навучальная ўстанова ў Германіі. Засн. ў 1780 як ун-т. З 1818 Акадэмія філасофіі і тэалогіі, з 1902 ун-т, з 1907 ун-т Мюнстэра. У 1997/98 навуч.г. каля 45 тыс. студэнтаў; ф-ты: каталіцкай тэалогіі, пратэстанцкай тэалогіі, юрыд., філас., гісторыі і філасофіі, эканомікі і сац. навук, мед. (у т. л. стаматалогія), матэматыкі і прыродазнаўчых дысцыплін, псіхалогіі, адукацыі, фізікі, хіміі, біялогіі, фізкультуры, ням. мовы і л-ры, класічных і нееўрап. моў, мастацтва, у т. л. падрыхтоўка настаўнікаў; ф-ты вывучэння Германіі, Вялікабрытаніі і інш. краін. У складзе ун-та ін-ты, б-кі, у т. л. універсітэцкая (больш за 1,5 млн. тамоў) і інстытуцкія (1 млн. 655 тыс. тамоў); мінералагічны, геалагічны, археалагічны музеі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕФ (франц. nef ад лац. navis карабель),
карабель, у хрысціянскіх храмах прадаўгаватае памяшканне, частка інтэр’ера, абмежаваная з аднаго ці абодвух бакоў радам калон ці слупоў. Адрозніваюць Н. сярэдні, бакавыя і папярочныя (трансепт). Вядомы са старажытнасці ў храмах тыпу базілікі. На Беларусі пашыраны з 16 ст. Сярэдні Н., звычайна больш высокі за бакавыя, асвятляўся невысокімі аконнымі праёмамі над дахамі бакавых Н., у алтарнай ч. завяршаўся апсідай або прэсбітэрыем (у некат. храмах існавалі сярэднія Н. без апсід). На скрыжаванні сярэдняга Н. і трансепта часта рабілі купал на барабане, у бакавых размяшчалі алтары. У архітэктуры готыкі Н. мелі складаныя ўзорыстыя скляпенні, у архітэктуры барока і класіцызму сярэдні Н. звычайна перакрываўся цыліндрычным з распалубкамі, бакавыя — крыжовымі скляпеннямі. Скляпенні Н. ўпрыгожвалі дэкар. лепкай, размалёўкай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗЫКО́ВЫ КАПІТА́Л,
грашовы капітал, які даецца ў пазыку на ўмовах вяртання за плату ў выглядзе пазыковага працэнта. Уяўляе сабой адасобленую частку прамысловага капіталу. Павелічэнне масы П.к. перавышае накапленне сапраўднага капіталу з прычыны развіцця крэдытнай сістэмы, росту крыніц П.к. (даходаў насельніцтва і дзяржавы). Рух П.к. не супадае з рухам прамысл. цыкла, што абумоўлена нецыклічнымі фактарамі: маральнае старэнне абсталявання, рост попыту на П.к. з боку дзяржавы, развіццё рынку П.к. і г.д. Ва ўмовах рыначнай эканомікі характар руху пазычанай вартасці ў макраэканам. маштабе вызначаецца адносінамі ўласнасці, формы якіх разнастайныя. У гэтых умовах рух пазычанай вартасці набывае форму руху П.к. Мэта функцыянавання П.к. — атрыманне пазыковага працэнта, які з’яўляецца крытэрыем дэцэнтралізаванага размеркавання крэдыту па галінах і гасп. суб’ектах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЙКІЛАТЭ́РМНЫЯ ЖЫВЁЛЫ (ад грэч. poikilos пераменлівы, разнастайны + тэрма),
халаднакроўныя жывёлы, жывёлы з непастаяннай унутр. т-рай цела, аднолькавай з т-рай навакольнага асяроддзя або вышэйшай на 1—2 °C.
