эстэ́цтва, ‑а, н.

Кніжн. Тое, што і эстэтызм (у 1 знач.). Як М. Багдановіч ніколі не быў эстэцкім песняром красы, так не ўпадаў у эстэцтва і Дубоўка, паглыбляючы духоўнасць нашай паэзіі, уводзячы ў сферу прыгожага абуджаных рэвалюцыяй да паўнаты гарманічнага жыцця людзей. «Полымя».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бада́й,

Разм.

1. часціца. Ужываецца для выказвання нядобрых пажаданняў, праклёну. А бадай ты прапаў! □ Пан, разгневаны, нязграбна На тапчан прылёг і стогне: — А бадай вас, бабы, вогнік! Бажко. / у безас. ужыв. [Крукаў:] — Выходжу на двор — бацюхны мае: тая ж каўзота! А бадай ты згарэла! Васілёнак. / у спалучэнні з узмацняльнай часціцай «жа». Стаіць човен вады повен, Бадай жа ён да пахіснуўся... З нар.

2. пабочн. Выказвае дапушчэнне якой‑н. магчымасці, схільнасць згадзіцца з чым‑н. Няма, бадай, па багаццю ўбораў прыгажэй пары года, чым восень. Ігнаценка. Бадай, нідзе так праўдзіва не гучыць народная прымаўка «Якое жыццё — такія песні», як у сяле Азершчына. Мяжэвіч.

3. прысл. Амаль. Такія корчмы-станцыі Мінскі тракт меў бадай праз кожныя дзесяць кіламетраў. Бядуля. На процілеглым канцы [вёскі], бадай ля самай шашы, рыпае гармонік, глуха бухае бубен. Навуменка.

•••

Бадай ці не... — падобна на тое, што.

Бадай што — а) (пабочн.) магчыма што, відаць што. [Радзевіч:] — Бадай што, я згодзен з вамі. Дуброўскі; б) амаль, амаль што. Дзень бадай што ўжо канчаўся. Чорны. Так прайшоў .. [Віктар] бадай што паўдарогі. Зарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трэ́ба 1, у знач. вык.

1. з інф. Неабходна, абавязкова патрэбна. Трэба вячэраць. □ Марылін пасаг, праўда, прадалі з яе згоды і купілі столькі ж зямлі бліжэй. А таму цяпер трэба баяцца, што Мікіта адсудзіць яго. Брыль. [Пніцкі:] — З братам я даўно ўжо не бачыўся. Трэба напісаць яму. Чорны. [Васіль Раманавіч:] — Рызыкаваць трэба разумна, калі ёсць сэнс. Новікаў. Трэба растапіць абавязкова Мёртвы лёд халоднае вайны. Смагаровіч.

2. каго-што і з інф. Патрабуецца, патрэбна. Для гэтага трэба яшчэ шмат матэрыялу. Трэба звярнуцца за дапамогай. Не трэба было так рабіць. □ [Валодзька:] — Не, дзеду, не трэба парома. Ляжы сабе, куры. Брыль. [Урач:] — Трэба хіба насілкі ці што... Мележ. [Жанчына:] — Вам жа кватэра трэба? Даніленка.

3. безас. каму. Пажадана. Што вам тут трэба? — раптам спытала жанчына з падкрэсленай зычнасцю і патрабаванням. Кулакоўскі. Што табе трэба? — крычыць лёкай. Якімовіч.

4. Разм. Належаць. Колькі з мяне трэба? □ Два разы на месяц У яго ёсць праца: Атрымаць, што трэба, Потым распісацца. Крапіва.

•••

Гэта ж трэба! — вокліч, які выражае здзіўленне. [Манька:] — Ай-я-яй! Гэта ж трэба!.. А Волька аб’ездчыкава? Ракітны.

Далёка хадзіць не трэба за чым — лёгка прывесці прыклад, факт, доказ для пацвярджэння чаго‑н.

Дзе трэба, дзе не трэба — недарэчы, не да месца.

Лепш (і) не трэба гл. лепш.

Так і трэба каму гл. так.

Трэба думаць — напэўна, мабыць, хутчэй за ўсё.

Трэба сказаць (у знач. пабочн.) — служыць для ўказання на магчымасць, дапушчальяасць якога‑н. азначэння, удакладнення.

Трэба (патрэбны) як сабаку пятая нага — зусім, ані (не трэба, не патрэбны хто‑, што‑н. каму‑н.).

Што трэба (у знач. вык.) — а) вельмі добры (пра каго‑, што-н). Мужык што трэба — свойскі, моцны. Паможа кожнаму ў бядзе. Панчанка; б) вельмі добра, як належыць, як мае быць. [Цытрыкаў:] — Гектараў 15 будзе. — Не менш, — адказаў Музыкін. — Трактар працуе што трэба. «Звязда».

Што трэба, то трэба — абавязкова, неабходна. [Анупрэй:] — Так-то яно так. Што трэба, то трэба, і казаў і кажу, але не ёй жа першай па ражон лезці. Машара.

Як трэба — у адпаведнасці з нормамі, правіламі, існуючым палажэннем.

трэ́ба 2, ‑ы, ж.

1. Даўней — ахвярапрынашэнне. Бывала, перад калядамі збірае [Дарашкевіч] з парафіян трэбу... Чарнышэвіч.

2. Рэлігійны абрад (хрысціны, вянчанне, паніхіда і пад.), які выконваецца свяшчэннікам па просьбе веруючых.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ціка́васць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць цікавага.

