прылады, у якіх змены стану адчувальных элементаў пад уплывам аптычнага выпрамянення (святла) служаць для выяўлення і вымярэння гэтага выпрамянення. Пераўтвараюць энергію выпрамянення ў інш. віды энергіі (цеплавую, эл., мех. і інш.), больш зручныя для непасрэдных вымярэнняў.
Асн. параметры: парогавая адчувальнасць (найменшы паток выпрамянення, які можна зарэгістраваць на фоне ўласных шумаў), каэфіцыент пераўтварэння (звязвае зыходны паток з выхадным сігналам), спектральная характарыстыка (залежнасць адчувальнасці прылады ад даўжыні хвалі выпрамянення) і інш. Бываюць неселектыўныя (адчувальнасць слаба залежыць ад даўжыні хвалі ў шырокім дыяпазоне) і селектыўныя (спектральная характарыстыка мае адметныя максімумы ці мінімумы). Паводле механізму пераўтварэння адрозніваюць цеплавыя (паглынанне энергіі вядзе да павышэння т-ры адчувальнага элемента, у выніку чаго змяняюцца інш. яго параметры), фотаэлектрычныя (непасрэдна пераўтвараюць эл.-магн. энергію ў электрычную), фотахімічныя (гл.Святлоадчувальнасць фатаграфічная) і пандэраматорныя (гл.Пандэраматорнае дзеянне святла). П.а.в. выкарыстоўваюцца ў асн. вузлах аўтам. сістэм кіравання, радыё- і оптаэлектронных апаратаў, таксама ў спектраскапіі, квантавай электроніцы, астраноміі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСІХАЛАГІ́ЧНАЯ ШКО́ЛА ПРА́ВА,
кірунак прававой навукі, у якім права разглядаецца як прадукт рознага роду псіхал. установак, інстынктаў, эмоцый. Склалася ў пач. 20 ст. адначасова з паяўленнем псіхал. кірункаў у сацыялогіі і інш.сац. навуках. З пункту гледжання прадстаўнікоў П.ш.п., прычыны, якія абумоўліваюць існаванне і дзеянне права, карэняцца ў псіхалогіі асобы ці сац. групы, а не ў сац.-эканам. і паліт. умовах дзяржаўна-арганізаванага грамадства. Адзін з пачынальнікаў П.ш.п. — франц. сацыёлаг і правазнавец Г.Тард лічыў, што ў аснове ўсіх каштоўнасцей і норм, у т. л. прававых, ляжыць інстынкт пераймання. Найб. яркім прадстаўніком П.ш.п. быў рас. юрыст Л.І.Петражыцкі. У ням. л-ры пад уплывам фрэйдызму і бергсаніянства склалася канцэпцыя «прававога пачуцця», паводле якой гал. у праве з’яўляюцца судовыя рашэнні, у аснове якіх ляжаць інтуіцыя, падсвядомыя перажыванні, глыбінныя псіхал. ўстаноўкі суддзі, а не нормы права. У 1930-я г. гэта канцэпцыя, якая, парушаючы прынцып законнасці, пашырала т.зв. «свабоднае судзейскае гледжанне», была ўспрынята ў ЗША рэалістычнай школай права.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУДО́ЎКІН (Усевалад Іларыёнавіч) (28.2.1893, г. Пенза, Расія —30.6.1953),
расійскі кінарэжысёр, акцёр, тэарэтык кіно; адзін з заснавальнікаў сав. кінематаграфіі. Нар.арт.СССР (1948). Скончыў Маскоўскі ун-т (1914), у 1922—24 вучыўся ў Дзяржкінашколе. Першыя пастаноўкі — «Шахматная гарачка» (1925, разам з М.Шпікоўскім) і «Механіка галаўнога мозга» (1926). Стварыў этапную для сав. кіно трылогію: «Маці» (1926), «Канец Санкт-Пецярбурга» (1927), «Нашчадак Чынгісхана» (1928) з драм. масавымі сцэнамі, паэт. вобразамі, псіхал. распрацоўкай характараў. Сярод інш. фільмаў: «Просты выпадак» (1932), «Дэзерцір» (1933), «Перамога» (1938), «Мінін і Пажарскі» (1939, з М.Долерам), «Сувораў» (1941), «Адмірал Нахімаў» (1947), «Жукоўскі» (1950, з Д.Васільевым), «Вяртанне Васіля Бортнікава» (1953). Выступаў і як кінаакцёр. Распрацаваў сістэму работы з акцёрам і непрафес. выканаўцам паводле сістэмы К.Станіслаўскага. Аўтар кн. «Кінарэжысёр і кінаматэрыял», «Кінасцэнарый. Тэорыя сцэнарыя» (абедзве 1926), «Акцёр у фільме» (1934). Дзярж. прэміі СССР 1941, 1947, 1951.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ДАМ (Radom),
горад у цэнтр.ч. Польшчы, у Мазавецкім ваяводстве. Каля 250 тыс.ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Значны прамысл.цэнтр.Прам-сць: маш.-буд. (швейныя і пішучыя машынкі, тэлефоны і інш.), хім., гарбарна-абутковая, шкляная, харч. і харчасмакавая. Арх. помнікі 14—18 ст.
