Ка́шаль ’раптоўныя сутаргавыя выдыхі, якія суправаджаюцца хрыпамі і шумам пры запаленні дыхальных шляхоў і інш.’ (ТСБМ, БРС, Сцяшк. МГ і інш.), ка́шляць ’мець прыступ кашлю; хварэць на кашаль’. Прасл. слова. Параўн. рус. ка́шель, укр. ка́шель, польск. kaszel, чэш. kašel, славац. kašeľ, серб.-харв. ка̏шаљ, славен. kášelj і г. д. Прасл. *kaš(ь)lь. Гл. Трубачоў, Эт. сл., 9, 160–161. Звяртае ўвагу тое, што не ва ўсіх слав. мовах ёсць гэта лексема. Няма яе, напр., у балг. мове. Гэта сведчыць аб старой дыялектнай дыферэнцыяцыі слав. тэрыторыі. Слова *kaš(ь)lь выводзіцца з больш даўняй формы *kāsli̯o‑, а гэта з і.-е. *k​uās‑l‑i‑o‑, што ўтворана ад і.-е. кораня гукапераймальнага характару ’кашляць’. Роднаснымі формамі з’яўляюцца літ. kósti ’кашляць’, алб. kollë ’кашаль’, ст.-інд. kā́sate ’кашляць’, ст.-в.-ням. hwuosto, huosto і г. д. Гл. яшчэ Фасмер, 2, 214–215; Бернекер, 1, 493; Траўтман, 119. Ад прасл. *kaš‑(ь)‑lь утвораны дзеяслоў; Трубачоў, там жа.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Клей1 ’ліпкае рэчыва, якое выкарыстоўваецца для трывалага змацавання чаго-небудзь’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах., Яруш.), ’смала на вішнях, слівах’ (ТС). Укр. клей, рус. клей ’тс’, ст.-слав. клѣй ’смала, клей’, балг. клей ’тс’, серб.-харв. (XVII ст.) klej ’тс’, польск. klej ’клей’, klej żabi ’жабурынне’, чэш. klej ’клей’, славац. klej, в.-луж. klij, н.-луж. klij ’тс’. Да прасл. kъlějь. Параўн. ст.-грэч. κόλλα (< *κολια ’клей’), с.-в.-ням. helen (< haljan) ’клеіць’ (Слаўскі, 2, 200). Словаўтварэнне на аснове праславянскага суфікса ‑ějь (∼ літ. ėjas; там жа), аднак з зусім іншай функцыяй (выключна Nomen agentis балта-славянскага перыяду) (Мартынаў, Дерив., 23–24). Індаеўрапейскія паралелі фармальна даволі далёкія (іншыя каранёвы вакалізм і словаўтварэнне). Германскі дзеяслоў адносна позняй фіксацыі і ніжненямецкага арэала.

Клей2 ’жыццёвыя сілы, клёк’ (Сцяц., Клім.). Да клёк1 (гл.). Кантамінацыя з клей1, магчыма, на аснове агульнага ўяўлення пра клейкасць жывога, жыватворнага. Параўн. польск. żabi klej ’жабурынне’ і рус. клёк ’тс’.

