19 ст. С. класіцызму і рамантызму супрацьстаялі плыні натуралізму (дакладная перадача сац. асяроддзя — рэж. А.Антуан, О.Брам) і сімвалізму (умоўна-спрошчаныя, стылізаваныя дэкарацыі — М.Дэні, П.Серузье, А.Тулуз Латрэк, Францыя; Э.Мунк, Нарвегія, і інш.). З 1870-х г. ў Расіі да працы ў т-ры прыцягваліся жывапісцы В.Васняцоў, К.Каровін, В.Паленаў, В.Сяроў, М.Урубель, якія сцвярджалі прынцып цэласнай трактоўкі спектакля. На мяжы 19—20 ст. даследаваліся прырода і спецыфіка законаў сцэн. мастацтва, паступова змяніўся прадмет выяўлення ў С., увага скіроўвалася на сутнасныя, нематэрыяльныя паняцці. Новыя прынцыпы афармлення, якія сімвалічна выражалі сэнс драмы, сцвердзілі рэжысёры А.Апія (Швейцарыя), Г.Крэг (Англія) — ідэя «філас.т-ра» з дапамогай пазачасавай дэкарацыі (кубы, пляцоўкі. лесвіцы і інш.); Г.Фукс (Германія) — праект «рэльефнай сцэны», якая страчвае глыбіню; М.Райнгарт (Германія) — прыёмы ад жывапісна-аб’ёмнай дэкарацыі да абагульнена-ўмоўных нерухомых установак. На развіццё С. ў Расіі паўплывала рэаліст. рэформа Маскоўскага Маст.т-ра (МХТ): індывід. афармленне кожнай пастаноўкі, псіхалагізм (В.Сімаў). Пошукі абнаўлення прыёмаў С. вёў К.Станіслаўскі ў супрацоўніцтве з мастакамі аб’яднання «Свет мастацтва». Створаныя імі ж дэкарацыі ў «Рускіх сезонах» С.Дзягілева ў Парыжы вызначаліся багаццем жывапісу, фантазіяй, густам. У пач. 20 ст. ўмоўную сцэн. прастору распрацоўваў У.Меерхольд з мастакамі А.Галавіным, М.Сапуновым, С.Судзейкіным. З 1910-х г. у С. праявіліся рысы авангардызму, выкарыстанне прыёмаў кубізму, футурызму, прымітывізму (А.Вяснін, К.Малевіч, У.Татлін, П.Філонаў, І.Школьнік, Расія; Дж.Северыні, Ф.Дэперо, Італія; Ф.Лежэ, П.Пікасо, Францыя), у 1920-я г. — экспрэсіянізму (Ж.Грос, Германія). Развіццё С. 1920-х г. у СССР вызначалася шматпланавасцю выразных маст. сродкаў, барацьбой розных стылістычных кірункаў: рэаліст. жывапісная традыцыя дэкарацыйнага мастацтва (М.Крымаў, Б.Кустодзіеў, Сімаў, Ф.Федароўскі), канструктывізм Меерхольда (Л.Папова, В.Сцяпанава), экспрэсіяністычныя тэндэнцыі дэкарацый (Н.Альтман, М.Левін, І.Нівінскі, І.Рабіновіч, Р.Фальк, М.Шагал і інш.). С. 1930—50-х г. вызначылі мастакі М.Акімаў, Альтман, А.Басулаеў, М.Бобышаў, П.Вільямс, Б.Волкаў, У.Дзмітрыеў, Б.Кноблак, А.Рыкаў, В.Рындзін, А.Тышлер, Ф.Федароўскі, Н.Шыфрын і інш. У 1960—70-я г. С. дасягнула росквіту ў сусв. т-ры. Вызначыліся асн. яе кірункі — ад авангарду, абагульненай формулы чыстай пустой прасторы (Х.Эйхенбаўэр, Бразілія) да дзейснай С., якая характарызавалася імкненнем мастакоў раскрыць сутнасць дзеяння праз глабальныя праблемы чалавечага жыцця, абагульнена-метафарычнае асяроддзе: Дз.Бароўскі, С.Вірсаладзе, Э.Качаргін, М.Кітаеў. В.Левенталь, Д.Лідэр, А.Фрэйберг і інш. (СССР); Дж.Бары, Р.Колтаі, Т.О’Брайн (Вялікабрытанія) з дызайнерскім падыходам да афармлення спектакля; І.Свобада (Чэхія) з цыклам архітэктурна-кінетычных, светлавых, праекцыйных і лазерных вырашэнняў спектакляў. У 1980—90-я г. С. ўласцівы стылістычны плюралізм, раўназначнае суіснаванне розных прынцыпаў і прыёмаў афармлення сцэн. дзеяння.
