Бу́бен1 ’бубен’. Рус. бу́бен, укр. бу́бен, бу́бон, чэш. buben, польск. bęben, серб.-харв. бу̑бањ і г. д. Прасл. *bǫbьnъ, *bǫbьniti. Словы гукапераймальнага паходжання, якія маюць паралелі ў іншых мовах (літ. bambė́ti, bam̃bti, грэч. βομβέω ’глуха гучаць’ і г. д.). Фасмер, 1, 226. Параўн. бу́бен2. Сюды бубні́ць, бубне́ць.

Бу́бен2 ’месца, высокае і беднае травастоем; балота, якое можна перайсці’ (Яшкін), бубён ’высокае месца; высокая і бедная травастоем паша’ (Яшкін), бу́бʼён ’голая прастора, без расліннасці’ (Клім.), бубен ’неўрадлівая, голая мясцовасць’ (Прышч.). Гэтага слова, здаецца, няма ў суседніх мовах. Параўн. толькі Бу́бен ’назва гары ў гуцулаў’ (Грабец, Nazwy, 133). Можна меркаваць, што гэта метафарычнае ўжыванне ў якасці геаграфічнага тэрміна слова бу́бен ’бубен’ (слав. *bǫbьnъ). Першапачаткова ’месца, выпуклае, як бубен’. Але не выключаецца і іншае тлумачэнне. Слав. *bǫbьnъ (гл. бу́бен1) звязана з асновай, якая азначае глухое гучанне. Таму можна думаць, што бу́бен ’высокае і голае ўзвышша’ ад *bǫbьnъ ’глухі гук’, *bǫbьneti ’глуха гучаць і да т. п.’ Адносна магчымасці такіх утварэнняў параўн. бел. буко́та ’ўзгорак’, ’глыбокае месца ў рацэ’ (гл.; там і слав. паралелі). Гл. Краўчук, БЛ, 1975, 7, 66.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Буры́ць1 ’руйнаваць’ (БРС, Шат., Нас., Бяльк., Касп.), ’распускаць вязанае’ (Жд.), бу́рыць ’разрываць, руйнаваць’ (КЭС, лаг.). Рус. бури́ть ’руйнаваць, кідаць і г. д.’, укр. бу́рити ’руйнаваць; моцна ліць, ліцца і г. д.’ У розных, але падобных значэннях і ў іншых славян: польск. burzyć, чэш. bouřiti, серб.-харв. бу́рити се і г. д. Звязана з слав. *burʼa (гл. бу́ра), Слаўскі, 1, 51; Мейе, RS, 2, 65; Махэк₂, 62 (лічыць *burʼa аддзеяслоўным утварэннем); Фасмер, 1, 244–245. Іначай (але паводле Фасмера, там жа, непераканаўча) Праабражэнскі, 1, 658 (рус. і ўсх.-слав. buriti < oboriti кантамінацыяй з бу́ря). Сюды ж адносіцца і бел. буры́цца ’абвальвацца’ (Нас., Касп., Жд.), бу́рнуць ’шпурнуць’ (Арх. Бяльк., слонім.), бурну́ць ’тс’ (Янк. III), бура́ць ’шпурляць, кідаць’ (Янк. III). Параўн. рус. бурну́ть ’шпурнуць, кінуць’, буря́ть ’кідаць, шпурляць, руйнаваць’.

Буры́ць2 ’мачыцца’ (Гарэц.), бу́рыць (Нас.), бурэ́ніць ’тс’ (Бяльк.), буры́ць ’моцна ліць ваду’ (Шат.). Рус. дыял. бури́ть, бу́риться ’тс’, бу́рила ’дзіця, якое ноччу мочыцца’. Развіццё значэння зразумелае з рус. дыял. лексікі: бу́ри́ть ’біць крыніцай, бурліць’; ’наліваць багата, праз край’ (→ ’мачыцца’). Усё да бу́ра, бу́ры́ць (гл.). Параўн. і ўкр. бу́рити ’моцна ліць, ліцца’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вурдала́к ’ваўкалак’ (КТС). Рус. вурдала́к лічыцца выключна кніжным словам, узнікшым у выніку недакладнай перадачы волкола́к, вуркола́к (Вінаградаў, ДСИЯ, 6, 9 і наст.; Трубачоў, Дополн., 1, 366; Шанскі, 1, В, 216); адсутнасць фіксацыі бел. слова ў народнай мове не дае падстаў для яго этымалагізацыі на мясцовай глебе і прымушае разглядаць як кніжнае запазычанне з рус. мовы. Аднак балг. іхцім. вурдала́ ’дрэнны чалавек, з якім цяжка знайсці агульную мову’ (калі гэта не запазычанне) і іншыя факты робяць праблематычным сцверджанне аб штучным паходжанні гэтага слова; хутчэй за ўсё гэта слова паўднёваславянскага паходжання (магчыма, уведзенае Пуцінным, гл. Вінаградаў, там жа), дзе яно можа суадносіцца з