комплекс мерапрыемстваў дзяржаў-пераможцаў (СССР, ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі) па ліквідацыі наступстваў нацыянал-сацыялісцкага рэжыму ў Германіі і Аўстрыі пасля 2-й сусв. вайны. Паводле рашэнняў Крымскай канферэнцыі 1945 і Патсдамскай канферэнцыі 1945 прадугледжвалася знішчыць фаш. нацыянал-сацыялісцкую рабочую партыю Германіі, яе філіялы і падкантрольныя арг-цыі; распусціць усе нацысцкія ўстановы і не дапусціць іх адраджэння ў любой форме; прыцягнуць да адказнасці злачынцаў супраць міру і чалавечнасці і інш. На Нюрнбергскім працэсе асуджаны гал.ням.ваен. злачынцы, абвешчаны злачыннымі кіраўніцтва нацыянал-сацыялісцкай партыі, гестапа, СД і СС. Найб. актыўна і паслядоўна Д. праводзілася ў сав.акупац. зоне (Усх. Германія), дзе яна завяршылася ў сак. 1948 (напр., да жн. 1947 з розных органаў кіравання звольнена каля 500 тыс. актыўных нацыстаў). На З Германіі ва ўмовах «халоднай вайны» Д. з 1949 па даручэнні амер., брыт. і франц.акупац. адміністрацый працягвалі ўлады навастворанай ФРГ (да сярэдзіны 1950-х г. да адказнасці прыцягваліся 6,08 млн.чал., з іх большасць апраўдана). У Аўстрыі Д. завершана паміж 1948 (частковая амністыя) і 1957 (агульная амністыя б. нацыстаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУРА́ВІЧЫ, Старыя Журавічы,
вёска ў Рагачоўскім р-не Гомельскай вобл., на р. Гутлянка. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 42 км на ПнУ ад горада і чыг. ст. Рагачоў, 102 км ад Гомеля. 968 ж., 396 двароў (1997).
Вядомыя з канца 16 ст. як маёнтак у Рэчыцкім пав.ВКЛ. З 1772 у Рас. імперыі. У 1784 мяст. Быхаўскага пав. Магілёўскай губ. У канцы 19 ст. за 3 км ад Ж. узнікла вёска пад назвай Новыя Ж. У 1886—2179 ж, Ільінская царква, касцёл, сінагога, 2 гарбарныя майстэрні, штогод 4 кірмашы. У 1894 адкрыты школа, лячэбніца, аптэка, у 1905 — нар. вучылішча. З 1905 мяст. Рагачоўскага пав., 3200 ж. З 1924 цэнтр сельсавета. З 15.7.1935 мястэчка, з 27.9.1938 вёска. У 1924—31, 1935—56 цэнтр Журавіцкага раёна. З 14.8.1941 да 25.11.1943 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Ж. і раёне 2477 чал., вёску двойчы (1941, 1943) часткова спалілі. У 1971 у Ж. 1417 жыхароў.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Каля вёскі магіла ахвяр фашызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫГІМО́НТ КЕ́ЙСТУТАВІЧ (каля 1365—20.3.1440),
вялікі князь ВКЛ [1432—40]. Малодшы сын Кейстута, брат Вітаўта. У час барацьбы за ўладу паміж Вітаўтам і вял.кн.Ягайлам апошнім быў зняволены (1382—84). Удзельнік бітвы на Ворскле 1399, перагавораў і заключэння мірных дагавораў з Тэўтонскім ордэнам 1398, 1411, 1422 і 1431, уній Польшчы з ВКЛ, пачынаючы з 1401, Грунвальдскай бітвы 1410. Пасля смерці Вітаўта і абрання на трон ВКЛСвідрыгайлы ў 1432 удзельнічаў у змове супраць вял. князя. Пасля ўцёкаў Свідрыгайлы ў Полацк Ж. К. абвешчаны вял. князем ВКЛ. Яго ўладу прызналі Літва, Жамойць, Падляшша, Берасцейска-Драгічынская і Менская землі, прынёманскія воласці. Астатнія бел., укр. і рускія землі падтрымалі Свідрыгайлу, які замацаваўся ў Віцебску (гл.Свідрыгайлы паўстанне 1432—39). Каб залучыць на свой бок бел. і ўкр. феадалаў, Ж.К. выдаў прывілей 1434, пачаў вылучаць на дзярж. пасады літ. і бел. баяр, што выклікала незадавальненне буйных феадалаў і князёў. У апошнія гады панавання Ж.К. пачаў аддаляцца ад Польшчы і страціў яе падтрымку. Забіты ў Трокскім замку ў выніку змовы феадалаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛЬВЯ́НКА,
рака ў Брэсцкай і Гродзенскай абл., левы прыток р. Нёман. Даўж. 170 км. Пл. вадазбору 1940 км². Пачынаецца паміж вёскамі Лідзяны і Кулявічы Свіслацкага р-на, цячэ ў Ваўкавыскім, Пружанскім, Зэльвенскім і Мастоўскім р-нах. Асн. прытокі: Шчыба, Ружанка, Іванаўка, Сасва, Самараўка, Юхнаўка.