На Беларусі элементы С. былі ўжо ў рытуальным адзенні і атрыбутах удзельнікаў нар. абрадаў, русалляў, Купалля і Каляд, прадстаўленнях скамарохаў і валачобнікаў. Дэкарацыя, грым, касцюм, тыпаж лялек былі неад’емнай часткай паказаў батлейкі; своеасаблівую бутафорыю мела народная драма. Удасканаленне сцэн. пляцоўкі, выкарыстанне складанай машынерыі, светлавых эфектаў, распрацоўка тэатр. касцюма адбывалася ў школьным тэатры. З 18 ст. развіццё С. звязана з дзейнасцю прыгонных тэатраў, дзе працавалі мастакі К.Атасельскі, К.Д.Гескі, Мікалаеўскі, М.Скржыцкі, з 19 ст. — з дзейнасцю Дуніна-Марцінкевіча тэатра, у пач. 20 ст. — Першай беларускай трупы І.Буйніцкага, паказамі бел. вечарынак, тэатр. калектываў, якія выкарыстоўвалі этнагр. прынцып у афармленні. У 19 — пач. 20 ст. ў т-рах Беларусі выкарыстоўвалі т.зв. тыпавыя дэкарацыі, якія з’яўляліся абстрактным фонам для любога прадстаўлення (мастакі Ю.Главацкі, Я.Кураткевіч, Ю.Рэйнберг, А.Трэнін, К.Ульрых). У рэаліст. кірунку працавалі В.Біцілеў, А.Каўльбарс, І.Удараў. Развіццё С. ў 1920-я г. звязана са стварэннем дзярж. т-раў (бел. т-ры імя Я.Купалы, імя Я.Коласа, Бел. трэцяга). Рэаліст. традыцыі нац.т-ра ўвасобілі тэатр. мастакі К.Елісееў, А.Марыкс, К.Ціханаў. Вял. значэнне мела афармленне масавых тэатр. відовішчаў, якія вымагалі пошукаў новых узаемаадносін паміж сцэн. дзействам і навакольным асяроддзем. З 2-й пал. 1920-х г. пашырыліся выразныя сродкі афармлення, выкарыстанне новых матэрыялаў, удасканальванне тэхнікі сцэны, увага да асвятлення. Эксперыментальнасцю вызначаліся работы Марыкса, Л.Нікіціна, Дз.Крэйна і інш. У 1930-я г. пад уплывам канструктывізму стваралі дэкарацыі М.Аксельрод, М.Валех, Л.Кроль, Б.Матрунін, С.Тоўбін і інш. Эстэцкае стылізатарства ў С. праявілася ў творчасці Г.Гольца, Р.Распопава. Станаўленню рэаліст. жывапіснага кірунку ў С. бел.муз.т-ра спрыяла дзейнасць рас. мастакоў М.Бобышава, Б.Волкава, Матруніна, С.Нікалаева. У канцы 1930-х г. працавалі мастакі А.Басулаеў, П.Масленікаў, Я.Нікалаеў, І.Ушакоў. У 1940—50-я г. ў С. дамінавала жывапісна-аб’ёмная сістэма дэкарацый. Цікавасцю да нац. драматургіі, імкненнем падпарадкаваць выразныя сродкі для раскрыцця зместу твора вызначаюцца дэкарацыі А.Грыгар’янца, Я Нікалаева, Ушакова ў драм., М.Блішча, У.Кульваноўскага, С.Нікалаева, І.Пешкура ў муз. т-рах. У 1960—70-я г. пераважалі рысы «суровага стылю» з адзінай дэкарацыяй і мінімумам дэталей. З 2-й пал. 1970-х г. адначасова з традыц. прынцыпамі афармлення спектакляў узбагачаюцца сродкі выразнасці сцэн.прасторы. Выкарыстанне новых відаў прасторавых канструкцый, маст. метафары, каляровага асвятлення ўласціва С. М.Апіёка, М.Волахава, В.Галубовіча, Л.Ганчаровай, Э.Гейдэбрэхта, Б.Герлавана, Грыгар’янца, Я.Ждана, Т.Карвяковай, А.Кляўзера, В.Лесіна, Я.Лысіка, З.Марголіна, У.Матросава, Дз.Мохава, Л.Рулёвай, А.Салаўёва, Ю.Тура, В.Цімафеева, Я.Чамадурава, У.Чарнышова, М.Якуніна і інш. ў драм. і муз. т-рах. Развіваецца С. лялечнага т-ра (мастакі Л.Быкаў, А.Вахрамееў, Л.Герлаван, У.Зайцава, А. і Г. Сідаравы, Л.Сідзельнікава, В.Рачкоўскі, А.Фаміна і інш.).
