інстытут духоўнай адукацыі ў ламаізме. Існавалі пераважна пры манастырах, радзей у форме індывідуальнага навучання. Рыхтавалі ламаў. Да паступлення ў манастыр навучанне грамаце, пач. культавым абрадам і малітвам вялося ламай у сям’і. З 6-гадовага ўзросту хлопчыка аддавалі ў манастыр паслушнікам, потым ён займаўся ў пач.рэліг. школе, дзе ўдасканальваўся ў пісьме і веданні культу, вывучаў паэтыку, стылістыку, сінаніміку і кампазіцыю тэксту, астралогію, асновы харэаграфіі і драмы (т. зв. «5 малых прадметаў»). Навучэнцаў знаёмілі таксама з «5 вялікімі прадметамі» (мовазнаўства, логіка, медыцына, філасофія, тэхналогія). Здольных вучняў у 15—20-гадовым узросце размяркоўвалі ў манастырскія (дацанскія) школы, якія падзяляліся на 3 класы: ніжэйшы і сярэдні па 5 гадоў навучання, старэйшы — 4. У дацанскіх школах выкладалася т. зв. «ўнутраная навука» — рэліг.-філас. сістэма будызму. Яе выпускнікі набывалі сярэднюю ступень адукацыі ламы і маглі паступаць у вышэйшую рэліг.-філас. школу (7 гадоў навучання). Заканчэнне яе давала права паступаць на багаслоўскія або філас. ф-ты пры буйнейшых манастырах, дзе 10—15 гадоў вучылі навук. і містычную філасофію, аддаючыся медытацыі для «дасягнення стану Буды». Выпускнікі ва ўзросце 50—60 гадоў атрымлівалі вышэйшыя вучоныя ступені. У 20 ст. шэраг Л.ш. існуе ў Тыбеце і інш. рэгіёнах пашырэння ламаізму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ЎРЫШАЎСКІ МАНАСТЫ́Р,
адзін са старажытных манастыроў Беларусі. Існаваў у 13—19 ст. у в.Лаўрышава каля г. Навагрудка Гродзенскай вобл.Засн. ў 13 ст.вял.кн.ВКЛВойшалкам — у манастве Лаўрыш (паводле царк. версіі, заснавальнікам манастыра лічыцца прападобны Елісей Лаўрышаўскі, якому ў 1996 у Лаўрышаве пастаўлены помнік). У 13 ст. быў адным з цэнтраў летапісання Беларусі. Каля 1329 тут створана Лаўрышаўскае евангелле. У 14—15 ст. манастыр атрымаў ад бел. феадалаў і шляхты зямельныя падараванні, вёскі з сялянамі, права збору царк. дзесяціны. У 16 ст.пры манастыры працавала правасл. школа. У 1569 манастыр стаў уніяцкім, з 1615 належаў базыльянам. У сувязі са скасаваннем мітрапалітам І.Руцкім архімандрыі ў Лаўрышаве і адбіраннем свецкімі асобамі падараванняў у сярэдзіне — 2-й пал. 17 ст. манастыр збяднеў і заняпаў. Манастырскі комплекс адбудаваны ў 1775—80. У канцы 18—1-й трэці 19 ст. тут дзейнічала Брэсцкая епархіяльная уніяцкая семінарыя, былі б-ка (каля 500 т., 1824) і архіў з вял. зборам дакументаў 14—19 ст.Пры царкве існавала брацтва. У 1816 манастыр валодаў 3 вёскамі з 18 валокамі зямлі і 588 сялянамі. У 1824 было 5 манахаў. У 1834—36 скасаваны, збудаванні не зберагліся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАНІЯЛО́ГІЯ (ад грэч. kranion чэрап + ...логія),
раздзел анатоміі чалавека і жывёл, які вывучае індывідуальныя і групавыя варыяцыі памераў, формы чэрапа і яго асобных частак. У антрапалагічных даследаваннях матэрыялы К. выкарыстоўваюць пры вывучэнні этапаў фіз. эвалюцыі, шляхоў фарміравання расавых тыпаў чалавека, высвятлення этнагенезу розных плямён і народаў. Краніялагічнымі даследаваннямі займаюцца краніяметрыя (метады вымярэнняў), краніяскапія (апісанне асаблівасцей і дэталей будовы чэрапа), краніяграфія (атрыманне замалёвак формы чэрапа ў розных праекцыях з дапамогай спец. прылад). Антраполагі рэканструююць твар па чэрапе паводле методыкі М.М.Герасімава. Краніялагічнае вывучэнне стараж.ўсх.-слав. насельніцтва пачаў А.П.Багданаў, працягвалі В.В.Бунак, Г.Ф.Дэбец, В.П.