У раннім сярэднявеччы Р. знаходзіўся на гандл. шляху з Русі і ВКЛ ў Малапольшчу і Сілезію. Упершыню згадваецца ў 1155. Гар. права да 1350. З 15 ст. развіваўся як рамесніцкі цэнтр і месца з’ездаў шляхты. Тут была прынята Радамская канстытуцыя 1505. У 1767 у Р. паводле ініцыятывы рас. пасла М.Рапніна створана ген.Радамская канфедэрацыя пад кіраўніцтвам К.С.Радзівіла, скіраваная супраць караля і прыхільнікаў рэформ. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) пад уладай Аўстра-Венгрыі. З 1809 у складзе Варшаўскага герцагства, з 1815 — Польскага Каралеўства, з 1843 — Радамска-Келецкай (з 1867 Радамскай) губ. У 1939 акупіраваны ням. фашыстамі. Вызвалены ў 1945 войскамі 1-га Бел. фронту. У 1975—99 адм. цэнтр Радамскага ваяводства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЁН (франц. rayon ад лац. radius прамень),
1) тэрыторыя, вылучаная па якіх-н. прыкметах, асаблівасцях; у шэрагу выпадкаў адна з таксанамічных адзінак (гл.Фізіка-геаграфічнае раянаванне Беларусі). Часам ужываецца як сінонім рэгіёна.
2) У СССР была адной з адзінак адм.-тэр. падзелу ў сельскай мясцовасці, якая складала частку тэр. саюзнай (аўтаномнай) рэспублікі, краю, вобласці, аўт. вобласці, нац. акругі. Уключала тэр. сельскіх Саветаў, рабочых, курортных, дачных пасёлкаў і гарадоў раённага падпарадкавання. У гарадах Р. — адм.-тэр. адзінка з насельніцтвам больш за 100 тыс.чал. Падзел на Р. захаваўся ў краінах, якія ўтварыліся пасля распаду СССР (напр., Беларусь, Расія, Украіна). У БССР уведзены ў ліп. 1924 паводле пастановы 2-й сесіі ЦВКБССР 6-га склікання. У наш час на Р. падзяляюцца вобласці, а таксама гарады, дзе насельніцтва не менш як 100 тыс.чал. На 1.1.2001 у Рэспубліцы Беларусь 118 раёнаў (пра кожны былы і сучасны сельскі раён гл. асобны арт.). У некат. замежных краінах Р. — адм.-тэр. адзінка рознага парадку (напр., Парыжскі раён).
таджыкскі і персідскі паэт; заснавальнік паэзіі на мове фарсі. Паводле падання, быў аслеплены. Атрымаў схаласт. адукацыю, ведаў араб. мову. Праславіўся як спявак і музыкант-рапсод, магчыма, і як аўтар. Больш за 40 гадоў узначальваў плеяду паэтаў пры двары правіцеляў Бухары. Перад смерцю зазнаў ганенне, памёр у галечы. Дайшло каля тысячы яго двухрадкоўяў, цалкам — касыда «Маці віна» (933), аўтабіягр. «Ода на старасць» і каля 40 чатырохрадкоўяў (рубаі). Аўтар панегірыкаў, лірычных і дыдактычных твораў, паэм, у т. л. «Каліла і Дымна» (932, пер. з араб., збераглася ў фрагментах). У яго творах апяваецца радасць быцця, дружба, высакародства, каханне, хараство прыроды. Створаны ім стыль пераважаў у фарсімоўнай паэзіі да 11 ст. На бел. мову асобныя вершы Р. пераклаў С.Грахоўскі.
Тв.:
Рус.пер. — Стихи. М., 1964;
Лирика. М., 1969;
У кн.: Звезды поэзии. Душанбе, 1974.
Літ.:
Мирзоев А.М. Рудаки: Жизнь и творчество: Пер. с тадж.М., 1968;
Тальман Р.О., Юнусов А. Рудаки: (Указ. лит.). Душанбе, 1965.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫЖА́ЎКА,
урочышча ў Дзяржынскім р-не Мінскай вобл., на месцы б. вёскі Рыжаўка, жыхары якой у 1930-я г. былі расселены ў калгасы; месца масавай загубы яўрэяў у Вял.Айч. вайну. За 4 км на З ад Дзяржынска, 2 км ад чыг. ст. Койданава на лініі Мінск—Баранавічы. Сюды па пракладзенай ням. фашыстамі чыгунцы Койданава—Станькава з ліст. 1941 да кастр. 1943 эшалонамі (да 40 таварных вагонаў кожны) прывозілі яўрэяў з Берліна, Брэмена, Брэслаў, Гамбурга, Гановера, Кёльна, Штутгарта (Германія), Брно, Прагі (Чэхаславакія), Варшавы, Вены і інш. гарадоў Зах. Еўропы. У ахвяр забіралі каштоўнасці і распранутых расстрэльвалі на краі ям, потым падпальвалі. Паводленям. крыніц, толькі 1—3.3.1942 было расстраляна 3412 чал. У 10 магілах (даўж. 13—15, шыр. 4—5, глыб. 3 м) у кастр. 1944 выяўлены астанкі 10 541 чал. На месцы масавага расстрэлу помнік.
