РО́МЕР Альфрэд Ізідар (16.4.1832, Вільня — 24.1.1897),
жывапісец, графік, медальер, мастацтвазнавец. З роду Ромераў. Творчасць звязана з маст. жыццём Беларусі і Літвы. Першапачатковую адукацыю атрымаў у К.І.Русецкага; вучыўся ў Парыжы ў Л.Бана і ў Мюнхене ў А. фон Рамберга (1869—74). З канца 1850-х г. жыў у маёнтку Крэўна (цяпер Уценскі пав. Літвы). За ўдзел у паўстанні 1863—64 на Беларусі зняволены. Пасля вызвалення працаваў у Мюнхене, Кракаве, Парыжы. З 1874 у маёнтку Каралінова (цяпер Пастаўскі р-н Віцебскай вобл.), з 1884 у Кракаве. Пісаў партрэты, пейзажы, тэматычныя кампазіцыі з жыцця народа і на рэліг. сюжэты. Творам уласцівы дакладны выразны малюнак, свабода і натуральнасць кампазіцыі. Сярод работ: партрэты маці (1872), бацькі, жонкі, Э.Ромера (1873), партрэт паўстанца 1863 года (1870-я г.), К.Русецкага, К.Эстрэйхера, Ф.Даноўскага, У.Лушчкевіча, скульпт. Яцунскага, жывапісца Швайніцкага і яго жонкі, М.Ромера, аўтапартрэты і інш.; бронз. медальёны з партрэтнымі выявамі, гравюры з выявамі сялян, арх. помнікаў, карыкатуры. Гіст. і маст. каштоўнасць маюць этнагр. замалёўкі сялянскага побыту беларусаў: кампазіцыі «Сялянская хата», «Сялянская дзяўчынка», «Каля карчмы», «Сялянскі двор», «Перад вакзалам», малюнкі нар. касцюмаў. Выканаў шэраг размалёвак у правасл. і каталіцкіх храмах у в. Камаі Пастаўскага р-на і Пінску. Вывучаў нар. прыкладное мастацтва Беларусі, падрыхтаваў навук. публікацыю пра слуцкія паясы.
Літ.:
Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАЛО́ВІЧЫ, Сталавічы,
вёска ў Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл., каля р. Смалянка, на аўтадарозе Гарадзішча—Баранавічы. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 12 км на Пн ад горада і чыг. ст. Баранавічы, 210 км ад Брэста. 671 ж., 289 двароў (2001). Сярэдняя школа, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнікі архітэктуры: Свята-Успенская царква (былы Сталовіцкі касцёл Іаана Хрысціцеля), Сталовіцкі касцёл Сэрца Ісуса.
Вядома з 14 ст. З 16 ст. мястэчка ў Навагрудскім пав., належала Радзівілам. У пач. 17 ст. М.К.Радзівіл Сіротка засн. Сталовіцкую камандорыю Мальтыйскага ордэна ў складзе маёнткаў С. і Пацейкі для свайго сына мальтыйскага рыцара Ж.К.Радзівіла. У 1640—46 у С. пабудаваны Сталовіцкі касцёл Іаана Хрысціцеля. У Сталовіцкай бітве 1771 армія А.В.Суворава разбіла каля С. войска М.К.Агінскага. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) С. ў складзе Рас. імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Навагрудскага пав. Слонімскай, з 1797 Літоўскай, з 1801 Гродзенскай, з 1842 Мінскай губ. У 1897—929 ж., у 1909—858 ж., 95 двароў, школа, 2 царквы, касцёл, яўрэйскі малітоўны дом, 2 кірмашы на год. У 1907—11 пабудаваны Сталовіцкі касцёл Сэрца Ісуса. У 1921—39 у складзе Польшчы. мястэчка, цэнтр гміны Баранавіцкага пав. Навагрудскага ваяв., 678 ж. (1921). З 1939 у складзе БССР. вёска, з 1940 цэнтр сельсавета Гарадзішчанскага р-на Баранавіцкай вобл., з 1954 — Брэсцкай вобл., з 1962 — Баранавіцкага р-на.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЫРАРО́БСТВА,
выраб сыроў з малака с.-г. жывёл. Працэс вытв-сці заснаваны на згусанні малака з дапамогай сычужнага ферменту або малочнай к-ты і ўключае падрыхтоўку малака да згусання (нармалізацыю, пастэрызацыю, унясенне бактэрыяльных заквасак), ператварэнне яго ў шчыльны згустак, выдаленне залішняй сыроваткі, фармаванне, прасаванне ў галоўкі, саленне і вытрымку для выспявання.
Сычужныя сыры атрымліваюць сквашваннем малака пад уздзеяннем сычужных ферментаў, кісламалочныя — малочнай к-ты. Цвёрдыя сыры (галандскі, расійскі і інш.) пасля салення вытрымліваюць пэўны час для выспявання і набыцця характэрнага смаку, водару, кансістэнцыі і колеру; мяккія (ракфор і інш.) выспяваюць пры уздзеянні паверхневай мікрафлоры і цвілі; расольныя (брынза, чанах, сулугуні і інш.) — у расоле, таму не маюць скарынкі і адрозніваюцца вострасалёным смакам. Плаўленыя сыры атрымліваюць пераплаўленнем натуральных сыроў з выкарыстаннем розных (адпаведных кожнаму віду сыру) рэцэптур. Гатовы сыр звычайна пакрыты парафінам. палімернымі плёнкамі, эмульсіямі, этыкетнай паперай. У С. выкарыстоўваюць механізаваныя сыраробныя ванны, фармовачныя апараты, машыны для апрацоўкі парафінам і інш.
