помнік бел. агіяграфічнай л-ры 12—13 ст. (дайшоў спіс 14 ст.); адзін з найб. ранніх твораў гістарычнай прозы на Беларусі. Напісана царк.-слав. мовай стараж.-рус. рэдакцыі. Аўтар невядомы. У творы апавядаецца пра жыццё і культ.асветніцкую -дзейнасць Ефрасінні Полацкай, першай жанчыны на Русі, якую царква кананізавала ў святыя. У помніку паўстае вобраз настойлівай і самаахвярнай жанчыны, сапраўднай гераіні свайго часу, услаўляецца яе імкненне да ведаў і духоўнай дасканаласці. Літаратурны схематызм (вобраз Ефрасінні ідэалізаваны, пазбаўлены многіх індывід. рыс жывога чалавека) і дыдактычная рытарычнасць прыглушаюцца яркімі рэаліямі часу, жыццёвай праўдзівасцю апавядання, якое грунтуецца на сапраўдных гіст. фактах. Важнае месца ў творы займаюць дыялогі і маналогі-разважанні, якія памагаюць раскрыць унутр. свет герояў. У помніку ёсць цікавыя звесткі пра Полацк, яго культ. жыццё, побыт княжацкай сям’і. Твор спалучае некалькі літ. жанраў: гіст.-маст. біяграфію гераіні (жыціе), сціслае апісанне яе падарожжа ў «святую зямлю» (хаджэнне) і пахвалу. Рукапіс зберагаецца ў Расійскай нац. б-цы ў С.-Пецярбургу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАКА́ЗНІК,
участак прыроднай тэрыторыі, прызначаны для захавання і аднаўлення аднаго або некалькіх кампанентаў прыроды і падтрымання экалагічнага балансу; адзін з відаў асабліва ахоўных прыродных тэрыторый і аб’ектаў. На тэр. З. пастаянна або часова забаронены ці абмежаваны пэўныя віды гасп. дзейнасці, якія могуць пашкодзіць яго стану (узворванне зямель, асобныя віды лесакарыстання, палявання і рыбалоўства, касьба, выпас жывёлы, збор ягад, пладоў, кветак і інш.), у той жа час у З. могуць быць дазволены сан. высечка лесу, адлоў і адстрэл жывёл з навук. мэтамі, або для рэгулявання іх колькасці, лесапасадкі, рассяленне новых відаў жывёл, лесагасп. і інш. віды работ, турызм. Пл. З. ад некалькіх да сотняў тысяч гектараў, напр., Алма-ацінскі — 800 тыс.га (Казахстан), Верхнекандзенскі — 242 тыс.га і Кірзінскі — 120 тыс.га (Расія), Налібоцкі — 86 тыс.га (Беларусь).
На Беларусі (на 1.1.1998) створана 85 З. рэсп. значэння агульнай пл. 656 тыс.га і больш за 600 мясц. значэння. Асн. віды З.: ландшафтныя заказнікі, біялагічныя заказнікі, гідралагічныя заказнікі і палеанталагічныя. Першы З. — Белавежская пушча, створаны ў 1541 для аховы зуброў, з 1640 у ім забаронена высечка лесу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛАЦІ́СТЫЯ ВО́ДАРАСЦІ (Chrysophyta),
аддзел ніжэйшых раслін; прадстаўнікі фітапланктону. Каля 120 родаў. Больш за 400 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў прэсных водах; характэрны для кіслых вод сфагнавых балот; жывуць у морах і салёных азёрах, зрэдку ў глебе. Планктонныя, эпіфітныя, бентасныя арганізмы. З’яўляюцца важным звяном трафічнага цыкла вадаёмаў (першасныя прадуцэнты арган. рэчываў). На Беларусі 21 род, каля 50 відаў, напр., гіялобрыян, дынобрыян, кефірыян, маламонас, сінура, стэнакалікс, ураглена, урагленопсіс, хрызідаліс, тылахрызіс і інш.
