ПАЛЯВО́Й (Мікалай Аляксеевіч) (3.7.1796, г. Іркуцк, Расія — 6.3.1846),
рускі пісьменнік, крытык, журналіст, гісторык. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1831). Выдаваў час. «Московский телеграф» (1825—34, забаронены), у якім выступаў у абарону правоў купецтва, асуджаў дваранскую арыстакратыю за адсутнасць нац. пачуцця, асн. умовай прагрэсу краіны лічыў пашырэнне асветы. Аповесць «Сімяон Кірдзяпа. Руская быль XIV ст.» (1828, апубл. 1832), раман «Клятва каля труны Гасподняй» (1832), п’есы «Дзядуля рускага флоту» (1838), «Кастрамскія лясы» (1841, пра Івана Сусаніна) і інш. на гіст. тэматыку. У аснове аповесцей «Жывапісец», «Асалода вар’яцтва» (абедзве 1833), «Эма» (1834) і інш. канфлікт «мары» і «рэальнага жыцця» ў духу рамантызму. «Гісторыя рускага народа» (т. 1—6, 1829—33, незавершана) палемічна скіравана супраць «Гісторыі дзяржавы Расійскай» М.Карамзіна. Аўтар вершаў, рамана «Абаддона» (1834), празаічнага перакладу «Гамлета» У.Шэкспіра (1837), артыкулаў пра рус. і замежную л-ру, на сац.-эканам. тэмы і інш.
Тв.:
Избр. произв. и письма. Л., 1986;
Избр. историческая проза. М., 1990;
Клятва при Гробе Господнем. М., 1994;
История русского народа. Т. 1—3. М., 1997.
Літ.:
Шикло А.Е. Исторические взгляды Н.А.Полевого. М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАМАЛО́ГІЯ (ад лац. pomum плод + ...логія),
навука пра сарты пладовых і ягадных раслін; раздзел пладаводства. Вывучае марфал., біял., агратэхн. асаблівасці ў розных глебава-кліматычных і эканам. умовах, гасп. якасці і паходжанне сартоў з мэтай адбору лепшых для селекцыі і вытв. вырошчвання, займаецца іх класіфікацыяй, пытаннямі раянавання, інтрадукцыі. Цесна звязана з батанікай і селекцыяй.
Засн. ў канцы 18 ст. А.Ц.Болатавым. Уклад у развіццё П. зрабілі І.У.Мічурын, В.В.Пашкевіч, М.В.Рытаў, Л.П.Сімірэнка, А.С.Грабніцкі, С.С.Рагозін, таксама ням. вучоныя І.Г.К.Обердык, А.Дыль, К.Кох, Э.Лукас і інш.
На Беларусі станаўленне П. (з канца 19 ст.) звязана з працамі Рытава, Пашкевіча, А.Р.Валузнёва, А.М.Іпацьева, А.Я.Сюбарава, Э.П.Сюбаравай, якія сабралі унікальныя калекцыі сартоў. Сістэм. даследаванні вядуцца з 1925—30-х г. у Бел.НДІ пладаводства (гал. каардынатар, мае каля 3000 сортаўзораў пладовых і ягадных культур), таксама ў Гродзенскім занальным НДІ сельскай гаспадаркі, на Брэсцкай дзярж.абл.с.-г. доследнай станцыі і дзярж. сортаўчастках у кожнай вобласці.
Літ.:
Пашкевич В.В. Общая помалогия, или Учение о сортах плодовых деревьев. Л.;
атрад птушак. Вядомы з міяцэну (каля 17 млн.г. назад). 1 сям., 7 падсям., 69 родаў, 324 віды. Пашыраны пераважна ў трапічнай і субтрапічнай зонах. Жывуць на дрэвах; гнёзды ў дуплах, расколінах скал, норах. Трымаюцца статкамі. Многія віды здольныя пераймаць чалавечую гаворку (ара, жако, какаду і інш.). Добра пераносяць няволю, многія віды аматары трымаюць як дэкар. птушак (на Беларусі — да 30 відаў: неразлучнікі, амазоны, какаду, жако, хвалістыя папугайчыкі і інш.). 27 відаў у Чырв. кнізе МСАП.