Да П.ж. належаць усе беспазваночныя, з пазваночных — кругларотыя, рыбы, земнаводныя, паўзуны. Некат. П.ж. гінуць ці часова страчваюць рухомасць, калі т-ра асяроддзя павышаецца або паніжаецца за межы аптымальнай. Т-ра іх цела можа значна перавышаць т-ру асяроддзя пры павелічэнні рухальнай актыўнасці (напр., у насякомых у час палету, хутка плаваючых рыб) або пад уплывам паглынання сонечнага цяпла (паўзуны і інш.). Тэрмарэгуляцыя П.ж. абумоўлена нізкай агульнай арганізацыяй і ўзроўнем абмену рэчываў, які ў 20—30 разоў ніжэйшы, чым у гамаятэрмных жывёл, адсутнасцю замкнутай сістэмы кровазвароту (беспазваночныя) або недасканаласцю яе рэгуляцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРК КАМЯНЁЎ, Эксперыментальная база ледавіковых валуноў пры Інстытуце геалагічных навук Нацыянальнай АН Беларусі,
геалагічны музей пад адкрытым небам, помнік прыроды рэсп. значэння (з 1989). Прапанаваны Б.І.Гарэцкім у канцы 1970-х г. для захавання ледавіковых валуноў Беларусі, адкрыты ў 1985 у Мінску. Пл. экспазіцыі 6,5 га, больш за 2,1 тыс. экспанатаў (2000). Складаецца з 6 аддзелаў. Цэнтр. — рэльефная мадэль карты Беларусі (пл. 4,5 га; маштаб гарыз. 1:2500, верт. 1:100) засн. ўзвышшамі, раўнінамі, нізінамі, рачной сеткай, воз. Нарач і Заслаўскім вадасх. Вакол цэнтр. экспазіцыі размешчаны аддзелы: жывільныя правінцыі, петраграфічны збор, форма валуноў, камень у жыцці чалавека, алея валуноў. У П.к. вывучаюцца ледавіковыя валуны, некат. праблемы геалогіі і інш.; праводзіцца папулярызацыя геал. і краязнаўчых ведаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЁТР З ДУ́СБУРГА (Petrus de Dusburg),
храніст канца 13 — пач. 14 ст., святар Тэўтонскага ордэна. Паходзіў зням.г. Дуйсбург або галандскага г. Дусбург. Падрабязнасці жыцця і дзейнасці не захаваліся. Магчыма, быў набліжаным да вял. магістра ордэна Вернера фон Орзельна, якому прысвяціў «Хроніку зямлі Прускай» на лац. мове. «Хроніка» ахоплівае падзеі ад заснавання ордэна ў Палесціне ў 1190 і да 1326, асаблівая ўвага аддадзена падзеям канца 13 — пач. 14 ст., сучаснікам якіх быў аўтар. Ёсць дапаўненні за 1326—30, аўтарам якіх, верагодна, быў таксама Пётр. «Хроніка» змяшчае багаты і часта унікальны матэрыял пра войны ордэна ззах.-балцкімі плямёнамі, Літвой, Польшчай, пра напады рыцараў на Гародна і Новагародак («Крывіцкую зямлю»), пра ваен. дзейнасць Давыда Гарадзенскага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАЎЛЕ́ННЕ,
пераход рэчыва з цвёрдага агрэгатнага стану ў вадкі (гл.Агрэгатныя станы рэчыва); адзін зфазавых пераходаў 1-га роду. Працэс П. адыгрывае важную ролю ў прыродзе (напр., П. лёду і снегу на паверхні Зямлі, мінералаў у яе нетрах) і ў тэхніцы (гл.Плаўка).