Даліна трапецападобная, яе шыр. ад 500 м да 3—4 км у ніжнім цячэнні. Пойма забалочаная, роўная, шыр. да 2,5 км, у сярэднім і ніжнім цячэнні 400—600 м. Рэчышча моцназвілістае, яго шыр. ў межань 15—20 м. На працягу 44,2 км каналізаванае: ад вытоку да в. Краскі Ваўкавыскага р-на (16 км) і на ўчастку за 2 км на Пн ад г.п. Зэльва — 2 км на Пн ад в. Ліхінічы Мастоўскага р-на (28,2 км). Берагі пясчаныя, стромкія і абрывістыя. Замярзае ў канцы снеж., крыгалом у сярэдзіне сакавіка. Жыўленне мяшанае. Сярэднегадавы расход вады ў вусці каля 11 м5/с. На рацэ вадасховішчы Зэльвенскае і Паперня, г.п. Зэльва, г. Масты (пры ўпадзенні Зальвянкі ў Нёман).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАНА́ЛЬНАСЦЬ ГЕАГРАФІ́ЧНАЯ,
1) на сушы — заканамерная і паслядоўная змена паясоў геаграфічных ад экватара да полюсаў (шыротная пояснасць), ад падножжа гор да вяршынь у залежнасці ад вышыні (вышынная пояснасць) і зон геаграфічных у межах гэтых паясоў. Шыротная пояснасць выклікана пераважна нераўнамерным размеркаваннем прамянёвай энергіі Сонца паводле геагр. шыраты. Вышынная пояснасць абумоўлена заканамерным для трапасферы паніжэннем т-ры (каля 0,6 °C на 100 м). У межах шыротнай і вышыннай пояснасці З.г. ўскладняецца мясц. адрозненнямі ва ўмовах увільгатнення, араграфічных і літалагічных асаблівасцей тэрыторыі, уздзеяннем цыркуляцый атмасферы і акіянічных цячэнняў. Найб. З.г. адлюстроўваецца ў занальнасці глеб, расліннасці, кліматычных асаблівасцей і інш. 2) У акіяне назіраецца менш выразная паверхневая (або шыротная), вертыкальная (або глыбінная да 1500—2000 м) і донная занальнасць. Найб. выразна З.г. шыротная праяўляецца да глыб. 100—150 м, дзе фарміруюцца асн. ўласцівасці Сусв.ак. пад уздзеяннем сонечнай энергіі. На фоне занальных назіраюцца прыродныя ўтварэнні азанальнага характару, якія могуць перасякаць некалькі зон (даліны рэк) або знаходзіцца ў розных зонах (балота і інш.) і пры гэтым захоўваць асабістыя ўласцівасці. Гл.арт.Азанальнасць, Азанальная расліннасць і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАРЫ́ЦКІ (Аляксей Аляксандравіч) (22.3.1911, г.п. Хоцімск Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 29.10.1987),
бел.паэт. Скончыў Маскоўскі ін-т замежных моў (1936). Першы зб. вершаў «Эпічныя фрагменты» (1932). Апавядальнасць, стрыманасць пачуццяў, лірызм, уменне раскрыць філас. сэнс у звычайных з’явах — асн. рысы яго паэзіі.’Найб. уласцівыя яму жанры эпічнай паэзіі — сюжэтна-лірычны верш, блізкі да балады (зб-кі вершаў і паэм «Дняпроўскае рэха», 1946, «Размова з сэрцам», 1961, «Мая асяніна», 1973, «Каля вячэрняга кастра», 1979, і інш.). У многіх вершах і паэмах адлюстраваны падзеі Вял.