Ка́ркаць (пра крык варон), укр. каркати, рус. каркать ’тс’. Іншаславянскія паралелі маюць іншую фанетычную структуру і шэраг іншых значэнняў, якія суадносяцца толькі як гукапераймальныя: чэш. krkáti ’адрываць’, славац. kŕkať ’квакаць’, польск. karkać ’кудахтаць’, серб.-харв. kŕkati ’хлябтаць’, славен. kȓkati ’гудзець’ (аб пчолах). Агульная форма гэтых заходне- і паўднёваславянскіх слоў: kъrkati. Маюць бліжэйшую паралель у літ. kūrkti ’квакаць’. Што датычыцца ўсходнеславянскіх паралелей, то для іх нельга дакладна рэканструяваць архетып. Мы дапускаем karkati, якое цяжка суаднесці з kъrkati, з аднаго боку, і з літ. kar̃kti ’кудахтаць’, з другога; у якасці паралелі да апошняй літоўскай формы мы б чакалі бел. *карокаць і ўсх.-слав. паралелі з поўнагалоссем (Слаўскі, 2, 78).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Касцю́м ’касцюм’ (ТСБМ, БРС). Гэта слова сустракаецца і ў гаворках, куды яно патрапіла з літаратурнай мовы (параўн., напр., касцю́м, кусцю́м ’тс’ у Сл. паўн.-зах., 2, 435). Непасрэднай крыніцай запазычання для бел. літаратурнага касцюм трэба лічыць рус. костюм ’тс’. У рус. мову гэта слова трапіла, відаць, у канцы XVIII ст. прама з франц. costume (якое, акрамя ’касцюм’, мела таксама значэнне ’звычай, звычка’). Крыніцай франц. слова з’яўляецца італ. costume ’касцюм’, ’звычка’ (і, далей, лац. consuetudo ’звычка, звычай’). Як культурнае слова гэта лексема вядома ў многіх еўрапейскіх мовах. Гл. коратка ў Фасмера, 2, 349; падрабязна ў Шанскага, 2, К, 355. Параўн. яшчэ Слаўскі, 2, 529–530.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каха́ць ’мець вялікае сардэчнае пачуццё да асобы другога полу; любіць’. Ст.-бел. кохати (вядомае ў помніках ужо на пачатку XVI ст.) лічыцца запазычаннем з польск. kochać. Гл. Булыка, Запазыч., 173; Гіст. лекс., 94; Фасмер, 2, 356; Брукнер, 242; Бернекер, 1, 538; Кюнэ, Poln., 66; Слаўскі, 2, 311–313; Трубачоў, Эт. сл., 10, 110–111. Слова запазычана з польск. і ва ўкр. мове. Магчыма, прамым паланізмам трэба лічыць і каха́нне (< польск. kochanie). Здаецца, прасл. *koxati было ў прасл. часы дыялектным словам: яго не зналі бел. і ўкр. мовы. Адносна рус. коха́ть Трубачоў, там жа, мяркуе, што яно шырока прадстаўлена ў гаворках і, магчыма, з’яўляецца спаконвечнай лексемай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кашта́н дрэва сямейства букавых, якое дае плады ў выглядзе буйнога арэха; плод гэтага дрэва’ (ТСБМ, БРС, Касп.). Рус. кашта́н, укр. кашта́н ’тс’. Як сведчыць форма слова, непасрэдна кашта́н запазычана з польск. kasztan ’тс’ (параўн. Фасмер, 2, 215; Слаўскі, 2, 97–98; Шанскі, 2, К, 106). Для рус. мовы, як адзначае Фасмер, там жа, пасрэднікам запазычання, акрамя польск., магла быць і чэш. крыніца. Польск. і чэш. лексемы ўзяты з ням. kastāne, castane ’каштан’ (сёння Kastanie). У сваю чаргу ням. словы запазычаны з лац. castanea, якое паходзіць з грэч. κάστανον. Лічаць, што радзімай назвы каштана з’яўляецца Малая Азія (параўн. арм. kaskeni каштанавае дрэва’. Гл. яшчэ Брукнер. 222; Бернекер, 1, 492; Махэк₂, 245.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каўбаса́ ’кілбаса’ (БРС, Шат., Сцяшк.). Формы тыпу кілбаса (параўн. Нас.) запазычаны з польск. kiełbasa (гл. Слаўскі, 2, 143–144). Іншая форма, бел. каўбаса́ мае надзейныя адпаведнікі ў іншых слав. мовах. Параўн. рус. колбаса́, укр. ковбаса́, ст.-рус. колбаса, балг. кълба́са, с.-балг. клъбаса, славац. klbása, польск. kiełbasa. Агульнай праформай тут можа быць *kъlbasa. Адрозніваюцца па форме чэш. klobása, славен. klobása, серб.-харв. коба̀сица, klobasa. Этымалогія гэтых слав. слоў вельмі няпэўная. Паводле Слаўскага, 2, 144, няпэўным таксама з’яўляецца сам прасл. характар усёй групы слоў і трэба шукаць крыніцу запазычання (прапанаваліся ў якасці крыніцы цюрк. мовы, ст.-яўр., франц.). Агляд у Слаўскага, 2, 144, у Фасмера, 2, 286. Гл. яшчэ Шанскі, 2, 195.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ка́ўка ’галка’ (Касп., Сцяшк. МГ). Паводле Сл. паўн.-зах., 2, 439, запазычанне з польск. мовы. У якасці крыніцы выстаўляецца польск. kawka ’тс’. Для дзеяслова ка́ўкаць ’мяўкаць’, ’каркаць’ (Сл. паўн.-зах. прыводзіць іншую крыніцу — літ. kaūkti ’выць’ (гл. падрабязна пад ка́ўкаць). Але справа не такая простая. Паколькі гэта лексема гукапераймальнага характару (параўн. польск. kawa, kawka, укр. дыял. ка́ва, літ. kóvas ’галка, грак’, чэш. kavka, серб.-харв. kȃvka, славен. kȃvka і г. д.), то падобныя ўтварэнні могуць узнікаць незалежна ў розных мовах. Гл. агляд Трубачова, Эт. сл., 9, 165–166, які мяркуе, што прасл. *kavъka ўтворана ад *kava ’тс’. Гл. яшчэ Фасмер, 2, 152; Слаўскі, 2, 108–109.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кле́шчы1 ’шчыпцы для захопу і трымання гарачага металу, абцугі’ (ТСБМ, Бяльк., Мат. Гом., З нар. сл., КЭС, лаг., Жыв. сл., Нар. словатв., Яруш.). Укр. кліщі, рус. клещи ’тс’, балг. клещи, макед. клешти, серб.-харв. кле́шти, славен. kléšče ’тс’, польск. kleszcze, чэш. kleště, славац. kliešte, в.-луж. kléšče, палаб. kleštă ’тс’. Прасл. klešči вытворнае ад klěskati (гукапераймальнае) (Махэк, Slavia, 28, 2, 268; Махэк₂, 255) або да klěščiti ’сціскаць’ (Слаўскі, 2, 212). Гэтыя версіі ў аднолькавай меры ненадзейныя (параўн. Трубачоў, Эт. сл., 10, 21–22).