Даўж. ад 9,5 см (дзятлавыя П.) да 1 м (ара гіяцынтавы), маса адпаведна ад 10 г да 1 кг. Апярэнне пераважна яркае, стракатае. Галава вялікая, шыя кароткая. У многіх відаў на галаве чубок. Дзюба высокая, выгнутая, моцная; наддзюб’е рухома сучленена з лобнымі касцямі. Крылы закругленыя, дужыя. 1-ы і 4-ы пальцы на нагах павернуты назад. Пераважна расліннаедныя, часам спажываюць жывёльны корм. Манагамы. Нясуць 2—5 яец (зрэдку да 12). Гл. таксама Лоры, Нестары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРФІ́РЫЙ (Porphyrios; каля 233—304),
грэчаскі філосаф, прадстаўнік неаплатанізму. Кіраваў філас. школай у Рыме. Вучань і аўтар жыццяпісу Плаціна, выдавец яго твораў, складальнік каментарыяў да многіх твораў Платона і Арыстоцеля. Аўтар прац у галіне рыторыкі, граматыкі, астраноміі, матэматыкі, логікі. Яго твор «Супраць хрысціян» — адзін з ранніх прыкладаў біблейскай крытыкі. Уласныя філас. погляды выклаў у кн. «Подступы да спасціжэння розумам», у трактаце «Устрыманне ад жывёльнай ежы». Іх аснову складаюць разважанні наконт ратавання і ачышчэння душы, вяртання да розуму (нусу) і прыпадабнення да бажаства праз «гносіс» — веды. Лічыў, што пазнанне Бога азначае самапазнанне. Раскрыццё чалавекам уласнай сутнасці, узыходжанне да ведаў аб сваёй асобе пачынаецца ад любові да самога сябе. Стваральнай, творчай функцыяй ён надзяляў душу, а не розум. Лічыў, што душа ў структуры чалавечага быцця займае месца паміж Богам і целам, яна характарызуецца свабодай і выбарам шляху, а таксама пэўнай няўстойлівасцю, таму што душа цягнецца да вышэйшага, але можа апускацца і да ніжэйшага. Філас. погляды П. паўплывалі на развіццё пазнейшага неаплатанізму, а працы сталі адной з крыніц ведаў аб філасофіі антычнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПЕ́СНЯ ПРА МАЙГО́ СІ́ДА»
(«El cantar de Mío Cid»),
помнік іспанскага гераічнага эпасу. Створаны каля 1140, дайшоў у адзіным няпоўным запісе 1307 (апубл. 1779). Гіст. аснову паэмы склалі падзеі Рэканкісты — барацьба іспанцаў з арабамі, якія захапілі Пірэнеі. Гал. герой — доблесны і мудры Сід (ад араб. сеід пан), гіст. прататыпам якога стаў кастыльскі военачальнік Радрыга Дыяс дэ Бівар, празваны Кампеадорам (воінам). У ідэалізаваным вобразе Сіда ўвасобіліся характэрныя рысы змагара за вызваленне радзімы ад маўраў, вернага каралю васала, абаронцы народа ад уціску феад. знаці. Дэмакратызм і народнасць «Песні...» выявіліся ў разнастайнасці яе тэматыкі (паліт., ваен., быт., сямейнай), адсутнасці гіпербалізацыі ў адлюстраванні людзей і падзей, выразнай і яркай мове, блізкай да народнай. Помнік значна паўплываў на далейшае развіццё ісп. л-ры. Вобраз Сіда знайшоў адлюстраванне ў творах П.Карнеля, М.Мачада-і-Руіса, навук. працах І.Гердэра.
Публ.:
Рус.пер. — Песнь о Роланде;
Коронование Людовика;
Нимская телега;
Песнь о Сиде;
Романсеро. М., 1976.