Аднаклетачныя, каланіяльныя, радзей шматклетачныя арганізмы рознай формы. Рухомыя, плаваюць свабодна або прымацоўваюцца. Колер залаціста-жоўты, часам буравата-зялёны, радзей зеленавата-жоўты з-за хларафілу, жоўтых пігментаў (караціноідаў, фукаксанціну). Кветкі рознай формы, аднаядравыя, без цвёрдай абалонкі, некат. ў крэменязёмным лускавінкавым панцыры з іголкамі, шыпамі або ў «хатцы» (своеасаблівы панцыр). Маюць 1—2 (3—4) жгуцікі, скарачальныя вакуолі і вочка. Хларапластаў 1—2, пасценныя, карытападобныя. Запасныя рэчывы — хрызаламінарын і апей. Размнажэнне вегетатыўнае, бясполае (зааспорамі, аўтаспорамі), палавое (іза-, гола-, аўтагамія). Большасць відаў аўтатрофы, ёсць гетэратрофы. Пры неспрыяльных умовах утвараюць крамяністыя цысты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАПАВЕ́ДНЫЯ ТЭРЫТО́РЫІ,
участкі зямлі або воднай прасторы, якія выключаны з гасп. дзейнасці чалавека; катэгорыя ўсіх або часткі асабліва ахоўных прыродных тэрыторый і аб’ектаў. Размешчаныя ў межах З.т. прыродныя комплексы пэўнай навук. або культ. каштоўнасці маюць вял. значэнне для аховы і ўзнаўлення натуральных ландшафтаў, захавання генафонду жывёл і раслін. Асн. формы З.т.: батанічны сад, заказнік, запаведна-паляўнічыя гаспадаркі, запаведнікі, помнікі прыроды, прыродныя нацыянальныя паркі, рэзерваты.
Правобразам З.т. у старажытнасці былі свяшчэнныя рытуальныя гаі, крыніцы, прыватныя ці грамадскія паляўнічыя ўгоддзі (пушчы, бабровыя, ласіныя «гоны» і інш.). Адзін з першых запаведных лясных масіваў Еўропы — Белавежская пушча, першы нац. парк у свеце — Йелаўстонскі нацыянальны парк. У многіх краінах свету існуюць 1—3 нац. паркі, шмат дзярж., грамадскіх і прыватных запаведнікаў, напр., у Нідэрландах 988, у Францыі каля 3 тыс. запаведнікаў і заказнікаў. Агульная пл. буйных З.т. у свеце 2,4 млн.км! (каля 1,6% сушы).
На Беларусі (на 1.9.1997) існуюць Бярэзінскі біясферны запаведнік і Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік, 3 нац. паркі — Белавежская пушча, Браслаўскі і Прыпяцкі і 85 заказнікаў агульнай пл. 1192,9 га.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕНІ́ТНЫ РАКЕ́ТНЫ КО́МПЛЕКС,
сукупнасць функцыянальна звязаных баявых і тэхн. сродкаў для знішчэння паветраных цэлей зенітнымі кіроўнымі ракетамі (ЗКР); адзін з асн. сродкаў ППА. Сукупнасць функцыянальна і тактычна звязаных адзіным камандным пунктам З.р.к. утварае зенітную ракетную сістэму (ЗРС).
Распрацаваны ў канцы Вял.Айч. вайны, у 1950-я г. прыняты на ўзбраенне ў арміях СССР, ЗША і інш. Мае адну ці некалькі пускавых установак, сродкі выяўлення, апазнавання і цэлеўказання, а таксама кіравання ЗКР, тэхн. сродкі (трансп., рамонтныя і інш.) і крыніцы эл. сілкавання. Адрозніваюць наземныя і карабельныя З.р.к.; далёкага дзеяння (на адлегласці больш за 100 км), сярэдняй (ад 30 да 100 км) і малой (ад 10 да 30 км) далёкасці, бліжняга дзеяння (да 10 км); усепагодныя і неўсепагодныя; стацыянарныя і рухомыя (самаходныя, буксіравальныя і пераносныя). Падраздзяленні ППАУзбр. Сіл Беларусі забяспечаны З.р.к. малой далёкасці «БУК», блізкага дзеяння «ОСА-АКМ», а таксама ЗРС С-300 П (С-300-В), С-200-В («Вега») і інш.
