ПЕРШАБЫ́ТНЫ БЫК, тур (Bos primigenius),

вымерлая млекакормячая жывёла сям. пустарогіх атр. парнакапытных; продак еўрап. свойскай буйн. раг. жывёлы. Быў пашыраны ў лесастэпах і стэпах Усх. паўшар’я ў 2-й пал. антрапагенавага перыяду. На Беларусі трапляўся да пач. 17 ст. ў Белавежскай пушчы, лясах Панямоння і Прыбужжа. Апошні тур (самка) у прыродных умовах забіты ў Польшчы ў 1627, на тэр. Зах. Сібіры дажыў да 18 ст.

Выш. ў карку да 2 м, маса да 1,5 т. Падобны да сучасных свойскіх быкоў, за выключэннем пераважна чорнай афарбоўкі цела і белай паласы ўздоўж спіны. У канцы антрапагену П.б. распаліся на буйную і дробную расы. Лічыцца, што буйная засталася ў дзікім стане (была аб’ектам палявання), а дробная прыручана ў Грэцыі каля 4 тыс. г. назад.

П.​Ф.​Каліноўскі.

Першабытны бык.

т. 12, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́РШАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ КПЗБ (устаноўчая). Адбылася нелегальна ў канцы кастр. 1923 у Вільні; прысутнічала 9 дэлегатаў ад Беластоцкага, Брэсцкага і Віленскага акр. к-таў Кампартыі Польшчы (КПРП). Склікана ў адпаведнасці з рашэннямі П з’езда КПРП пра неабходнасць стварэння «беларускай тэрытарыяльнай арганізацыі». Паводле рашэнняў канферэнцыі Камуністычная партыя Заходняй Беларусі (КПЗБ) павінна была дзейнічаць на правах тэр.-аўтаномнай арг-цыі ў складзе адзінай КПРП у адпаведнасці з яе праграмнымі ўстаноўкамі, разлічанымі на перамогу сацыяліст. рэвалюцыі і ўстанаўленне рабоча-сял. ўрада, ліквідацыю памешчыцкага землеўладання і перадачу зямлі сялянам без выкупу, за права самавызначэння Беларусі, уз’яднанне яе з БССР. У склад абранага ЦК КПЗБ увайшлі С.​А.​Дубовік (Балюк), А.​Буксгорн (Юльскі), С.​А.​Мертэнс (Скульскі), С.​Т.​Мілер (Шлёмка). У парт. арг-цыях на момант стварэння КПЗБ налічвалася 528 чал.

У.​Ф.​Ладысеў.

т. 12, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПРАВАСЛА́ЎНЫ БЕЛАРУ́С»,

часопіс. Выдаваўся ў лют.снеж. 1925 у Варшаве на бел. мове па ініцыятыве Беларускага пасольскага клуба. Рэдактар Я.Пачопка, маст. афармленне Я.Драздовіча. Афіцыйна павінен быў асвятляць жыццё правасл. царквы ў Польшчы і Зах. Беларусі. Асн. змест складалі матэрыялы з гісторыі, грамадскага і культ. жыцця Зах. Беларусі, літ. творы. Меў рубрыкі: «Што чуваць у свеце», «Беларускае жыццё», «З народнай творчасці», «З гісторыі археалогіі» і інш. Выступаў за ўвядзенне бел. мовы ў навуч. установах, царкве. Змясціў артыкулы, прысвечаныя Ф.​Скарыне, Сімяону Полацкаму, Я.​Купалу, па гісторыі стараж. Полаччыны І.​Палачаніна, пра нар. земляробчыя святы М.​Яцкевіча, даследаванне «Месца беларускай мовы сярод моў свету і славянскіх увасобку» І.​Савіцкага. Друкаваў вершы Г.​Леўчыка, П.​Прадухі, С.​Свістуна, апавяданні З.​Бядулі, Пачопкі, М.​Запольскага і інш. Выйшлі 22 нумары.

А.​С.​Ліс.

т. 12, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫ́ВАЛКІ, Прывалка,

вёска ў Гожаўскім с/с Гродзенскага р-на. За 37 км на ПнЗ ад Гродна. 279 ж., 110 двароў (2000). Базавая школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі, касцёл Маці Божай Шкаплернай і святых Сымона і Тадэвуша (1919).

Вядома з 16 ст. як каралеўскі двор Гродзенскага пав. Трокскага ваяв. ВКЛ. З 1762 уладанне Агінскага. 27.2.1792 атрымала герб. У 1793—95 у Гродзенскім ваяв. З 1795 у Рас. імперыі, з 1802 у Гродзенскай губ. У 1885 вёска Сабалянскай вол. Гродзенскага пав., 387 ж., 33 двары, касцёл. З 1921 у складзе Польшчы, у Гродзенскім пав. Беластоцкага ваяв., 611 ж., 112 двароў. З 1939 у БССР, з 12.10.1940 цэнтр Парэцкага сельсавета, з 25.11.1940 у Гродзенскім р-не Беластоцкай вобл. З 20.9.1944 у Гродзенскай вобл., з 2.12.1961 у Гожаўскім с/с.

В.​М.​Князева.

т. 13, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

złoty

I м.