Літ.:
Смирнов А.А. Испанский героический эпос // История зарубежной литературы. 3 изд. М., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПЕ́СНЯ ПРА РАЛА́НДА»
(«Chanson de Roland»),
помнік французскага гераічнага эпасу. Дайшоў у некалькіх рэдакцыях, найб. ранняя і поўная — Оксфардская (каля 1065), упершыню надрук. ў Парыжы (1837). У аснове паэмы — рэальны гіст. факт разгрому баскамі ў Рансевальскай цясніне ў Пірэнеях ар’ергарда войск Карла Вялікага (778), які творча інтэрпрэтаваны фантазіяй спевакоў-сказіцеляў (жанглёраў) у велічную і трагічную карціну патрыят. подзвігу на славу «мілай Францыі». Эпічны вобраз Раланда, адважнага, мужнага, вернага воіна, які цаной свайго жыцця абараніў радзіму, караля, хрысц. веру ад маўраў-мусульман, проціпастаўлены ў паэме вобразу здрадніка Ганелона, што ўвасабляе свавольства. «П.п.Р.» вылучаецца шырынёй адлюстравання падзей, манументальнасцю вобразаў, напружаным драматызмам апавядання. Яе паэтыка блізкая да фальклорнай. Італьян. паэты Л.Пульчы, М.Баярда, Л.Арыёста ў сваіх творах перапрацоўвалі паданне пра Раланда ў духу гуманіст. ідэй Адраджэння.
Публ.: Рус.пер. — Песнь о Роланде; Коронование Людовика; Нимская телега; Песнь о Сиде; Романсеро. М., 1976.
Літ.:
Смирнов А.А. Французский героический эпос // История зарубежной литературы. 3 изд. М., 1978;
Волкова З.Н. Эпос Франции. М., 1984;
Михайлов А.Д. Французский героический эпос: Вопр. поэтики и стилистики. М., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРЭНЕ́І (ісп. Pirinéos, франц. Pyrénées),
горная сістэма на ПдЗ Еўропы, у Іспаніі, Францыі і Андоры. Працягласць 450 км ад Біскайскага зал. да Міжземнага м.Найб.выш. да 3404 м (пік Анета). П. — альпійская складкаватая сістэма. Найб. высокая восевая зона гор, складзеная крышт. парод. Характэрна чаргаванне высокіх платопадобных участкаў і скалістых вяршынь з рысамі плейстацэнавага зледзянення. Зах. П. — сярэдневышынныя горы, развіты вапнякі, карст; у цэнтры — пераважна крышт. пароды, альпійскія формы рэльефу, ледавікі (пл.каля 40 км²); на У хрыбты зніжаюцца, чаргуюцца з міжгорнымі ўпадзінамі. З П. бяруць пачатак рэкі Гарона, Адур і левыя прытокі р.Эбра. Важны кліматападзел (на Пн ад П. тэр. з умераным кліматам, на Пд з субтрапічным). На вільготных зах. і паўн. схілах, дзе выпадае 1500—2000 мм ападкаў, пераважаюць букавыя і піхтавыя лясы, субальпійскія хмызнякі і лугі. На паўд. схілах, дзе колькасць ападкаў зніжаецца да 500—750 мм, лясы з вечназялёных дубоў і зараснікі міжземнаморскіх хмызнякоў (маквіс, гарыга, таміляры). Радовішчы баксітаў, жал. руд. У гарах жывёлагадоўля, у далінах вінаградарства і садоўніцтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́ТКЭРН (Pitcairn),
уладанне Вялікабрытаніі ў паўд.-ўсх. частцы Ціхага ак., у Палінезіі. Пл. 46,5 км². Складаецца з 4 астравоў, у т. л.в-аў Піткэрн (пл. 4,5 км², адзіны населены). Нас.каля 50 чал. (2000), англа-палінезійскія метысы. Адзіны нас. пункт, адм. ц. — паселішча Адамстаўн. Афіц. мова — англійская. В-аў Піткэрн вулканічнага паходжання, выш. да 335 м, астатнія астравы каралавыя. Клімат і расліннасць субтрапічныя. Асн. занятак насельніцтва — земляробства. Вырошчваюць батат, ямс, тара, маніёк, хлебнае дрэва, дыні, гарбузы, бананы, цукр. трыснёг, бабовыя, кукурузу, цытрусавыя, ананасы і інш. Гадуюць коз і курэй. Рыбалоўства. Саматужная вытв-сць сувеніраў. Гал. крыніца даходаў — продаж мясц. паштовых марак, якія карыстаюцца вял. попытам у філатэлістаў. Марскія сувязі пераважна з Новай Зеландыяй. Грашовая адзінка — долар Піткэрна.