Літ.:
Тэатральна-дэкарацыйнае мастацтва Савецкай Беларусі. Мн., 1958;
Карнач П.А. Дэкарацыйнае мастацтва музычнага тэатра БССР. Мн., 1973;
Яго ж. Тэатральна-дэкарацыйнае мастацтва // Гісторыя беларускага мастацтва. Мн., 1989—94. Т. 3—6;
Сыркина Ф.Я., Костина Е.М. Русское театрально-декорационное искусство. М., 1978;
Михайлова А.А. Образ спектакля. М., 1978;
Березкин В.И. Искусство оформления спектакля. М., 1986;
Мастацтва беларускіх дэкаратараў. Мн., 1989.
Н.В.Грэская.
Да арт.Сцэнаграфія. А.Марыкс. Эскіз дэкарацыі да спектакля, «Кастусь Каліноўскі» Е.Міровіча. 1923.Да арт.Сцэнаграфія. Я.Чамадураў. Сцэнаграфія да балета «Альпійская балада» Я.Глебава. 1967.Да арт.Сцэнаграфія. Д.Лідэр. Сцэнаграфія ла спектакля «Кар’ера Артура Уі» Б.Брэхта. 1975. (Макет.)Да арт.Сцэнаграфія. Б.Герлаван. Сцэнаграфія да спектакля «Страсці па Аўдзею» У.Бутрамеева. 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
рух, ‑у, м.
1. У філасофіі — усеагульная і неабходная ўласцівасць матэрыі, асноўная форма яе існавання.
2. Змяненне становішча прадмета ці яго частак, перамяшчэнне; стан, супрацьлеглы нерухомасці, спакою. Вярчальны рух. Рытмічна рух.// Дзеянне, работа якога‑н. механізма. Вялізная аграмадзіна прыйшла ў рух і загрукатала, як каменедрабілка.Карпаў.
3. Перамяшчэнне ў прасторы ў якім‑н. кірунку. Вайсковы рух на гасцінцы ў тую ноч, можна сказаць, не спыняўся.Чорны.// Дзейнасць таго ці іншага віду транспарту. Трамвайны рух. □ Увесь таварны і пасажырскі рух спыніўся.Лынькоў.На вуліцы быў вялікі рух. Ішлі таксі, аўтобусы, тралейбусы.Няхай.// Язда і хада ў розных кірунках (на вуліцах, дарогах і пад.). З кожным днём рух на дарозе ўзмацняўся.Маўр.Пасля паўдня рух па шашы ажыўляецца.Васілевіч.Вясенняе сонца .. залаціла гарадскія вуліцы. У гэты ранні час, ды яшчэ ў нядзелю, рух быў малы.Корбан.
4. Змяненне становішча цела ці яго частак; жэст. Танцавала Зіна лёгка, папярэджваючы кожны рух партнёра.Шыцік.Яны сачылі за кожным рухам настаўніка.Якімовіч.
5.перан. Унутраны штуршок да якога‑н. дзеяння. Цяжка сказаць, чаму я даверыўся ёй у той момант. Бываюць душэўныя рухі, якія немагчыма растлумачыць.Шамякін.
6.перан. Грамадская дзейнасць, масавыя выступленні, якія ставяць пэўныя мэты. Рух прыхільнікаў міру. Нацыянальна-вызваленчы рух. Рэвалюцыйны рух. Партызанскі рух.