С. было развіта ў Стараж. Грэцыі і Рыме, у сярэднія вякі асн. раёнам С. лічылася даліна р. По (Італія). У Францыі рабілі пераважна мяккія сыры (камамбер, ракфор, бры), у Швейцарыі — швейцарскія (эментальскія), у Галандыі — галандскі (эдамскі). Прамысл. развіццё ў Еўропе і Амерыцы С. атрымала ў 19 ст., у Расіі — у 2-й пал. 19 ст. На Беларусі сыраварні вядомы з 16 ст. У свеце вырабляецца каля 700 відаў сыроў (у краінах СНД больш як 160). Гл. таксама Масласыраробная і малочная прамысловасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАЦІ́ЛА Іван Браніслававіч (28.12.1910, в. Талька Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 12.2.1977),
бел. акцёр. Нар.арт. Беларусі (1953). Скончыў драм. курсы імя Ф.Дзяржынскага ў Мінску (1932). У 1932—61, 1967—71 працаваў у Бел. т-ры імя Я.Купалы, у 1961—67 — у Дзярж.рус.драм. т-ры Беларусі. Акцёр шырокага творчага дыяпазону, вял.сцэн. абаяння. Валодаў яркім тэмпераментам, выконваў ролі эмацыянальна, з драм. насычанасцю і сац. акрэсленасцю. Складаным псіхал. малюнкам і драматызмам вызначаліся вобразы Рыгора («Партызаны» К.Крапівы), Янкі Купалы («Шчасце паэта» В.Віткі), Касагорава («Уцёкі з ночы» бр. Тур), Сыраварава («У мяцеліцу» Л.Лявонава). Пранікнёна, з лірызмам іграў Якіма Сароку («Паўлінка» Я.Купалы), Міколу Вераса («Пяюць жаваранкі» К.Крапівы), з палымяным тэмпераментам — Тыбальта («Рамэо і Джульета» У Шэкспіра). Сярод інш. роляў: Левановіч («Хто смяецца апошнім» К.Крапівы), Іван Зарудны («У ціхім завулку» А.Маўзона), Мікола («Пагібель воўка» Э.Самуйлёнка), Раман («Каб людзі не журыліся» А.Макаёнка), Вронскі («Ганна Карэніна» паводле Л.Талстога), Трэплеў («Чайка» А.Чэхава), Крэчат («Платон Крэчат» А.Карнейчука), Рыбакоў («Крамлёўскія куранты» М.Пагодзіна), Хельмер («Нора» Г.Ібсена). Здымаўся ў кіно: «Пяюць жаваранкі», «Першыя выпрабаванні», «Вуліца малодшага сына», «Масква—Генуя».
Літ.:
Сабалеўскі А. Творчасць, сугучная думам народным // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1960;
Яго ж. Рампай асветленае. Мн., 1962. С. 35—49;
Яго ж. Жыццё тэатра. Мн., 1980. С. 203—206;
Бур’ян Б. Адухоўлены прафесіяналізм: (Да 60-годдзя І.Б.Шацілы) // Тэатр. Мінск. 1970. № 6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДАМУ́ШКА Уладзімір Іванавіч (н. 1.1.1952, в. Падгайна Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. гісторык, дзярж. дзеяч Беларусі. Канд.гіст.н. (1988). Скончыў БДУ (1973). У 1975—90 у Бюро міжнар. маладзёжнага турызму «Спадарожнік» ЦК ЛКСМБ, К-це маладзёжных арг-цый Беларусі, Мінскай вышэйшай парт. школе. З 1991 нач. аддзела, нам. старшыні Дзярж.к-та па архівах і справаводстве Рэспублікі Беларусь, з 2002 старшыня Нац. цэнтра па архівах і справаводстве (з ліп. 2002 К-т па архівах і справаводстве пры СМ Рэспублікі Беларусь). Чл. Кантрольнага савета Бел.рэсп. фонду «Узаемаразуменне і прымірэнне» (1993—2003), старшыня навук.-кваліфікацыйнай камісіі па вызначэнні (пацвярджэнні) статусу месц прымусовага ўтрымання грамадзян на акупіраванай тэр. Беларусі ў Вял.Айч. вайну, прадстаўнік урада Рэспублікі Беларусь у Апякунскім савеце (Кураторыуме) фонду «Памяць, адказнасць і будучыня», нам. старшыні Камісіі па справах б. партызан і падпольшчыкаў Вял.Айч. вайны 1941—45 пры СМ Рэспублікі Беларусь. Даследуе праблемы паліт. рэпрэсій 1920—50-х г. на Беларусі і рэабілітацыі іх ахвяр, вывазу цывільнага насельніцтва на прымусовыя работы ў Германію і яго рэпатрыяцыі на радзіму пасля вайны. Сааўтар кніг «Сыны і пасынкі Беларусі» (1996), «Памілуйце...» (1992, з Н.Івановай), «Беларускія остарбайтэры» (кн. 1—3, 1996—98), «Перад крутым паваротам», «Даведніка аб месцах прымусовага ўтрымання цывільнага насельніцтва на акупіраванай тэрыторыі Беларусі 1941—1944» (абедзве 2001) і інш.Дзярж. прэмія 2002.
Тв.:
Палітычныя рэпрэсіі 20—50-х гг. на Беларусі. Мн., 1994;
Белорусские остарбайтеры: Ист.-аналит. исслед. Мн., 2001 (у сааўт.).