злоты (грашовая адзінка Польшчы)

II złot|y

залаты;

~у medal — залаты медаль;

w ~ym humorze — у цудоўным настроі;

~y wiek czego — залаты век чаго;

mój ~y! — мой даражэнькі!;

~а młodzież — залатая моладзь;

~е gody (wesele) — залатое вяселле

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)

ардына́цыя

(польск. ordynacja, ад лац. ordinatio = упарадкаванне)

1) збор прававых нормаў, якімі кіраваліся ўстановы, арганізацыі, суды ў сярэдневяковай Польшчы;

2) збор прававых нормаў, якія рэгулявалі спадчынныя правы на нерухомую маёмасць пэўных магнацкіх родаў у Рэчы Паспалітай, а таксама родавы маёнтак, што пасля смерці ўладальніка (ардыната) пераходзіў як непадзельны і неадчужальны да аднаго нашчадка, звычайна старэйшага сына (напр. Нясвіжская а.).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ВАРНЯ́НЫ,

вёска ў Беларусі, у Астравецкім р-не Гродзенскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 14 км ад г.п. Астравец, 216 км ад Гродна, 19 км ад чыг. ст. Гудагай, на шашы, што звязвае Варняны з Астраўцом. 1336 ж., 481 двор (1995).

У пісьмовых крыніцах згадваюцца ў 1391. У 1397 належалі вял. кн. ВКЛ Ягайлу і перададзены Віленскаму капітулу. У 16 ст. належалі Пронскім, Свірскім, Чыжам, з канца 16 ст. да 1860 — Абрамовічам, потым — Снядэцкім і Хамінскім. З 1688 мястэчка. З 1795 у складзе Рас. імперыі. У 1880-я г. 249 ж. У 1921—39 у складзе Польшчы, у Ашмянскім пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Астравецкага р-на. У 1962—65 у Ашмянскім р-не. У 1970 — 1284 жыхары.

Сярэдняя школа, клуб, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Варнянскі архітэктурны ансамбль.

т. 4, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРША́ЎСКАЕ СТАЛІ́ЧНАЕ ВАЯВО́ДСТВА (stoleczne Warszawskie województwo),

у сярэдняй частцы Польшчы. Пл. 3788 км², нас. 2419,6 тыс. чал. (1992). У гарадах 88,8% насельніцтва. Адм. ц.г. Варшава. Займае Варшаўскую катлавіну ў цэнтры Мазавецкай нізіны.

Рэльеф нізінны з участкамі марэннай раўніны і шырокімі далінамі. Найб. выш. да 200 м над узр. м. Клімат умерана кантынентальны, сярэднія т-ры студз. -3,5 °C, ліп. 18—19,2 °C, ападкаў 560—600 мм за год. Рэкі — Вісла з нізоўямі Нарава; воз. Зягжынскае. Пад лесам каля 19% тэр., на З — Кампіноская пушча. Гаспадарка прамысл. кірунку. Развіты маш.-буд. і металаапр., вылучаюцца электратэхн. і электронная, харч., фармацэўтычная, хім., металургічная і паліграф. галіны прам-сці. Найб. прамысл. цэнтры: Варшава, Прушкаў, Пясечна, Гродзіск-Мазавецкі і інш. Вырошчваюць агародніну, садавіну, клубніцы, жыта, бульбу. Гадуюць свіней, птушак, пушных звяроў, разводзяць тутавага шаўкапрада. Турызм. Курорт Канстанцін-Азёрна.

т. 4, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЎКАЛА́ТА,

вёска ў Докшыцкім р-не Віцебскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 22 км на З ад г. Докшыцы, 219 км ад Віцебска, 19 км ад чыг. ст. Параф’янава. 404 ж., 160 двароў (1995).

Упершыню ўпамінаецца ў 1524 як частка маёмасці Альжбеты Багданаўны, удавы М.​Радзівіла. Належала кн. Слуцкім, Долмат-Ісайкоўскім, К.​Зяньковічу, Бжастоўскім, Аскеркам, Шышкам. У 17 ст. мястэчка ў Ашмянскім пав. Пасля далучэння ў 1793 да Рас. імперыі ў Докшыцкім, з 1802 у Вілейскім пав. З 1861 цэнтр воласці. У 1886 — 246 ж. У 1921—39 у Польшчы. З 1939 у БССР. З 1940 цэнтр сельсавета ў Дунілавіцкім, з 1960 — у Глыбоцкім, з 1962 — у Пастаўскім, з 1956 — у Докшыцкім р-нах. У 1970 — 374 жыхары.

Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — касцёл Іаана Хрысціцеля (канец 19 ст.).

т. 4, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕСЯЛО́ЎСКІЯ,

дзяржаўныя дзеячы ВКЛ, род герба «Агончык». Паходзілі з Польшчы, дзе неаднаразова займалі сенатарскія пасады, з 1780 графы «Свяшчэннай Рымскай імперыі». У ВКЛ перасяліўся абозны каронны Пётр (1482—1556), які стаў старостам мсцібаўскім і мяцельскім; ад жонкі атрымаў у пасаг Беласток. Пётр (?—1620), сын Пятра. Каралеўскі сакратар, падскарбі надворны ВКЛ з 1590, маршалак надворны з 1598, маршалак вялікі з 1615. На яго сынах Крыштофе і Мікалаю перарвалася галіна роду на Беларусі і ў Літве. Крыштоф (?—19.4.1637), падстолі ВКЛ з 1600, стольнік з 1604, крайчы з 1620, маршалак надворны з 1622, маршалак вялікі з 1635. Удзельнічаў у войнах з туркамі і шведамі. Разам з жонкай А.​М.​Сабескай заснаваў Гродзенскі кляштар брыгітак. Мікалай (?—19.10.1634), кухмістр ВКЛ з 1611, стольнік з 1623, крайчы з 1626, падчашы з 1630, кашталян жмудскі з 1633.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 4, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)