Літ.:
Трагедия евреев Белоруссии в годы немецкой оккупации (1941—1944): Сб. материалов и док. Мн., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ЙНСКІ САЮ́З 1806—13 (ням Rheinbund, франц. Confédération du Rhin),
аб’яднанне большасці герм. дзяржаў пад пратэктаратам Францыі ў перыяд напалеонаўскіх войнаў. Засн па патрабаванні франц. імператара Напалеона I паводле дагавора ад 12.7.1806 (падпісаны ў Парыжы) паміж Францыяй і 16 княствамі Зах. і Паўд. Германіі. Гэтыя княствы аддзяляліся ад «Свяшчэннай Рымскай імперыі» (6.8.1806 яна ліквідавана) і ўступалі ў ваен. саюз з Францыяй (абавязваліся паставіць апошняй у выпадку вайны 63 тыс. вайскоўцаў), становячыся фактычна яе васаламі. У большасці дзяржаў саюза быў уведзены і дзейнічаў Французскі грамадзянскі кодэкс 1804. Да 1811 далучыліся яшчэ 20 дзяржаў Зах., Сярэдняй і Паўн. Германіі (4 каралеўствы, 5 вял. герцагстваў і 11 герцагстваў, акрамя Прусіі і некалькіх малых дзяржаў). У 1808 ахопліваў пл. 325 800 км² з 14,61 млн. жыхароў, да 1811 скараціўся да 283 100 км² з 13,3 млн. жыхароў. Выкарыстоўваўся Напалеонам для забеспячэння франц. панавання ў Германіі. Распаўся пасля паражэння франц. войск у Лейпцыгскай бітве 1813.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЎВАЕНСАВЕ́Т РЭСПУ́БЛІКІ (РВСР),
Рэвалюцыйны ваенны савет Рэспублікі (з 28.8.1923 Рэвалюцыйны ваенны савет СССР), калегіяльны орган вышэйшай ваен. улады ў 1918—34. Створаны 6.9.1918 паводле пастановы ВЦВК ад 2.9.1918 аб пераўтварэнні Сав. рэспублікі ў ваен. лагер. Аб’ядноўваў функцыі Вышэйшага савета, Наркамата па ваен. і марскіх справах і яго калегіі (члены калегіі ўвайшлі ў склад РВСР). Старшыня РВСР адначасова ўзначальваў Наркамат па ваен. і марскіх справах і зацвярджаўся ВЦВК РСФСР (з 1923 СНКСССР). РВСР кіраваў дзейнасцю ўсіх органаў ваен. ведамства, будаўніцтвам узбр. сіл, распрацоўваў планы па абароне краіны і інш. Яму падпарадкоўваліся ўсе органы і кіруючыя асобы ваен. ведамства: Галоўнакаманд. ўзбр. сіламі рэспублікі, Усерас.гал. штаб, Палявы штаб РВС Рэспублікі (з лют. 1921 — штаб РККА), Вышэйшая ваен. інспекцыя, Усерас. бюро камісараў (пазней Палітаддзел і Палітупраўленне РВСР) і інш. Скасаваны 20.6.1934.
Старшыні: Л.Д.Троцкі (6.11.1918—26.1.1925), М В Фрунзе (26.1.1925—31.10.1925), К.Я.Варашылаў (6.11.1925—20.6.1934).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЎВАЕНСАВЕ́ТЫ, Рэвалюцыйныя ваенныя саветы (РВС),
вышэйшыя калегіяльныя органы ваен. улады і паліт. кіраўніцтва ў франтах, арміях, флатах і флатыліях у Сав. Расіі ў 1918—21 (на Д. Усходзе да ліст. 1922, у Сібіры да студз. 1923, на Зах. фронце да крас. 1924, у Сярэдняй Азіі да чэрв. 1926). Упершыню створаны на Усх. фронце паводле пастановы СНК ад 13.6.1918 у складзе каманд. фронтам і 2 камісараў. Прызначаліся з мэтай арганізацыі ваен. дзеянняў, кіраўніцтва, падрыхтоўкі і забеспячэння войск, парт.-паліт. і культ.-выхаваўчай работы. Мелі правы органаў сав. улады на тэр. дыслакацыі дадзенага аб’яднання; праводзіць мабілізацыю людскіх і матэрыяльных рэсурсаў на патрэбы фронту, забяспечваць рэв. парадак; у выпадку неабходнасці маглі ўмешвацца і адмяняць распараджэнні камандуючага і нават адлучаць яго ад пасады, аб чым павінны былі неадкладна рапартаваць вышэйстаячаму РВС. Непасрэдна РВС падпарадкоўваліся: штаб, рэв.ваен. трыбунал, палітаддзел, ваен. кантроль, нач. забеспячэння, нач. санітарнай службы і кіраўніцтва інспектараў родаў войск.