З.А.Валевач.
Да арт.Зенітны артылерыйскі комплекс: зенітны пушачна-ракетны комплекс «Тунгуска-М».Зенітны ракетны комплекс БУК-М1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗІ́ЛЬБЕРТ (Фёдар Фёдаравіч) (7.9.1917, г. Тарту, Эстонія — 19.2.1986),
бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыў вучылішча прыгожых мастацтваў у г. Ліепая (1934), вучыўся на арх. ф-це Латвійскага ун-та (1936—39). На Беларусі з 1946. Адзін з арганізатараў эксперым. керамічнай лабараторыі ў Мінску (1959) і вытв-сці керамікі ў Барысаве (1963). Выкладаў у Бел.тэатр.маст. ін-це (1965—71). Сярод твораў: скульпт. кампазіцыі «Ураджай» (1947), «Гусляр», «Памром, але крэпасць не пакінем!» (абедзве 1956); партрэты Г.Цітовіча (1948), А.Міцкевіча (1955), барэльефы М.Сеўрука (1978), Я.Коласа (1981), «Сустрэча паэтаў Я.Райніса і Я.Купалы» (1982); падлогавыя вазы «Зубр» (1977), «Папараць» (1979); дэкар. пласты «Нацюрморт» (1977), «Макі» (1978), «Восень у садзе» (1979). Аўтар дыярамы «Абарона Брэсцкай крэпасці» (1957, з П.Дурчыным), дэкар. керамікі для інтэр’ера Музея нар. славы ў в. Іканы Барысаўскага р-на і інш.Іл.гл. таксама да арт.Брэсцкай крэпасці абарона 1941.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІГРЫ́ШЧА,
народнае зборышча з танцавальна-гульнявымі і тэатралізаванымі паказамі. Бярэ пачатак ад масавых забаў язычніцкай абраднасці. Мае глыбокія карані ва ўсходнеслав. фальклоры. Значную ролю ў вызначэнні характару І. адыгралі скамарохі. На Беларусі пашыраны ў паўн., усх. і цэнтр. раёнах, дзе паняцце і сам тэрмін «І.» часта выступае як сінонім вечарынак, вячорак. Асабліва характэрны для святочна-каляднага часу з яго «святымі» («крывымі») вечарамі, калі можна ўсё паказваць «шыварат-навыварат», у карнавалізаваным выглядзе. Таму на І. асаблівая роля належыць карнавалізаваным хаджэнням пераапранутых (хадзіць «у гусары», «у цыганы»), гульнявым паказам вяселля («Жаніцьба Цярэшкі», «Жаніцьба бахара»), парадзіраванаму пахаванню з амбівалентнасцю смерці — уваскрэсення ў танцы, гульні, смеху («Бабёр памёр, пашлі хараніць — ажну ён сядзіць...», «у вакно глядзіць, стаіць», «ажну ён за намі бяжыць!»), іншым розным гульням у фанты, выбару пары і інш. («Яшчур», «Халімон», «Зязюля»).
Літ.:
Финдейзен Н.Ф. Очерки по истории музыки в России с древнейших времен до конца XVIII в. Т. 1. М.; Л., 1928;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭРНЕ́Т (англ. InterNet),
сусветная сукупнасць камп’ютэрных сетак з адзінай адраснай прасторай. Забяспечвае свабодны абмен інфармацыяй паміж ЭВМ, якія звязваюцца паміж сабой на аснове спец. пагадненняў (пратаколаў) з выкарыстаннем глабальных рэсурсаў тэлекамунікацыйных сетак, у т. л. спадарожнікавай сувязі.