7. Колькаснае ці якаснае змяненне; рост, развіццё. Рух народанасельніцтва.
8. Развіццё дзеяння (у якім‑н. літаратурным творы). Драматычны рух апавядання.
•••
Паступальны рух — рух, пры якім усе пункты цела перамяшчаюцца паралельна адзін аднаму.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
КАМПАЗІ́ЦЫЯ (ад лац. compositio састаўленне, стварэнне),
пабудова маст. твора, абумоўленая яго зместам, характарам і прызначэннем; структура і ўзаемасувязь маст. элементаў, што ў вял. ступені вызначаюць лад, сэнс і ўспрыняцце твора, надаюць яму цэласнасць. Праз кампазіцыйнае адзінства кампанентаў твора аўтар перадае ідэйна-вобразны змест, творчую індывідуальнасць, эстэт. прынцыпы эпохі, стылю, маст. кірунку, выяўляе істотнае праз сувязь з другарадным і інш. У пластычных мастацтвах К. арганізуе і ўнутр. пабудову твора, і яго суадносіны з навакольным асяроддзем, каардынуе яго ўспрыняцце гледачом. У К. існуе адзін або некалькі фармальна-ідэйных цэнтраў, арганічна звязаных з інш. часткамі і дэталямі праз рытмы, кантрасты, каларыт, сіметрыю ці асіметрыю, рэальнае ці ілюзорнае фарміраванне прасторы і аб’ёму, маштаб, прапорцыі і інш.
У выяўленчым мастацтве К. — канкрэтная распрацоўка ідэйнай і сюжэтна-тэматычнай асновы твора. Арганізуе размяшчэнне і суадносіны фарбавых плям, ліній святла і ценю, прапорцыі мас матэрыялаў і інш. Бывае ўстойлівая, або статычная (асн. кампазіцыйныя восі перасякаюцца пад прамым вуглом у геам. цэнтры твора), дынамічная (асн. восі перасякаюцца пад вострымі вугламі, пераважаюць дыяганалі, кругі і авалы), адкрытыя (пераважаюць цэнтрабежныя рознаскіраваныя сілавыя лініі) і закрытыя пераважаюць цэнтраімклівыя сілы, што зводзяць выявы да кампазіцыйнага цэнтра). Устойлівыя і закрытыя тыпы К. пераважалі ў мастацтве Адраджэння, дынамічныя і адкрытыя — у барока. Асаблівасцямі кампазіцыйнай будовы вызначаюцца творы сярэдневяковага мастацтва і іканапісу. У гісторыі мастацтва вял. ролю адыгралі і працэсы складання агульнапрынятых кампазіцыйных канонаў розных стыляў і эпох, і адыход ад жорсткіх кананічных схем да свабодных кампазіцыйных прыёмаў у мастацтве 19—20 ст.
У архітэктуры і горадабудаўніцтве К. — гарманічныя суадносіны ідэйна-маст. прынцыпаў, функцыян. прызначэння, канстр. асаблівасцей і горадабуд. ролі будынкаў, збудаванняў і іх комплексаў. Вызначае арх. аблічча, планіровачную пабудову населенага пункта ў цэлым або арх.ансамбля ці асобнага будынка. Найб. пашыраныя сродкі К. для гарманізацыі прасторавых форм — сіметрыя і асіметрыя, кантраст і нюанс, рытм, суразмернасць частак і цэлага, прапорцыі, маштабнасць, вылучэнне гал. ў К., святло, колер, фактура. Арган. адзінства прынцыпаў К. і функцыян.-канстр. асновы арх. дэкору стварае архітэктоніку збудавання.