Аляксееў і інш. У Беларусі калекцыі краніялагічных матэрыялаў са стараж. пахаванняў пачалі стварацца ў 2-й пал. 19 ст. Частка іх захоўваецца ў НДІ і Музеі антрапалогіі пры Маскоўскім ун-це (160 чарапоў), у Віленскім (67 экз.) і Кракаўскім (81 экз.) ун-тах. Матэрыялы з раскопак А.М.Ляўданскага і І.А.Сербава ў 1920-я г. стварылі першую краніялагічную калекцыю АНБССР (100 экз. знішчана ў Вял.Айч. вайну, адноўлена ў пасляваен. гады, у калекцыі больш за 300 экз.). Краніялаг. даследаванні ў сувязі з пытаннямі этнагенезу беларусаў праводзяць супрацоўнікі ІМЭФНац.АН Беларусі І.І.Салівон, А.І.Кушнір, І.У.Чаквін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРОВАСПЫНЯ́ЛЬНЫЯ СРО́ДКІ,
антыгемарагічныя, гемастатычныя сродкі, лекавыя, фармакалагічныя рэчывы, якія ўжываюцца для спынення крывацёкаў. Бываюць мясц. (непасрэдны кантакт з кроватачывай тканкай) і агульнага, рэзарбцыйнага (увядзенне ў арганізм унутрывенна, падскурна і інш.) дзеяння. Да К.с. мясцовага ўздзеяння належаць трамбін, гемастатычная губка і рэчывы, якія каагулююць бялкі (танін, танальбін, тромбапласцін, оксіцэладэкс і інш.), солі цяжкіх металаў у невял. колькасцях (жалеза хларыд, медзі сульфат, прэпараты вісмуту, серабра нітрат, цынку хларыд), часта ўжываюць калію перманганат, галын, перакіс вадароду, фармальдэгід, ёд і інш. Да К.с. агульнага ўздзеяння належаць вітамін K (вікасол), 10 %-ны раствор хларыду кальцыю, лек. сродкі, якія звужаюць перыферыйныя сасуды (адрэналін, глюкакортыкастэроіды, эфедрын, метазон і інш.). Кроваспыняльны эфект дае пераліванне крыві (або плазмы), эрытрацытнай і трамбацытарнай масы крыві. Пры крывацёках, звязаных з парушэннем пранікальнасці капіляраў, ужываюць аскарбінавую к-ту, руцін, жэлацін, дыцынон і інш. Як гемастатыкі выкарыстоўваюць эпсілонамінакапронавую к-ту, авамін, кантрыкал і інш.Пры дрэннай згусальнасці крыві ўжываюць фібрынаген, антыгемафільныя глабуліны, крыяпрэцыпітат і інш. У якасці К.с. карыстаюцца прэпаратамі з розных раслін: арнікі, вадзянога перцу, каліны, кары дубу, крапівы, крываўніку, купальніку горнага, ліста шалфею. Да К.с. належаць таксама матачныя сродкі для спынення матачных крывацёкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КРУПІ́ЦКІЯ МУЗЫ́КІ»,
бел. фальклорны ансамбль. Створаны ў 1982 пры Крупіцкім цэнтр. Доме культуры Мінскага р-на, у 1986 нададзена званне народнага. Арганізатар і маст. кіраўнік У.Гром, балетмайстар Г.Чорны. Уключае інстр. ансамбль (16 музыкантаў), вак. (5 спевакоў) і танц. (12 выканаўцаў) групы. Сярод нар. інструментаў басэтля, колавая ліра, дуда, акарына, «салавей» і інш. У рэпертуары апрацоўкі нар. песень і танцы розных рэгіёнаў Беларусі, у т. л. «Крупіцкая полька», «Журавель», «Герань», харэаграфічная замалёўка «Пава», мініяцюра «Люстэрка», творы муз. спадчыны 18—19 ст. (А.Абрамовіча, А. і М. Ельскіх, В.Казлоўскага, Мацея Радзівіла, Ю.Шадурскага), сучасных бел. кампазітараў. Зрабіў больш за 100 запісаў на Бел. радыё. Даследуе і захоўвае бел.нар.муз. інструменты (больш за 100 інструментаў). Займаецца дабрачыннай дзейнасцю: з яго ўдзелам у в. Крупіца пабудаваны сучасны Цэнтр здароўя. Пра яго зняты кіна- і відэафільмы. Удзельнік 1-й Сусв. фалькларыяды (г. Брунсюм, Галандыя, 1996), Дзён бел. культуры ў Японіі (г. Нагоя, 1995). Лаўрэат і дыпламант многіх міжнар.фалькл. фестываляў, у т. л. ў Італіі (г. Сабаўдыя, 1988, Гран пры), Югаславіі (г. Нові-Сад, 1984). Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1990.