У старажытнасці П наведвалі палінезійцы. Адкрыты ў 1767 брыт. капітанам Ф.Картэрэтам. У 1790 на П. знайшлі прытулак 9 маракоў з мяцежнага брыт.ваен. карабля «Баўнці». Яны прывезлі з сабой некалькі палінезійскіх жанчын; іх нашчадкі складаюць сучаснае насельніцтва П. У 1839 абвешчаны брыт. калоніяй, да якой у 1902 далучана некалькі суседніх астравоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАДАВО́ДСТВА,
галіна раслінаводства, якая вывучае будову, заканамернасці росту і развіцця пладовых культур, займаецца іх вырошчваннем. Кірункі П.: гадавальнікаводства (вырошчванне пасадачнага матэрыялу пладовых культур; гл.Пладовы гадавальнік), уласна П. (вырошчванне семечкавых, костачкавых і арэхаплодных культур), ягадаводства (вырошчванне ягадных культур). Субтрапічнае П., вінаградарства і цытрусаводства звычайна разглядаюцца як самаст. галіны. У сусв. сартымент уваходзяць больш за 100 відаў і дзесяткі тысяч сартоў пладовых культур, найб. пашыраныя яблыня, масліна, груша, сліва. Агульная пл.каля 20 млн.га.
На Беларусі (1998) агульная плошча пладова-ягадных насаджэнняў усіх узростаў — 100,3 тыс.га, валавы збор пладоў і ягад — 350 тыс.т. Сучасны кірунак развіцця — інтэнсіўнае П., прадугледжвае выкарыстанне нізкарослых насаджэнняў (выш. 1,5—3 м), якія рана пладаносяць (на 2—3-і год), выкарыстанне плоскіх форм кроны дрэў, інтэграваных метадаў барацьбы з хваробамі і шкоднікамі і інш.Асн. пастаўшчыкі садавіны і ягад — гаспадаркі, дзе П. развіваецца паводле закончанага цыкла (ад вырошчвання да пастаўкі прадукцыі пакупнікам): «Рассвет», «Беражное» (Брэсцкая вобл), «Прагрэс» (Гродзенская вобл.), «Зубкі», «Клецкі» (Мінская вобл.) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛА́ТАЎ (Мацвей Іванавіч) (17.8.1751, станіца Старачаркаская Аксайскага р-на Растоўскай вобл., Расія — 15.1.1818),
расійскі ваен. дзеяч. Вайсковы атаман Данскога казацкага войска (з 1801), ген. ад кавалерыі (1809), граф (1812). Ганаровы д-р права Оксфардскага ун-та (1814). На ваен. службе з 1764. Удзельнік рус.-тур. войнаў 1768—74, 1787—91 і 1806—12, рус.-пруска-франц. вайны 1806—07. У пач. вайны 1812 камандзір «лятучага» корпуса 1-й арміі (у Гродне); адрэзаны ад яе франц. войскамі, далучыўся да 2-й арміі; прыкрываў яе адыход, атрымаў перамогі над напалеонаўскай кавалерыяй у Мірскім баі 1812 і каляв. Раманава (цяпер Леніна Слуцкага р-на). Пасля Смаленскай бітвы ўзначаліў ар’ергард аб’яднанай арміі. У час Барадзінскай бітвы 1812 зрабіў рэйд у тыл праціўніка. Восенню 1812 удзельнічаў у праследаванні адступаючай франц. арміі, у вызваленні Оршы, Талачына, Барысава і інш. Удзельнік замежных паходаў рускай арміі 1813—14.
Літ.:
Астапенко М.П., Левченко В.Г. Атаман Платов: Жизнеописание. М., 1988;