балг. върда́лям ’перакідаць, перакульваць’, як балг. въркола́к ’ваўкалак’ з върка́лям ’валяцца па зямлі’, што адлюстроўвае «тэхналогію» пераходу чалавека ў такі стан; параўн. перакі́нуцца (воўкам або інш. зверам), рус. о́боротень і пад. (Згодна ўяўленням палешукоў, такі чалавек мог стаць зверам, часцей за ўсё воўкам або зайцам, забіўшы нож у дрэва і перакуліўшыся цераз галаву ці пакачаўшыся па зямлі, КСТ). Менш верагодна вывядзенне гэтага слова з цюрк. obur‑da‑lak ’пражэрлівы’ ад кораня obur ’абжора’ (Дзмітрыеў, Лекс. сб., 3, 40).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вярхо́ўе1 ’частка ракі ля яе вытокаў’ (БРС, КТС), укр. верхівʼя, рус. верховье ’тс’. Усходнеславянская лексема (на астатняй слав. тэрыторыі слова мае іншыя значэнні; параўн. славен. vrhóvje ’горы’), утвораная ад vьrx‑ъ, дзе ‑ъ паходзіць з й < *‑ой; яго рэфлекс мы назіраем у пазнейшым суф. ‑ov‑ (Экерт, ВСЯ, 4, 104). Спачатку vьrxovьje абазначала ’верх чаго-небудзь’; ’вяршыня гары’, потым (ва ўсходніх славян) — ’месца на вяршыні, адкуль рака выцякае’ (Шанскі, 1, В, 69).

Вярхо́ўе2 ’першы ачос ільну’ (Касп.); ’нізкагатунковая пража з пачасся льну’ (Уладз.), вярхо́ўя ’горшы гатунак ільнянога валакна’ (Бяльк.); ’зрэб’е, ачоскі з атрапанага льну’ (Янк. II, III, барыс., Янк. Мат.), пін. вэрхо́вʼе ’зрэб’е’ (Шатал.). Рус. верховье: йонаўск. (ЛітССР), прэйл. (ЛатССР), пск., смал. ’першыя вычаскі’, таксама с.-урал. ’слой ільновалакна’, пск., йонаўск., прэйл. ’пража з першых вычасак’, йонаўск. ’палатно з гэтай пражы’. Бел. інавацыя. Да вярхоўе1 < прасл. vьrxovьje ’вярхі чаго-небудзь’.

*Вярхо́ўе3, вярхо́ўя (зборн.) ’вярхі дрэў’ (Бяльк.), укр. верхівʼя, польск. wierzchowie, славен. vrhǫ̑vje ’тс’, якое магло б быць другасным. Да вярхо́ўе1 < прасл. vьrxovьje ’вярхі, верхнія часткі чаго-небудзь’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Аса́ (БРС), асва (Гарэц., Нас., Др.-Падб., Яруш., Мядзв., Касп., Жд., Янк. БФ), асі́ны (БРС, Яруш.), асвінае (Жд.), асаед‑асвейнік (Інстр. II). Рус., укр., балг. оса, польск., славац., чэш. дыял., славен. osa, серб.-харв. о̀са, чэш. vosa, в.-луж. wosa, палаб. vȧsă. Ст.-рус., ст.-бел. оса, рус. дыял. осва ’тс’. Літ. vapsà, vapsvà, лат. wapsene, прус. wobse, ням. Wespe, лац. vespa (з метатэзай). Словы ўзыходзяць да і.-е. *u̯obhsā ’тс’, якое лічаць роднасным з коранем *u̯ebh‑ ’ткаць’. На агульнаславянскі характар беларускага слова ўказваў Булахаў, Курс суч., 144. Для этымалогіі гл. Фасмер, 3, 156; Траўтман, 342; Покарны, 117 а. Пачатковае v страчана ў сувязі з разуменнем яго як прыстаўнога ці па аналогіі з *ostr‑; выпадзенне ‑p‑ (Аткупшчыкоў, Из истории, 63) адносна ранняе, але так ці іначай звязана з тэндэнцыяй узыходзячай гучнасці. Беларускія, рускія і літоўскія формы з канчатковым ‑va старажытныя (Фрэнкель, 1196–1197), паводле Герца (Брян. гов., 1, 55), адлюстроўваюць стары суфікс; калі ўлічыць паралелі ўкр. мурашва, мушва, можна пагадзіцца з Атрэмбскім, 2, 89, у тым, што першапачаткова асва і пад. былі зборнымі назоўнікамі, параўн., аднак, вутва ’качка’ (КСТ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Асё́л. Рус. осёл, укр. осел, польск. osioł, серб.-луж. wosoł, чэш. osel, славац. osol, балг. осел, серб.-харв. осао, славен. ȏsel. Палаб. asål з с.-н.-ням. esel (Лер-Сплавінскі–Палянскі, 20). Ст.-слав., ст.-рус. осьлъ, ст.