Клей3 ’праполіс’ (Анох.). Гл. клей1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Баліна ’саланчак’ (ст.-бел., Нас. гіст.). Бясспрэчна, да бел. ба́лка ’роў; гразкая яма на дарозе; гразкая дарога’ (Яшкін), рус. ба́лка, укр. ба́лка, ба́вка ’стэпавы яр’, ба́лище ’тс’ і ’вузкая, доўгая даліна’. Польск. bałka ’маленькае возера; яр’ (мабыць, з укр.). Словы вельмі цёмнага паходжання. Думаюць аб: 1) роднаснасці з слав. bolto ’багна’, літ. balà ’тс’, ст.-в.-ням. pfuol ’лужына, багнішча’ і г. д. Бернекер, 40; Мюлейбах–Эндзелін, 1, 253; 2) роднаснасці з тапанімічнай назвай Балка́н (Сабалеўскі, РФВ, 71, 439); 3) запазычанні з цюрк. моў (тур. bulak ’крыніца’ і г. д.; Развадоўскі, RS, 2, 103; кірг. balkaš ’багністае месца’, Фасмер, RS, 3, 255 і наст.). Параўн. яшчэ Мацэнаўэр, Cizí sl., 103; Фасмер, 1, 115–116. Шпэхт (Ursprung, 318, 116, 120) выстаўляе і.-е корань *bhel‑, *bher‑ ’шэры’. Няпэўна. Цікавай з’яўляецца думка пра сувязь з такімі словамі, як обвал, провал і г. д. (так ужо Нас. гіст.). Адносна гэтай магчымасці параўн. і серб.-харв. о̏бала ’бераг’ (< *обвала; упершыню Брандт, РФВ, 18, 7).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Баня1 ’лазня’ (Юрч., Сцяшк. МГ, Сцяшк., Сцяц., Бяльк.). У гэтым значэнні толькі ўсх.-слав. (рус., укр. ба́ня) і паўд.-слав. (серб.-харв. ба̏ња, балг. ба́ням ’мыць’). У значэнні ’купал, скляпенне’, ’банка, пасудзіна’ і г. д. banʼa вядомае ў многіх слав. мовах. Лічыцца запазычаннем з нар.-лац. *bаneum, мн. *banea (< лац. balneum ’баня’). Агляд літ-ры гл. Фасмер, 1, 121–122. Падрабязна аб гісторыі слова Мерынгер, WuS, 3, 196–197. Пра *banʼa як абазначэнне пасудзін гл. асабліва Губшмід, Schläuche, 23–24. Магчыма, што значэнне ’купал, скляпенне’ > ’пузатая пасудзіна’ з’явілася спачатку ў зах.-слав. мовах. Дэталёвую рэканструкцыю гісторыі праслав. слова гл. Трубачоў, Ремесл. терм., 289–293. Гл. яшчэ MESz, 1, 241.

Ба́ня2 ’яма круглай формы, у якой здабывалі жалеза, соль’ (Бярында, гл. Яшкін). Укр. ба́ня ’руднік’. Праз польск. bania ’тс’ з венг. bánya ’тс’ (а гэта з слав. моў). Гл. Брукнер, 14; Кніежа, 76; Саднік-Айцэтмюлер, 86; Тамаш, 88; Махэк₂, 45; MESz, 1, 241. Параўн. ба́нька5.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Многа, мно́го, драг. мны́го ’шмат; больш, чым патрэбна, лішне’, ’часта, значна’ (ТСБМ, Яруш., Бяльк., ТС, Сл. ПЗБ); а таксама ’многае, многія’ (ТСБМ). Ст.-бел. многый ’вялікі, істотны, сур’ёзны, моцны’, многые, многи (мн. л.) ’шматразовы, шматлікі’. Укр. мно́го, рус. мно́го, мно́гий, ст.-рус. много, многий, мъногый, польск. mnogo, mnogi, н.-луж. m(ł)ogi, чэш., славац. mnoho, mnohý, славен. mnógo, mnȏg, vnogo, серб.-харв. мно̑г, мно̏го, mnógo, mlogo, макед. многу, балг. много, ст.-слав. м(ъ)ного, м(ъ)ногъ, м(ъ)ножити. Прасл. mъnogo, mъnogъ, якое супастаўляецца з гоц. manags ’шматлікі’, ст.-в.-ням. manag ’іншы, некаторы’, ст.-ірл. menice ’часты, шматлікі’ (Фасмер, 2, 633–634). Насуперак шматлікім аўтарам Бязлай (2, 190) не адносіць сюды літ. minià ’натоўп’ і, як і Фасмер, адмаўляе герм. паходжанне прасл. лексем. Ён зыходзіць з і.