СУ́ХЭ-БА́ТАР Дамдзіны (Сухбаатар; 2.2.1893, каля г. Улан-Батар — 22.2.1923),
мангольскі ваен. і дзярж. дзеяч; адзін з кіраўнікоў Мангольскай нацыянальна-дэмакратычнай рэвалюцыі 1921. З 1912 служыў у войску Манголіі Знешняй; за мужнасць у баях супраць кіт. войск атрымаў ганаровае найменне Батар (волат, герой). У 1919 далучыўся да рэв. гурткоў, на аснове якіх у 1920 створана Манг.нар. партыя (МНП). З 1922 чл.ЦК МНП, у 1923 канд. у чл. Прэзідыума ЦК МНП. З 1921 ваен. міністр часовага, потым пастаяннага Нар. ўрада Манголіі, адначасова галоўнакамандуючы Манг.нар. арміяй (МНА). Камандаваў атрадам МНА, які перамог кітайцаў у баі за Маймачэн (18.3.1921). Удзельнічаў у паходзе сав.Чырв. Арміі супраць белагвардзейцаў Р.Ф.Унгерна фон Штэрнберга і вызваленні ад іх Ургі. У сав. і манг. гістарыяграфіі да 1990-х г. С.-Б. лічыўся адзіным стваральнікам МНП і кіраўніком манг. рэвалюцыі.
Літ.:
Рощин С.К. Политическая история Монголии (1921—1940 гг.). М., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СХО́ВІШЧА,
спецыяльна абсталяванае збудаванне, памяшканне, месца ў будынку ці ў інш. аб’екце для захоўвання, зберагання, укрыцця чаго-небудзь. 1) У сельскай гаспадарцы С. выкарыстоўваюць для захоўвання бульбы (бульбасховішчы), сенажу (сянажныя сховішчы), сіласу (сіласасховішчы), коранеклубняплодаў (найпрасцейшыя — капцы).
С. для агародніны — наземныя або заглыбленыя будынкі, збудаванні для захоўвання буракоў, морквы, капусты, цыбулі і інш. Сцены іх робяць з бетонных блокаў, уцепленых жалезабетонных панэлей, цэглы, каменю. Для аховы ад прамярзання сцены і дах уцяпляюць, у заглыбленых — абвалоўваюць зямлёй. Для належнага рэжыму захоўвання С. абсталёўваюць сістэмамі вентыляцыі, аўтам. тэрмарэгулятарамі.
2) Ва ўстановах культуры С. — асобыя памяшканні ў архіве, бібліятэцы, музеі для захоўвання рукапісаў, рэдкіх кніг, калекцый і да т.п., а таксама гэтыя ўстановы як цэнтры сабраных каштоўнасцей.
3) Укрыцце ад снарадаў, бомбаў, атрутных рэчываў і інш., спецыяльна збудаванае або абсталяванае ў падвалах жылых і грамадз. будынкаў з трывалымі перакрыццямі і сценамі (гл.Сховішча ваеннае).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЯМ’Я́ МОЎ,
групоўка моў, якія ўтварыліся ў выніку бесперапыннай, але неаднолькавай на розных тэрыторыях эвалюцыі адной агульнай прамовы. С.м. лічаць індаеўрапейскія, іберыйска-каўказскія, фіна-угорскія, цюркскія, семіцкія групоўкі моў (пра кожную гл. асобны арт.). Мовы, што ўваходзяць у адну С.м., лічацца роднаснымі (гл.Роднасць моў). Па ўнутр. іерархічнай структуры С.м. можа быць адна- ці шматступеннай у залежнасці ад таго, ці існавалі на шляху эвалюцыі больш прыватныя, прамежкавыя прамовы. Напр., раманскія мовы адносяцца да першага тыпу, бо бяруць пачатак ад нар. латыні; славянскія — да другога, паколькі паміж правасл. і сучаснымі слав. мовамі існавалі прамовы зах.-слав., усх.-слав., паўд.-славянская. Групоўка моў можа быць аднесена да С.м., калі паміж адзінкамі іх сістэм (фанем, марфем і інш.) назіраюцца рэгулярныя суадпаведнасці. Пошукамі такіх суадпаведнасцей займаецца параўнальна-гістарычнае мовазнаўства. Гл. таксама Класіфікацыя моў, Мовы свету.
Літ.:
Сравнительно-историческое изучение языков разных семей. М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЯНА́ЖНАЕ СХО́ВІШЧА,
збудаванне для нарыхтоўкі і захоўвання сенажу. Корм з адна- і шматгадовых траў, правялены і здробнены, захоўваюць у вежавых (вертыкальных) і траншэйных (гарызантальных) сховішчах.