І.Дз.Назіна.
Інструментальная група ансамбля «Крупіцкія музыкі».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖНЯЯ́РКА,
машына для скошвання с.г. культур і транспартавання скошанай масы ў малацільны апарат камбайна (пры прамым камбайнаванні) або ўкладкі яе на поле ў валкі ці ў рассціл (пры раздзельнай уборцы). Асн. рабочыя органы — рэжучы апарат, матавіла, шнэк, транспарцёр.
Шнэкавыя Ж. (хедэры) бываюць навясныя (на збожжаўборачныя камбайны) або прычапныя да трактара; валковыя (платформавыя) — самаходныя ці ў агрэгаце з трактарамі, самаходнымі шасі, камбайнамі. Валковыя Ж. паводле размяшчэння рэжучага апарата падзяляюцца на франтальныя і бакавыя, паводле спосабу фармавання валкоў — на адна-, двух- і трохпаточныя (фармуюць валок рэзальным апаратам або яшчэ з дапамогай 1 ці 2 транспарцёраў). Ж. бываюць універсальныя і спецыяльныя (для ўборкі пэўных культур). Напр., зернебабовая Ж. — навясная на камбайны машына для скошвання і ўкладкі ў валкі зернебабовых культур (у т. л. зялёнага гарошку, іх сумесей) і палеглай збажыны. Мае пальцавы рэжучы апарат са сцёблападымальнікам, універсальнае эксцэнтрыкавае матавіла, раменна-планкавы транспарцёр, платформу, механізм прывода і інш. Шырыня захопу Ж. ад 3,5 да 17 м, прадукцыйнасць ад 1,2 да 8 га/гадз.
Жняяркі: 1 — навясная з універсальным матавілам для раздзельнай уборкі збожжа; 2 — збожжавая прычапная да трактароў; 3 — зернебабовая; 4 — канапляная жняярка-снопавязалка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛАЧЭ́ННЕ,
пакрыццё вырабаў, асобных частак прылад, канструкцый, збудаванняў тонкім слоем золата з дэкаратыўнымі, ахоўнымі і ахоўна-дэкаратыўнымі мэтамі. Выкарыстоўваецца ў ювелірнай і гадзіннікавай вытв-сці, паўправадніковай тэхніцы, ужытковым мастацтве і інш.
Ліставое З. — наклейванне на падрыхтаваную паверхню вырабаў або збудаванняў тонкіх (0,1—0,3 мкм) лістоў золата. Вядома з 3-га тыс. да н.э. (Егіпет), у Кіеўскай Русі пашырылася з 10—11 ст. Ужывалася для аддзелкі палацаў і храмаў. У паліграфіі выкарыстоўваецца для спец. мастацкага друкавання і ціснення пераплётаў. Парашковае З. — нанясенне на выраб, пакрыты клейкім лакам, тонкага слоя залатога парашку. Агнявое З. — пакрыццё метал., звычайна медных, лістоў амальгамай (сплаў золата і ртуці) з наступнай адгонкай ртуці нагрэвам. Другі яго спосаб — нанясенне лаку, у якім ёсць золата, на фарфора-фаянсавыя вырабы. Пры абпальванні лак выгарае, а залатое покрыва застаецца. З. плакіроўкай — гарачая пракатка лістоў золата з лістамі інш. металу або валачэнне метал. пруткоў, абкручаных лістамі золата. Гэтым спосабам вырабляюць біметал для карпусоў гадзіннікаў і інш.Гальванічнае З. (выкарыстоўваецца з сярэдзіны 19 ст.) робіцца пераважна ў цыяністых залатых электралітах метадам электралітычнага асаджэння. З. катодным распыленнем пашырана пры вытв-сці фотаэлементаў і інш. З. наз. таксама пакрыццё прадметаў рэчывамі залацістага колеру.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСЛА́ЎСКАЯ КА́ФЛЯ,
архітэктурна-дэкар. кераміка 15—18 ст., знойдзеная прыархеал. раскопках замка і пасада ў г. Заслаўе (Мінскі р-н). Выяўлена каля 2000 цэлых вырабаў і фрагментаў, а таксама рэшткі 11 кафляных печаў 16—17 ст. Паводле тэхналогіі вырабу падзяляецца на групы: гаршковыя кафлі з крыжападобным, цыліндрычным або квадратным вусцем (15—1-я пал. 16 ст.); каробчатыя тэракотавыя, мураўленыя і паліхромныя кафлі (16—18 ст.), якія паводле формы і прызначэння былі сценныя (вонкавыя і вуглавыя), паясныя, карнізныя, а таксама калонкі, медальёны і навершы-каронкі для печаў. Вядома больш за 60 відаў і варыянтаў малюнкаў — геральдычныя, партрэтныя, сюжэтныя, з расл. і геам. арнаментамі, пашыранымі на Беларусі і ў Літве. Для З.к. 16 ст. характэрны рэльефныя малюнкі з партрэтнымі выявамі (падобныя кафлі знойдзены пры раскопках Віленскага і Лагойскага замкаў, Троіцкага прадмесця ў Мінску), з выявамі гербаў тагачасных уладароў Заслаўя магнатаў Глябовічаў, Сапегаў, узброеных коннікаў, грыфонаў, ільвоў.