-е. *men(e)gh‑/*mn̥gh‑: ст.-інд. *magha‑ ’падарунак’ (гл. Майргофер, 2, 546); Махэк₂ (370) яшчэ супастаўляе з лац. magnus, ст.-грэч. μέγασ ’вялікі’, хец. mekki ’шматлікі’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Му́рава ’месца, дзе многа мурашыных купін’ (жытк., Яшк.), мураве́й ’скопішча мурашак’ (Дразд.), мураве́ль ’мурашка’ (мазыр., Шатал.), муравей ’тс’ (Яруш.), муравельнік ’мурашнік’ (ТС), мураве́нік, мураве́ннік, мараві́ннік, муравейнік ’тс’ (Касп., Бяльк., Яшк., Сл. ПЗБ), му́раў ’тс’ (ТС), мурауё, мураўнік ’тс’ (ТС, Бес., Ян.; гродз., бар., Сл. ПЗБ). Укр. мураве́ль, рус. муравей, ст.-рус. моровии, рус.-ц.-слав. мравии, польск. mrówka, палаб. mórvĕ, н.-луж. mroja, в.-луж. mrowja, чэш. mravenec, славац. mravec, mravík, славен. mrávlja, mrȃv, mrȃvec, mravljinec, зб. mrȃvje, серб.-харв. мра̑в, макед. мрава, мравља, мравка, балг. мра́вка, мрава — усе са значэннем ’мурашка’. Прасл. morvьjь, morvьja з і.-е. *moru̯o: авест. maorīš, maoiri‑, перс. mor, ст.-інд. vamraṣ, с.-ірл. moirb, ст.-ісл. maurr, ст.-швед. myr, múra, лац. formīca, ст.-грэч. μύρμηξ, βύρμᾶξ, ὅρμικας ’мурашка’, літ. merva, marvá ’авадзень’ (Міклашыч, 202; Бернекер, 2, 79; Траўтман, 170; Покарны, 749; Махэк₂, 378; Бязлай, 2, 199). Рус. морове́й пад уплывам мурава́ ператварылася ў муравей (Фасмер, 3, 11).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Му́ха, муха́, му́шка ’двухкрылае насякомае, Musca’ (ТСБМ, Яруш., Бес., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС); шальч., круп. ’пчала, Apis mellifera’ (Сл. ПЗБ), ’крапінка’, ’частка прыцэльнага прыстасавання агнястрэльнай зброі’ (ТСБМ). Укр., рус. му́ха, польск., н.-, в.-луж. mucha, чэш. moucha, славац. múcha, славен. múha, серб.-харв. му̀ха, му̀ва, му̏шица, макед. мува, мувичка, балг. муха́, ст.-слав. моуха, мъшица. Прасл. mucha чаргаваннем галоснай звязана з mъšъka > мошка (гл.). І.‑е. адпаведнікі літ. mùsė, лат. mũsa, muša, лац. musca, ст.-грэч. μυῖα (< mus‑ja), алб. mizë, myzë, арм. mun (< mus‑no). Да і.-е. *mū‑/*mūs‑ ’муха’ (Міклашыч, 206; Траўтман, 191; Мюленбах-Эндзелін, 2, 673; Фасмер, 3, 19; Махэк₂, 376; Покарны, 752; Бязлай, 2, 205). Сюды ж: мухаві́к ’полаг ад мух’, му́шнік ’папера-ліпучка’, му́шына ’адна з мноства мух’ (Касп.), мухабойка (паст., Сл. ПЗБ). Значэнне ’пчала’ ёсць у чэш., польск., серб.-харв. мовах, як і ў франц. (mouche à miel) — табу. Параўн. аналагічна паўд.-усх. муха свята ’пчала’ (КЭС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Муці́ць, муці́ці, муці́цца, мутэ́тэ, муты́ты, муті́ті ’рабіцца мутным, каламуціцца’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Сл. ПЗБ, Ян.), ’паласкаць адзенне’ (віл., Сл. ПЗБ), ’не даваць спакою, трывожыць’, ’разводзіць плёткі’, ’узбураць, каламуціць’, ’хлусіць, падманваць’, ’цягнуць на рвоту, быць у стане млосці’, ’хварэць на жывот (пра парасят, калі іх аднімуць ад маткі)’ (ТСБМ, Нас., Бес., Выг. дыс., Сл. бел. фраз.; пруж., Бел. хр. дыял.; палес., З нар. сл., Нар. лекс., Сл. Брэс., Шатал., Сл. ПЗБ, ТС). Укр. мути́ти, рус. мути́ть, польск. mącić, н.-луж. muśis, в.