С.с. верт. тыпу (сянажная вежа) бывае з верхняй выгрузкай корму (робіцца з металу, зборнага жалезабетону, цэглы) і з ніжняй выгрузкай (метал. зварныя, драўляныя з поліэтыленавым чахлом). Вежы будуюць на тэр. ферм пераважна зборнымі з метал. лістоў або бетонных блокаў, зманціраваных на маналітным фундаменце. Іх аснашчаюць тэхн. сродкамі для загрузкі, размеркавання, ушчыльнення і выгрузкі кармоў. Гарыз. С.с. — заглыбленыя, паўзаглыбленыя і наземныя бетанаваныя траншэі. Бываюць адна- і шматсекцыйныя, праязныя і непраязныя, з паветранепранікальнымі сценамі і стыкамі. На фермах найчасцей выкарыстоўваюць наземныя траншэі.
Літ.:
Батищев В.Д. Механизация приготовления силоса и сенажа. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТА́ЙНАЯ ЭКСПЕДЫ́ЦЫЯпры Сенаце,
цэнтральная следчая і суд. па паліт. справах дзярж. ўстанова ў Расіі ў 1762—1801. Створана Кацярынай II пры 1-м дэпартаменце Сената замест скасаванай у лют. 1762 Канцылярыі тайных і вышуковых спраў (Тайнай канцылярыі). Знаходзілася ў Петрапаўлаўскай крэпасці Пецярбурга, мела кантору ў Маскве (на Лубянцы). Т.э. афіцыйна ўзначальваў ген.-пракурор Сената, яго памочнікам і фактычным кіраўніком спраў быў обер-сакратар (у 1762—93 вядомы сваёй жорсткасцю С.І.Шашкоўскі). Т.э. праводзіла следствы і суды па важных паліт. справах для разгляду найб. значных з іх (спроба падпаручніка В.Я.Міровіча вызваліць са зняволення б. імператара Івана VI у 1764, маскоўскі бунт 1771, справы Е.І.Пугачова, А.М.Радзішчава, І.Касцюшкі і інш.). Пры Т.э. ствараліся часовыя следчыя камісіі. Следства часта суправаджалася катаваннямі. Т.э. скасавана Аляксандрам I 14.4.1801.
Літ.:
Рууд Ч. Степанов С.Фонтанка, 16: Политич. сыск при царях. М., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАМПЛІЕ́РЫ (франц. templiers ад temple храм), храмоўнікі,
ваенна-манаскі ордэн, заснаваны ў 1119 у Іерусаліме франц. рыцарамі. Назва ад месцазнаходжання першапачатковай рэзідэнцыі паблізу месца, дзе, паводле падання, знаходзіўся храм Саламона. Ордэн Т. засн. для абароны паломнікаў заваяваных крыжаносцамі краін ад мусульман. Дзякуючы ахвяраванням вернікаў, занятку гандлем і ліхвярствам, ён ператварыўся ў буйнейшага феадала і банкіра Б. Усходу і Зах. Еўропы. У 13 ст. колькасць рыцараў дасягнула 15 тыс. Папства неаднаразова выкарыстоўвала Т. у барацьбе з ерасямі і нар. паўстаннямі. Пасля правалу крыжовых паходаў Т. асталяваліся ў Еўропе, пераважна ў Францыі. Франц. кароль Філіп IV Прыгожы баяўся росту магутнасці Т., імкнуўся завалодаць багаццем ордэна, таму ў 1307 дамогся арышту Т. і ўзбудзіў супраць іх інквізіцыйны працэс. У 1310 рыцары абвінавачаны ў маніхействе і на чале з магістрам спалены на агні, а маёмасць ордэна перайшла ў каралеўскую казну. У 1312 папа Клімент V скасаваў ордэн Т.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТО́ЛЕР (Toller) Эрнст (1.12.1893, Шамоцын Куяўска-Паморскага ваяв., Польшча — 22.5.1939),
нямецкі пісьменнік; адзін з лідэраў экспрэсіянізму. Вучыўся ў Грэноблі (да 1914), у Гайдэльбергскім і Мюнхенскім ун-тах. За ўдзел у рэв. падзеях зняволены ў турму (1919—24). З 1933 у эміграцыі. Чалавек і рэвалюцыя — гал. тэма яго драм «Чалавек-маса» (1921), «Разбуральнікі машын» (1922), «Хінкеман», «Вызвалены Вотан» (абедзве 1923), «Гоп-ля, мы жывём» (1927), «Тушыць катлы!» (1930), «Пастар Галь» (1939). Аўтар зб. вершаў «Кніга ластавак» (1924), аўтабіягр. нататак «Юнацтва ў Германіі» (1933), кн. «Лісты з турмы» (1935), публіцыстыкі. У творах праблемы гуманнасці і жорсткасці, асобы і гісторыі, рэв. масы і яе правадыра, небяспекі нацызму; для іх характэрны абстрагаваныя вобразы-сімвалы, гратэск, настроі адзіноты, бездапаможнасці, катастрафізму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРАІ́СТЫ САЮ́З 1882 (ням. Dreibund),