П. крышталічных цел адбываецца пры нязменнай т-ры (гл.Тэмпература плаўлення) незалежна ад колькасці падведзенай цеплаты і характарызуецца цеплатой плаўлення. Залежнасць т-ры П. ад знешняга ціску выражаецца Клапейрона—Клаўзіуса ўраўненнем. Пры П. ўдзельны аб’ём цела звычайна павялічваецца і т-ра П. расце з ростам ціску (за выключэннем, напр., лёду, вісмуту, галію, шчыльнасць якіх пры П. памяншаецца). Аморфныя целы не маюць пэўнай т-ры П. і пераходзяць у вадкі стан паступова ў некат. дыяпазоне т-р.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІКАНДЭНСА́ЦЫЯ (ад полі... + кандэнсацыя),
метад сінтэзу палімераў, заснаваны на рэакцыі паміж сабой бі- або поліфункцыян. манамераў і (ці) алігамераў, якая звычайна суправаджаецца вылучэннем нізкамалекулярнага прадукту (вады, аміяку, спірту і інш.); адзін засн. спосабаў атрымання высокамалекулярных злучэнняў.
П. біфункцыян. манамераў наз. лінейнай, П. з удзелам манамераў, у якіх больш за 2 функцыян. групы, — трохвымернай; у выніку ўтвараюцца, адпаведна, лінейныя і сеткавыя палімеры. Разнавіднасць П. — поліцыклакандэнсацыя, пры якой адначасова з П. адбываецца ўнутрымалекулярная цыклізацыя лінейнага прадукту. П. ляжыць у аснове біясінтэзу бялкоў, нуклеінавых кіслот, цэлюлозы, крухмалу і інш. У прам-сці выкарыстоўваюць для атрымання поліэфіраў (напр., поліэтылентэрэфталату), сінт. смол (напр., фенола-фармальдэгідных смол), поліамідаў, полікарбанатаў, поліўрэтанаў і інш.
Літ.:
Соколов Л.Б. Основы синтеза полимеров методом поликонденсации. М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЙД (ад англ. raid налёт, набег, нападзенне),
форма тактычных (аператыўна-тактычных) дзеянняў вайск. і партыз. фарміраванняў; імклівы рух і вядзенне баёў (аперацый) у тыле праціўніка. У 2-ю сусв. вайну Р. праводзіліся з мэтай знішчэння жывой сілы і тэхнікі праціўніка, дэзарганізацыі кіравання войскамі і работы тылу, парушэння камунікацый і інш. (напр., рэйд кав. корпуса Л.М.Даватара па тылах ням. войск у жн. — вер. 1941). З канца 1942 па май 1945 звыш 100 буйных сав.партыз. фарміраванняў зрабілі больш за 40 Р., у т. л.бел. партызаны зусх. у зах. Беларусь, а таксама ў Літву, Польшчу і інш. У сучасных умовах Р. выкарыстоўваюцца ў ходзе лакальных войнаў і інш.узбр. канфліктаў; іх асаблівасць — масіраваная падтрымка дзеянняў наземных войск авіяцыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САРТБА́ЕВА (Кайыргуль) (н. 20.6.1936, с. Кара-Булак Чуйскай вобл., Кіргізія),
кіргізская спявачка (лірыка-драм. сапрана). Нар.арт.СССР (1980). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1962). З 1962 салістка Кіргізскага т-ра оперы і балета. З 1986 рэктар (з 1987 праф.) Кіргізскага ін-та мастацтваў. Сярод партый: Ай-Чурэк, Каныкей, Тотуя («Месяцавая прыгажуня», «Манас», «Тактагул» У.Уласава, А.Малдыбаева і У.Ферэ), Джаміля («Джаміля» М.Раўхвергера), Гюльсара («За гадзіну да світання» Уласава і Ферэ), Таццяна («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Вольга («Русалка» А.Даргамыжскага), Дэздэмона («Атэла» Дж.Вердзі), Чыо-Чыо-сан («Чыо-Чыо-сан» Дж.Пучыні), Маргарыта («Мефістофель» А.Бойта), Мікаэла («Кармэн» Ж.Бізэ) і інш. У камерным рэпертуары значнае месца займаюць творы рус. і замежных кампазітараў. Дзярж. прэмія Кіргізіі 1989.