-луж. mucić, чэш. moutiti, ст.-чэш. mútiti, славац. mútiť, славен. motíti, серб.-харв. му́тити, макед. мати, балг. мътя, ст.-слав. мѫтити. Прасл. mǫtiti — ітэратыў да męsti ’збіваць з панталыку’ > мяце́ж (гл.) — роднасны да ст.-інд. manthayati, mā̆thayati ’трасе, перашкаджае’, mathnā́ti, mánthati, máthati, авест. mant‑ ’мяшае, боўтае; сукае, круціць’, ст.-ісл. modull ’тачыла’, а таксама (з іншай ступенню вакалізму) літ. mentùris, mentùrė ’калатоўка’ (Міклашыч, 189; Бернекер, 2, 44; Траўтман, 181; Фасмер, 3, 18; Махэк₂, 355; Бязлай, 2, 197).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мі́лы, мі́лый, мэ́лы ’які выклікае прыемнае ўражанне’, ’абаяльны’, ’дарагі, любімы’, ’каханы’, мі́ленькі, мілю́сенькі, мілёхенькі, мілю́тэнькі, мілюхны́ ’тс’ (ТСБМ, Нас., Шат., Бяльк., Кліх, ТС, Сл. ПЗБ, Нар. Гом.), ст.-бел. милъ, милый ’любы, любімы, дарагі, вельмі блізкі, прыемны, паважаны’ (Булахаў, Гіст., 132). Укр. милий, рус. милый, мил, польск., н.-, в.-луж. miły, чэш., славац. milý, славен. mȋł, míla, серб.-харв. ми̏о/ми̏ла, ми̏ло, мак., балг. мил, ст.-слав. милъ. Прасл. milъ. Утворана пры дапамозе суфікса ‑lo‑ ад і.-е. *mei̯- ’сябраваць’ (як і mirъ). І.‑е. адпаведнікі: літ. míelas, mýlas ’мілы, шаноўны’, méilė ’каханне’, mylė́ty ’кахаць’, лат. mīļš ’мілы’, ст.-прус. mijls ’любы’, ст.-інд. máyas‑ ’радасць’, ст.-грэч. μείλιον ’прыемны падарунак’ (Бернекер, 2, 58; Мее, 413, 421; Траўтман, 174; Фасмер, 2, 622). Махэк₂ (363) услед за Р. Раскам выводзіць прасл. milъ са ст.-грэч. φίλος (< *bhilos) — неверагодна. Сюды ж мі́ласць, мі́лысьць ’велікадушнасць’, ’ахвяраванне, дар’, ’пачцівы зварот’, ’дабрадзейства для бедных і няшчасных’ (ТСБМ, Др.-Падб., Бяльк., Яруш.; КЭС, лаг.), брасл. мі́лосць ’ласкавасць’ (Сл. ПЗБ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Нагарода ’ўзнагарода’ (Нас.); za naharódaju za trudý wiérniecsa (Пятк. 2); ст.-бел. нагарода і нагрода (апошняе з польск., гл. Булыка, Лекс. запазыч., 203); укр. нагорода, рус. награда (< ц.-слав., гл. Фасмер, 3, 37), польск. nagroda, чэш. náhrada ’замена’, славен. nagrada, серб.-харв. на̏града, балг. награ́да, макед. награда. Аддзеяслоўнае ўтварэнне, першапачаткова *nagorditi, на думку Міклашыча (74) — ’узнагародзіць горадам’, што лічыцца непераканаўчым; Фасмер (3, 37) і Трубачоў (там жа) звязваюць з ’накласці кучай’, параўн. рус. нагородить; Бязлай (2, 212) праз славен. graja ’рэпутацыя’, grajati ’праслаўляць’ (j < dj) звязвае з літ. gar̃dinti ’паведаміць, абвясціць’, роднасным ст.-інд. gir‑ ’слава, гонар’, лац. grates ’хвала’ і інш. Сумніцельна вывядзенне з *gheld‑ (ням. vergelten ’узнагароджваць, даваць плату’), пры гэтым бел. і ўкр. паўнагалосныя формы тлумачацца другасным збліжэннем з горад (Махэк₂, 388). Брукнер лічыў усх.-слав. словы паланізмамі, а ўзнікненне значэння ’дар, плата’ лакалізаваў на польскай тэрыторыі, першапачаткова праз стадыю ’ўзвесці, узнавіць разбуранае’ — ’замяніць’ — ’кампенсаваць страты’ — ’заплаціць’; усё да grodzić ’будаваць, гарадзіць’ (Брукнер, 353).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)