Айч. вайны. Аўтар паэм «Аповесць пра залатое дно» (1954), «Марыля» (1965), «На волю» (1969) і інш. У паэме «Вяртанне на Зямлю» (1964) паказаў імкненне чалавека да ведаў, да пазнання таямніц сусвету. Гумарыстычныя і сатыр. творы ў зб-ках «Пасылка ў рай» (1960), «Талоны на бяссмерце» (1974). Пераклаў на бел. мову паэму К.Данелайціса «Чатыры пары года» (1961), аповесці Г.Зэгерс «Чалавек і яго імя» (1958), Ю.Брэзана «Крыста» (1966) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСУХАЎСТО́ЙЛІВАСЦЬраслін,
эвалюцыйна замацаваная здольнасць раслін пераносіць абязводжванне і перагрэў тканак, што выклікаецца глебавай або паветранай засухай; генетычна абумоўленая прыкмета. Можа ўзмацняцца ў працэсе адаптацыі. Расліны падзяляюць на пайкілагідрыдныя, якія не здольны рэгуляваць свой водны рэжым (напр., імхі, сіне-зялёныя водарасці, лішайнікі, некат. віды папарацей), і гамеагідрыдныя, што могуць падтрымліваць сваю вільготнасць (б.ч. кветкавых раслін і с.-г. культуры). Найб. высокай З. валодаюць ксерафіты, да якіх належаць усе дзікарослыя расліны стэпаў, пустынь і паўпустынь. Некат. з іх, напр.сукуленты, вызначаюцца гарачаўстойлівасцю і здольны пераносіць т-ру да 60 °C і вышэй (большасць культурных раслін — мезафітаў — гінуць пры т-ры каля 45—48 °C). Устойлівасць раслін да засухі павышаюць спец. прыстасаванні, якія абмяжоўваюць выпарэнне вады з тканак (магутная каранёвая сістэма, драбнаклетачнасць, тоўстая кутыкула, апушэнне, васковы налёт і інш.). З. павялічваецца па меры развіцця раслін і змяншаецца на генератыўнай яго фазе. Сярод культ. форм найб. засухаўстойлівыя шафран пасяўны, гарбуз, проса, ячмень, сланечнік; менш вынослівыя пшаніца, авёс. Павышэнне З. с.-г. культур дасягаецца агратэхн. прыёмамі, накіраванымі на барацьбу з засухай, селекцыяй на высокую З., правільным севазваротам, угнаеннем глебы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНЯЯ ВІРГІ́НІЯ (West Virginia),
штат на У ЗША. Пл. 62,8 тыс.км². Нас. 1825,8 тыс.чал. (1996), гарадскога каля 45%. Адм. ц. — г. Чарлстан. Найб. гарады Хантынгтан і Уілінг. Большую ч.тэр. займаюць Апалачы і Алеганскае плато на З ад іх. Паверхня моцна парэзаная, паніжаецца з У (выш. да 1483 м) на З да даліны р. Агайо. Клімат умераны, цёплы і вільготны. Сярэдняя т-растудз. ад -1 да 5 °C, ліп. 23—25 °C. Ападкаў за год 900—1250 мм. Лясы займаюць ¾ тэр. штата. Гал. прыродны рэсурс — каменны вугаль, які здабываюць адкрытым і шахтавым спосабамі. Здабываюць таксама прыродны газ, нафту, вапняк, каменную соль. Буйная вытв-сць электраэнергіі на цеплавых электрастанцыях. Выплаўка чорных металаў, вытв-сцьпрамысл. абсталявання, угнаенняў, хім. валокнаў, сінт. каўчуку, харч. прадуктаў, буд. матэрыялаў. Лясная прам-сць, дрэваапрацоўка, вытв-сць мэблі. Вядучая галіна сельскай гаспадаркі — жывёлагадоўля. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, авечак, свіней. Птушкагадоўля. Пасевы пшаніцы, кукурузы, кармавых культур, тытуню. Садоўніцтва (яблыкі, персікі, вішні). Транспарт аўтамабільны, чыгуначны, рачное суднаходства па Агайо і яе прытоку Манангахіла. Значны рачны порт Хантынгтан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗУ́БАВЫ,
сям’я рускіх мастакоў. Фёдар Яўціхіевіч (?—1689), жывапісец. Працаваў у Аружэйнай палаце ў Маскве. Сярод твораў, што захаваліся: насценная размалёўка Наваспаскага манастыра ў Маскве, мініяцюры «Тлумачальнага евангелля» (1678), абразы. Іван Фёдаравіч (1667 — пасля 1744), гравёр. Сын Ф.Я.Зубава. Вучыўся іканапісу ў Аружэйнай палаце (1695—96) і гравюры ў А.Шхонебека (1703—05), з 1708 памочнік П.Пікара ў Маск. друкарні. У тэхніках разцовай гравюры і афорта пераважна па ўласных малюнках ствараў віды Пецярбурга, планы, партрэты і інш.: «Від сяла Ізмайлава. Выезд Пятра II на сакалінае паляванне» (1727—30), партрэт Пятра I (1721, з гравюры Я.Хаўбракена). Аляксей Фёдаравіч (1682 — пасля 1750), гравёр. Сын Ф.Я.Зубава. Вучыўся ў Аружэйнай палаце (1695—1700) і ў Шхонебека. Жыў у Пецярбургу, з 1732 у Маскве. Выканаў каля 100 аркушаў, сярод якіх партрэт Пятра 1 (1712), «Панарама Пецярбурга» (1716), «Баталія пры Грэнгаме» (1721). Яго творчасць паўплывала на развіццё жанру вядуты ў рус. мастацтве.
Да арт.Зубавы. І.Зубаў. Від сяла Ізмайлава. Выезд Пятра II на сакалінае паляванне 1727—30.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗЯСЛА́Ў ЯРАСЛА́ВІЧ (у хрышчэнні Дзмітрый; 1024—3.10.1078),
князь тураўскі і вял. князь кіеўскі, старэйшы сын Яраслава Мудрага. Княжыў у Тураве, напэўна, з 1042 (заснавальнік дынастыі Ізяславічаў), а ў 1052 атрымаў і пасад у Ноўгарадзе. Пасля смерці бацькі (1054) стаў вял. князем кіеўскім. У 1058 зрабіў паход і перамог заходнябалцкае племя голядзь. У 1067 з братамі Святаславам і Усеваладам ваяваў супраць полацкага кн.Усяслава Брачыславіча, удзельнік Нямігскай бітвы 1067. У час перагавораў каля Оршы вераломна захапіў Усяслава ў палон і адправіў у цямніцу ў Кіеў. У выніку нар. паўстання ў 1068 І.Я. скінуты з трона. У 1069 з дапамогай польск. караля Баляслава вярнуўся ў Кіеў, прагнаў Усяслава з Полацка і прызначыў на яго месца свайго сына Мсціслава Ізяславіча, а потым — Святаполка Ізяславіча. У 1073 вымушаны пакінуць Кіеў, у 1077 зноў захапіў кіеўскі трон. У Тураў на княжанне паслаў сына Яраполка Ізяславіча. І.Я. загінуў у міжусобнай барацьбе пад Чарнігавам. Адзін са складальнікаў «Рускай праўды». Віслыя свінцовыя пячаткі І.Я. выяўлены пры археал. раскопках у Ваўкавыску, Тураве, Брэсце.