Кле́шчы2 ’драўляная частка хамута’ (ТСБМ, Мат. Гом., Бяльк., Касп., Маш., Маслен., КЭС, лаг., Сержп. Грам.). Гл. клешчы1.

Кле́шчы3 ’ўключыны’ (Мат. Маг.). Гл. клешчы1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бады́ль ’сцябло расліны’ (Сцяшк., Мат. Гродз., 1960), бады́лле ’сцяблы, сцяблы і лісце гуркоў’ (БРС; ДАБМ, 863), бадыллё (Сцяшк., Сцяшк. МГ, Бяльк.). Укр. бади́лля, баді́лля, бадило́ ’сцябло, сцяблы раслін’, рус. дыял. бады́ль ’сухое сцябло’, боды́ль, буды́ль. У аснове ляжыць *badylь (утварэнне суф. *‑ylь ад *badati ’калоць’, ітэратыўнай формы да *bosti *bodǫ). Параўн. яшчэ рус. бабылёк ’расліна Galeopsis tetrahit’ (іншая яе назва колю́тик), польск. badyl, badel ’сцяблы раслін’, серб.-харв. бадиљ і (з іншым суфіксам) ба̑даљ, род. скл. бадља ’калючая расліна’ (іначай сјекавац) і г. д. Брукнер, 10; Слаўскі, 1, 25; параўн. Фасмер, 1, 104; БЕР, 1, 62. Гл. таксама Трубачоў, Проспект, 40–41 (дзе праформа *bodylь з вакалізмам «о» не пераконвае).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Барада́. Рус., укр. борода́, польск. broda, каш. barda, broda, чэш. brada, ст.-слав. брада, балг. брада́, серб.-харв. бра́да, в.-луж., н.-луж. broda. Прасл. borda, і.-е. *bhardhā ’тс’ (вядомае толькі ў частцы і.-е. моў): прус. bordus, лат. bā̀rda, bârzda, літ. barzdà (з іншай суфіксацыяй), лац. barba, ст.-в.-ням. bart і г. д. Лічыцца ўтварэннем ад *bhar‑ ’быць вострым, рэзаць’. Бернекер, 72–73; Праабражэнскі, 1, 37; Фасмер, 1, 196; Брукнер, 40–41; Слаўскі, 1, 43; Траўтман, 27; Махэк₂, 62. Не абгрунтаваны версіі пра запазычанне слав. слова з герм. моў (так Педарсан, IF, 5, 72). БЕР, 1, 72, выстаўляе і.-е. праформу *bhor‑dhā (ад *bher‑dh‑ рэзаць, калоць’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ба́рва1 ’колер’ (БРС), ст.-бел. барва (Гіст. лекс., 116; Булыка, Запазыч., з XV ст.). Укр. ба́рва ’колер’ (з XVI ст.). З польск. barwa ’тс’ < с.-в.-ням. varwe (магчыма, праз чэш. barva; Брукнер, 17). Бернекер, 44; Слаўскі, 1, 28; Рыхардт, Poln., 33; Кюнэ, Poln., 43. Іншая версія: непасрэднае запазычанне з ням. мовы (Рудніцкі, 79; там і літ-pa), што, аднак, не вельмі пераконвае.

Ба́рва2 ’верхняе адзенне яркага колеру’ (Нас.). Ст.-бел. XVII ст.: ’верхняе адзенне, кафтан, святочная вопратка’ (Нас. гіст.; Булыка, Запазыч.). Укр. ба́рва ’форменнае адзенне; ліўрэя’ (з XVII ст.). Запазычанне з польск. barwa ’тс’ (па паходжанню тое ж самае, што і barwa ’колер’, гл. Брукнер, 17).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)