Асн. прыёмы К. ў горадабудаўніцтве: цэнтрычны — у планіровачнай структуры вызначаецца кампазіцыйны цэнтр; анфіладны — шэраг прасторава раскрытых адна да адной плошчаў, якія ўтвараюць сістэму арх. ансамбляў; магістральны — спалучэнне прасторава ўзаемазвязаных ансамбляў, размешчаных на адной восі; панарамна-групавы — групы арх. ансамбляў вызначаюць кампазіцыйную будову і сілуэт горада. Сярод тыпаў аб’ёмна-прасторавай К. будынкаў і збудаванняў вылучаюць: замкнёную (групуе аб’ёмы будынка вакол унутр. двара), паўзамкнёную (П-падобная групоўка карпусоў), цэнтрычную (памяшканні будынка групуюць вакол гал.цэнтр. аб’ёму, вылучанага шатром, купалам), падоўжна-восевую (гал. прасторавае ядро развіваецца ў глыбіню плана будынка), кампактную (памяшканні групуюцца вакол вял. прастораў, якія не маюць натуральнага асвятлення), адкрытую (асн. памяшканні будынкаў маюць кантакт з навакольным асяроддзем і натуральнае асвятленне). Сучасная архітэктура вызначаецца свабоднымі, арганічнымі К., разнастайнымі аб’ёмна-планіровачнымі вырашэннямі і арх. формамі.
У літаратуры К. — арганізацыя маст. матэрыялу ліг. твора, спосаб увасаблення маст. ідэі, раскрыцця характараў. У прозе выяўляецца ў размяшчэнні і ўзаемасувязі ўсіх кампанентаў (апісанняў, партрэтаў, дыялогаў, унутр. мовы, аўтарскіх адступленняў, характарыстык і інш.), цесна звязана з сюжэтам. Адрозніваюць адна- і шматпланавы, навелістычны і хранікальны тыпы К. Вылучаюць элементы К. — экспазіцыю (пралог), завязку (развіццё дзеяння), кульмінацыю, развязку і эпілог. Кірунак развіцця дзеяння ў К. можа быць храналагічна паслядоўны, або прамы, і рэтраспектыўны, ці інверсійны. Асаблівасці К. вызначаюцца таксама прасторавай і часавай арганізацыяй дзеяння ў творы. У паэзіі аснову лірычнай К. складае сюжэт; уключае ў сябе размеркаванне рытміка-меладычных адпаведнікаў, радкоў, строф, а таксама назву твора, эпіграфы, прысвячэнні. Лірычную К. разнастаіць выкарыстанне тропаў, паэт. сінтаксісу і інш.
У музыцы К. — муз. твор як вынік творчага акта кампазітара, стварэнне музыкі як від маст. творчасці, структура муз. твора (гл.Форма музычная), вучэбная дысцыпліна ў спец. вышэйшых і сярэдніх муз.навуч. установах (выкладаецца звычайна кампазітарам). Курс К. прадугледжвае авалоданне ўсімі асн.муз. жанрамі і формамі, ад найпрасцейшых да найб. складаных (опера, сімфонія, араторыя). У класе К. студэнты рэалізуюць і веды па муз.-тэарэт. дысцыплінах. Паняцце К. як закончанага маст. цэлага выпрацоўвалася ў працэсе памяншэння ролі імправізацыйнага пачатку і ў дасканалення нотнага запісу (сучасны сэнс мае з 13 ст.).
Літ.:
Композиция в современной архитектуре. М., 1973.
Я.Ф.Шунейка, А.А.Дылейка, С.А.Сергачоў (архітэктура і горадабудаўніцтва).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УСХО́ДНЯЕ ПАЛЕ́ССЕ,
гісторыка-этнаграфічны рэгіён Беларусі. Займае большую ч. Палескай нізіны ў Гомельскай, Мінскай і Брэсцкай абласцях. На У мяжуе з Падняпроўем (на правабярэжжы Дняпра і ніжняй Бярэзіне), на Пн — з Цэнтральнай Беларуссю (па лініі Парычы — Любань — Старобін — Чудзін), на З — з Заходнім Палессем (гл. Дадатак) (ад Выганаўскага возера па міжрэччы Ясельды і Бобрыка на Лахву, Лунінец і далей па Прыпяці і правабярэжжы Гарыні). Паўн. мяжа рэгіёна сумяшчаецца з зонай кампактнага рассялення водараздзельнага тыпу, дзе характэрныя палескія ландшафты змяняюцца даўно абжытымі лёсавымі раўнінамі Цэнтр. Беларусі з густой сеткай сельскіх пасяленняў. Межы гэтых рэгіёнаў адлюстроўваюць арэалы мясц. этнонімаў — палешукоў на Пд і палян (ці палевікоў) на Пн.