ваенна-паліт. блок Германіі, Аўстра-Венгрыі і Італіі, які існаваў да 1 -й сусв. вайны. Склаўся на аснове аўстра-германскага дагавора 1879. Аформлены сакрэтным пагадненнем аб абароне (падпісаны 20.5.1882 у Вене на 5 гадоў) паміж Аўстра-Венгрыяй, Герм. імперыяй і Італіяй. Прадугледжваў узаемную ваен. падтрымку бакоў у выпадку магчымага нападу на адзін з іх Францыі ці Расіі, абавязацельствы не ўдзельнічаць у саюзах, скіраваных супраць аднаго з удзельнікаў дагавора, і інш. Быў важным элементам у сістэме знешнепаліт. саюзаў О. фон Бісмарка. У 1887 і 1891 дагавор прадоўжаны і дапоўнены палажэннямі на карысць Італіі. У процівагу яму ў 1904—07 утварылася Антанта. Т.с. часткова страціў значэнне пасля заключэння ў 1902 італа-франц. дагавора аб нейтралітэце, канчаткова ён распаўся на пач. 1-й сусв. вайны, калі Італія абвясціла свой нейтралітэт (1914), а потым уступіла ў вайну на баку Антанты (1915).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРЫЯЛЕ́Т (франц. triolet ад італьян. trio трое),
цвёрдая вершаваная форма; васьмірадковая страфа, у якой адзін радок паўтараецца тройчы (1-ы, 4-ы, 7-ы). Пачынаецца і заканчваецца тым жа двухрадкоўем. Мае 2 рыфмы (абааабаб ці аббабааб).
Узнік у 15 ст. ў Францыі як скарочаная форма рандэля. У рус. паэзіі з’явіўся ў пач. 19 ст. (М.Карамзін), потым амаль стагоддзе не ўжываўся, адрадзіўся ў 20 ст. ў паэзіі К.Фофанава, К.Бальмонта, В.Брусава.
У бел. паэзію Т. увёў М.Багдановіч («Мне доўгае расстанне з Вамі...», «... Дзераўлянае яечка», «... Калісь глядзеў на сонца я»):
Калісь глядзеў на сонца я.
Мне сонца асляпіла вочы.
Ды што мне цемень вечнай ночы,
Калісь глядзеў на сонца я.
Няхай усе з мяне рагочуць,
Адповедзь вось для іх мая:
Калісь глядзеў на сонца я.
Мне сонца асляпіла вочы.
Т. сустракаецца ў творах Х.Чэрні, Д.Бічэль-Загнетавай, Р.Барадуліна і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЫ́ГЕЛЬНАЯ ПЛА́ЎКАметалаў,
працэс атрымання металаў і іх сплаваў у тыглях; найстаражытнейшы спосаб плаўкі металаў (медзі, бронзы, пазней жалеза).
Вядома з 4 ст. да н.э. ў Індыі, Персіі, Сірыі і інш., дзе выкарыстоўвалася для вытв-сці каляровых металаў і сплаваў, а таксама высакаякаснай сталі (гл.Булат, Дамаская сталь). Пазней сакрэты Т.п. былі страчаны і адноўлены ў Еўропе англ. металургам Б.Гентсманам (1740) для пераплаўкі цэментаванай сталі (гл.Цэментацыя) ці крычнага жалеза (гл.Горан, Сырадутны працэс) у прысутнасці флюсу. Адкрыты П.П.Аносавым працэс газавай цэментацыі жалеза пры Т.п. дазволіў скараціць працягласць вытв-сці літай сталі. За час Т.п. чыстая метал. шыхта расплаўляецца ў закрытым тыглі, метал кіпіць і супакойваецца. Пры гэтым метал не кантактуе з пячнымі газамі, што выключае акісленне металу шкоднымі дамешкамі. З укараненнем мартэнаўскага працэсу, канвертарнага працэсу і інш. Т.п. паступова страчвае сваё значэнне. Т.п. каляровых металаў выкарыстоўваюць у асн. у невял. ліцейных і рамонтных майстэрнях.