2. Павышаная пільная ўвага да каго‑, чаго‑н. Жывейшая цікавасць да фальклору ў Купалы падтрымлівалася на працягу ўсяго жыцця. Шкраба. Сцёпка гаварыў так проста і разумна, што яго слухалі з вялікай цікавасцю. Колас. З цікавасцю разглядаем мы вялізную магутную птушку. В. Вольскі. // Важнасць, значэнне чаго‑н. [Багуцкі:] — Для камандавання Чырвонай Арміі такія дакументы маюць не малую цікавасць. Па іх адразу відаць, дзе, на якіх участках у немцаў слаба. Лынькоў. [Хлопцы] заспяшалі як мага хутчэй ад чыгункі, якая ў гэту ноч ужо не ўяўляла для іх ніякай цікавасці. Шахавец.

3. Жаданне даведацца пра каго‑, што‑н.; цікаўнасць. Цікавасць гаспадыні была здаволена. Гартны. Праціснулася Ганна бліжэй к хаце, цікавасць брала, — што скажа яна [незнаёмая жанчына], калі гаворыць, што не так жыць трэба. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

барахло́, ‑а, н., зб.

1. Разм. Разнастайныя старыя рэчы, дамашні скарб. [Макар:] — Нас толькі што абмундзіравалі. Мы ішлі строем да казармы, дык я от папрасіўся аднесці дадому барахло сваё. Сабаленка. // Непрыгодныя рэчы, старызна, хлам. // Пра што‑н. дробязнае, нязначнае. [Клім:] — Аглоблі робім, драбінкі для калёс, барахло рознае, як кажуць... Галавач.

2. перан. Пра што‑н. дрэннае, паганае. Сляпыя акенцы, пабітае шкло — Не хаты, а так — барахло. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раздзе́рці, ‑дзяру, ‑дзярэш, ‑дзярэ; ‑дзяром, ‑дзераце; зак., каго-што.

Тое, што і разадраць. [Зоська:] Птушкі нейкія чорныя, такія страшныя, — жудасна і сказаць! Да нас падлятаюць, распускаюць кіпцюры, разяўляюць глюгі, — здаецца, раздзерці і глынуць нас хочуць. Купала. Сухі пакутлівы кашаль раздзёр ягоныя грудзі. Ён кашляў у хустку так, што Алесь з жахам чакаў: вось-вось з’явяцца чырвоныя плямы. Караткевіч. Суха і гучна раздзёр цішыню званок тэлефона. Шынклер.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ру́пнасць, ‑і, ж.

Тое, што і руплівасць. Бацька заўважыў: усё, за што б сын ні ўзяўся, робіць без ахвоты, без цікавасці, без той рупнасці, якая так яму ў Міці падабалася. Навуменка. Можна з пэўнасцю сказаць, што ніколі дасюль у паэзіі не ўзнікала столькі рупнасці за лёс чалавека і чалавецтва, столькі хваляванняў аб сягонняшнім і заўтрашнім, столькі думак, якія прыходзяць ад ведання жыцця Радзімы і планеты. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ускаламу́ціць, ‑мучу, ‑муціш, ‑муціць; зак.

1. што. Зрабіць каламутным; замуціць (ваду, вадкасць). Першыя купальшчыкі так ускаламуцяць ваду, што ніхто не захоча больш лезці. Пальчэўскі.

2. перан.; каго-што. Вывесці са стану спакою, усхваляваць. Гэты чалавек не толькі нечым кінуўся.. [Галі] ў вочы. Сваім праніклівым позіркам, здавалася, ён зірнуў ёй у душу і там усё ўскаламуціў, узрушыў. Сабаленка. Страшна.. [Антанюку] парушыць свой пенсіянерскі спакой, ускаламуціць абывацельскую самазадаволенасць жонкі, дачок. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

без, прыназ. з Р.

1. Указвае на адсутнасць у прадмеце, з’яве, паняцці часовай або пастаяннай прыкметы.

Крэсла без ножкі.

Праца без прымусу.

Без праўды веку не пражывеш (прыказка).

2. Паказвае, што дзеянне адбываецца без удзелу каго-н., чаго-н.

Працаваць без памочніка.

3. Пры словах, што абазначаюць меру, час, колькасць, паказвае, колькі не хапае да поўнай меры.

Без 20 сантыметраў 3 метры.

Без чвэрці гадзіна.

4. З некаторымі назоўнікамі ўтварае прыслоўныя спалучэнні, якія выражаюць спосаб дзеяння.

Працаваць без адпачынку.

Бегчы без аглядкі.

Не без гэтага (разм.) — і гэта бывае.

Не без таго (разм.) — бывае і так.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Галамо́ўза ’бязрогая скаціна’, ’плюгавы чалавек’ (БРС), ’нікчэмны чалавек’ (Сцяшк. МГ). Сюды і галамоўзы ’бязвусы, без барады’ (Шатал.). Гэта слова дакладна адпавядае рус. дыял. голомо́лза ’балбатун, пустамеля; нерастаропны чалавек, разіня.’ Фасмер (1, 430) мяркуе, што першапачатковае значэнне ’даіць упустую’, і лічыць, што слова складаецца з гол‑ (’голы’) і молз‑, якое адпавядае ст.-слав. мльзѫ млѣсти ’даіць’ (параўн. і molozivo). Магчыма, што гэта так. Заўважым, што на ўсх.-слав. тэрыторыі ёсць сляды дзеяслова *mьlz‑ ’даіць’. Параўн. палес. мо́ўзать ’кусаць без зубоў, дзяснамі (пра дзіця, сысуна)’ (Ніканчук, Бел.-укр. ізал., 61). Але галамо́ўзы ’бязвусы, без барады’, здаецца, не сюды. Параўн. рус. дыял. голомо́зый ’лысы’, голомы́сый ’тс’, голомы́зый ’безбароды; без лісцяў (аб дрэвах)’, укр. голомо́зий ’лысы’, ми́дза, бел. мы́са ’морда’. Тут адбылася кантамінацыя слоў моўза і мы́са.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)