-бел. оселъ. Праслав. запазычанне з герм. (гоцк.) asilus < лац. asinus, збліжанае з утварэннямі на ‑ьlъ тыпу *kozьlъ, *orьlъ. Кіпарскі, Gemeinslav., 208; Стэндар–Петарсан, Slav.-germ., 133, 369, 534; Брух, Зб. Крэчмеру, 12; Мартынаў, Лекс. взаим., 98–99, дзе гл. іншую літаратуру. Лац. asinus і грэч. ὄνος праз фракійска-ілірыйскае пасрэдніцтва з неўдакладненай малаазіяцкай мовы (Вальдэ-Гофман, 1, 73); Траўтман, 14, дапускаў балта-славянскі характар слова (параўн. літ. ãsilas), аднак балтыйскія словы маглі быць запазычаны самастойна (Фасмер, 3, 157) ці з усходнеславянскіх моў (Фрэнкель, KZ, 63, 204), Буга (Rinkt., 3, 763–764) указвае на беларускую мову як крыніцу літоўскага слова. Думка Мейе, Études, 186; Сабалеўскага, ЖМНП, 1911, 5, 163, пра лац. asellus як крыніцу славянскага слова не сустракае падтрымкі. Беларускі фразеалагізм асёл маляваны, паводле Янкоўскага, БФ, 57, пайшоў ад вандроўных цыркаў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бажа́ць ’моцна жадаць, прасіць’ (Нас.), бажа́ць (быжа́ць) ’хацець, жадаць’ (Бяльк.). Ст.-бел. бажати ’прасіць’ (Нас. гіст.: бажати о помочь). Рус. бажа́ть, бажи́ть, бажа́нить, баже́нить, укр. бажа́ти, бажи́ти, бага́ти, багну́ти, багти, багчи, польск. zabagać, чэш. bažiti se, zabahnouti. Вельмі няяснае слова. Знаходзяць сувязь з грэч. φώγω ’пяку, смажу’, ст.-в.-ням. bahhan ’пячы’. Семантычная паралель: польск. prażyć ’абпальваць, смажыць, сушыць’, pragnienie ’моцнае жаданне’; літ. garas ’выпарэнне, пара; моцнае жаданне’. Бернекер, 38; Фасмер, 1, 104–105. Іншыя версіі: 1) *bažati — каузатыў да *bežati (Остэн–Закен, IF, 22, 312 і наст.; супраць Бернекер, 38 і наст.; Ільінскі, ИОРЯС, 23, I, 127 і наст.); 2) сувязь з бог і грэч. φαγετν есці’ (Ільінскі, там жа; супраць, Фасмер, 1, 105); 3) запазычанне з цюрк. (уйгур. bakarmak ’жадаць’) неверагодна; 4) bag‑ ’жадаць’ — метатэза з *gab‑ (параўн. літ. gobėti ’жадаць, вымагаць’, gobùs ’прагны, скнара’); Петарсан, 5 і наст.; Махэк, 28, 5) сувязь з *bogatъ (*bažati ’хацець багацця’, Голуб-Копечны, 67); 6) сувязь з *bag‑ ’чырвоны, багровы’ (*bažati ’чырванець ад жадання’, Голуб-Копечны, 67; параўн. таксама Брукнер, 19). Этымалогія застаецца няяснай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Піць1, пэ́тэ, пы́ты ’глытаць вадкасць’, ’выпіваць спіртныя напіткі’ (ТСБМ, Яруш., Шат., Сл. ПЗБ, ТС), сюды ж пітво́, піццё, піцье ’напітак’ (Касп., ТС), пі́цё ’выпіўка’, піццё ’пойла’ (Сл. ПЗБ), піток, піце́ц ’аматар выпіць’, піткі́ ’які прыемна піць’ (ТСБМ, Янк. 3., Мік., Гарэц.); піць ’склёўваць зерне ў каласах (пра птушак)’ (ТС), ’кляваць проса з мяцёлкі’ (Юрч. СНЛ). Укр. пи́ти, рус. пить, польск. pić, н.-луж. piś, в.-луж. pić, чэш. píti, славац. piť, славен. píti, серб.-харв. пи̏ти ’піць’, макед. пие ’тс’, ’курыць тытунь’, балг. пия ’тс’. Прасл. piti < і.-е. *pïH‑tēi̯ > ці *péi̯H‑tēi > pōi̯ > *pojiti > паіць: ст.-грэч. πῑνω ’п’ю’, лесбійск. πώνω, заг. лад. πῖθι, лац. bibo < *pibō ’п’ю’, алб. pi ’тс’, ірл. ibim, ст.-інд. píbati ’(ён) п’е’, pītás ’выпіты’, pítiṣ ’піццё’, ст.-прус. poi​eti ’піце!’, літ. puota ’выпіўка’, лат. pōtus ’выпіты; п’яны’ (Міклашыч, 246; Траўтман, 228; Фрэнкель, Balt. Spr., 37; Бязлай, 3, 44). Значэнне ’выціскаць сок з зярнят, вішань і пад. (пра птушак)’ — другасная беларуска-польская ізасема, гл. Цыхун, Бел.-польск. ізал., 147–148.