У жалезным веку У.П. з’яўлялася асн. тэрыторыяй рассялення мілаградскай культуры (3—7 ст. да н.э.) і зарубінецкай культуры (3 ст. да н.э.—5 ст.н.э.). У 8—9 ст. У.П. засялялі дрыгавічы, якія мелі сваё паліт. аб’яднанне «княжанне». У 9 ст. яны дайшлі на Пн да верхняга бас. Бярэзіны, на З дасягнулі левабярэжжа Нёмана, дзе сустрэліся з яцвягамі, паклаўшы пачатак славянізацыі апошніх. У 12—13 ст.асн. тэрыторыя У.П. ўваходзіла ў склад Тураўскага (Турава-Пінскага) княства, Мазырскае Палессе — Кіеўскага княства. У перыяд ВКЛ і Рэчы Паспалітай землі У.П. ўваходзілі ў склад Мінскага, Навагрудскага і Брэсцкага ваяводстваў. Разам з тым па этнагр. рысах у той час Палессе вылучалася ў асобную гіст. правінцыю, што знайшло адлюстраванне на геагр. картах (карты Т.Макоўскага 1613; Г. дэ Баплана 1651 і інш.).
Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) У.П. ўвайшло ў склад Мінскай губ.
У рэльефе У.П. кампактныя ўзвышшы чаргуюцца з балоцістымі нізінамі Прыпяцкага Палесся. Да нядаўняга часу вял. плошчы займалі адкрытыя балоты (галы). Шырокія веснавыя разлівы, забалочаныя землі і няўдобіцы накладвалі адбітак на характар рассялення, становішча шляхоў зносін і трансп. сродкі, гасп. заняткі і паўсядзённы побыт. У земляробчай практыцы побач з трохполлем захаваліся лясныя пералогі і лядная (падсечна-агнявая) сістэма. Зямлю апрацоўвалі валамі з дапамогай палескай сахі. На чаўнах сяляне перапраўляліся з аднаго вострава на другі, ставілі буданы-курані, што служылі ім часовым жыллём, і паслядоўна апрацоўвалі адзін участак за другім. Такім жа спосабам збіралі ўраджай з палёў, абмалочвалі снапы ці складвалі іх неабмалочанымі на высокіх адонках, а пасля вывозілі на чаўнах або санях. Мясц. жыхары трымалі буйную рагатую жывёлу і свіней, якіх выганялі на выпас у лес ці адвозілі ў чаўнах на суседнія астравы, дзе яны знаходзіліся ў натуральных умовах без нагляду. Статкі рагатай жывёлы пасвілі ўдалечыні ад вёсак, заганяючы на ноч у спец. загарадку з куранём і лёгкай будынінай тыпу хлява (кашара). У традыц. гаспадарцы побач з земляробствам і жывёлагадоўляй былі пашыраны рыбалоўства, збіральніцтва, пчалярства, хатнія промыслы. Сельскія пасяленні нераўнамерна размяркоўваліся на тэрыторыі рэгіёна. Найб. густа населенымі здаўна былі Хойніцка-Брагінскае і Юравіцкае ўзвышшы, Мазырская града, на З — Тураўская лёсавая раўніна. Побач з мнагадворнымі сустракаліся невял. пасяленні (5—10 хат), засценкі і хутары-выселкі. Будоўлі звычайна размяшчаліся ў сістэме сядзібы: хата + сенцы + істопка + павець + хлявы + адрына. Найб. распаўсюджаныя тыпы жылля: хата + сенцы + істопка, хата + сенцы. На поймавых і балоцістых месцах хаты мелі драўляную падлогу і ставіліся на па́лі. Стрэхі рабілі на самцах («закотам»), крылі дошкамі, чаротам, саломай. Па вечарах хаты асвятлялі стацыянарным лучніком (светачам). У нар. адзенні У.П. захаваліся традыц. рысы, што выяўляюць агульнаслав. аснову. У жаночым адзенні найб. пашыранай была панёва-плахта, якую насілі з шарсцяным фартухом (запаскай). У больш ранні перыяд насілі 2 запаскі — спераду і ззаду. Кашуля мела ўзорны (часцей вышываны) дэкор на каўняры, рукавах, грудзях, унізе на падоле. Ва ўзоры дамінавалі буйныя расл. формы, якія ў познім сярэдневякоўі выцеснілі геаметрызаваны дробнараслінны арнамент. Жаночыя гарсэты ўпрыгожвалі аплікацыяй. У Прыпяцкім Палессі яны больш доўгія, прыталеныя, з шарсцяной тканіны, у Мазырскім — кароткія, з даматканага палатна ці фабрычнай тканіны (гл.Калінкавіцкі строй, Брагінскі строй, Турава-мазырскі строй, Давыд-гарадоцка-тураўскі строй). У керамічнай вытворчасці вядомы цэнтры па вырабе задымленага і паліванага посуду ў Парычах, Юравічах, Лоеве. Мясц. мазырскія гаворкі складаюць асобную групу паўд.-зах. дыялекту. Рэгіянальныя асаблівасці мае песенны фальклор: для вясельных напеваў У.П. ўласцівы святочна-прыўзнятыя лірычныя матывы.