Распрацавана ў 1969 у ЗША пад назвай АРПАНЕТ як сістэма, здольная функцыянаваць у выпадку разбурэння большай сваёй часткі. І. карыстаюцца для перасылкі паведамленняў з дапамогай электроннай пошты, рассылкі навін па пэўных тэмах у выглядзе электронных лістоў, перадачы файлаў, прамога дыялогу паміж абанентамі і інш. У 1994—95 укаранёная сусветная размеркаваная база гіпертэкставых дакументаў WWW (ці Web, скар. ад англ. World Wide Web — літар. сусветная павуціна) значна пашырыла магчымасці І. і спрасціла доступ да інфарм. рэсурсаў. Пры далучэнні да І. карыстальнік можа прагледзець на экране змест любога сервера, незалежна ад яго месцазнаходжання, атрымаць доступ да кніг, газет, часопісаў, відарысаў музейных і выставачных экспанатаў, відэа- і кінафільма (у т. л. стэрэаскапічнага) і інш. з фондаў адпаведнага прадпрыемства, арг-цыі ці ўстановы навукі, культуры і адукацыі любой краіны свету. На Беларусі да І. далучаны рэгіянальныя і лакальныя камп’ютэрныя сеткі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІТАЛЬЯ́НСКАЯ КАМПА́НІЯ 1943—45,
баявыя дзеянні ўзбр. сіл Вялікабрытаніі і ЗША супраць ням.-фаш. і італьян. войск на тэр. Італіі ў 2-ю сусв. вайну. Пачалася з высадкі англа-амер. войск 10.7.1943 на в-аў Сіцылія. Да канца жн. 1943 яны авалодалі Сіцыліяй, 3 вер. высадзіліся на Пд Апенінскага п-ва. Працяглыя баі адбыліся на ўмацаванай лініі па рэках Гарыльяна і Сангра, у т. л. 17.1—4.6.1944 каля горнага кляштара Монтэ-Касіна (за 150 км на ПдУ ад Рыма), дзе вызначылася польская Андэрса армія. У гэтай арміі было нямала беларусаў і ўраджэнцаў Зах.Беларусі. Паводле наяўных звестак, у баях каля Монтэ-Касіна загінулі 264 беларусы з 1078 забітых вайскоўцаў Андэрса. 4.6.1944 саюзныя войскі занялі Рым. 17 жн. — г. Фларэнцыю. Паўн. Італія вызвалена саюзнікамі з дапамогай італьян. партызан у выніку Паўн.-Італьян. аперацыі (крас.—май 1945), якая завяршылася 2.5.1945 капітуляцыяй ням.-фаш. войск у Італіі. Агульныя страты ням.-фаш. войск склалі 536 тыс.чал., саюзнікаў — 320 тыс.
Літ.:
Заварошкін У. Монтэ-Касіна: Трыумф і трагедыя // Бел. мінуўшчына. 1995. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗАКО́Ў (Барыс Іванавіч) (н. 30.5.1937, г. Балахна Ніжагародскай вобл., Расія),
бел. жывапісец і мастак тэатра. Засл. дз. маст.Беларусі (1991). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1964), у 1969—73 выкладаў у ім. У 1964—69 мастак Бел.рэсп.т-ра юнага гледача, дзе аформіў спектаклі «Яны і мы» Н.Далінінай, «Варшаўскі набат» В.Карастылёва, «Зорка Венера» М.Алтухова і Б.Бур’яна, «Вялікі канспіратар» А.Кузняцова і інш. У Магілёўскім абл.драм. т-ры аформіў «Каварства і каханне» Ф.Шылера і «Мільянерка» Б.Шоу. Працуе ў жанрах тэматычнай карціны, партрэта, пейзажа, нацюрморта. Сярод твораў: «Яблыня» (1974), «У майстэрні» (1975), «Рака», «Таня» (абодва 1976), «Атака», «Чорны грузд» (абодва 1979), «Лазневы дзень» (1981), «У Сяргеевічах» (1982), «Вяртанне дадому» (1983), «Карміліца» (1985), «Восень у садах вёскі, якая знікла», (1988), «Хлеб» (1991), «У канцы стагоддзя» (1991—98); серыі «Поры года» (1980—84), «Падлетак» (1986—88); трыпціх «Дарогі, па якіх ніхто не ходзіць» (1987—91), партрэты бел. і рус. вучоных для залы пасяджэнняў НДІ глебазнаўства і аграхіміі ў Мінску (1982) і інш.