Літ.:
Заяц Ю.А. Заслаўская кафля. Мн., 1990;
Яго ж. Заславль в эпоху феодализма. Мн., 1995.
Ю.А.Заяц.
Да арт.Заслаўская кафля. Кафлі: злева — з выявай конніка, 17 ст.; з выявай герба Сапегаў, 2-я пал. 17 ст.; справа — вуглавая, канец 16 ст.; карнізная, канец 16 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХОДНЯДЗВІ́НСКАЯ ВАЕ́ННАЯ ФЛАТЫ́ЛІЯ,
аператыўнае аб’яднанне баявых рачных караблёў у грамадз. вайну на Заходнім фронце 1919—24. Створана загадам РВСР 26.11.1919 з 2-га атрада Ваен.-рачной флатыліі Сав. Латвіі. База — г. Віцебск. Мела ў сваім складзе 21 карабель і дапаможнае судна, 26-ы паветраплавальны атрад з аэрастатамі (май 1920); налічвала 581 чал. (жн. 1920). Актыўна ўдзельнічала ў баявых дзеяннях у час савецка-польскай вайны 1920, асабліва ў майскай аперацыі Зах. фронту. Пры падрыхтоўцы да наступлення перавезла да 200 тыс. пудоў ваен. грузаў для войск 15-й арміі. У сярэдзіне мая 1920 забяспечыла пераправу на левы бераг Зах. Дзвіны ў раёне Дрысы (цяпер Верхнядзвінск) 164-й брыгады, якая ўдарыла ў тыл ворага. 22.5.1920 атрад маракоў разам з часцямі 15-й арміі прыартыл. падтрымцы караблёў флатыліі разбіў праціўніка каля в. Узмёны (пад Дрысай). Караблі ахоўвалі флангі і тылы войск. масты і пераправы. 23.11.1920 расфарміравана. Камандуючыя: В.К.Новак (да лют. 1920), Я.С.Гернет (да мая 1920), Г.М.Тырышкін (да вер. 1920), М.В.Бліноў (ч.в.а. да ліст. 1920). Камісары: Л.А.Вялічка (да лют. 1920), Я.І.Азолін (да ліп. 1920), К.В.Траянскі (да ліст. 1920).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗО́РНЫЯ КА́РТЫ,
адлюстраванні зорнага неба ці яго часткі на плоскасці пры дапамозе пэўнай картаграфічнай праекцыі, градуснай сеткі ў адпаведным маштабе.
Самыя старажытныя З.к. былі вядомыя ў Вавілоне і Егіпце. У Еўропе выкарыстоўваюцца з 13 ст. Адрозніваюць рысаваныя і фатаграфічныя З.к. На рысаваных зоркі вычэрчваюць па каардынатах, узятых з зорных каталогаў, абазначаюць кружочкамі розных дыяметраў у залежнасці ад бляску зоркі; падвойныя і пераменныя зоркі, зорныя скопішчы, туманнасці адзначаюць спец. знакамі (гл. карту да арт.Зорнае неба). Фатаграфічныя З.к. (больш падрабязныя і распаўсюджаныя) — адбіткі з астрафатаграфій з нанясеннем на іх градуснай сеткі. Камплект З.к. сумежных участкаў неба, якія пакрываюць усё неба ці некат. яго частку, наз. зорным атласам. Першы атлас зорак, бачных простым вокам, апублікаваў у 1603 ням. астраном А.Баер («Уранаметрыя»). Першую на рус. мове зорную карту выдаў у Амстэрдаме І.Ф.Капіевіч (1699). Найб. распаўсюджанне атрымалі «Атлас паўночнага зорнага неба» на аснове «Бонскага агляду» і атлас паўд. неба на аснове «Кордаўскага агляду». З.к. і атласамі карыстаюцца прыастр. назіраннях. Т.зв. рухомыя карты зорнага неба даюць магчымасць хутка вызначаць, якія сузор’і відаць над гарызонтам для любой шыраты ў любы момант часу.
Літ.:
Михайлов А.А. Звездный атлас. 4 изд. М.; Л., 1965.