Піць2 ’нос’ (пін., Сл. Брэс.). Скарочаная форма ад пі́паць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Расе́я ’Расія, Вялікаросія’ (Байк. і Некр.); сюды ж Расейшчына ’тс’, расе́йскі ’расійскі, рускі’ (Байк. і Некр.), росе́йка ’прыежджая з Расіі’ (ТС). Параўн. рус. дыял. Росе́я, сіб. росе́ец, росе́йцы ’людзі, прышлыя з цэнтральнай Расіі’. Магчыма, запазычана з рускіх дыялектаў, а не праз пісьмовыя крыніцы, бо ў апошніх амаль не сустракаецца, не выключае і самастойнае ўтварэнне. Не нясе абражальнай семантыкі. Лічылася на Русі першасным, “народным” словам у адрозненні ад штучнай назвы Расія (Россия), што распаўсюджваецца ў Масковіі з пачатку XVI ст. як слова высокага стылю непасрэдна пад уплывам грэч. Ρως, Ρωσσία ў асяроддзі, дзе валодалі грэчаскай мовай, з патрыяршай канцылярыі ў Канстанцінопалі (Фасмер, 3, 505). Чаргаванне е/і, імаверна, залежыла ад націску і адпавядала фанетычнаму чаргаванню, пазней знікламу, параўн. Еўла́мпіяЛампе́я, рус. ли́лиябел. ліле́я, падобна, як Індыяіндзеец, маглі ўтварыцца асабовыя формы Расіярасе́ец, расе́йка; параўн. таксама варажы́цьварожэ́я, варажэ́йка, падары́цьпадарэ́йка ’жабрак’ і інш. (Сцяцко, Афікс. наз., 36, 37). Пэўнай мадэллю маглі паслужыць жаночыя імёны тыпу Саламея, Пелагея, Надзея, суадносныя з мужчынскімі імёнамі на ‑ей, накшталт Цімафей, Аляксей. Гл. падрабязней Кур’ян, Роднае слова, 2005, 4, 24.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сва́рка ‘спрэчка, якая суправаджаецца крыкам, шумам і пад.; лаянка’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Сл. ПЗБ), свар, сва́ра ‘тс’ (Нас.; ЛА, 3; Сл. ПЗБ), сва́рба ‘тс’ (Сцяшк., Сл. ПЗБ, Скарбы), свары́цца ‘спрачацца, крычаць; лаяцца’ (Нас., Касп., Ласт., Бяльк., Варл.), ст.-бел. сваръ (Альтбаўэр). Укр. сва́р(а) ‘сварка’, свари́тиса, рус. сва́ра ‘сварка, варожасць’, свари́ться, ст.-рус. сваръ ‘сварка’, сварити ‘спрачацца’, польск. swar, swarzyč sie, в.-луж. swar, swarić, н.-луж. swariś, палаб. svorĕt, чэш. svářit se, svár ‘сварка’, славац. sváriť sa, svár ‘тс’, славен. svȃr ‘ганьбаванне’, svaríti ‘ганьбаваць, перасцерагаць’, балг. сва́ра ‘сварка, спрэчка’, ст.-слав. сваръ ‘разлад, звадка, сварка’. Бліжэйшыя і.-е. адпаведнікі: ст.-ісл. svara ‘адказваць’, гоц. swaran ‘клясціся’, ст.-в.-ням. swerian ‘клясціся, гаварыць пэўна’, лац. sermo ‘размова’, нов.-в.-ням. Schwur ‘клятва’, гл. Траўтман, 296; Фасмер, 3, 569. Прасл. *svarь, *svara, *svariti ад і.-е. кораня *su̯er‑ ‘урачыста гаварыць’. Махэк₂ (594) *svariti спрабуе вывесці з *vaditi (гл. вадзіць) шляхам замены d на r у прыметніку *vadlivъ, адкуль гэтая змена распаўсюдзілася на назоўнік і дзеяслоў. Гл. таксама Борысь, 588–589; Шустар-Шэўц, 1383; БЕР, 6, 534; Бязлай, 3, 345.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)