Літ.:
Сержпутовский А. Очерки Белоруссии. СПб., 1907;
Сербов И.А. Поездки по Полесью 1911 и 1912 гг. Вильна, 1914;
Лексіка Палесся ў прасторы і часе. Мн., 1971;
Якімовіч Ю.А. Драўлянае дойлідства Беларускага Палесся, XVII—XIX стст. Мн., 1978;
Можейко З.Я. Песни белорусского Полесья. Вып. 1. М., 1983;
Тито в В.С. Историко-этнографическое районирование материальной культуры белорусов, XIX — начало XX ст.Мн., 1983;
Яго ж. Народная спадчына: Матэрыял. культура ў лакальна-тыпал. разнастайнасці’. Мн., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
блі́зкі, ‑ая, ‑ае.
1. Які знаходзіцца, адбываецца на невялікай адлегласці; проціл. далёкі. Вось-вось пакажацца сонца над блізкім лесам.Лынькоў.У блізкай вёсцы ўсхліпнуў, заспяваў гармонік.Бядуля.// Які мае невялікую працягласць у прасторы; кароткі. Усе [байцы] стралялі з блізкай дыстанцыі.Чорны.
2. Які аддзяляецца невялікім прамежкам часу. Свяціла сонца, .. зыркае і прамяністае: дыхала блізкаю вясною.Гартны.Яшчэ трымалася цеплыня над зямлёй, але чуліся блізкія халады.Чорны.Мацнела.. [Сашына] вера ў блізкую перамогу.Шамякін.
3. Звязаны пачуццямі сімпатыі, дружбы, кахання; дарагі. Зоня стала такой блізкай і каханай, што без яе не знойдзеш цяпер сілы жыць.Кулакоўскі.І ніколі так моцна, як у гэтыя моманты, не ныла.. [Крамарэвічава] душа па Алесі, Ганцы, Толю і ёй, добрай яго жонцы, такой блізкай і роднай жанчыне.Чорны./узнач.наз.блі́зкі, ‑ага, м.Праўду кажуць, пачуцці ў маўчанні глыбеюць. Блізкі блізкага гэтак паўней разумеюць.Лужанін.// Цесна звязаны з кім‑, чым‑н. Блізкі да дыпламатычных колаў.
4. Які мае кроўныя сувязі; родны. Дзецям нашым — самым блізкім кроўна — Мы даём жыццё навечна ў дар.Гілевіч./узнач.наз.блі́зкія, ‑іх, мн.Мае вы блізкія, мой бацька, маці. Як рад я кожнай вестачцы ад вас.Астрэйка.
5.перан. Добра вядомы, дарагі. Нам волжскі край стаў самым дарагім; І пах бароў, і шум вады вясенняй — Здаецца ўсё тут блізкім нам такім, На той зямлі, дзе нарадзіўся Ленін.Прыходзька./узнач.наз.блі́зкае, ‑ага, н.Лёгкі смутак па чымсьці неасэнсаваным, але блізкім, неабходным для жыцця і шчасця, крануў.. [Таццяніна] сэрца.Шамякін.
6. Падобны. Блізкія па значэнню словы. Блізкія тэмы.
•••
Блізкі свет; не блізкі свет; за блізкі светгл. свет.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)